ЭНЦЫКЛІКА
ECCLESIA DE EUCHARISTIA

СВЯТОГА АЙЦА ЯНА ПАЎЛА ІІ

ДА БІСКУПАЎ, ДА СВЯТАРОЎ І ДЫЯКАНАЎ, ДА ЗАКОННІКАЎ І ЗАКОННІЦ,
ДА СВЕЦКІХ КАТОЛІКАЎ, А ТАКСАМА ДА ЎСІХ ЛЮДЗЕЙ ДОБРАЙ ВОЛІ
ПРА ЭЎХАРЫСТЫЮ Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА

Працяг. Пачатак у № 11—12 за 2004 г. >>>
II раздел

Эўхарыстыя будуе Касцёл

21. Другі Ватыканскі Сабор нагадаў, што эўхарыстычная Ахвяра знаходзіцца ў цэнтры працэсу ўзрастання Касцёла. Сабор пацвердзіў, што «Касцёл, гэта значыць валадарства Хрыстова, якое ўжо цяпер прысутнічае як таямніца, бачна ўзрастае ў свеце моцаю Божаю»35, і, хочучы ў пэўнай ступені адказаць на пытанне: «Якім чынам ён узрастае?», дадаў: «Кожны раз, калі на алтары цэлебруецца ахвяра Крыжа, у якой “Хрыстус быў складзены як наша Пасха” (пар. 1 Кар 5, 7), здзяйсняецца справа нашага адкуплення. У той жа час у сакрамэнце эўхарыстычнага Хлеба выяўляецца і здзяйсняецца еднасць вернікаў, якія складаюць адно цела ў Хрысце (пар. 1 Кар 10, 17)36.

Існуе прычынная сувязь паміж Эўхарыстыяй і самім пачаткам Касцёла. Евангелісты ўдакладняюць, што на Апошняй Вячэры вакол Езуса сабралася дванаццаць Апосталаў (пар. Мц 26, 26; Мк 14, 17; Лк 22, 14). Гэта дэталь мае вялікае значэнне, бо Апосталы “сталіся парасткамі новага Ізраэля і разам з тым — пачаткам святой іерархіі”37. Ахвяруючы ім у якасці спажывы сваё Цела і сваю Кроў, Хрыстус таемным чынам увёў іх у Ахвяру, у якой неўзабаве на Кальварыі меўся скласці самога сябе. Аналагічна, як Запавет на Сінаі, змацаваны ахвяраю і пакрапленнем крывёю38, гэтаксама жэсты і словы Езуса падчас Апошняй Вячэры клалі падмуркі новай месіянскай супольнасці, Люду Новага Запавету.

Апосталы, прымаючы ў Вячэрніку запрашэнне Езуса: «Бярыце і ешце... Бярыце і піце з яго ўсе...» (Мц 26, 26–27), упершыню ўвайшлі з Ім у сакрамэнтальную Камунію. З гэтай хвіліны ажно да канца часоў Касцёл будуецца праз гэту сакрамэнтальную Камунію з Сынам Божым, які за нас выдаў сябе: «Гэта чыніце на Маю памяць... Чыніце гэта, колькі разоў піць будзеце, на Маю памяць» (1 Кар 11, 24–25; пар. Лк 22, 19).

22. Уключэнне ў Хрыста, якое адбываецца у св. Хросце, аднаўляецца і пастаянна ўмацоўваецца праз удзел у эўхарыстычнай Ахвяры, перадусім тады, калі гэты ўдзел поўны дзякуючы ўдзелу ў сакрамэнтальнай Камуніі. Мы можам сказаць, што не толькі кожны з нас прымае Хрыста, але таксама Хрыстус прымае кожнага з нас. Ён умацоўвае повязі сяброўства з намі: «Вы — другі Мае» (Ян 15, 14). Мы сапраўды жывем дзякуючы Яму: «Той, хто спажывае Мяне, жыць будзе Мною» (Ян 6, 57). У эўхарыстычнай Камуніі ўзнёслым чынам рэалізуецца ўнутранае «пражыванне» Хрыста і вучня: «Будзьце ж у ва Мне, і Я ў вас [буду]» (пар. Ян 15, 4).

Яднаючыся з Хрыстом, Люд Новага Запавету далёкі ад таго, каб замыкацца ў сабе, становіцца «сакрамэнтам» для ўсяго роду людскога39, знакам і прыладаю збаўлення, здзейсненага Хрыстом, святлом свету і соляю зямлі (пар. Мц 5, 13–16) для адкуплення ўсіх40.

