Амаль круглы год на ўзгорак Тэзэ, што ў Францыі, падымаюцца дзесяткі тысяч маладых людзей. Глыбока веруючыя ці тыя, хто хоча знайсці сэнс жыцця, яны прыбываюць з усіх кантынентаў. Чаго яны шукаюць? У Тэзэ моладзь прыязджае перадусім не для таго, каб прыняць удзел у фармальных сустрэчах. Галоўнае ў тым, што моладзь прымае супольнасць братоў. У свеце, дзе існуе ўсё больш падзелаў, браты жывуць і працуюць разам. У Тэзэ маладым людзям прапануецца ўвайсці ў гэтае жыццё, зразумець, што паўсядзённасць можа быць напоўнена святлом Евангелля: агульнай, тры разы ў дзень, малітвай, разважаннямі аб крыніцах веры, сумеснай працай.

Кожны год у адным з еўрапейскіх гарадоў браты з супольнасці Тэзэ арганізоўваюць сустрэчу моладзі, каб разам з імі разважаць над будаваннем спакою ў свеце.

У гэтым годзе сустрэча праходзіла ў Партугаліі. У дні з 28 снежня да 1 студзеня на вуліцах сонечнага Лісабона можна было пачуць усе еўрапейскія мовы — каля 40 тысяч маладых людзей адгукнуліся на запрашэнне братоў з Тэзэ.

Моладзь з Беларусі таксама прымала ўдзел у сустрэчы. Запрашаем яшчэ раз перажыць з намі гэтую пілігрымку.

... Развітваемся з радзімай на світанні найпрыгажэйшага свята — свята Нараджэння Пана. На душы крыху сумна, бо не атрымліваецца святкаваць у коле сям’і... Але ж Пан Бог вельмі добры, і кожнаму з нас, пілігрымаў, Ён дорыць новую «сям’ю»: у аўтобусе хутка ўтвараецца цёплая сяброўская і нават хатняя атмасфера (дарэчы, сярод нас — некалькі маладых сужэнскіх пар).

Хутка «пралятаем» праз Польшчу, затрымліваемся ў Чэнстахове. Як жа гэта цудоўна ў свята Божага Нараджэння трапіць на святую Імшу ў капліцу на Яснай Гары! Падчас гэтай Эўхарыстыі маладая пара з Польшчы бярэ шлюб. Няхай жа Чорная Мадонна абараняе іх любоў...

Далей — Германія. Па дарозе наведваем славутую катэдральную базыліку Найсвяцейшай Панны Марыі ў Шартры. Катэдра ўражвае перадусім сваёй старажытнасцю і веліччу: яе не абысці вакол за некалькі хвілін. Святыню ўпрыгожваюць вітражы з XII ст., асабліва прыцягвае ўвагу вітраж з выявай Маці Божай. У катэдры знаходзіцца скарбніца, дзе захоўваецца вэлюм, вядомы як «вэлюм Марыі» — каштоўная рэліквія, дзеля якой у 1194 г. катэдра была адбудавана.

Працягваем падарожжа, мінаем Бельгію — невялічкую краіну, дзе кожная дарога асвечана мноствам ліхтароў-матылькоў...

I вось мы ў Францыі. Сонейка грэе, нібы ўвесну. Незвычайнае пачуццё — пад Новы год акунуцца ў вясновае надвор’е. Настрой — нібы ў прадчуванні чагосьці казачнага. I казка сапраўды нас чакае, бо накіроўваемся мы ў Люрд. За вокнамі пралятаюць узгоркі, палі. Калі забыцца, што едзем праз Францыю, можна падумаць, што гэта родная Беларусь, бо пейзаж такі знаёмы: тыя ж самыя палі, дрэвы, аблокі... Але ж чакайце, гэта не аблокі, гэта — горы! Спачатку нібы размытыя, потым больш выразныя паўстаюць перад намі контуры заснежаных горных вяршыняў. А мы ўжо пачалі было сумаваць па снезе, якога і на радзіме даўно не бачылі...

Чарговы прыпынак нашай пілігрымкі — Люрд. Сапраўды, трапляем у казачны свет: сонейка гуляе ў снезе, у горнай рэчцы, у галінках дрэў, у нашых валасах. Ажно козытна! I так хораша на душы, што хочацца спяваць. А вакол не чутно ні трамваяў, ні машын, ніхто нікуды не спяшаецца, і нават вецер дзьме лагадней — мабыць, не хоча парушыць малітоўную цішыню. Падыходзім да грота аб’яўлення Маці Божай. Колькі разоў бачылі гэтае месца на фотаздымках, у часопісах, чакалі нечага незвычайнага, цудоўнага, а бачым просты алтар, фігурку Маці Божай, людзей, паглыбленых у засяроджаную малітву... Але расчаравання няма, бо неяк адразу адчуваеш, што менавіта такім простым і было жыццё Марыі: Яна не хацела быць заўважанай і знакамітай, Яна ніколі не засланяла Сына...

