Адгартацыя (лац. Аdhortatio – заахвочванне) — спецыяльны зварот Папы да біскупаў, духавенства і ўсіх вернікаў, прысвечаны пэўнаму аспекту жыцця Касцёла. Як і энцыкліка, А. называецца па першых словах лацінскага тэксту, але, у адрозненне ад першай, у ёй звычайна закранаюцца больш вузкія пытанні. Большасць А. з’явілася пасля Сінодаў біскупаў (сходаў біскупаў з розных рэгіёнаў свету, якія склікае Папа для вырашэння надзённых пытанняў дзейнасці Касцёла) і з’яўляюцца ў пэўным значэнні вынікам працы гэтых Сінодаў. Сярод найбольш важных можна назваць А. Папы Паўла VI «Evangelii nuntiandi» (прысвечана евангелізацыі ў сучасным свеце), а таксама шэраг А. Папы Яна Паўла ІІ: «Familiaris consortio» (прысвечана праблемам сям’і), «Reconciliatio et paenitentia» (прысвечана сакрамэнту пакаяння), «Christifideles laici» (прысвечана пакліканню і місіі свецкіх асобаў у Касцёле і свеце), «Pastores dabo vobis» (прысвечана падрыхтоўцы святароў у наш час), «Vita consecrata» (прысвечана манаскаму і законнаму жыццю) і «Pastores gregis» (прысвечана служэнню біскупаў).

Аджорнамэнта (іт. aggiornamеnto – аднаўленне, дастасаванне да сучаснасці) — тэрмін, уведзены Папам Янам XXIII, які азначае курс на аднаўленне Касцёла і дастасаванне яго да патрабаванняў сучаснасці. У сваёй энцыкліцы «Mater et Magistra», апублікаванай у 1961 г., Папа адзначае, што сучаснае становішча значна адрозніваецца ад умоваў жыцця ў мінулым, з чаго вынікае, што Касцёл не можа замкнуцца толькі ў тых формах і спосабах дзейнасці, якія склаліся ў ім на працягу яго папярэдняй гісторыі. Гэтае вучэнне Ян XXIII развівае ў сваёй наступнай энцыкліцы «Pacem in terris», якая значна ўплывала на пастановы ІІ Ватыканскага Сабору. Ідучы за сваім папярэднікам, Папа Павел VI вызначыў А. як асноўную мэту і задачу свайго пантыфікату. У энцыкліцы «Ecclesiam suam» ён гаворыць: «Мы ясна паказалі на гэта Сусветнаму Сабору як на правільную лінію паводзінаў; мы жадаем яе замацаваць у памяці Касцёла як заклік, што пастаянна пабуджае яго да актыўнай гатоўнасці, каб з уласціваю яму абачлівасцю ён заўважаў знакі часу і з юнацкай жывасцю ўсюды і заўсёды выпрабоўваў усё, і ўсё добрае захоўваў». Напачатку А. не раз крытыкавалася як у найбольш кансерватыўных колах (гл. інтэгрызм), з аднаго боку, так і найбольш радыкальнымі прыхільнікамі рэформаў, якія лічылі яго недастатковым, з другога. У наш час працэс А. стабілізаваўся, былі больш дакладна вызначаны яго кірунак і задачы. Захоўваючы вернасць пастановам ІІ Ватыканскага Сабору і працягваючы справу сваіх папярэднікаў, Папа Ян Павел ІІ унёс у вучэнне і практыку Касцёла новыя пазітыўныя элементы. Яго пантыфікат вызначаецца беспрэцэдэнтнай адкрытасцю Касцёла і прызнаннем балючых памылак мінулага. Тым не менш, Папа лічыць неапраўданай празмерную мадэрнізацыю і пазбягае ўносіць у жыццё Касцёла радыкальныя змены.

