Працяг. Пачатак глядзі ў нумары №12(115) 2004 >>>

Мы працягваем расказваць пра хрысціянскія святыні на Святой Зямлі. Многія з тых выдатных храмаў былі пабудаваны ўжо ў ХХ стагоддзі і амаль з усімі храмамі звязана імя выдатнага італьянскага архітэктара Антоніо Барлуццы. Сённяшні наш аповед – пра базыліку Перамянення Пана на гары Табор.

Здалёк відаць на вяршыні Табора храм, які нібыта збіраецца адплыць у неба, зняўшыся з вяршыні, як карабель, з алтаром, скіраваным на Усход. Нават гледзячы на яго здалёк, міжволі ўспомніш, што само слова «нава» ў перакладзе менавіта і азначае «карабель». Многія лічаць гэтую базыліку не толькі найвышэйшым стварэннем архітэктурнага генія Барлуццы, але і найлепшым храмам Святой Зямлі. Каб падняцца да самой базылікі на вяршыню гары, трэба прайсці праз вядомую арку – «браму ветра». Тут нават летам адчуваецца подых марскога ветру, адсюль відаць цудоўная панарама амаль усёй Галілеі, тут пачынаеш разумець, што азначалі ў старажытнасці святыя месцы на гарах побач з небам і Богам. Тры гары ў біблейскай паэзіі носяць імя месцазнаходжання славы Божай: снежны Ярмон на поўначы Ізраіля і знакаміты Сіён на поўдні, у Ерузалеме, а пасярод – Табор. «Поўнач і поўдзень – Ты стварыў іх, Пане, Табор і Ярмон аб імені Тваім радуюцца», – гаворыцца ў адным з псальмаў Давіда. На якой жа са святых гор здзейснілася евангельская падзея Перамянення? Яна не названая па імені ў Новым Запавеце, але паданне спрадвеку звязвае Перамяненне з Таборам, менавіта таму сучасная базыліка павінна была стаць своеасаблівым вынікам і сінтэзам старажытных архітэктурных помнікаў.

Базыліка пабудавана ў раманска-сірыйскім стылі, гэта значыць – узноўлены той тып храмавага дойлідства, які асабліва расквітнеў у ІV–V стст. ва ўсходніх правінцыях Рымскай імперыі. Хаця касцёл Перамянення ўжо больш за 70 гадоў стаіць, як кажуць, на сямі вятрах на гары Табор, якую часам па некалькі дзён ахутвае туман, ён і сёння здзіўляе чыстым крэмавым колерам сваіх сценаў. І ўся базыліка, як і належыць храму, прысвечанаму светламу святу Перамянення, ёсць гімнам сонцу і свету.

...Дарэчы, пра чысціню сценаў. Адразу перад уваходам на тэрыторыю святыні вісіць даволі цікавая аб’ява-папярэджанне тым турыстам, што маюць дурную звычку пакідаць свае імёны на сценах вялікіх помнікаў. Браты францішканцы, якія апякуюцца гэтай базылікай, знайшлі па-свойму геніяльную фармулёўку супраць гэтай бяды: на таблічцы проста напісана: «Калі вы верыце ў Бога, сардэчна запрашаем, прыходзьце і маліцеся. Калі ж вы пусты і нявыхаваны чалавек, які не паважае правы ўласнасці і пачуцці іншых людзей, смела пішыце сваё імя на нашых сценах».

Але працягнем аповед пра базыліку. Кожная яе дэталь мае глыбокую тэалагічную сімволіку. Сама структура фасада адлюстроўвае галоўную ідэю свята Перамянення – адкрыццё людзям Святой Тройцы. Яна траістая ў азнаменаванне не толькі Трох Боскіх Асобаў, але і ў памяць трох удзельнікаў падзеі: Езуса, Іллі, Майсея і ў памяць пра трох вучняў сведкаў – Яна, Пятра і Якуба. Дзве бакавыя вежы, традыцыйныя для каталіцкай святыні, маюць у ніжніх ярусах капліцы, прысвечаныя прарокам Майсею ды Іллю.

...Адчыняюцца велізарныя бронзавыя дзверы, кожная фортка вагой у паўтары тоны, і мы бачым злева мемарыяльную дошку з надпісам на лаціне, дзе гаворыцца пра Юлія і Антонія Барлуццы, братоў архітэктараў, якія стварылі гэтую святыню, і пра закладку першага каменя 20 кастрычніка 1919 года. Гаворыцца таксама пра асвячэнне храма легатам Папы Рымскага Пія ХІ 1 чэрвеня 1924 года. На нашай зямлі ў той час храмаў не будавалі і не асвячалі.

Унутраная прастора базылікі дае яшчэ больш моцнае ўражанне, чым знешні выгляд. Сапраўды, гэта містэрыя, увасобленая ў камені, мазаіцы і бронзе. Ад увахода адкрываецца поўны выгляд усходняй паўкруглай апсіды. Мазаіка ў верхнім ярусе створана выдатным майстрам Радольфо Віллані. Гэта іканаграфія Перамянення. Тры вучні палі ніц, калі ўбачылі Збаўцу, які перамяніўся, у размове з Іллёй і Майсеем. «Ды перамяніўся перад імі», – тлумачыць лацінская цытата з Евангелля. Прысутнасць двух вялікіх прарокаў Старога Запавету сцвярджае адну з найважнейшых евангельскіх ісцінаў: «Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон і прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць» (Мц 5, 17). Позірк Хрыста малітоўна звернуты ў неба – Ён нібы слухае Айца. Уся Яго фігура залівае замерлае неба і зямлю сонечным святлом. Алтар базылікі мае два ўзроўні: вышэй і ніжэй за чалавечы рост. На верхні ярус можна зайсці па шырокіх бакавых лесвіцах – ён прысвечаны Боскай прыродзе Хрыста. Ніжні – гэта своеасаблівая крыпта алтара, якая заклікае памятаць пра розныя праявы Яго чалавечай прыроды.

Па задуме архітэктара і мастака, усё тут павінна быць напоўнена святлом, і гэта святло асвячае базыліку Перамянення Панскага: калі сонца толькі-толькі ўстае з-за Галанскіх высотаў, мазаіка пачынае ззяць, і сапраўдны шэдэўр Табора напаўняецца незямным святлом...

Працяг у нумары №4(119) 2005 >>>

Сяргей Кірык