Ватыкан (ад лац. Vaticanus – назва аднаго з сямі пагоркаў Рыма на правым беразе Тыбра) – 1. Афіцыйная рэзідэнцыя Папаў з 1870 г.
2. Комплекс будынкаў, які ўключае базыліку св. Пятра і Апостальскі палац з Сікстынскай капэлай, у якой з XV ст. адбываюцца выбары Папы.
3. Касцёльная дзяржава, якая афіцыйна называецца «Дзяржава Горад Ватыкан»; іншыя назвы: Святы Пасад, Апостальская Сталіца. Узнікла 11 лютага 1929 г. у выніку падпісання т. зв. Латэранскіх пагадненняў паміж Папам Піем ХІ і італьянскім урадам. В. з’яўляецца тэакратычнай манархіяй на чале з Папам. Асноўны адміністратыўны орган – Рымская курыя. В. прадстаўлены ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і мае афіцыйных прадстаўнікоў у рангу пасла ў многіх краінах свету (гл. нунцый). У В. ёсць свае сцяг, герб, гімн, грашовыя знакі, паштовыя маркі, а таксама музеі, бібліятэкі, архівы, чыгуначны вакзал, служба бяспекі – швейцарская гвардыя, трыбуналы і нават вязніца. У ім працуюць каля 3 тыс. служачых, колькасць падданых – каля 1 тыс. асобаў. Афіцыйнымі сродкамі інфармацыі В. з’яўляюцца радыёстанцыя «Radio Vaticana» («Ватыканскае Радыё»), якая вяшчае на многіх мовах свету, у тым ліку і на беларускай, штодзённая газета «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік»), што таксама выходзіць на некалькіх мовах, і вялікі рэсурс у сеці Інтэрнэт www. vatican.va.

Вікарый (лац. vicarius – намеснік) – 1. Святар, прызначаны біскупам для дапамогі пробашчуў душпастырскай працы ў парафіі.
2. Генеральны В. – святар, прызначаны ардынарыем для дапамогі ў кіраванні дыяцэзіяй.
3. В. Езуса Хрыста (лац. Vicarius Christi) – адзін з тытулаў Папы.

Дэканат (ад грэцк. deka – дзесяць) – тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла на чале з дэканам, якая складаецца з некалькіх парафій (першапачаткова – з дзесяці, адсюль назва).

Кангрэгацыя (лац. congregatio – аб’яднанне, супольнасць) – 1. Назва асноўных установаў Рымскай курыі, якія займаюцца рознымі накірункамі дзейнасці Касцёла і маюць статус міністэрстваў. На чале кожнай К. стаіць кардынал-прэфект, які прызначаецца Папам на 5 гадоў. Яму дапамагае ў кіраванні К. сакратар у сане біскупа. Аснову кожнай К. утвараюць камісіі, якія першапачаткова складаліся толькі з кардыналаў, але пасля рэформы, праведзенай Папам Паўлам VI у 1967 г., у іх уваходзяць таксама некалькі біскупаў з розных кантынентаў. Сябры камісіі К. раз на тыдзень у вызначаны дзень збіраюцца на сесію для абмеркавання і вырашэння надзённых пытанняў. Колькасць супрацоўнікаў асобных К. залежыць ад канкрэтных мэтаў, што стаяць перад ёю. Хоць усе структуры, якія ўваходзяць у склад Рымскай курыі, юрыдычна раўнапраўныя, аднак К. ідуць у спісе першымі, а сярод іх першае месца займае К. Веравучэння, або Дактрыны Веры (узначальвае кард. Ёзэф Ратцынгер). Усяго ёсць дзевяць К.: акрамя вышэйназванай, дзейнічаюць К. Усходніх Цэркваў; Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў; па справах (кананізацыі) Святых; па справах біскупаў; па евангелізацыі народаў; па справах духавенства; па справах інстытутаў кансэкраваных асобаў (манахі і законнікі) і супольнасцяў апостальскага жыцця; па справах семінарый і навучальных установаў для каталіцкага выхавання і адукацыі.
2. Законная супольнасць – рэлігійнае аб’яднанне духоўных ці свецкіх асобаў, сябры якога складаюць простыя шлюбы на пэўны тэрмін або пажыццёва.

Кансісторыя (лац. Сonsistorium) – сход кардыналаў, якім кіруе Папа і які ён склікае па сваёй волі для супрацоўніцтва ў справе кіравання Сусветным Касцёлам.