Апостальскі ліст (лац. Epistula Apostolica) — найбольш папулярная форма звароту Папы да вернікаў. А. л. можа быць адрасаваны як усяму Касцёлу, так і пэўным супольнасцям ці асобам. Звычайна звязаны з нейкай нагодай або прымеркаваны да пэўнай даты ці падзеі ў жыцці Касцёла, таму невыпадкова назва сугучная новазапаветным Апостальскім Пасланням. А. л. карацейшы за энцыкліку і адгартацыю, ён можа быць напісаны не толькі на лацінскай мове і часта не мае такой назвы, як згаданыя дакументы. Звычайна штогод з’яўляецца некалькі А. л. Апошні з іх, «Mane nobiscum Domine», апублікаваны 7 кастрычніка 2004 г. і прысвечаны году Эўхарыстыі (кастрычнік 2004 – кастрычнік 2005).

Беспамылковасць Папы — догмат Каталіцкага Касцёла, зацверджаны І Ватыканскім Саборам у 1870 г., паводле якога Папа, калі прамаўляе «з кафедры» (ex cathedra) па пытаннях веры і маралі, г. зн. як Пастыр усіх хрысціянаў, мае беспамылковасць. Часам няправільна разумеецца як «бязгрэшнасць» Папы ва ўсіх справах. Гэты догмат быў пацверджаны і ІІ Ватыканскім Саборам, нягледзячы на вострую крытыку з боку праціўнікаў каталіцтва і некаторыя негатыўныя меркаванні ўнутры самога Касцёла.

Була (ад лац. bulla – шарык) — важны Папскі дакумент, які змяшчае зварот, пастанову ці распараджэнне. У наш час у Б. часцей за ўсё абвяшчаецца пэўная пастанова ці распараджэнне адміністрацыйнага характару. Дакумент складаецца на лацінскай мове і называецца па першых словах тэксту. Ён змацоўваецца круглай металічнаю пячаткаю — булаю (адсюль назва). У папярэднім нумары нашага часопіса была са скарачэннямі надрукавана Б., або, як яе прынята называць цяпер, Апостальскі ліст «Ineffabilis Deus», якім быў абвешчаны догмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Догмат (з грэцк. dogma, dogmatos – асноўны прынцып, вучэнне, меркаванне) — асноватворны прынцып веравучэння, праўдзівасць якога не аспрэчваецца, бо вынікае са Святога Пісання і знаходзіць пацвярджэнне ў Айцоў і Доктараў Касцёла. На двух першых Сусветных Саборах былі сфармуляваныя Д., якія з’яўляюцца падставай хрысціянскага веравучэння і ўваходзяць у Сімвал веры: адзінства Бога ў Тройцы, уцелаўленне Хрыста, Яго збаўчая ахвяра, уваскрасенне, адзінасутнасць Богу Айцу, паўсюднасць Касцёла, уваскрашэнне памерлых і Страшны суд. На трэцім Сусветным Саборы быў прыняты Д. аб прызнанні Марыі Багародзіцай, а чацвёрты Сусветны Сабор прыняў Д. аб дваістай — Боскай і чалавечай — прыродзе Сына Божага. Усе гэтыя Д. агульныя для Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы. Аднак у Касцёле дзейнічае прынцып дагматычнага развіцця, падставай якога з’яўляецца права Сабору прыводзіць некаторыя прынцыпы веравучэння ў адпаведнасць з «жывым голасам» (г. зн. Традыцыяй і практыкай) Касцёла, які можа беспамылкова тлумачыць веравучэнне, паколькі ім кіруе Святы Дух. Такім чынам, на Таледскім Саборы (599 г.) было пацверджана, што Дух Святы паходзіць з Айца і Сына; на Фларэнційскім Саборы (1439 г.) было дагматызавана вучэнне пра чысцец, а І Ватыканскі Сабор (1870 г.) абвясціў Д. пра беспамылковасць Папы ў пытаннях веры. Два Д. Каталіцкага Касцёла былі прынятыя без склікання Сабору — гэта Д. аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі, які абвясціў Папа Пій IX у 1854 г., і Д. аб Унебаўзяцці Панны Марыі ў целе, абвешчаны Папам Піем XII у 1950 г. Асаблівы раздзел багаслоўя — дагматычная тэалогія — закліканы развіваць і паглыбляць вучэнне, змешчанае ў Д., а таксама абараняць веру ад памылковых трактаванняў. Настаўніцтва Касцёла падкрэслівае абавязковы характар Д. для ўсіх католікаў.

