11 снежня ў Наваполацку быў кансэкраваны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Гэтую падзею можна смела назваць гістарычнай у 45-гадовай гісторыі горада вялікай хіміі, які да нядаўняга часу не меў ніводнай культавай пабудовы. Высокі гмах касцёла ўжо цяпер называюць ці не найпрыгажэйшым будынкам горада.

Пры ўваходзе ў касцёл старшыня парафіяльнай рады Алег Рэцікаў уручыў арцыбіскупу з Масквы Тадэвушу Кандрусевічу вялікі сімвалічны ключ. Прыняўшы яго, шаноўны госць сказаў:

— Яшчэ не так даўно на нашай зямлі касцёлы зачынялі. Цяпер надышоў іншы час, і сёння мы адчыняем гэты толькі што пабудаваны касцёл з малітваю пра тое, каб ніхто ніколі не асмеліўся падняць на яго руку. Няхай яго дзверы будуць заўсёды адчыненыя для людзей!

...Вось і дачакаліся наваполацкія католікі гэтага дня. Напісала гэтыя словы, і рука сама застыла над аркушам паперы: не ўсе, на жаль, дачакаліся. Многіх з тых, хто ў 90-я гады разам з полацкімі католікамі пачалі агульныя малітвы проста пад адкрытым небам, ужо няма на свеце. Ніколі не забуду сваю першую з імі сустрэчу каля Сафійскага сабора ў Полацку. Не адразу я тады зразумела, што адбываецца. Купка людзей воддаль ад святой Сафіі малілася пад надакучлівым восеньскім дажджом. Усе былі мокрыя, а над святаром мужчыны трымалі поліэтыленавую плёнку. У старажытным Полацку правілася святая Імша.

Гэта было штосьці неверагоднае. Калі не сказаць — фантастычнае. Чым не эпізод для фільма Андрэя Таркоўскага? Ды гэта было зусім не кіно. Так пачыналася на Полаччыне адраджэнне духоўнага жыцця. Таго самага, пра якое на працягу доўгага часу людзям забаранялася нават думаць, не тое што яго практыкаваць. А яно, гэтае жыццё, неспадзявана ажыло, прарасло праз друз і смецце бальшавізму, камунізму, атэізму і так молада ды смела дало адроджаны парастак.

Адным з мужчынаў, што трымалі плёнку над святаром у той дзень, быў новапалачанін Пётр Квяцінскі. Пазней, пазнаёміўшыся з ім і яго жонкай, а таксама з іншымі вернікамі з Наваполацка і Полацка, я была ўражана іх настойлівасцю і верай у тое, што каталіцкае жыццё на Полаччыне можна і трэба адрадзіць. Ён жа, Пётр Квяцінскі, праз нейкі час стаў галоўным ініцыятарам заснавання парафіі ў Наваполацку. І ён жа, прыйшоўшы вартаваць пляцоўку з такімі-сякімі будаўнічымі матэрыяламі для будучага касцёла, уступіў аднойчы ў дыскусію з былым камуністам, які захацеў пацікавіцца, што ж гэта такое будзе будавацца пад высознымі соснамі.

— Касцёл, — з годнасцю адказаў вартаўнік.

— І ты ў свае семдзесят з гакам вартуеш гэтыя бярвенні? — падзівіўся камуніст.

— Вартую, — быў адказ.

— Ну а зброя ў цябе хоць ёсць? — насмешліва папытаў зноў цікаўны госць.

— А як жа, — бадзёра адказаў Пётр Вікенцевіч і размашыста перажагнаўся: — У імя Айца і Сына, і Духа Святога... Вось мая зброя!

У дзень кансэкрацыі наваполацкага касцёла пробашч парафіі Аляксандр Чайкоўскі, вітаючы шаноўных гасцей, узгадаў і тую трохі смешную, а больш высакародную размову. І я з сумам падумала, што няма, на жаль, у гэты святочны дзень сярод парафіянаў Пятра Вікенцевіча, як, зрэшты, і ўжо многіх з тых, што першымі распачыналі стварэнне парафіі.

Час бяжыць імкліва, і яго законы няўмольныя. Але ж праўда і тое, што паўстаў, узнёс над зямлёю за гэты самы час свае крыжы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Яго кансэкрацыю ў прысутнасці ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна здзейсніў арцыбіскуп з Масквы Тадэвуш Кандрусевіч. І ў гэтым таксама бачыцца свая невыпадковая сімволіка, бо менавіта арцыбіскуп Кандрусевіч, які ў той час быў адзіным біскупам на Беларусі, прыехаў на пачатку 90-х гадоў для сустрэчы з католікамі Полаччыны, каб разам з імі маліцца ў... кінатэатры «Родина». Узгадаўшы ў казанні на ўрачыстасці кансэкрацыі тую даўнюю падзею, шаноўны госць не стрымаў хвалявання ў голасе. Можа таму, што тады, на нашай супольнай малітве ў кінатэатры, ён бачыў, як многія ў зале плакалі. Ад радасці і пробліску надзеі, што засвяцілася раптам для нас і рассунула грувасткія хмары бяздушша і бязвер’я, якія прагнулі заўсёды панаваць над нашым сумленнем. У часе кансэкрацыі на вачах многіх парафіянаў таксама блішчэлі слёзы. Але гэта ўжо была радасць.

Ва ўрачыстасці кансэкрацыі касцёла прынялі ўдзел святары і законніцы з Віцебскай дыяцэзіі, старшыня Рэспубліканскага камітэта па справах рэлігіі Станіслаў Буко, паслы і прадстаўнікі пасольстваў Францыі, Польшчы, Украіны, Латвіі, Літвы, Казахстана... І, вядома ж, сярод гасцей была дэлегацыя з нямецкага горада Фрыдрыхсхафен, таго самага, дзякуючы якому ў значнай ступені будаваліся раней полацкі, а пазней і наваполацкі касцёлы. Ды не было, на жаль, сярод гасцей вялікага сябра католікаў Полаччыны ксяндза Хайнца Рындэрспахера, чалавека, які стаяў ля вытокаў будаўніцтва касцёлаў у гэтых гарадах. Ён, які так шмат зрабіў для адраджэння парафій у Полацку і Наваполацку, пасля жорсткай хваробы адышоў да Пана Бога, і прыгожую ўрачыстасць наваполацкіх католікаў ксёндз Хайнц перажываў ужо ў вечнасці.

У наваполацкі касцёл яшчэ трэба шмат укласці сілы. Практычна ўнутраныя будаўнічыя працы тут будуць яшчэ працягвацца (для гэтага і стаяць рыштаванні), а каталіцкія набажэнствы, як і раней, пакуль адпраўляюцца ў часовай капліцы. Але настрой вернікаў бадзёры і аптымістычны: у нас ёсць пабудаваны і кансэкраваны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса!

Ірына Жарнасек.
Фота М. Новікава і В. Царыка