Памаліўшыся нейкі час у цішыні, вяртаемся «дадому», у родны ўжо аўтобус, і працягваем пілігрымку на калёсах. Спыняемся ў французскім гарадку Лібурнэ, дзе нас прымаюць на начлег. Ой, як добра выпрастаць стомленыя ножкі...

I зноў дарога. Ноччу мінаем Іспанію і раніцай прыбываем у Лісабон.

Пакуль нас размяркоўваюць па парафіях, самыя спрытныя з нас паспяваюць пачаставацца мясцовымі мандарынамі проста з дрэва. Смачна есці!

I вось праз некаторы час дабіраемся, нарэшце, да парафіі, дзе давядзецца жыць наступныя пяць дзён. Сустракаюць нас цёпла, з пачастункам. А якія ж дзіўныя мясцовыя жыхары: адразу пры знаёмстве кідаюцца абдымацца-цалавацца. Спачатку для нас гэта неяк няёмка, але потым — нічога, нават падабаецца — вельмі ж прывабныя гэтыя партугальцы!

На наступны дзень фотаздымак дзвюх мінчанак з’яўляецца ў мясцовай газеце (не, не з-за хуліганства!). Між іншым, у артыкуле, прысвечаным беларускай групе, карэспандэнт газеты піша пра ветлівасць, выхаванасць беларусаў. Больш за ўсё партугальцаў здзіўляе тое, што пры ўваходзе ў жылое памяшканне мы... здымаем абутак. Вось так.

У гэтыя дні ў Лісабоне мы разам з моладдзю з усяе Еўропы молімся аб спакоі ў свеце, дарэчы, асабліва памятаем пра ахвяры цунамі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Божа Міласэрны, адары нас спакоем...

А ў той час у Лісабоне грэе сонейка, усё вакол жыве, дыхае. Разам з прыродай прачынаемся і мы: сэрца б’ецца мацней, усе крыху закаханыя, і зноў хочацца смяяцца, спяваць... Божа, які ж прыгожы свет Ты стварыў для нас!

Увечары ўсе пілігрымы яднаюцца ў агульнай малітве ў духу Тэзэ: чытанні ўрыўкаў з Евангелля, спеў прыгожых канонаў, час на разважанне ў цішыні, ізноў спеў... Побач моляцца католікі, праваслаўныя, пратэстанты, хрысціяне іншых веравызнанняў. У гэтыя дні мы шукаем не тое, што нас дзеліць, але тое, што аб’ядноўвае. На першы погляд здаецца, што малады чалавек бездапаможны перад абліччам насілля, неспакою ў свеце. Але для хрысціяніна гэта павінна быць выклікам, бо ў Евангеллі чытаем пра спакой. Будаванне спакою з’яўляецца нашым заданнем на кожны дзень. Брат Ражэ — заснавальнік супольнасці Тэзэ — неаднойчы падкрэслівае гэта ў Лісабоне. Аднак ён звяртае ўвагу на тое, што моц будавання спакою ідзе з душы чалавека, і таму нам перадусім патрэбны ўнутраны спакой. У Лісабоне мы разважаем пра спакой як пра штосьці вельмі канкрэтнае, а не як пра нейкую недасягальную ідэю. Ойча наш Нябесны, зрабі, каб усе былі адно...

Быць у Лісабоне і не ўбачыць акіян? Не, ніколі сабе гэтага не даруем, а таму накіроўваемся на мыс Рока — самую заходнюю кропку еўрапейскага кантынента.

Акіян... Ад бязмежнасці пачуццяў сэрца замірае. Добра, што карвалол з сабой маем... Некалькі хвілін аднаўляем страчанае дыханне і... зноў з душы льецца песня.

Пяць дзён у Лісабоне пралятаюць хутка, надыходзіць час вяртацца на радзіму. Але ж па дарозе нас чакае яшчэ шмат цікавага.

У першы дзень новага года мы трапляем у Фаціму. У галоўнай капліцы, на месцы аб’яўлення Марыі маленькім пастушкам, адпраўляецца святая Імша, у якой мы прымаем удзел разам са шматлікімі пілігрымамі з розных краін свету. Пасля Эўхарыстыі — ізноў у дарогу.

Доўга чакаў беларусаў Парыж — горад-свята. Праўду кажуць: «Парыж убачыць — і памерці». Ах, Парыж!.. Аднак мы вырашылі пакуль не паміраць, бо надта радзіму захацелася ізноў пабачыць. Беларусь мая сінявокая...

Таццяна Мухляда.
Фота з архіва рэдакцыі