Дэкрэт (лац. decretum – пастанова, указ) — 1. Дзевяць дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору маюць такую назву. Яны прысвечаныя больш вузкім пытанням, чым касцёльныя Канстытуцыі і таксама называюцца па першых словах лацінскага тэксту. Сярод Д. ІІ Ватыкaнскага Сабору часта ўзгадваюцца: «Unitatis redintegratio» — пра экуменізм, «Christus Dominus» — пра пастырскае служэнне біскупаў у Касцёле, «Presbyterorum ordinis» — пра служэнне і жыццё святароў, «Apostolicam actuositatem» — пра апостальства свецкіх.
2. Адміністрацыйны дакумент, які змяшчае распараджэнне якой-небудзь касцёльнай установы ці кіраўніка: Кангрэгацыі, Канферэнцыі біскупаў, біскупа для яго дыяцэзіі і інш. (напр., зацвярджэнне статутаў розных касцёльных інстытутаў, усталяванне пэўных літургічных нормаў, прызначэнне пробашчаў і г.д.).

Інтэгрызм (ад лац. integer – некрануты, цэласны, чысты) — плынь, якая ўвасабляе інтарэсы найбольш кансерватыўных колаў у Касцёле, выступае супраць дастасавання да сучасных умоваў і супраць свецкага характару культуры, абгрунтоўваючы гэта імкненнем захаваць інтэгральнасць (паўнату, цэласнасць і чысціню) веравучэння. У самастойны рух І. аформіўся ў часы Папы св. Пія Х (1903–1914 гг.), калі была створана сакрэтная арганізацыя «Таварыства св. Пія V», якая змагалася з усялякімі праявамі мадэрнізму, падтрымліваючы кансерватыўную палітыку і традыцыяналізм. Дзейнасць гэтай арганізацыі ажыццяўлялася з дазволу Святога Пасаду і знаходзілася пад яго кантролем. Аднак пасля ІІ Ватыканскага Сабору сітуацыя змянілася, бо галавою і натхняльнікам інтэгрыстаў стаў французскі арцыбіскуп Марсэль Лефэўр, які пачаў рэзка крытыкаваць аднаўленне Касцёла (гл. аджорнамэнто). Ён выступаў супраць выпрацаванага Саборам падыходу да пытанняў рэлігійнай свабоды, супраць экуменічнага дыялогу і правядзення набажэнстваў на нацыянальных мовах. Сваю пазіцыю ў 70-я гг. Лефэўр каротка сфармуляваў так: «Будучыня Каталіцкага Касцёла ў яго мінулым». Заснаванае ім «Брацтва імя св. Пія Х» (т. зв. лефэўрысты) стала ў адкрытую апазіцыю ў адносінах да Ватыкана і афіцыйнага Касцёла, а яго дзейнасць ад пачатку была скіравана на раскол. Святы Пасад неаднаразова заклікаў інтэгрыстаў да падпарадкавання касцёльнай дысцыпліне і ў асобных пытаннях нават пайшоў ім насустрач, але не зважаючы на гэта, у 1987 г. Лефэўр без дазволу Рымскай Курыі пасвяціў у біскупы чатырох святароў. У адказ на гэта ён разам са сваімі прыхільнікамі быў адлучаны ад Касцёла. Тады ж з’явіўся Апостальскі ліст «Ecclesia Dei», у якім Папа Ян Павел ІІ недвухсэнсоўна сказаў, што дзверы Касцёла заўсёды адчынены для інтэгрыстаў. Была створана спецыяльная камісія, у выніку дзейнасці якой паўстала т. зв. «Брацтва св. Пятра», куды ўвайшлі інтэгрысты, якія пажадалі вярнуцца ў Касцёл.

