17 студзеня:
святога Антонія, абата.

Жыў у ІІІ стагоддзі ў Егіпце. Паходзіў з багатай сям’і, але раздаў сваю маёмасць бедным і пасяліўся ў пустыні. Праз пэўны час да яго пачалі далучацца іншыя пустэльнікі. Разам са святым Паўлам Пустэльнікам распачаў арганізацыю манаскага жыцця на Усходзе. Памёр, маючы сто гадоў, перад смерцю наказаўшы вучням пахаваць яго таемна, каб пазбегнуць пасмяротнай агалоскі, аднак адразу пасля смерці яго пачалі называць «Вялікім».

21 студзеня:
святой Агнешкі,
панны і мучаніцы.

Была зусім маладой дзяўчынай, калі ў другой палове ІІІ ст. прыняла ў Рыме мучаніцкую смерць за веру, прагнучы захаваць чыстасць. Папа Дамас ушанаваў яе песняй, а многія Айцы Касцёла праслаўлялі яе як прыклад хрысціянскіх цнотаў. Паводле старажытнага звычаю, у гэты дзень Папа пасвячае двух ягнятаў (agnus лац. — ягнё), з воўны якіх робіцца палій — знак улады арцыбіскупа.

24 студзеня:
св. Францішка Сальскага,
біскупа і доктара Касцёла.

Жыў у 1567 – 1622 гг., быў біскупам Жэневы. З’яўляецца аўтарам вядомай кнігі «Філатэя, або шлях да рэлігійнага жыцця». Заахвочваў свецкіх людзей да святасці, а таксама актыўна палемізаваў з кальвіністамі, спрыяючы адраджэнню каталіцтва ў сваёй айчыне. Захавалася каля 2100 яго лістоў, што сваім тэалагічна-аскетычным зместам уяўляюць вялікую каштоўнасць. Разам са св. Жаннай Франсуазай дэ Шанталь заснаваў жаночы закон Адведзінаў НПМ. Памёр у Ліёне, быў пахаваны ў касцёле Наведзінаў НПМ у Анэсі. Св. Францішак быў папярэднікам сучаснага душпастырства і стварыў новую школу духоўнасці. У 1923 г. Папа Пій ХІ абвясціў святога апекуном каталіцкай прэсы.

26 студзеня:
святых Цімафея і Ціта, біскупаў.

Былі вучнямі і супрацоўнікамі св. апостала Паўла. Першы быў кіраўніком касцёла ў Эфесе, а другі — на Крыце. Ім былі накіраваны пасланні Апостала народаў, т. зв. «пастырскія», у якіх знаходзяцца дасканалыя парады для пастыраў і цудоўнае навучанне для ўсіх вернікаў.

27 студзеня:
благаславёнага Юрыя Матулевіча, біскупа.

Нарадзіўся ў 1871 годзе ў вёсцы Лугіне каля Марыямпаля (сучасны Капсукас, Літва) у літоўскай сям’і. Прыняў святарскае пасвячэнне і стаў святаром Келецкай дыяцэзіі. Працаваў у Варшаве і ў Санкт-Пецярбурзе. Уступіўшы ў закон ксяндзоў марыянаў, аднавіў яго і заснаваў два жаночыя законы. У 1918 – 1925 гг. быў арцыбіскупам Віленскім, а потым — апостальскім візітатарам у Літве. Памёр у Каўнасе ў 1927 г.

28 студзеня:
святога Тамаша Аквінскага,
святара і доктара Касцёла.

Нарадзіўся каля 1225 г. у Аквіне (Італія). Бацькі аддалі яго на выхаванне да айцоў бенедыктынцаў у Монтэ Касіна, пасля чаго вучыўся ў Неапалі. Уступіў у закон дамініканцаў і працягнуў вучобу ў Парыжы і Кёльне. Выкладаў філасофію і тэалогію. Лічыцца найбольшым каталіцкім тэолагам, за што яго назвалі «анёльскім доктарам». Акрамя самага вядомага твору «Сума тэалогіі», пакінуў таксама шмат іншых прац і паэтычных твораў. Св. Тамаш аддзяляў навуку ад веры, але лічыў, што філасофія мае дапаможную ролю ў адносінах да тэалогіі, бо яна рыхтуе да веры і яе абараняе. Паводле яго вучэння, праўды, якія Бог аб’явіў у Пісанні, вышэй за чалавечы розум, але не супярэчаць яму. Тэалогія і філасофія св. Тамаша з’яўляюцца адлюстраваннем хрысціянскага аптымізму: хоць мы пакінулі лад і гармонію, якія панавалі ў свеце, створаным Богам, аднак зло не змагло ні знішчыць, ні змяніць прыроду. Св. Тамаш стаў заснавальнікам найбольш вядомага кірунку ў сярэднявечнай схаластыцы — тамізму. Памёр 7 сакавіка 1274 г. у цыстэрцыянскім абацтве ў Фасанове, з’яўляецца апекуном студэнтаў і тэолагаў. Яго імем названа міждыяцэзіяльная духоўная семінарыя ў Пінску.

29 студзеня:
благаславёнай Баляславы Марыі Лямэнт, панны

Нарадзілася ў 1862 г. у Польшчы. Ва ўзросце 22 гадоў уступіла ў закон Сясцёр Сям’і Марыі. Працавала настаўніцай і выхавацелькай у Варшаве, Пецярбурзе, Адэсе і Сімферопалі. У 1905 г. заснавала новы закон Місіянерак Святой Сям’і з сядзібай у Пецярбурзе, а з 1913 г. сёстры ўжо працавалі на тэрыторыі Фінляндыі, Эстоніі, а таксама ў Рыме і ў Варшаве. Памерла 4 лютага 1946 г. Была беатыфікаваная Янам Паўлам ІІ 5 чэрвеня 1991 г. у Беластоку.

31 студзеня:
святога Яна Боскі, святара.

Нарадзіўся ў 1815 г. непадалёк Кастэльнуова ў Турынскай дыяцэзіі (Італія). Яго дзяцінства прайшло ў вялікай беднасці, таму, стаўшы святаром, усё сваё жыццё ён прысвяціў выхаванню хлопцаў з найбяднейшых сем’яў, для якіх ствараў свае славутыя араторыі. Быў таленавітым педагогам і харызматычным выхаваўцам. Для навучання і выхавання моладзі заснаваў закон ксяндзоў салезіянаў, а таксама супольнасць Дачок Марыі Дапаможніцы разам са св. Марыяй Дамінікай Мадзарэла. Акрамя гэтага, быў заснавальнікам многіх шпіталяў, дамоў апекі і прафесійных вучэльняў. Памёр 31 студзеня 1888 г., у 1934 г. быў кананізаваны. З’яўляецца апекуном моладзі, а таксама каталіцкіх выдавецтваў.

Падрыхтаваў кс. д-р Петр Сялкоўскі