У Віцебску пасля афармлення адпаведнае дакументацыі распачалася будова касцёла Езуса Міласэрнага. Вернікі парафіі, размешчанай на поўдні абласнога цэнтра, чакалі гэтай радаснай падзеі больш за два гады, праводзячы ўвесь гэты час святыя Імшы і набажэнствы ў часовай капліцы. Тэрыторыя пад будаўніцтва касцёла была асвечаная біскупам Уладзіславам Блінам 12 верасня гэтага года. Цяпер галоўны клопат тых, хто апякуецца будоўляю, – фінансавы. Не застаюцца ўбаку ад яго вырашэння і ўсе католікі Віцебшчыны. Так у дзень святога Мікалая, у дыяцэзіі быў аб’яўлены збор ахвяраванняў на пабудову святыні. Пачатак будаўнічых працаў супаў з арганізацыйнымі зменамі ў парафіі. Па ад’ездзе на Філіпіны ксяндза Тадэвуша Дабравольскага тут прыступіў да выканання абавязкаў пробашча ксёндз Тадэвуш Кахановіч, які дагэтуль два гады працаваў у Браславе, а пачынаў спасцігаць таямніцы душпастырскай паслугі пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ксяндзоў сальватарыянаў у вёсцы Міхалішкі Браслаўскага раёна. Дапамагаць яму будзе вікарый ксёндз Андрэй Каліцяк. Будоўля – клопатная справа, але і новыя ксяндзы, і вернікі парафіі насуперак аб’ектыўным і суб’ектыўным прычынам, што час ад часу тармозяць справу, поўныя аптымізму і надзеі на яе поспех. 12 снежня ў капліцы парафіі адбылася святая Імша з удзелам капланаў з Польшчы і Германіі, а таксама біскупа Уладзіслава Бліна, іншых прадстаўнікоў дыяцэзіяльнай курыі.


Францішак Дубраўскі.
Фота сястры Ніколі