Кананічнае права — сукупнасць нормаў, сфармаваных на падставе канонаў — актаў Касцёльнай улады, якія маюць моц закона. К. п. уключае пастановы Сусветных Сабораў, выказванні Айцоў Касцёла, Папскія дакументы (гл. адгартацыя, Апостальскі ліст, була, энцыкліка), асвечаныя касцёльнай Традыцыяй звычаі. Асноўным зборнікам К. п. з’яўляецца Кодэкс кананічнага права (лац. Codex Iuris Canonici). Першы значны збор канонаў быў складзены ўжо ў VI ст. і пасля гэтага шмат разоў дапаўняўся і выпраўляўся, у прыватнасці, па рашэнні Базельскага (1431–1443 г.г.) і Трыдэнцкага (1545–1563 г.г.) Сабораў. У тыя часы К. п. закранала таксама шмат пытанняў грамадзянскай юрысдыкцыі, а таму з цягам часу ўзнікла неабходнасць грунтоўна яго перапрацаваць. Па ініцыятыве Папы Пія Х да 1917 г. быў распрацаваны новы Кодэкс К. п. У ім разглядаліся агульныя нормы касцёльнай юрысдыкцыі, становішча духоўных асобаў, пытанні касцёльнай адміністрацыі (курыі, парафіі, манаскія і законныя інстытуты, свецкія касцёльныя арганізацыі), сакрамэнты, парадак набажэнстваў і кананізацыі святых, сістэма касцёльных пакаранняў. У адрозненне ад папярэдніх, гэты Кодэкс К. п. рэгуляваў амаль выключна унутрыкасцёльныя адносіны. У сувязі са значным абнаўленнем каталіцкай тэалогіі ІІ Ватыканскі Сабор прызнаў патрэбу ў пераглядзе К. п. У 1983 г. Папа Ян Павел ІІ падпісаў новы Кодэкс К. п., які ў значнай ступені захоўвае асноўны змест папярэдняга пры значным скарачэнні агульнай колькасці канонаў (з 2412 да 1752) і прычынаў для адлучэння ад Касцёла (з 37 да 7). У ім была захавана забарона ўдзяляць сакрамэнт святарства жанчынам, забаронена паўторнае прыняцце сакрамэнту шлюбу пасля афармлення разводу ў грамадзянскіх установах, аднак санкцыянавана крэмацыя як форма пахавання. Падкрэсліваючы неабходнасць захавання цэлібату святарамі, Кодэкс забараняе ім весці палітычную дзейнасць і займаць дзяржаўныя пасады. Нормы К. п. і ў наш час могуць разглядацца як юрыдычныя, калі іх прызнае абавязковымі пэўная дзяржава.

Канкардат (ад лац. concordatum – пагадненне) — пагадненне, дамова паміж Святым Пасадам (Ватыканам) і ўрадам пэўнай дзяржавы, які рэгулюе іх адносіны і вызначае становішча Каталіцкага Касцёла, яго правы і прывілеі (прызначэнне біскупаў, касцёльная ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, асаблівыя правы і прэрагатывы ў пытаннях сям’і і шлюбу, а таксама ўмовы дыпламатычных адносінаў з Ватыканам). Адным з першых быў заключаны Вормскі К. (1122 г.) паміж Папам Калікстам ІІ і германскім імператарам Генрыхам IV; у 1801 г. быў заключаны К. паміж Папам Піем VII і Напалеонам, а ў 1929 г. Папам Піем XI і італьянскім урадам на чале з Мусаліні былі падпісаныя т. зв. «Латэранскія пагадненні» (гл. «Ave Maria», №4 (107), 2004), згодна з якімі быў усталяваны дзяржаўны суверэнітэт Ватыкана. Пасля падзення камуністычных рэжымаў ва Усходняй Еўропе, у 1993 г., К. заключыла таксама Польшча.