Місія Касцёла — гэта працяг місіі Хрыста: «Як Айцец Мяне паслаў, так і Я вас пасылаю» (Ян 20, 21). Таму таксама Касцёл чэрпае духоўную сілу для выканання свае місіі з пастаяннага здзяйснення ў Эўхарыстыі ахвяры Крыжа і з Камуніі з Целам і Крывёю Хрыста. Такім чынам, Эўхарыстыя паўстае як крыніца і адначасова вяршыня ўсяе евангелізацыі, бо яе мэтаю з’яўляецца паяднанне людзей з Хрыстом, а ў Ім — з Айцом і з Духам Святым41.

23. Дзякуючы эўхарыстычнай Камуніі Касцёл у роўнай ступені ўмацаваны ў сваёй еднасці Хрыстовага Цела. Св. Павел, пішучы да Карынцянаў, звяртаецца да гэтай паяднальнай дзейснасці ўдзелу ў эўхарыстычнай Гасціне: «Хлеб, што ламаем, ці не ёсць супольнасцю Цела Хрыстовага. Адзін хлеб, адно Цела мы, многія; бо ўсе прычашчаемся ад аднаго хлеба» (1 Кар 10, 16–17). Дакладны і глыбокі каментар даў св. Ян Хрызастом: «Чым у сапраўднасці ёсць хлеб? Ёсць Целам Хрыста. Кім становяцца тыя, хто яго прымае? Целам Хрыста; але не многімі целамі, а адным целам. Фактычна, як хлеб ёсць адзінствам, хоць складаецца з многіх зярнятак, якія хоць і не знаюцца, але знаходзяцца ў ім, так што іх разнароднасць знікае ў іх дасканалым паяднанні — такім жа чынам таксама і мы ўзаемна паміж сабою паяднаныя, а ўсе разам — з Хрыстом»42. Аргументацыя дакладная: наша еднасць з Хрыстом, якая ёсць дарам і ласкаю для кожнага, учыняе, што мы становімся ўключанымі ў еднасць Яго Цела, якім ёсць Касцёл. Эўхарыстыя ўмацоўвае наша ўжыўленне ў Хрыста, устаноўленае ў св. Хросце праз дар Духа Святога (пар. 1 Кар 12, 13).

У Эўхарыстыі мае месца гэта супольнае і непадзельнае дзеянне Сына і Духа Святога, якое было каля пачаткаў Касцёла, яно паклікала яго да жыцця і вызначала яго прабыванне. Гэта ўсведамляў Аўтар св. Літургіі Якуба: у эпіклезе анафары мы просім Бога Айца, каб спаслаў Духа Святога на сваіх верных і на дары, якія складаюцца, каб Цела і Кроў Хрыста «служылі ўсім тым, хто ў ёй [Эўхарыстыі] удзельнічае (...) для асвячэння душаў і целаў (...)»43. Боскі Суцяшальнік умацоўвае Касцёл праз эўхарыстычнае асвячэнне верных.

24. Дар Хрыста і Яго Духа, які мы атрымліваем у эўхарыстычнай Камуніі, шчодра задавольвае гарачыя жаданні братняй еднасці, якія тояцца ў людскіх сэрцах, і адначасова ўздымае досвед братэрства, уласцівага супольнаму ўдзелу ў тым самым эўхарыстычным стале, на ўзровень значна вышэйшы за звыклае людское гасцяванне. Дзякуючы паяднанню з Целам Хрыста Касцёл усё больш глыбока становіцца ў Хрысце «як бы сакрамэнтам, гэта значыць знакам і прыладаю ўнутранага паяднання з Богам і еднасці ўсяго роду людскога»44.

Як паказвае штодзённы досвед, пачаткам падзелу паміж людзьмі, які так моцна ўкараніўся ў чалавецтве з прычыны граху, супрацьстаіць моц Цела Хрыстовага, якая адраджае еднасць. Менавіта таму, будуючы Касцёл, Эўхарыстыя творыць камунію паміж людзьмі.

