СВЯТА АХВЯРАВАННЯ ПАНА —
2 лютага 2005 г.
Чытанні: Мал 3, 1–4; Пс 112 (111); Гбр 2, 14–18.
Евангелле (Пар. Лк 2, 22–40):

Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам, як напісана ў законе Пана, паводле якога кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубкоў.

Жыў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Быў гэта чалавек праведны і пабожны, які чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Адкрыў яму Дух Святы, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў, натхнёны Духам, у святыню. І калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закона, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў: Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у супакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў: святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народа Твайго Ізраэля. А Яго бацька і Маці дзівіліся з таго, што было сказана пра Яго. І благаславіў іх Сімяон і сказаў Марыі, Маці Яго: Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі, і на знак, якому супраціўляцца будуць. І праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў.

І была там Ганна прарочыца, дачка Фануіла, з роду Асіра. Яна была ў вельмі пажылым узросце, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў; удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, постам і малітваю служачы Богу ўдзень і ўначы. І яна прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема.

Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, тады вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.

Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.

Маленькі Езус упершыню трапляе ў ерузалемскую святыню як просты і бедны, самы звычайны прадстаўнік ізраэльскага народа. Яго Маці Марыя захоўвае паслухмянасць прававым і абрадавым прадпісанням Старога Запавету. Яна, найчысцейшая Дзева Багародзіца, падпарадкоўваецца нормам Закону, які на працягу сарака дзён ад нараджэння Дзіцяці пазбаўляў Яе права браць удзел у публічных набажэнствах з-за «рытуальнай нячыстасці». На саракавы ж дзень Яна павінна была пайсці ў Ерузалем, каб там, у святыні, у спецыяльным бабінцы, прызначаным для жанчынаў, пасля таго як будзе складзена прадпісаная ахвяра, — для бедных сем’яў, як сям’я Езуса, гэта была пара галубкоў — святар абвясціў, што Яна ачысцілася.

Хоць святары і не звярнулі ніякай асаблівай увагі на гэтую нічым не прыметную сям’ю, аднак двое праведных старцаў, Сімяон і Ганна, пазнаюць у Езусе чаканага Хрыста. Яны з’яўляюцца правобразам усіх праведных, якія чакалі прыйсця Месіі — не нейкага палітычнага правадыра, але Збаўцы, справядлівага Суддзі, дасканалага аб’яўлення Бога Айца.

Разам з тым, Маці Езуса чуе з вуснаў Сімяона грознае прадказанне: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі, і на знак, якому супраціўляцца будуць. І праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў». З гэтага прадказання вынікае, што таксама і Марыі давядзецца прыняць свой удзел у барацьбе дабра са злом, якую Яе Сын сваім прыйсцем ужо расапачаў на зямлі. Цярпенне Хрыста наканавана падзяліць і Ёй. Праз шмат стагоддзяў святая Кацярына Сіенская напіша такія словы: «О, найсаладзейшая Любоў, меч, што прабіў Тваё сэрца і Тваю душу, быў тым самым мячом, які прайшоў праз сэрца і душу Тваёй Маці».

 
V ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ —
6 лютага 2005 г.
Чытанні: Іс 58, 7–10; Пс 112 (111); 1 Kар 2, 1–5.
Евангелле (Mц 5, 13–16):

Езус сказаў сваім вучням: Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.

Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы свяцільнік, не ставяць яго пад пасудзінаю, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме.

Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца, які ў нябёсах.

У супольнай малітве святой Імшы, якая называецца Калектай, у гэты дзень мы просім Бога, каб заўсёды з айцоўскаю дабрынёю ахоўваў сям’ю сваіх верных. Мы клічам на дапамогу Таго, хто з’яўляецца «святлом свету» (пар. Ян 8, 12); Таго, хто прынёс усім Добрую Навіну і сёння прапануе нам два незвычайныя сцвярджэніі, што адначасова з’яўляюцца і заклікамі: «Вы — соль зямлі. (...) Вы — святло свету».

Якім жа чынам мы, Пане, з’яўляемся святлом для іншых, калі толькі Ты — адзінае сапраўднае Святло, водбліск хвалы Айца? А што мы? «Заклапочаныя твары бясконца праходзяць міма нас на вуліцы, не гледзячы нам у вочы. Мы, іншыя чым усё навокал, заўважаем, што штосьці не так; іх вочы, утаропленыя ў брук, не заўважаць нават слана, калі б ён праходзіў побач. Яны гоняць вецер і нябачных птушак; яны гоняць прэч уласную індывідуальнасць, якая нясецца на сметнік; не бачаць нас. Ніхто не мае часу, каб у нас паверыць».