Канон (ад грэцк. kanon – норма, правіла, узор) — 1. Прынятая Касцёлам сукупнасць кніг Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў (гл. дэўтэракананічныя кнігі).
2. Эўхарыстычная малітва святой Імшы.
3. Артыкул у Кодэксе кананічнага права.
4. Пералік імёнаў усіх тых, каго Касцёл абвясціў святымі і благаславёнымі, т. зв. «канон святых» (гл. таксама мартыралог).
5. Правілы пабудовы кампазіцыі абразоў і іншых сакральных выяваў, якія ва Усходняй Царкве маюць вельмі вялікае значэнне.

Канстытуцыя (лац. Constitutio) — нарматыўны дакумент Касцёла, які традыцыйна называецца паводле двух першых словаў тэксту на лацінскай мове і пачынаецца формулай «на вечную памяць», што падкрэслівае яго надзвычайную важнасць. Канстытуцыі бываюць Касцёльнымі і Апостальскімі.
1. Касцёльная К. — зацверджаны Сусветным Саборам дактрынальны дакумент, які датычыць веравучэння. На ІІ Ватыканскім Саборы былі прынятыя 4 К. к.: Пра святую Літургію «Sacrosanctum Concilium», Дагматычная К. пра Касцёл «Lumen gentium», Дагматычная К. пра Божае аб’яўленне «Dei Verbum» і Пастырская К. пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes». У К. к. фармулююцца асноўныя дагматычныя прынцыпы веравучэння і ўнесеныя ў іх змены ў адпаведнасці з планамі касцёльнага аднаўлення. К. к. уваходзяць у сілу толькі пасля зацвярджэння Папам і выдаюцца ад яго імя.
2. Апостальская К. — выдадзены Папам нарматыўны дакумент, які датычыць важных новаўвядзенняў у Касцёле. У адрозненне ад іншых папскіх дакументаў, ён часцей за ўсё змяшчае сціслыя юрыдычныя прадпісанні. Так, А. к. Папы Паўла VI «Missale Romanum» абвяшчае ўвядзенне новага Імшала, а А. к. Папы Яна Паўла ІІ «Pastor bonus» зацвярджае новы рэгламент Рымскай курыі.

Настаўніцтва Касцёла (лац. Magisterium) — уласцівая толькі Касцёлу ўлада навучання веры. У Канстытуцыі пра Божае аб’яўленне чытаем: «Абавязак праўдзіва тлумачыць напісанае ці вусна перададзенае Слова Божае быў даручаны толькі жывому Настаўніцтву Касцёла, улада якога заснавана на імені Езуса Хрыста», гэта значыць, што такое заданне даручана біскупам у еднасці з наступнікам апостала Пятра, Біскупам Рыма — Папам. Н. К. ні ў якім выпадку немагчыма супрацьпастаўляць Божаму Слову, бо яно служыць яму, свята яго захоўваючы і верна выкладаючы. Яго сэнс у тым, каб вера перадавалася далей, згодна са зместам Святога Пісання і Традыцыяй Касцёла.

