Ксёндз Хайнц Рындэрспахер нарадзіўся, жыў і служыў Богу на сваёй радзіме, у Нямеччыне, у горадзе Фрыдрыхсхафен. Так сталася, што жыццё беларусаў, асабліва полацкіх і наваполацкіх католікаў, таксама не было для яго чужым. 3 кастрычніка 2004 года ксёндз Хайнц памёр. Мы пісалі пра гэта ў нашым часопісе («Ave Maria», №11). На другі дзень пасля кансэкрацыі наваполацкага касцёла адбылася святая Імша, прысвечаная святой памяці ксяндза Хайнца Рындэрспахера, якую адправілі святары Аляксандр Чайкоўскі, Францішак Кісель і новы пробашч парафіі святога Яна Канізіуса з Фрыдрыхсхафена. На гэтай святой Імшы быў прачытаны ліст ксяндза Хайнца, напісаны ім да сваіх парафіянаў у цяжкі для яго час — час, калі ён глядзеў у вочы вечнасці. Мы вырашылі пазнаёміць з гэтым лістом усіх чытачоў нашага часопіса, бо палічылі, што разважанні святой памяці ксяндза Хайнца над вечнымі пытаннямі жыцця, цярпенняў, смерці і волі Божай у нашым быцці, напэўна, будуць карысныя для многіх.

Чаму менавіта я? Пытанне без адказу...

Многія задаюць сабе пытанне, чаму страшная хвароба напаткала таго альбо іншага чалавека. Чаму наш ксёндз захварэў на рак, і хвароба нечакана адарвала яго ад службы і штодзённых заняткаў? Так прадвызначана лёсам? Альбо гэта Божае пакаранне?

Ні прадвызначаны лёс, ні Пан Бог, які карае, не з’яўляюцца падмуркам маёй веры і жыццёвага досведу. Праўда, некаторыя людзі пасля доўгіх роздумаў знаходзяць — магчыма, абапіраючыся на ўласны вопыт цярпенняў — адказ на пытанні: «Чаму?» і «Чаму менавіта я?».

Прыгнечаны цяжарам хваробы, я таксама шукаю адказ на гэтае пытанне для таго, каб зразумець і знайсці сэнс жыцця. Казка Дэла Брыта дапамагае мне ў гэтым.

КАЗКА ПРА БАМБУК

У адным вялікім каралеўстве, на захадзе краіны, рос цудоўны сад. Гаспадар саду любіў праходжвацца там спякотнымі днямі. З усіх дрэваў і раслінаў ён найбольш любіў высакароднае бамбукавае дрэва. З году ў год Бамбук рос і рабіўся ўсё больш прыгожы. Ён ведаў, што Гаспадар глядзіць на яго з радасцю і любіць яго.

Аднойчы Гаспадар у глыбокай задуменнасці прыйшоў да свайго ўлюбёнага Бамбука і з пашанаю пакланіўся яму.

— Дарагі Бамбук, ты мне патрэбны, — сказаў Гаспадар.

Здаецца, настаў той дзень, дзеля якога дрэва было створана.

— Мой Пане, я гатовы. Выкарыстай мяне так, як Ты палічыш патрэбным, — ціха адказаў Бамбук.

— Бамбук, — голас Гаспадара зрабіўся сур’ёзны, — дзеля таго, каб цябе выкарыстаць, мне давядзецца ссячы цябе.

— Ссячы мяне? Мяне, каго Ты, мой Пане, зрабіў самым прыгожым у сваім садзе?! Не, толькі не гэта! Выкарыстай для радасці, але не сячы мяне, калі ласка!

— Мой любасны Бамбук! — голас Гаспадара зрабіўся яшчэ больш сур’ёзны. — Калі я не ссяку, то і не змагу цябе выкарыстаць.

У садзе стала ціха. Вецер затаіў сваё дыханне. Бамбук паволі пакланіўся і прашаптаў:

— Мой Пане! Калі Ты не можаш выкарыстаць мяне, не ссекшы, то што ж... Рабі са мною, што хочаш!

— Мой любасны Бамбук, але мне давядзецца абрэзаць яшчэ і твае галіны, лісце...

— О Пане! Выбаў мяне ад гэтага! Не разбурай маю прыгажосць, пакінь мне мае галіны ды лісце.

Гаспадар адказаў:

— Але калі я не зрэжу твае галіны і лісце, то не змагу цябе выкарыстаць.

Сонца схавалася. Перапалоханы матылёк паляцеў прэч. А Бамбук, дрыжучы ад прадчування таго, што яго чакае, ціха сказаў:

— Мой Пане, сячы іх.

— Бамбук, але мне яшчэ давядзецца рассячы твой ствол на часткі, бо калі я не зраблю гэтага, то не змагу цябе выкарыстаць.

Бамбук нізка схіліўся і ціха прамовіў:

— Мой Пане, сячы мяне на часткі.

