Паводле рашэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, з гэтага года ва ўсіх парафіях тэксты святой Імшы на беларускай мове былі прыведзеныя ў адпаведнасць з новым зацверджаным перакладам трэцяга выдання Рымскага Імшала — «Рымскім Імшалам для дыяцэзій на Беларусі».

Да гэтага былі часова зацверджаныя толькі асобныя часткі святой Імшы, перакладзеныя на беларускую мову ў розны час і рознымі асобамі. Большасць гэтых перакладаў былі не вельмі якаснымі і мелі адрозненні. Гэта часта прыводзіла да таго, што вернікі пачыналі блытацца ў тэкстах падчас Імшы, асабліва калі разам збіраліся прадстаўнікі розных парафій.

Праца па падрыхтоўцы новага поўнага перакладу распачалася ўжо даўно. Ёю было даручана займацца спецыяльна створанай Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў, якую ў 1997 г. узначаліў ксёндз Міхал Сапель, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. У склад Камісіі ўваходзілі святары з розных дыяцэзій Беларусі, а таксама дасведчаныя філолагі з каталіцкага асяроддзя. Праца была вельмі складанай, і перш за ўсё таму, што на такім узроўні ніхто раней гэтым не займаўся. Не існавала і сваёй распрацаванай тэрміналогіі, без якой рухацца далей было проста немагчыма. Здаралася, што сябры Камісіі доўга не маглі вырашыць некаторых найбольш складаных пытанняў, неаднаразова вярталіся да іх разгляду. Разам з тым, права прыняцця канчатковага рашэння заўсёды заставалася за Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў, якая вельмі ўважліва сачыла за працай і накіроўвала яе. Неацэнную дапамогу Камісія атрымала ад апостальскіх нунцыяў у Беларусі: арцыбіскупаў Дамініка Грушоўскага і Івана Юркавіча.

Паколькі вельмі вялікае значэнне ў літургіі мае спеў, асаблівая ўвага пасля перакладу была скіраваная на падрыхтоўку мелодый для спеўных частак святой Імшы. Гэтым займалася група спецыялістаў музыкантаў на чале з ксяндзом доктарам Тадэвушам Вышынскім. Дзякуючы іх намаганням Імшал дае надзвычай вялікія магчымасці для ўзбагачэння і аздаблення літургіі прыгожымі спевамі.

Праца Камісіі ўжо набліжалася да завяршэння, калі ў Ватыкане было абвешчана пра публікацыю новага, трэцяга ўзорнага выдання Рымскага Імшала на лацінскай мове. У сувязі з гэтым кіраўнікі Касцёла ў Беларусі прынялі вельмі адказнае рашэнне: першы Імшал на беларускай мове павінен быць зроблены паводле гэтага трэцяга ўзорнага выдання Рымскага Імшала.

Падрыхтаваны пераклад быў зацверджаны спачатку Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, а потым — спецыяльным ведамствам Апостальскай Сталіцы: Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Гэта адбылося 6 жніўня 2003 года, у свята Перамянення Пана. Падрыхтоўку выдання да друку здзейсніла выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo». Сам выгляд кнігі дае найлепшае ўяўленне пра вялікую працу над ёю: масіўны том на 1700 старонак, у якім сабраныя літургічныя прадпісанні, тэксты і малітвы для правядзення абрадаў святой Імшы на кожны дзень.

Галава Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынал Фрэнсіс Арынзэ ў лісце да Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка ў прыватнасці піша: «Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў віншуе Вашу Эмінэнцыю і ўсіх тэолагаў, біблістаў, літургістаў, філолагаў, музыкантаў, майстроў графікі і друку, якія працавалі над перакладам і публікацыяй трэцяга ўзорнага выдання Рымскага Імшала на беларускай мове». У лісце асабліва падкрэсліваецца, што гэта — першы ў свеце пераклад новага Імшала. Кардынал Арынзэ таксама адзначае, што беларускі Імшал надрукаваны ў годным выглядзе, які заслугоўвае асаблівага прызнання.

Ад імя рэдакцыі часопіса «Ave Maria» выказваючы шчырую ўдзячнасць усім, хто працаваў над гэтым выданнем, мы ўпэўненыя, што да нас далучацца і чытачы нашага часопіса, і ўсе вернікі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Мы хочам таксама пажадаць далейшых поспехаў шаноўным сябрам Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў, якая з мінулага года працуе ў адноўленым складзе, а таксама яе новаму старшыні — ксяндзу доктару Яну Крэмісу. Дапамагай Божа!

Рэд.