Сімвал веры — адна з асноўных малітваў Касцёла, якая з’яўляецца кароткім пераказам хрысціянскага веравучэння. У грэцк. мове слова symbolon абазначае палову разбітай ці разламанай на дзве часткі рэчы (напр., пячаткі), якая служыць апазнавальным знакам (дзве паловы складаюцца, каб пацвердзіць асобу таго, хто мае адну з іх). Такім чынам, С. в. — гэта знак распазнання і еднасці вернікаў. Гэтае паняцце абазначае таксама зборнік ці змест. У гэтым сэнсе С. в. з’яўляецца зборнікам асноўных праўдаў веры, яе зместам. На першым па сваім значэнні месцы знаходзіцца Апостальскі С. в., вядомы таксама як хросны С. в. Рымскага Касцёла. Заснаваны на апостальскай Традыцыі, ён упершыню згадваецца ў канцы IV ст., а з IX cт., пасля літургічнай рэформы Карла Вялікага, становіцца агульнаўжывальным ва ўсім Касцёле. Яго вялікі аўтарытэт засноўваецца на тым, што ён з’яўляецца С. в., захаваным у Рымскім Касцёле, на пасадзе якога быў Пётр, першы з апосталаў, і куды ён прынёс агульнае навучанне. Трыдэнцкі Сабор прызнаў гэты С. в. падставаю катэхетычнага навучання. Другім па значэнні з’яўляецца Нікейска-Канстанцінопальскі С. в. Ён таксама мае вялікі аўтарытэт і называецца па месцы правядзення першых сусветных Сабораў (325 і 381 г.г.), на якіх быў складзены і зацверджаны яго тэкст. На Таледскім Саборы (599 г.) да восьмага пастулата гэтага С. в., у якім гаворыцца, што Дух Святы паходзіць з Айца, было дададзена «і Сына» (лац. Filioque). За выключэннем апошняга, гэты С. в. з’яўляецца агульным для ўсіх вялікіх Касцёлаў Захаду і Цэркваў Усходу. На працягу стагоддзяў у Касцёле з’явілася шмат розных С. в. Сярод іх варта згадаць Сімвалы розных апостальскіх і старажытных Касцёлаў; Сімвал «Quicumque», т. зв. С. в. св. Атаназія Александрыйскага; вызнанні веры, некаторых Сабораў (Таледскага, Латэранскага, Ліёнскага, Трыдэнцкага) або некаторых Папаў, як, напр., «Fides Damasi» ці «С. в. народа Божага» Паўла VI.

Традыцыя (лац. traditio – перадача, навучанне, паданне), Апостальская Т., Т. Касцёла — жывая перадача Евангелля, распачатая Апосталамі, якія вусным навучаннем, уласным прыкладам і пастановамі перадалі або тое, пра што даведаліся з вуснаў Хрыста, жывучы з Ім і назіраючы Яго паводзіны, або тое, што атрымалі праз натхненне Святога Духа. Апосталы пакінулі сваімі наступнікамі біскупаў для таго, каб іх навука захоўвалася ў непарыўнай пераемнасці да сканчэння вякоў. Таму акрамя кніг Святога Пісання Новага Запавету, якія з’явіліся пазней, Т. — гэта другая крыніца Божага Аб’яўлення. Акрамя навучання апосталаў, у яе ўваходзяць таксама працы Айцоў Касцёла, пастановы Сабораў і да т. п. Слова «Т.», ужытае ў такім значэнні, прынята пісаць з вялікай літары, каб адрозніваць яго ад шматлікіх тэалагічных, літургічных ці малітоўных традыцый, што з’явіліся на працягу стагоддзяў у розных мясцовых Касцёлах і ўяўляюць сабой асаблівыя формы, у якіх вялікая Т. выяўляецца такім чынам, як гэта ўласціва дадзенаму месцу ў кожны канкрэтны час. Менавіта ў святле Т. гэтыя мясцовыя традыцыі могуць захоўвацца, змяняцца ці скасоўвацца пад кіраўніцтвам Настаўніцтва Касцёла. Касцёл вучыць, што і Пісанне, і Традыцыю належыць прымаць з аднолькавым пачуццём павагі і ўшанавання.

Традыцыяналізм — 1. Плынь у каталіцкай тэалогіі, якая ўзнікла ў XIX ст. як рэакцыя на рацыяналізм эпохі Асветы, з’яўляючыся яго супрацьлегласцю. Т. лічыць крыніцаю любога пазнання Божае Аб’яўленне, якое перадаецца ў непарыўнай традыцыі. Хоць некаторыя палажэнні Т. адпавядаюць касцёльнаму веравучэнню (напр., прызнанне сацыяльнай натуры чалавека, важнасць традыцыі ў рэлігіі), аднак ён быў асуджаны на І Ватыканскім Саборы, бо глыбокі недавер да чалавечага розуму адкрываў шлях да скептыцызму, а таксама няправільна трактаваў Традыцыю. Быў распаўсюджаны пераважна ў Францыі і Бельгіі.
2. Часта ў Касцёле так называюць кансерватыўныя погляды ў пытаннях касцёльнай дысцыпліны, маралі, веравучэння, а таксама ў сацыяльнай сферы.