Якім жа чынам мы з’яўляемся соллю зямлі, калі нашае жыццё так падобнае да таго «палітыка, які ўпэўнены, што не будзе шчаслівы, не здабыўшы палітычнай улады. Прага ўлады прытупляе яго ўспрымальнасць да ўсіх праяваў жыцця. Яму цяжка знайсці час для ўласнай сям’і і сяброў. Усіх людзей ён пачынае разглядаць толькі як тых, хто можа дапамагчы або перашкодзіць яму рэалізаваць свае амбіцыі. А тых, хто не перашкаджае, ані дапамагае, ён увогуле перастае заўважаць».

Нам, дзецям пакалення, знясіленага наркатычным сном і «ўзбагачанага» забаўкаю тэлебачання, ці ўдасца калі-небудзь жыць прыгожа і шчасліва, быць «соллю зямлі і святлом свету?» Што мы павінны рабіць, каб стаць такімі, падкажы нам, Святло свету!

«Раздзялі свой хлеб з галодным, лёзных убогіх увядзі ў дом свой; калі ўбачыш голага, апрані яго, і не адварочвайся ад суайчынніка твайго. Тады як заранак ўзыдзе святло тваё і ацаленне тваё хутка ўзрасце» (пар. Іс 58, 7–8). Трэба як мага раней расплюшчыць свае вочы так, каб бачыць далей за сваё ўласнае аблічча ў люстэрку. Трэба слухаць так, каб пачуць аповед жыцця сустрэтага чалавека.

Так, Пане, трэба толькі гэта, бо свет сапраўды становіцца лепшым, калі я заўважаю не аднаго сябе, але і бліжніх. Аднак Ты сам бачыш, як лёгка за адно імгненне разбурыць усё тое добрае, што будавалася гады. Што ж трэба рабіць, каб дабро сэрца не згубіла сілу, як соль, бо гэта, на жаль, так лёгка.

«Хто ідзе за Мною, будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12). Не палохайся, бо гэтая боязь можа прывесці цябе толькі да «памылковай упэўненасці ў тым, што твае страхі абараняюць цябе, перакананні робяць цябе тым, кім ты ёсць, а прыхільнасці напаўняюць жыццё ўражаннямі і гарантуюць яму бяспеку. Ты не заўважаеш, што на самай справе паміж табой і сімфоніяй жыцця знаходзіцца заслона». Май давер і, насуперак усяму, надзею.

Цяжка выконваць гэтыя рэкамендацыі, Настаўнік, але буду старацца жыць паводле іх. Дай мне на гэтую дарогу Боскай моцы, якою Твой Дух ператварае хлеб у Цела, а віно ў Кроў Новага Запавету, праз які мы атрымалі адкупленне. Учыні, каб, напаўняючыся Тваім святлом, якое ззяе для нас у таямніцы Эўхарыстыі, я сам станавіўся святлом надзеі і соллю дабрыні для тых, каго сустрэну ў сваім жыцці.

 
І НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ —
13 лютага 2005 г. Чытанні: Быц 2, 7–9; 3, 1–7; Пс 51 (50);
Рым 5, 12–19.
Евангелле (Mц 4, 1–11):

Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. І пасціў Ён сорак дзён і сорак начэй, і нарэшце згаладаўся. Тады падышоў да Яго спакушальнік і сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам. А Ён сказаў у адказ: Напісана: не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на версе святыні і сказаў: Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Анёлам сваім загадае наконт Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагою сваёй. Езус сказаў яму: Напісана таксама: не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго.

Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх, кажучы: Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне. Тады сказаў яму Езус: Адыдзі, сатана, бо напісана: Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць.

Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось Анёлы падышлі і служылі Яму.

