Пахвалёны Езус Хрыстус!
Мяне завуць Ірына Нічыпар. На ваш “суд” я дасылаю свае вершы. Я пісала іх у пераломныя моманты свайго жыцця, і мне здаецца, што іх зразумеюць тыя, хто яшчэ блукае, хто яшчэ не зразумеў, што ўвесь сэнс нашага жыцця ў Богу. Калі вы палічыце вартым, то надрукуйце іх, калі ласка, у сваім часопісе. Яны напісаны ад усяго сэрца, сэрца, якое імкнулася знайсці праўду.

ІРЫНА НІЧЫПАР

Мае малітвы

I.
Згубілася ў гэтым сусвеце.
Глухая.
Сляпая.
Не магу гаварыць.
Я толькі адчуваю
сэрца,
якое паўтарае,
што я
не магу
жыць
без
Цябе.

II.
Шукаю ратунку.
Божа!
Прымі.
Дапамажы
Адшукаць Цябе
ў позірках
іншых.

III.
Твае вочы –
люстэрка маёй душы.
Мо таму
я
так доўга
баялася
зазірнуць у іх,
а цяпер
не адводжу позірка,
каб толькі
змяніць
іх злосны выраз
на лагодную усмешку.

Што атрымаецца,
я пазнаю
па тварах
незнаёмых.

Птушка

Недзе
паміж небам і зямлёй,
паміж Богам і людзьмі
лётаю
сонечнай птушкаю,
пакуль не знайду
свайго
прытулку.

***

Няма ў каго ўжо шукаць дапамогі.
Ёсць толькі Ён.
Я сілу чэрпаю з Яго вачэй.
*** Я не хачу нічога больш.
Каб толькі
вочы заплюшчыць
і заснуць.
Каб толькі
святло засталося Там,
дзе Ты.
І морак халодны
там,
дзе я.

ВОЛЬГА ХВАШЧЫНСКАЯ

Вяртанне дадому

Так, ёсць куток у гэтым свеце,
дзе захапляецца душа нябёс бязмежжам,
дзе ў таямнічым і зачараваным лесе
спіць возера пад стылай коўдрай снежнай.

Да моцнай ліпы прытулілася хаціна.
Спакой, утульнае святло праз светлыя аконцы.
Тут адчуваецца ў зімовую гадзіну
прысутнасць пэўная Анёла Абаронцы.

Вясёлы Геша, чорненькі сабачка,
здаецца, стрэліў бы салют, каб мог!
Але не можа... Ён скавыча, скача,
як чорны чорцік, б’ецца каля ног.

Паволі хворымі нагамі
ідзе матуля да мяне і кажа праз парог:
– У думках і малітвах я цябе чакала
і дачакалася, бо ёсць на свеце Бог.

Апавядае мне пра дровы і суседзяў,
навіны, дрэнныя паводзіны ката,
які мышэй не ловіць, але соўваецца недзе,
а потым спіць на печы аж да дня.

Сам пан Мартын ужо пакінуў цёплы ложак
і добра ведае, дзе ён нашкодзіў, што і як.
Ён трэцца каля ног – пухнаты і прыгожы
хвост закруціў у запытальны знак.

Так, ёсць куток на гэтым свеце –
шматфарбным, розным і бясконцым,
дзе ў зорным, у зімовым ціхім лесе
я сустракаюся з Анёлам Абаронцам.

ВІКТАР ШАЦІЛА

***

Быў дзіўны вечар на зямлі:
Аблокі шэрыя сышлі,
Стаміўся дождж і вецер сціх,
У зорках толькі маладзік
Свяціў хвалюючым агнём
На цёмны лес, на сад і дом...
І гнаў у багну змрок і цень —
Каб абвясціць нарэшце дзень.

Да бога

О слаўны Божа, дай нам веры
І душы нашы акрылі,
Каб страшнай смерці і хімеры
Не знаць на бацькавай зямлі.

Каб цяжкі крыж выпрабаванняў
Пранесці з чыстаю душой,
І дачакацца злітавання
І справядлівасці Тваёй.

Матылёк

Матылёк узлятае пад неба
І, бязважкі, ляціць з вышыні
У чароўныя летнія дні,
На палеткі шумлівага хлеба.

Ён паклоніцца жытняму полю
І спрадвечным натоліць душу,
Ды наноў узляціць за мяжу,
Дзе няма ні раздраю, ні болю.

***

У незваротнасці, між слоў і слёз,
Калі адчай нахлыне безвыходны,
Ёсць мілы вобраз і нязнаны лёс —
І вера светлая ў край свой родны...