Касцёлы ўсяго свету
дапамагаюць ахвярам катастрофы ў Азіі

Сярод жыхароў краін Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе 26 снежня здарылася трагічнае землетрасенне і пранеслася цунамі, пануюць страх і разгубленасць.

На думку экспертаў, каля 5 млн чалавек у Паўднёва-Усходняй Азіі знаходзяцца сёння на мяжы жыцця і смерці, пад пагрозай голаду і эпідэміі. Усе эксперты падкрэсліваюць выключна складаную сітуацыю, у якой апынуліся дзеці пасля катаклізму.

Арцыбіскуп Освальд Гоміс, мітрапаліт Каломба — сталіцы Шры-Ланкі (адной з краін, якая найбольш пацярпела ад трагедыі), назваў сваё падарожжа ў знішчаныя рэгіёны «сапраўдным зыходам у пекла». На яго думку, больш за ўсё на сённяшні дзень там патрэбны пітная вада, малако і прадукты харчавання. «Страх, які я бачыў у вачах людзей, адзін і той жа, незалежна ад рэлігіі, якую яны вызнаюць», — сказаў іерарх агенцтва «Fides».

31 снежня ў сталіцы Шры-Ланкі адбылася міжрэлігійная малітоўная сустрэча католікаў і будыстаў з удзелам лідэраў усіх палітычных партый краіны. Назіральнікі падкрэсліваюць, што нават члены радыкальнай антыўрадавай партыі «Тамільскія тыгры» прымаюць удзел у акцыях дапамогі, а будыйскія святыні ў рэгіёнах, дзе былі знішчаны ўсе жылыя дамы, упершыню адчынены для ўсіх, незалежна ад веравызнання.

Мясцовыя назіральнікі ў салідарнасці, якая нараджаецца паміж прадстаўнікамі розных рэлігій, што яшчэ нядаўна не мелі ніякай талерантнасці ва ўзаемаадносінах і нават ваявалі паміж сабой, бачаць «справу самога Бога». Мітрапаліт Манілы арцыбіскуп Гаўдэнцыё Разалес у абвешчаным 31 студзеня пасланні на новы 2005 год напісаў, між іншым, што «хоць трагедыі і цярпенні, здаецца, не маюць межаў, мы можам глядзець на іх як на магчымасць праявіць нашу салідарнасць у адносінах да бліжніх, магчымасць трываць побач з імі ў найбольш змрочныя хвіліны».

На паведамленне аб трагічным землетрасенні ў Паўднёва-Усходняй Азіі з дапамогай паспяшылі дабрачынныя арганізацыі розных краін. Еўрапейская камісія перадала на дапамогу ахвярам 3 млн еўра, міжнародная арганізацыя «Чырвоны Крыж» прызначыла каля 7 млн еўра, а таксама выслала медыцынскае абсталяванне на Шры-Ланку. Дапамога паступае з розных краін свету, вельмі актыўна дапамагаюць у гэтым касцёльныя арганізацыі.

Каля 300 тыс. еўра неадкладнай дапамогі ахвяравала каталіцкая арганізацыя «Caritas» і евангельская «Diaconia».

Неадкладную дапамогу для Індыі і Тайланда ахвяраваў Мальтыйскі ордэн і справа дапамогі нямецкіх біскупаў «Misereor» у Аахене, якія маюць партнёрскія арганізацыі ў месцах катастрофы і таму могуць хутка даставіць ахвярам прадукты харчавання, лекі і адзенне. Кавалеры Мальтыйскага ордэна паведамілі, што на дапамогу рэгіёнам, пацярпеўшым ад землетрасення, прызначаны 250 тыс. еўра. Сумесна з індыйскай партнёрскай арганізацыяй «Unnati» ў паўднёвую Індыю ўжо выслана група, якая будзе каардынаваць дапамогу на месцы. «Гэтыя людзі не маюць нічога. Мы раздаём ім адзенне і прадукты харчавання, каб задаволіць самыя першыя патрэбы, але па-ранейшаму востра неабходныя лекі, бо ў кожную хвіліну можа выбухнуць эпідэмія», — сказаў адзін з супрацоўнікаў арганізацыі ў Тайландзе.

Каталіцкі Касцёл у Азіі распачаў акцыю дапамогі ахвярам катаклізму. У Індыі парафіі і кляштары з найбольш пацярпелага рэгіёна — Таміл Наду, дзе загінулі тысячы людзей, прынялі да сябе шмат бяздомных. Гэтак жа зрабілі дыяцэзіі ў Шры-Ланцы, Тайландзе, Інданезіі і многіх іншых краінах.

Мітрапаліт Бангкока — сталіцы Тайланда — кардынал Кітбунчу ў сваім звароце, спасылаючыся на словы з паслання св. Паўла да Рымлянаў, нагадвае пра абавязак любіць іншых, як саміх сябе. «Мы павінны па прыкладзе Ёва верыць у Добрую Навіну і супрацьстаяць існуючай сітуацыі. Зразумела, мы задаём сабе пытанне, чаму Бог Любові і Міласэрнасці дапускае такія здарэнні і якія Ягоныя планы, але самае важнае — несці адвагу адзін аднаму. Хто страціў надзею, нават калі перажыў катастрофу, той ужо памёр», — сказаў арцыбіскуп Бангкока.

Божая кара ці перасцярога?

Ці можна ўспрымаць трагічнае цунамі ў Паўднёва-Усходняй Азіі як кару Божую? З такім пытаннем я звярнуўся да ксяндза прафесара Томаша Вянцлаўскага.

Усялякія нядобрыя справы, якія адбываюцца ў гэтым свеце, маюць сваю крыніцу ў зле стварэння, а не ў Богу, — лічыць ксёндз прафесар. Няшчасце, якое звалілася на стварэнне па яго асабістым выбары, гэта значыць, па прычыне першароднага граху, мае розныя вынікі і закранае таксама нявінных. Так заўсёды было, і ў гэтым выпадку таксама. І несправядліва было б казаць, што гэтае здарэнне — кара Божая.

Ці трэба ўспрымаць трагедыю ў Азіі як перасцярогу з боку Пана Бога? На думку ксяндза Вянцлаўскага, мы маем прыклад выразнай перасцярогі. Ён узгадвае словы з Евангелля: «Не ведаеце ані дня, ані хвіліны». Многія людзі бесклопатна адпачываюць, і раптоўна адбываецца штосьці жахлівае. Гэтае здарэнне варта ўспрыняць як знак, які нагадвае нам пра тое, кім мы з’яўляемся, і што смерць — гэта не нейкая таямнічая, далёкая ад нас рэчаіснасць, але тое, што знаходзіцца побач. Езуса пыталі, ці заслужылі ахвяры няшчасцяў свае цярпенні, і Ён адказаў: «Cапраўды кажу вам, калі не пакаецеся, усе таксама загінеце» (Лк 13, 3).

Калі адбываюцца вялікія трагедыі, многія абвінавачваюць Бога, успрымаюць падзеі як праяву Божай справядлівасці. Але гэтыя людзі забываюцца пра тое, што Бог не толькі справядлівы, але таксама міласэрны. І, напэўна, не помслівы.

Кс. Артур Стопка

***

Папская Рада Cor Unum заклікала католікаў ва ўсім свеце, каб індывідуальна ці калектыўна падтрымалі справу дапамогі ахвярам землетрасення і цунамі ў краінах Індыйскага акіяна.

Атрымаўшы ад Святога Айца паўнамоцтвы, праз пасрэдніцтва папскіх прадстаўніцтваў у паасобных краінах, Рада выслала першую дапамогу на Шры-Ланку, у Індыю, Тайланд, Інданезію і Самалі.

Рада Cor Unum, якая ад імя Святога Айца сочыць за дзейнасцю і справамі розных касцёльных дабрачынных арганізацый, заклікала вернікаў велікадушна падтрымаць удзел сваіх лакальных Касцёлаў і іх дабрачынных арганізацый у справе дапамогі ахвярам цунамі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Неабходна як мага хутчэй распачаць праграму рэабілітацыі насельніцтва, якое так жахліва пацярпела ад разбуральнай стыхіі.

У Касцёле на Беларусі ахвяраванні для пацярпелых у Паўднёва-Усходняй Азіі збіраліся ў нядзелю 23 студзеня.

Падрыхтавала Т. Мухляда
па матэрыялах КАІ і тыднёвіка «Gość Niedzielny»