У расійскім фільме «Варашылаўскі стралок» паказаны невялікі, але разам з тым вельмі важны і красамоўны прыклад, які прымушае шмат пра што задумацца. На пачатку фільма мы знаёмімся з трыма маладымі мужчынамі, якія маюць звычку кожную сераду «бавіцца з дзяўчатамі». У адну такую сераду, якая па сваіх наступствах стала фатальнаю, яны завабілі да сябе маладую студэнтку. Яна была школьнаю сяброўкаю аднаго з іх. Падступна напаіўшы дзяўчыну алкаголем, нягоднікі пасля згвалтавалі яе. У роспачы і адчаі дзяўчына вярнулася дадому. Пра сваё няшчасце яна расказала дзядулю. Ён спрабаваў «шукаць справядлівасці» і дамагаўся, каб злачынцы былі пакараныя, але гэта аказалася не такой простай справаю, бо высветлілася, што адзін з іх з’яўляецца сынам палкоўніка міліцыі. Дзяўчыну таксама спрабавалі падкупіць, каб яна маўчала. Калі ж гэта не атрымалася, яе выставілі на смех падчас следства, а злачынцы былі апраўданыя. Тады дзядуля вырашыў сам іх пакараць. Ён прадаў тое, што атрымаў у спадчыну ад продкаў, і за гэтыя грошы набыў стрэльбу з глушыцелем і аптычным прыцэлам, а таксама патроны. Аднойчы ў сераду ён дакладным стрэлам скалечыў аднаго з гвалтаўнікоў. У наступную сераду тое самае зрабіў і з другім. Тады палкоўнік міліцыі пераканаўся, што гэта — помста дзядулі пакрыўджанай дзяўчыны. Не сумняваўся ён і ў тым, што наступным будзе пакараны яго сын. Узяўшы з сабою яшчэ двух міліцыянераў, якім давяраў, ён прыйшоў у кватэру, дзе жылі студэнтка і яе дзядуля. Калі міліцыянеры, робячы вобыск, перарылі там усё, дзяўчына ў страху запытала: «Дзядуля, што яны шукаюць?» «Сумленне, — адказаў стары, — яны не маюць сумлення».

Безумоўна, сумленне ёсць у кожнага чалавека, таму трэба правільна разумець выказванне дзядулі. Калі ён кажа, што міліцыянеры шукаюць сумленне, што яны не маюць сумлення, то мае на ўвазе, што і маладыя злачынцы, і палкоўнік міліцыі, і следчы ў сваіх паводзінах не кіруюцца сумленнем: дзейнічаюць вераломна, хлусяць.Такім чынам яны скажаюць рэчаіснасць, робяць зло іншым людзям і забіваюць сваё сумленне. Яны прымушаюць замоўкнуць у сабе голас праўды, што паходзіць ад Бога, бо сумленне дае чалавеку сам Бог. Ён кожнаму дарыць гэты ўнутраны голас, які гучыць у глыбіні чалавечага сэрца. Гэты голас падказвае чалавеку: «вось гэта — дабро, і яго трэба рабіць», ці: «а вось тое — зло, і яго рабіць нельга». Дзякуючы сумленню кожны чалавек, падобна як і Бог, «ведае дабро і зло», пра што нам нагадвае сённяшняе першае чытанне. Чалавек ведае, што з’яўляецца добрым, а што — злым. Такім чынам, ён ведае, як належыць паводзіць сябе, каб жыць добра. Аднак штодзённае жыццё, якое мы бачым і ў згаданым фільме, даводзіць нам, што чалавек, атрымаўшы ад Бога таксама дар свабоды, можа жыць насуперак голасу свайго сумлення. Ён можа заглушаць у сабе праўдзівы голас уласнага сумлення, або кепска фармаваць сваё сумленне. Такі чалавек перастае заўважаць свае дрэнныя паводзіны, і тады, калі ён чыніць зло, яму здаецца, што ён паступае правільна. Кожны з нас павінен нястомна «шукаць сваё добрае сумленне», павінен заўсёды фармаваць яго ў адпаведнасці з Божымі запаведзямі, а гэта значыць — паводле аб’ектыўнай праўды і дабра, а не паводле асабістых перакананняў і настрою. У гэтай справе няхай дапаможа нам час асаблівай Божай ласкі — перыяд Вялікага посту.

 
ІІ НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ —
20 лютага 2005 г.
Чытанні: Быц 12, 1–4а; Пс 33 (32); 2 Цім 1, 8b–10.
Евангелле (Mц 17, 1–9):

Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім.

Пётр сказаў у адказ Езусу: Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі.

Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: Гэта Сын Мой Умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся.