Канферэнцыя біскупаў – пастаянная структура, якая ўяўляе сабой сход біскупаў пэўнай краіны або тэрыторыі на чале са Старшынёй. У яе ўваходзяць таксама асобы, прыраўняныя да біскупаў, а менавіта: абаты, прэлаты, Апостальскія адміністратары і г. д. Ствараць К. б. можа толькі Святы Пасад. К. б. мае заканадаўчую ўладу і паклікана спрыяць развіццю Касцёла на тэрыторыі яе дзейнасці, прыстасоўваючы розныя формы і спосабы апостальства да канкрэтных абставінаў месца і часу. Наогул жа перад К. б. стаяць самыя розныя задачы, і толькі ў Кодэксе кананічнага права іх пералічана больш за сто. Старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі з’яўляецца кардынал Казімір Свёнтэк.

Курыя (лац. curia, ад co (cum) – разам і vir – муж) 1. Рымская К. – асноўны пастаянны адміністратыўны орган Святога Пасаду, Касцёльны ўрад. Створана Папам Сікстам V у 1588 г., тройчы рэарганізоўвалася; апошні раз у 1988 г. Папам Янам Паўлам ІІ на падставе Апостальскай канстытуцыі «Pastor Bonus» («Добры Пастыр»). У склад Рымскай К. уваходзяць Дзяржаўны Сакратарыят, 9 Кангрэгацый, 12 Папскіх Радаў, 3 Трыбуналы, 3 Аддзелы. Цэнтральным органам Рымскай К. з’яўляецца Дзяржаўны Сакратарыят, які забяспечвае каардынацыю ўсёй яе дзейнасці. Яго ўзначальвае Дзяржаўны сакратар – кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў.
2. Біскупская К. – орган касцёльнай адміністрацыі, які пакліканы дапамагаць біскупу ў кіраванні дыяцэзіяй.

Легат (лац. legatus) – пасланнік Папы, які прадстаўляе яго як пры асобных Касцёлах, так і пры дзяржавах ці ўрадах, куды ён быў накіраваны. У старажытныя часы Папа забяспечваў сваю прысутнасць на Саборах і іншых важных падзеях праз сваіх упаўнаважаных, якія называліся Л. У наш час Папа накіроўвае Л., якія дзейнічаюць ад яго імя, для асобных надзвычайных місій (напр., у якасці пасрэднікаў пры ўрэгуляванні канфліктаў).

Нунцый (лац. nuntius – той, хто абвяшчае; вястун). Поўная назва: Апостальскі Н. – духоўная асоба, часцей за ўсё – арцыбіскуп, якая з’яўляецца пастаянным дыпламатычным прадстаўніком (паслом) Ватыкана і асабіста Папы ў дзяржавах, з якімі ўстаноўленыя дыпламатычныя адносіны. Н. таксама наглядае за дзейнасцю Каталіцкага Касцёла ў краіне свайго прабывання. Апостальскім Н. у Беларусі нядаўна быў прызначаны арцыбіскуп Марцін Відавіч, харват па паходжанні. Калі з той ці іншай дзяржавай няма дыпламатычных адносінаў, Папа можа накіраваць туды свайго пасланніка, які прадстаўляе яго толькі пры Касцёле і называецца Апостальскім Дэлегатам.

Нунцыятура – пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва (пасольства) Ватыкана. Першыя Н. з’явіліся ў XVI ст. У наш час Ватыкан падтрымлівае дыпламатычныя адносіны прыблізна са 150 дзяржавамі і мае больш за 90 Н., у тым ліку і ў Беларусі. Дыпламатычныя адносіны паміж Ватыканам і Рэспублікай Беларусь былі ўстаноўленыя 11 лістапада 1992 г. Наведваючы тую ці іншую краіну падчас сваіх пастырскіх падарожжаў, Папа часцей за ўсё спыняецца менавіта ў Н.

Папская Рада (лац. Pontificium Consilium) – назва ўстановаў Рымскай курыі, якія, як і кангрэгацыі, таксама маюць статус міністэрстваў і займаюцца рознымі накірункамі дзейнасці Касцёла. Усяго ў склад Рымскай курыі ўваходзяць 12 П.Р.: па справах свецкіх; па адзінстве хрысціянаў; па пытаннях сям’і; справядлівасці і міра; міласэрнасці і дабрачыннасці; па пастырскай апецы мігрантаў і падарожных; па пастырскай апецы тых, хто дапамагае хворым; па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў; па міжрэлігійным дыялогу; па дыялогу з няверуючымі; па пытаннях культуры; па пытаннях сацыяльнай камунікацыі.