25. Культ, які атачае Эўхарыстыю па-за св. Імшою, мае неацэнную вартасць у жыцці Касцёла. Ён цесна звязаны з цэлебрацыяй эўхарыстычнай Ахвяры. Прысутнасць Хрыста пад святымі постацямі, якія захоўваюцца пасля св. Імшы, — гэта прысутнасць, што трывае, пакуль існуюць постаці хлеба і віна45. Яна вынікае з цэлебрацыі Ахвяры і служыць сакрамэнтальнай і духовай Камуніі46. Таму задача пастыраў Касцёла, каб таксама ўласным сведчаннем заахвочвалі да эўхарыстычнага культу, да трывання на адарацыі перад Хрыстом, прысутным пад эўхарыстычнымі постацямі, асабліва падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту47.

Добра затрымацца з Ім і, як любімы Вучань, пакласці галаву Яму на грудзі (пар. Ян 13, 25), адчуць дотык бязмежнай любові Яго Сэрца. Калі хрысціянства павінна вылучацца ў наш час перадусім «мастацтвам малітвы»48, то як не адчуць адноўленай патрэбы даўжэй затрымацца перад Хрыстом, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце на духоўнай размове, на ціхай адарацыі ў паставе, поўнай любові? Колькі ж разоў, мае дарагія Браты і Сёстры, я перажываў гэты досвед і, дзякуючы яму, атрымліваў сілу, суцяшэнне і падтрымку!

Многія святыя далі прыклад такой практыкі, неаднаразова ўхваленай і рэкамендаванай Настаўніцтвам Касцёла49. Асабліва вылучаўся ў гэтым св. Альфонс Марыя Лігуоры, які пісаў: «Сярод розных пабожных практык адарацыя Езуса сакрамэнтальнага — гэта першая пасля сакрамэнтаў, найбольш мілая Богу і найбольш карысная для нас»50. Эўхарыстыя — гэта бясцэнны скарб: не толькі яе цэлебрацыя, але таксама яе адарацыя па-за св. Імшою дазваляе зачэрпнуць з самой крыніцы ласкі. Хрысціянская супольнасць, якая хоча больш дасканала сузіраць аблічча Хрыста ў духу таго, што я прапаноўваў у Апостальскіх лістах Novo millennio ineunte i Rosarium Virginis Mariae, не павінна занядбоўваць паглыблення гэтага аспекту эўхарыстычнага культу, у якім знаходзіць працяг і памнажаецца плён камуніі з Целам і Крывёю Пана.

  1. Дагмат. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 3.
  2. Тамсама.
  3. ІІ Ватыканскі Сабор, Дэкрэт пра місійную дзейнасць Касцёла Ad gentes, 5.
  4. «Майсей узяў кроў і пакрапіў ёю народ, кажучы: “Гэта кроў запавету, які Пан заключыў з вамі на падставе ўсіх гэтых слоў”» (Зых 24, 8).
  5. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 1.
  6. Пар. тамсама, 9.
  7. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Дэкр. пра паслугу і жыццё святароў Presbyterorum ordinis, 5. У тым самым дэкрэце, у п. 6 гаворыцца: «Аднак нельга заснаваць ніякай хрысціянскай супольнасці, калі яна не ўкаранёная ў цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі».
  8. In Epistolam I ad Corinthios homiliae, 24, 2: pg 61, 200. Пар. Didache, IX, 4: F. X. Funk, I, 22: Св. Кіпрыян, Ep. LXIII, 13: PL 4, 384.
  9. РО 26, 206.
  10. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 1.
  11. Пар. Трыдэнцкі Сабор, Сесія ХІІІ, Decretum de Eucharistia, кан. 4: DS 1654.
  12. Пар. Rituale Romanum: De sacra communione et de cultu mysterii eucharistici extra Missam, 36 (n. 80).
  13. Пар. тамсама, 38–39 (nn. 86–90).
  14. Ян Павел ІІ, Апост. ліст Novo millennio ineunte (6 студзеня 2001), 32: AAS 93 (2001), 288.
  15. «На працягу дня вернікі няхай не занядбоўваюць звычаю наведваць Найсвяцейшы Сакрамэнт, які павінен захоўвацца ў касцёлах з самаю высокаю годнасцю ў асобным месцы, згодна з літургічным правам, бо такое наведванне з’яўляецца доказам удзячнасці, знакам любові і праяваю прызнання для Хрыста Пана, там прысутнага»: Павел VI, Энц. Mysterium fidei (3 верасня 1965): AAS 57 (1965), 77.
  16. Visite al SS. Sacramento ed a Maria Santissima. Introducione: Opera ascetiche, Avellino 2000, 295.
Працяг у нумары №3(118) 2005 >>>
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько