Пробашчам парафіі святога Францішка Ксаверыя ў Гродне стаў ксёндз Ян Кучынскі, які закончыў вучобу ў Рыме і абараніў ліцэнзіят па літургіцы.

З 1998 г. пробашчам гэтай парафіі быў біскуп Антоні Дзям’янка, але нядаўна Яго Эксцэленцыя прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Такім чынам, 13 верасня на святой Імшы ў катэдры адбылася ўрачыстая перадача парафіі з яе духоўнымі і маёмаснымі ўладаннямі новаму пробашчу.

На ўрачыстасці прысутнічалі многія святары Гродзенскай дыяцэзіі, законныя сёстры, шматлікія вернікі.

Новаменаваны пробашч выказаў удзячнасць Богу і ардынарыю дыяцэзіі біскупу Аляксандру Кашкевічу за ганаровае і адказнае прызначэнне і абяцаў быць уважлівым да ўсіх парафіянаў, «асабліва да пакрыўджаных, старых і хворых, бо гэта яны духоўна ўзбагачаюць багатых і дужых». У прыватнасці кс. Ян сказаў: «Упершыню я прыехаў у фару ў 1989 г. як міністрант касцёла Святой Тройцы ў Забалаці, што на Лідчыне, на ўрачыстасць інаўгурацыі біскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Быў уражаны ўсёй веліччу тае важнай падзеі і самім касцёлам, яго прыгажосцю. Але хіба магла прыйсці тады мне, хлапчаняці, у галаву думка, што калі вырасту, стану святаром і буду пробашчам у гэтым касцёле?!».

Прайшло некалькі месяцаў з тае перадачы парафіі. Малады пробашч ужо добра ўвайшоў у свае абавязкі і таму самы час, каб ён расказаў чытачам часопіса пра самыя важныя з іх.

Данута Бічэль: У 2005 годзе спаўняецца 300 гадоў з таго часу як быў асвечаны касцёл св. Францішка Ксаверыя. Якія духоўныя акцыі будуць праведзены для ўзвышэння, дакладней, узнаўлення культу цудатворнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай)? Згадзіцеся, што Яе цудатворная моц на сённяшні дзень «зачынена» ў сценах касцёла...

Ксёндз Ян: Я лічу, што самае галоўнае — гэта бесперапынная штодзённая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая адбываецца на працягу ўсяго касцёльнага году... Гэтак было і гэтак будзе заўсёды.

У 2005 годзе плануецца каранацыя абраза Маці Божай Кангрэгацкай, магчыма, у дзень Яе свята 5 жніўня, якое праходзіць адначасова з урачыстасцю абраза-арыгінала ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ ў Рыме. Думаем, што да гэтай падзеі зможам арганізаваць таксама кангрэс.

У мінулыя стагоддзі адбываліся пілігрымкі да Маці Божай Студэнцкай, і мы мяркуем узнавіць іх з 2005 года.

Згадаю пра вялікае мноства вотаў, якія сведчаць пра цудадзейнасць гэтага абраза. Зусім нядаўна маці цяжка хворага хлопца, што вылечыўся малітвай перад нашым цудатворным абразом, прынесла крыжык, які мы змясцілі тут жа ў знак удзячнасці Маці Божай за аздараўленне. Юнака чакала вельмі складаная аперацыя, якую дамовіліся зрабіць у Вільні, але апошнія аналізы паказалі, што хвароба раптоўна знікла.

— Ці ёсць яшчэ касцёлы, у якіх шанаваўся б цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай з Гродна, як, скажам, абраз Чорнай Мадонны з Чэнстаховы ці Маці Міласэрнасці з Вострай Брамы?

— Здаецца, няма. У Гродзенскай дыяцэзіі няма дакладна. Але штодзённая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, нашы шчырыя глыбокія малітвы, пілігрымкі, іншыя духоўныя практыкі ўсё могуць змяніць. І я веру, што наша Мадонна павандруе па свеце, каб дапамагчы людзям, якім так патрэбна Яе абарона.

У вёсцы Азёры знойдзены стары малітоўнік, які цяпер вывучае ксёндз пралат Міхал. У ім ёсць навэнна і літанія да Маці Божай Студэнцкай. Значыць, такое набажэнства даўней адбывалася, і мы проста яго адновім.

— Раскажыце, калі ласка, пра клопаты і абавязкі пробашча такой вялікай парафіі.

— Сапраўды, наша парафія — самая вялікая ў Беларусі: у ёй налічваецца 22 тысячы вернікаў, працуюць 6 святароў. Размеркаваць святыя Імшы, набажэнствы і душпастырскія абавязкі так, каб пасля нядзельнай споведзі нашы святары не хісталіся ад стомы, — самы адказны абавязак. Складаная праца са шматлікімі касцёльнымі супольнасцямі, сем’ямі, з дзецьмі, з настаўнікамі, з моладдзю. Душпастырства моладзі — найцяжэйшы і найбольш адказны ўчастак працы. Гэтую працу вядзе ксёндз Аляксандр Пятровіч і добра з ёю спраўляецца.

— Ксёндз Ян, раскажыце, калі ласка, нашым чытачам крыху пра сябе.

— Нарадзіўся я ў вёсцы Забалаць на Лідчыне. Бацькі патаемна вазілі мяне хрысціць у Літву, у касцёл, што ў Дубічах.

Мама падрыхтавала мяне сама да першай споведзі, якая адбылася таксама патаемна ў касцёле ў Забалаці. Ксёндз Антоні Банькоўскі мяне паспавядаў пасля Імшы ў закрыстыі, каб школьныя настаўнікі не даведаліся. У 1986 г. у Забалаць прыехаў працаваць пробашч Ян Пяцюн, які здолеў арганізаваць моладзь: у нас было 50 міністрантаў і вялікі хор дзяўчат. Мама малілася, каб я стаў святаром. Але калі ў 1992 годзе я сказаў ёй, што вырашыў ісці ў духоўную семінарыю, мама сказала, што не прымушае мяне і папрасіла, каб я сам добра падумаў. Рашэнне маё было цвёрдае, і я паступіў у Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. Гэта быў трэці набор.

Пасля заканчэння семінарыі ў лютым 1998 г. мяне накіравалі ў лідскі касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі дыяканам. Пасля я працаваў у санктуарыі Маці Божай у Тракелях, рыхтаваў сустрэчы пілігрымаў.

Калі атрымаў святарскае пасвячэнне, 26 чэрвеня 1999 г., працягваў працаваць у Тракелях вікарыем, паўгода там жа выконваў абавязкі пробашча.

У ліпені ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч скіраваў мяне на вучобу ў Рым у Пантыфікальны літургічны інстытут імя святога Ансэльма. Я там вучыўся як першы з дыяцэзіяльных ксяндзоў у Беларусі. Напачатку было цяжка: штодзённа па дзве гадзіны лацінскай і грэчаскай мовы, абапіраючыся на італьянскую, якую таксама толькі пачынаў вывучаць.

У маі 2004 г. скончыў вучобу, атрымаў ліцэнзіят па літургіцы. І вось у верасні 2004 г. прызначаны пробашчам парафіі св. Францішка Ксаверыя. Выкладаю літургіку ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама ўваходжу ў склад камісіі па тлумачэнні літургічных тэкстаў. Як бачыце, абавязкаў шмат. Дай Божа з імі справіцца.

— Няхай Вам Бог дапамагае. Дзякуй за размову.

Размаўляла Данута Бічэль