Парафія (лац. paroecia, ад грэцк. paroikia – тэрыторыя, раён) – найменшая тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла, на чале якой стаіць пробашч. Некалькі П. утвараюць дэканат, а некалькі дэканатаў – дыяцэзію.

Правінцыя – аб’яднанне некалькіх суседніх мясцовых Касцёлаў на пэўнай тэрыторыі, што называецца таксама мітраполіяй. Слова «П.» засталося ў Касцёле ад назвы адзінкі тэрытарыяльна-адміністратыўнага дзялення Рымскай імперыі. Касцёльныя П. на чале з мітрапалітам і Правінцыяльным сінодам ствараюцца дзеля ажыццяўлення сумеснай пастырскай дзейнасці некалькіх суседніх дыяцэзій з улікам мясцовых умоваў і асаблівасцяў. Некалькі правінцый на большай тэрыторыі могуць быць аб’яднаныя ў касцёльны рэгіён.

Пробашч (з польск.) – святар, які ўзначальвае парафію. П. прызначае біскуп.

Прэлат (лац. praelatus – той, хто мае перавагу, пастаўлены над кімсьці) 1. Вышэйшая духоўная асоба. Перш за ўсё гэта біскупы, абаты, іншыя кіраўнікі манаскіх ці законных супольнасцяў.
2. Ганаровы тытул, які Папа надае некаторым святарам за асблівыя заслугі (Папскі, ганаровы П.).

Сабор, Сусветны С. (лац. Concilium Oecumenicum) – сход усіх біскупаў свету на чале з Папам, на якім Калегія біскупаў урачыста здзяйсняе сваё пастырскае служэнне ў Сусветным Касцёле. Акрамя біскупаў у працы С. могуць удзельнічаць кіраўнікі манаскіх і законных супольнасцяў, а таксама іншыя асобы, запрошаныя ў якасці назіральнікаў, кансультантаў і экспертаў, якія маюць права дарадчага голасу. Па сваёй сутнасці С. мае найвышэйшую ўладу ў адносінах да ўсяго Касцёла па ўсіх пытаннях, звязаных з верай, аднак пастановы С. маюць моц толькі тады, калі яны ўхваленыя Папам разам з Айцамі, якія ўдзельнічалі ў працы С. Першым С. традыцыя называе сход апосталаў у Ерузалеме (гл. Дз 15), а першым Сусветным С. афіцыйна лічыцца Нікейскі С. (325 г.). Усяго быў скліканы 21 Сусветны С. Апошні праходзіў у Рыме ў 1962—1965 гг. і называецца Другі Ватыканскі С. Саборы асобных мясцовых Касцёлаў называюцца сінодамі(2).

Сінод (ад грэцк. synodos – сход, збор) – калегіяльны орган кіравання ў Касцёле, які склікаецца час ад часу на розных узроўнях.
1. С. біскупаў – дарадчы орган пры Папе, створаны Паўлам VI згодна з рэкамендацыяй ІІ Ватыканскага Сабору. Склікаецца раз на 3 гады па ініцыятыве Папы для абмеркавння важных пытанняў, якія датычаць жыцця Касцёла. Частка ўдзельнікаў С. накіроўваецца нацыянальнымі Канферэнцыямі біскупаў, а іншых прызначае Папа.
2. Распаўсюджаная назва мясцовага Сабору (Concilium particulare). Можа быць пленарным, які ўключае ўсе асобныя Касцёлы той ці іншай Канферэнцыі біскупаў, што склікае яго кожны раз, калі палічыць неабходным, а таксама правінцыйным, які ўключае некалькі асобных Касцёлаў адной касцёльнай правінцыі і склікаецца па неабходнасці мітрапалітам. С. надзелены ўладай кіравання, перш за ўсё — заканадаўчай. У яго працы бяруць удзел біскупы, а таксама прадстаўнікі духавенства і свецкія асобы, але толькі з правам дарадчага голасу.
3. Дыяцэзіяльны С. – сход духавенства і іншых вернікаў пэўнай дыяцэзіі на чале з дыяцэзіяльным біскупам, які склікае яго па неабходнасці для вырашэння важных пытанняў, што датычаць жыцця дыяцэзіі.

Падрыхтаваў Мікола Гракаў