У хора «Паланэз» Згуртавання палякаў на Беларусі (г. Мінск) склалася добрая традыцыя падарожнічаць па самых разнастайных мясцінах нашай Радзімы. У мінулым годзе мы спявалі ў Магілёве на фестывалі «Магутны Божа», віталі пілігрымаў у Будславе, выступалі ў касцёлах Глыбокага і Мосара, дзе прыгажосць музыкі злівалася з непаўторнасцю створанага чалавекам пейзажу, што нагадваў Эдэм, і разам яны стваралі музыку душы, пра якую так часта забываеш у мітусні і турботах. Менавіта таму наш хор з радасцю прыняў запрашэнне айца Браніслава Дашкевіча выступіць 9 студзеня ў катэдральным касцёле св. Барбары г. Віцебска. Ні надзвычай халодны дзень, ні стома ад дарогі не перашкодзілі нам, а цяпло сэрцаў віцябчанаў адразу сагрэла ўсіх. Таму так узнёсла гучалі і калядныя песні на польскай мове, і гімны, і «Ave Maria», у якой саліруе кіраўнік хору Яніна Брычкоўская. Яе крыштальны голас далятаў да неба і вяртаўся на зямлю разам з гукамі аргана, на якім грала таленавітая піяністка Ірэна Заўялава. Усе ўдзельнікі нашага аматарскага калектыва, людзі рознага ўзросту і прафесій, стараліся ўкласці ўсю душу ў спевы. Цудоўна, што ў канцэрце прымаў удзел і парафіяльны хор «Гасанна», з якім мы пазнаёміліся яшчэ летам ў Будславе. Нішто так не яднае людзей, як музыка, таму прыгожым заключным акордам сталі сумесныя спевы двух калектываў. А потым былі цікавыя размовы з айцом Браніславам пра гісторыю парафіі і касцёла св. Барбары, незабыўная экскурсія па старажытных вулачках Віцебска, у якой нас суправаджала даўні сябра хору паэтка і настаўніца польскай мовы Валянціна Осіпава. На жаль, часу ў нас амаль не было, і мы толькі «дакрануліся» да мясцінаў Марка Шагала, палюбаваліся помнікамі гэтаму славутаму віцябчаніну і адчулі яго дух на выставе графікі беларускіх і польскіх мастакоў, на якую нас гасцінна запрасілі ў Дом польскі імя Яна Паўла ІІ старшыня Згуртавання палякаў на Беларусі г. Віцебска пані Аліцыя Галустава і яе муж, таленавіты мастак і спявак, удзельнік хору «Гасанна» Эдвард Галустаў. Уразілі нас і працы Клуба жанчын гэтага Дома, што ўпрыгожылі залы да Калядаў, зрабіўшы са звычайных прадметаў, нават з пустых бутэлек, прыгожыя творы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.

Скончыўся дзень, скончылася цудоўнае падарожжа, якое стала магчымым дзякуючы намаганням усіх, хто спявае ў хоры «Паланэз», хто ведае і любіць яго, а асабліва дзякуючы пані Гэлене Марчукевіч, але не скончылася творчае жыццё калектыва, яго мастацкі патэнцыял, пра які шчыра апавядаў на нядаўняй каляднай сустрэчы з удзельнікамі хору консул Рэспублікі Польшча ў Беларусі пан Бучак. Нас чакаюць новыя дарогі, новыя падарожжы і новыя сустрэчы з аматарамі польскай песні і польскай культуры ва ўсіх куточках нашай краіны, а можа, і за яе межамі.

Паліна Юцкевіч,
Мінск