Гаспадар ссек Бамбук, зрэзаў галіны, абарваў лісце, рассек ствол на дзве часткі, дабраўшыся да самага сэрца, і панёс яго да крыніцы. Там Гаспадар асцярожліва паклаў свой любасны Бамбук на зямлю, адзін канец ствала падвёў да крыніцы, а другі накіраваў у жолаб, які, у сваю чаргу, быў скіраваны ў поле. З крыніцы пацякла празрыстая сцюдзёная вада. Яна лілася па рассечаным целе Бамбука ў арашальны канал і дабегла да высахлага поля, якое так доўга чакала гэтага моманту.

На полі пасеялі рыс. Міналі дні, пасевы ўзышлі, выраслі, і наступіў час ураджаю.

Так некалі прыгожы Бамбук стаў блаславеннем. Калі ён быў вялікі і прыгожы, то рос толькі для сябе і цешыўся сваёй прыгажосцю, але калі ён скарыўся, то стаў каналам, які быў патрэбны Гаспадару, каб зрабіць зямлю жыццядайнаю.

«Ён ведаў, што Гаспадар глядзіць на яго з радасцю і любіць яго»...

Мы разумеем, што Бамбук, які сімвалізуе чалавека, згаджаецца на пакуты. Памятаючы пра любоў Пана Бога да нас, мы пытаем саміх сябе: «Чаму Бог дапускае пакуты для чалавека?» Калі мы верым у Пана Бога, добрага, міласэрнага, які любіць нас, тады мы пакліканыя, каб, сыходзячы менавіта з досведу чалавечых цярпенняў, адрозніваць у жыцці дзве перспектывы: наш уласны людскі план і той лёс, які акрэсліў для нас Пан Бог. Яны не заўсёды супадаюць. Для таго, каб пераадолець гэтую розніцу, годна вытрымаць яе, ад чалавека часта патрабуецца шмат высілкаў.

З майго досведу я ведаю, што менавіта тады, калі мы даведваемся пра волю Божую адносна нас і калі скараемся ёй, менавіта тады, здаецца, надыходзіць той дзень, для якога мы створаныя. Як і для Бамбука, які кажа: «Мой Пане! Я гатовы. Выкарыстай мяне, як Ты палічыш патрэбным».

Я спасціг гэта толькі ў цішы малітвы, сам-насам з Богам. Гэтыя словы сталі для мяне адкрыццём, да якога я прыйшоў пасля маёй унутранай барацьбы. І мне стала страшна... Але ж гэтыя словы кажуць мне і пра тое, што Божая воля ідзе далей за маю.

Здаецца, для мяне надышоў той самы дзень, для якога я створаны. І я кажу: «Мой Пане, я гатовы скарыцца перад Тваёю воляю. Толькі тады Твая радасць распаліць ува мне іскру, якая разгарыцца і ператворыцца ў новае жыццё. Толькі таму я бачу, як моцна, мой Пане, Ты любіш мяне».

Чытаю ў казцы: «...калі я не ссяку цябе, то і не змагу цябе выкарыстаць».

Гэта вельмі цяжка — адмовіцца ад усяго і перадаць сябе ў рукі іншых. Гэта цяжка — усведамляць, што ты нічога больш сам не можаш зрабіць. Гэта цяжка — ляжаць, нібы ссечаны Бамбук. Гэта цяжка — проста быць.

Я пытаюся ў сябе, якая яна, Божая воля? Я разумею, што Пану Богу, Гаспадару, я патрэбны як знак для многіх, як сведчанне Яго любові. Не толькі вытрымаць выпрабаванне, але і ўсвядоміць яго — гэта таксама даецца нялёгка.

Але толькі тады можа зажурчэць і паліцца на поле празрыстая вада, тая вада, якая нясе новае жыццё для насення, што ляжыць у цёмнай зямлі і чакае сваёй гадзіны. Якім яно будзе, гэтае новае жыццё, я не ведаю, але я давяраю сябе Пану Богу, Створцу дабра.

Такім чынам мы ўключаны ў кругазварот жыцця. І такім чынам я спрычыняюся да новага жыцця. «Чаму менавіта я?» Гэтае пытанне задае сабе і Езус перад смерцю. Пан Бог адказвае Яму: «Сыне Мой! Таму што Я люблю Цябе. Праз Цябе Мая любоў перадаецца ўсім людзям, якія жывуць у Тваім сэрцы. Яны, як сухія палі; на іх павінны ўзысці новыя ўсходы. Я хачу, каб яны праз Цябе і Тваё жыццё спазналі Маю любоў».

Я малюся:«Пане мой, дзякую Табе, што Ты дорыш майму сэрцу гэтае адкрыццё. Па Тваёй волі я паміраю для вечнага жыцця. Я ведаю: Ты мяне любіш».

І ты, дарагі чытач, праз радасць, цярпенні і смерць павінен стаць новым чалавекам, таму што Пан Бог любіць таксама і цябе.

Ксёндз Хайнц Рындэрспахер.
Пераклад з нямецкай мовы.