Тэалогія (ад грэцк. Theos – Бог і logos – слова, навука — навука пра Бога, багаслоўе) — сістэма абгрунтавання рэлігійнага, у прыватнасці хрысціянскага, вучэння пра Бога, Яго якасці, адзнакі і ўласцівасці; комплекс доказаў праўдзівасці веравучэння і рэлігійнай маралі на падставе Святога Пісання і Традыцыі. Т. Касцёла бярэ пачатак ад Айцоў Касцёла, у т. зв. «патрыстычнай Т.», якая была створана ў ІІ–IV стст. Яе абагульніў на падставе неаплатанізму св. Аўгустын Аўрэлій (354–430 гг.), з ідэяў якога фармавалася Т. Каталіцкага Касцёла. У наступныя стагоддзі ў Т. вызначыліся розныя, часта вельмі супярэчлівыя тэндэнцыі. Ім супрацьстаяў св. Тамаш Аквінскі (1225–1274 гг.), які распрацаваў на падставе вучэння Арыстоцеля «натуральную Т.», названую дадаткам да «звышразумнай Т.». Яго вучэнне, выкладзенае ў асноўнай працы «Сума тэалогіі», што так і не была скончана, атрымала назву Тамізм (з 1879 г. — неатамізм), які з’яўляецца асноўным кірункам каталіцкай Т. Т. выкладаецца ў духоўных семінарыях, у каталіцкіх і іншых вышэйшых навучальных установах. Розныя раздзелы Т. (біблійная Т., дагматычная Т., маральная Т. і г. д.) засяроджваюцца на тым ці іншым аспекце Божага Аб’яўлення. У сучаснай Т. разам з традыцыйнымі кірункамі атрымалі развіццё таксама рэлігійны экзістэнцыяналізм, фундаменталізм і інш.

Экуменізм (ад грэцк. oikoumene) — рух, скіраваны на ліквідацыю падзелаў паміж рознымі канфесіямі дзеля аб’яднання ўсіх хрысціянаў, якому ў Касцёле надаецца асаблівая важнасць. Узнік у XVII ст. у пратэстанцкім асяроддзі і першапачаткова не быў падтрыманы Касцёлам. Толькі падчас ІІ сусветнай вайны адбыліся пэўныя станоўчыя зрухі ў гэтым кірунку. Узяўшы курс на аджорнамэнта, Папа Ян XXIII падкрэсліў першаснае значэнне праблем Э. Дэкрэт ІІ Ватыканскага Сабору пра экуменізм «Unitatis redintegratio» («Аднаўленне адзінства») адзначае неабходнасць сумесных дзеянняў усіх хрысціянаў у сацыяльнай галіне. Э. накіраваны таксама на пераадоленне пагрозы матэрыялізму, якая моцна абвастрылася ў сучасным свеце. Асаблівую ўвагу справе Э. прысвячае Папа Ян Павел ІІ. Па яго ініцыятыве ў 1986 г. у Асізі адбыўся Сусветны дзень малітвы за мір, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх рэлігій свету.

Энцыкліка (позналац. enciclicus ад грэцк. enkyklios — кругавы, акружны, агульны) — першапачаткова так называўся акружны ліст біскупа. У наш час — пасланне (ліст) Папы, скіраванае да ўсяго Касцёла: да біскупаў, духавенства і свецкіх вернікаў. Э. прысвячаюцца асабліва важным пытанням веры, маралі, сацыяльна-палітычным праблемам і г. д. Кожная Э. называецца па першых словах яе тэксту на лацінскай мове. Папа Ян Павел ІІ з’яўляецца аўтарам чатырнаццаці Э. Першая з іх, «Redemptor Hominis», была апублікавана 4 сакавіка 1979 г., а апошняя — «Ecclesia de Eucharistia», апублікаваная 17 красавіка 2003 г., у перакладзе на беларускую мову друкуецца ў нашым часопісе з № 11 за 2004 г.

Працяг будзе