Знак на шчасце

Вуліца Бак у Парыжы. Звычайная вулачка ў цэнтры горада. Дарога да будынка пад нумарам 140 вядзе праз браму, якая нічым асаблівым не вызначаецца. Можа, толькі тым, што каля яе заўсёды стаяць некалькі жабракоў.

Гэтая брама, што вядзе да кляштара сясцёр вінцэнтак (так у Францыі называюць Сясцёр Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля), з’яўляецца своеасаблівым фільтрам паміж шумнымі раёнамі, поўнымі турыстаў і бізнесменаў, і аазісам спакою, які размясціўся побач.

Менавіта за гэтай брамай, у кляштарнай капліцы, 27 лістапада 1830 г. сястры Кацярыне Ляборэ аб’явілася Маці Божая. Яна была апранута ў белае адзенне, з срэбна-блакітным плашчом на плячах, на галаве мела вэлюм. Стаяла Яна на зямным шары. З Яе адкрытых, скіраваных да зямлі далоняў зыходзілі прамяні. Вакол Беззаганнай сястра Кацярына ўбачыла надпіс: «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае».

— Пастарайся, каб паводле гэтага ўзору быў выбіты медалік, — сказала Мадонна. — Кожны, хто будзе яго насіць, атрымае вялікія ласкі.

Праз хвіліну вобраз Марыі нібы павярнуўся, і сястра Катрын убачыла літару М з крыжам у ёй і двума сэрцамі — Езуса і Марыі — унізе.

Паглядзім, што будзе

Пра сваё ўяўленне сястра Кацярына расказала спаведніку, але той забараніў ёй гаварыць каму-небудзь пра гэта. Пра тое, каб выбіць медалік, ён нават чуць не хацеў. Сястры Кацярыне давялося доўга пераконваць спаведніка перадаць просьбу Маці Божай арцыбіскупу Парыжа Луі дэ Кэлену. У чэрвені 1832 г. былі выбіты першыя 1500 медалікаў. Іх раздавалі вернікам, не ўзгадваючы нічога пра аб’яўленні Маці Божай. «Паглядзім, што будзе, калі людзі пачнуць насіць медалік, — так арцыбіскуп матываваў рашэнне распаўсюджваць гэты знак. — Няхай пазітыўныя змены пацвердзяць сапраўднасць аб’яўлення на вуліцы Бак».

Цудаў і ласкаў не давялося чакаць доўга. Ужо ў тым жа годзе васьмігадовая Каралін Нэнен з парафіі Сэн-Жэрмен-ль’Оксэруа, заражаная халерай, паправілася на наступны дзень пасля таго як атрымала ад сясцёр медалік.

Праз год, 13 чэрвеня, салдат з Алянсона, вядомы «атэіст і блюзнер», пасля таго як павесіў на шыю медалік, пачаў маліцца. «Мяне агортвае смутак, калі думаю, што так позна палюбіў і што не любіў яшчэ мацней», — прызнаваўся ён.

Яўрэй навяртаецца

У 1835 г. цудоўны медалік носяць ужо каля мільёна людзей, а ў 1839 г. — 10 мільёнаў.

У студзені 1842 г. малады французскі яўрэй, Альфонс Ратызбон, якому раней сябар падараваў цудоўны медалік, на хвілінку заходзіць у касцёл С. Андрэа делля Фраттэ ў Рыме. Убачыўшы ў бочнай капліцы абраз прыгожай Пані, салдат падае на калені. У гэты момант ён адчувае прасвятленне і навяртаецца да Бога. 31 мая 1842 г. у кляштары езуітаў Альфонс Ратызбон прымае хрост і прыступае да святой Камуніі. Праз чатыры дні яго навяртанне было прызнана папскім дэкрэтам за сапраўднае дзеянне Божае праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі. Альфонс становіцца святаром і засноўвае Супольнасць Маці Божай Сіёнскай, харызмай якога з’яўляецца навяртанне яўрэяў у каталіцую веру.

Вера ў моц медаліка распаўсюджваецца. Падчас Парыжскай Камуны (1871 г.) рэвалюцыянеры проста ўрываюцца ў кляштар вінцэнтак за маленькімі знакамі з выявай Беззаганнай. Яны вераць, што медалік уратуе ім жыццё падчас бітвы. Сястра Кацярына раздае медалікі ўсім, не зважаючы, на якім баку барыкады чалавек змагаецца. Яна верыць, што Марыя распазнае сваіх і наверне да Бога астатніх.

Маленькі знак з вялікай моцай

У 1854 г. рэпрадукцыя цудоўнага медаліка была змешчана на адваротным боку медаля на ўспамін абвяшчэння догмата аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён захоўваецца ў парыжскай рэзідэнцыі Таварыства цудоўнага медаліка, заснаванага па ініцыятыве польскіх біскупаў у 1908 г. і распаўсюджанага ва ўсім Касцёле Папам Піем X.

23 ліпеня 1894 г. Папа Леў XVIII устанавіў свята ў гонар цудоўнага медаліка, прапануючы адзначаць яго кожны год 27 лістапада. У сувязі з гэтым узнікла таксама спецыяльнае набажэнства, якое ватыканская Кангрэгацыя абрадаў зацвердзіла ў 1958 г.

Навяртанні і аздараўленні, якіх нельга пералічыць, шматлікія манаскія і свецкія супольнасці, якія аддаваліся ў апеку Беззаганнай, і ўсё гэта — дзякуючы маленькай выяве. Просты знак, але які ж дзейсны! Гэта нібы нямая малітва, якую чалавек носіць у сэрцы і ўзносіць да неба няспынна: падчас працы, падчас адпачынку і сну.

Дарота Барэла,
Анджэй Нядзвецкі.
«Gość Niedzielny», № 49/2004