У Віцебску адбыўся чарговы дыяцэзіяльны конкурс тэатральных калектываў. Гэтым разам яго пераможцамі сталі юныя католікі з мёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, параф’янаўскай — Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, расонскай — святога Язафата Кунцэвіча. Журы адзначыла таксама ўдалыя выступленні артыстаў з дзвюх віцебскіх парафій — Святога Духа і Езуса Міласэрнага. Конкурс праводзіцца ў абласным цэнтры штогод і вызначаецца добрым узроўнем тэатральнага майстэрства, якім апякуюцца парафіяльныя законныя сёстры. Адна з іх — сястра Крыспіна з супольнасці сясцёр місіянерак Святой Сям’і з вёскі Параф’янава Докшыцкага раёна. З ёю — наша інтэрв’ю пра ролю такога кшталту дзейнасці ў справе выхавання дзяцей і павышэння агульнай культуры насельніцтва.

— Сястра Крыспіна, другі год запар вы становіцеся лаўрэатамі гэтага конкурсу: першае месца — летась, сёлета — другое. Пэўна ж, радуе гэта ўсё вас?

— Безумоўна. Мінулы год, выбіраючыся ў Віцебск, мы і не марылі пра такі поспех. Думалі: ну дзе там мы, вясковыя, згонімся з гараджанамі! Таму можаце ўявіць нашу радасць, калі нас аб’явілі пераможцамі. Мала таго, што дыплом атрымалі, дык вунь колькі не абы-якіх падарункаў дадому прывезлі.

— А як успрынялі вашу перамогу ў вёсцы?

— Для ўсіх вяскоўцаў гэта была вялікая радасць. Для людзей, якія шмат працуюць і не заўсёды маюць магчымасць заявіць пра сябе, важна, каб пра іх таксама ведалі. Можна сказаць, што гэта быў для жыхароў Параф’янава момант духоўнага ўзвышэння.

— І для дзяцей, напэўна, таксама?

— Так, безумоўна. Але для іх гэта яшчэ быў і стымул. Дзеткі паверылі ў сябе, у свае сілы, і гэта надало нам усім імпэту працягваць справу. Пасля таго конкурсу наш калектыў займеў папулярнасць, мы выступілі, апроч роднага Параф’янава, у Сітцах, Докшыцах, Маладзечне. Падрыхтавалі містэрыю да 100-годдзя касцёла.

— Колькі дзяцей займаецца ў гуртку?

— Пад сорак. Так шмат жадаючых, што часам і выбраць на нейкую ролю каго-небудзь цяжка. Маем уласных «зорак». Напрыклад, вельмі добрымі акторскімі дадзенымі валодаюць Аксана Ючковіч і Алёна Івашчонак, Оля Адамовіч піша цікавыя сцэнары. Нашы дзеці вельмі ахвотна займаюцца творчасцю.

— У мінулым годзе мяне асабіста вельмі ўразілі ў выступленні вашага калектыву дзве рэчы: густоўнасць тэксту і рэжысура. Вы самі, часам, не маеце тэатральна-мастацкай адукацыі?

— Не. Але калісьці я падумвала пра тое, каб звязаць свой лёс з тэатрам. Выконвала сякія-такія ролі. Апошні раз выходзіла на сцэну ўжо законнаю сястрою. Наогул, тэатр заўсёды любіла і люблю. Таму, напэўна, і ўзялася за гэтую справу ў Параф’янаве.

— Як ставяцца да захаплення пастаноўкамі парафіяльных дзяцей іх бацькі?

— Вельмі станоўча. Дапамагаюць, калі гэта трэба, выдаткоўваюць грошы на касцюмы. Для іх жа гэта таксама — стымул і справа гонару.

— У сёлетнім вашым спектаклі шмат пантамімы, спеваў. Трымаеце сувязь з мясцовай музычнай школай?

— Трымалі б, калі б яна была. А так даводзіцца да ўсяго даходзіць самім. Гэта складана, але разам з тым і цікава.

— Як вам бачыцца месца такога калектыву, як ваш, у выхаванні дзяцей і дарослых?

— Для дзяцей сам факт супольнае працы вельмі важны, бо праца такая і выхоўвае пачуццё калектывізму, і дазваляе кожнаму выявіць свае здольнасці, і пашырае кругагляд. Для дарослых, апроч візуальнай асалоды ад добра сыгранай іх дзіцём ролі, гэта яшчэ і магчымасць акунуцца ў свет мастацтва, нагода падумаць пра будучыню сваіх таленавітых дзетак...

— ... якія паедуць у горад вучыцца і забудуцца на тое, чым жылі зусім нядаўна?

— Нашы — не забываюцца. Заўжды прыходзяць на святую Імшу ў касцёл ды і так зазіраюць пры нагодзе.

— Сястра Крыспіна, у мяне такое ўражанне, што вы вельмі любіце сваіх парафіянаў.

— Гэта праўда. Нашы вернікі вельмі шчырыя, адкрытыя да дыялогу, таму іх нельга не любіць. Але я не проста іх люблю — я шчаслівая, што маю магчымасць працаваць і жыць сярод іх. Жыць побач з людзьмі, якія хочуць, прагнуць Пана Бога — гэта для мяне, як і для кожнай сястры, кожнага святара, — вялікае шчасце.

— Дзякую за гутарку. Поспехаў вам і ўсім жыхарам Параф’янава!

Размаўляў Франц Сіўко