А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: Устаньце і не бойцеся. Калі яны ўзнялі свае вочы, нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.

І калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

Бог кліча Абрагама. Каля двухтысячнага года да Нараджэння Хрыстовага гэты чалавек разам з сям’ёю, прыслугаю і ўсім сваім набыткам пакідае радзіму, Ур Халдэйскі, і накіроўваецца ў таямнічую і невядомую зямлю Ханаан. Адзінае абгрунтаванне яго рашэння — гэта ўпэўненасць у тым, што такі загад даў яму Бог, а ён Богу паверыў.

Бог уваходзіць у чалавечую гісторыю. Ён пачынае здзяйсняць абяцанне, дадзенае чалавецтву на самым пачатку яго існавання, а чалавек, якім ёсць менавіта Абрагам, праз свой давер да Бога становіцца Ягоным супрацоўнікам у гэтай вялікай справе. З гэтага выразу веры з боку чалавека пачынаецца працэс выпраўлення, падобна да таго, як з нявер’я і недаверу пачаўся працэс разлажэння.

Пакліканне Абрагама стала пакліканнем цэлага народа, у гісторыі якога выспявала ідэя аб збаўленні свету аж да дня, калі яна павінна была здзейсніцца праз прыйсце абяцанага Збаўцы.

З моманту нараджэння Езуса Хрыста абяцанне, дадзенае Абрагаму, становіцца набыткам усяго чалавечага роду. З’яўленне Богачалавека — важная падзея для ўсяго чалавецтва. Мы часта разважалі пра ролю Хрыста ў адносінах да ўсіх людзей. І сёння, як калісьці Абрагам, мы таксама пакліканыя да супрацоўніцтва з Богам у справе ўдасканалення сябе і ўсяго свету: «Гэта Сын Мой Умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». Гэта — падзея. Падзея паклікання да ўдзелу, заснаваная на веры і даверу. Мы бачым сваё жыццё як шлях, што вядзе нас да дому Айца.

Евангеліст у літаратурнай форме апісвае тое, што адбывалася на гары Фавор, карыстаючыся для гэтага сродкамі, якія мае ў сваім распараджэнні. Цэнтральнымі ў гэтым апісанні з’яўляюцца словы, якія прамаўляе голас з воблака. Дзеяслоў «слухаць» у Бібліі азначае дасканалы кантакт з Богам, гатоўнасць пайсці за Ім, падпарадкаванне Яму. Гэта дзеяслоў, які ў Новым Запавеце звязаны выключна з Езусам. Так, Майсей з’яўляецца ўвасабленнем вялікай часткі Бібліі, якая ўключае тэксты Закону. Ілля — прадстаўнік прарочых прадказанняў. Закон — гэта сэрца жыцця веры кожнага ізраільцяніна, паколькі быць паслухмяным яму азначае выконваць волю Бога. Евангелле адводзіць гэтую ролю Езусу, бо Яго сыноўская паслухмянасць стала для нас прыкладам вернасці Божай волі і Божаму слову.

У жыццёвым вандраванні, што вядзе нас да Пасхі — Змёртвыхпаўстання — Евангелле пра Перамяненне паказвае кожнаму з нас вялікае значэнне посту, міласціны і малітвы. Абмежаванні, якія мы прымаем на перыяд Вялікага посту, не павінны быць проста нейкім знешнім практыкаваннем ці чымсьці накшталт адной з модных у наш час дыетаў. Яны павінны скіроўвацца на перамяненне веруючага чалавека, якое зробіць яго «новым стварэннем», асвечаным сустрэчаю з Богам і прасветленым бляскам Яго аблічча і Яго слова.

 
ІІІ НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ —
27 лютага 2005 г.
Чытанні: Зых 17, 3–7; 3, 1–7; Пс 95 (94);
Рым 5, 1–2. 5–8.
Евангелле (Ян 4, 5–15. 19b–26, 39a, 40–42):

Прыйшоў Езус у самарыйскі горад, званы Сіхар, блізка да надзелу зямлі, які даў Якуб сыну свайму Юзафу. Была там студня Якуба. Езус жа, стомлены дарогай, сеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Вось прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Езус кажа ёй: Дай Мне піць. Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы. Жанчына самаранка кажа Яму: Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, самаранкі?[Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі.] Езус сказаў ёй у адказ: Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе «дай Мне піць», то сама прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады. Жанчына кажа Яму: Пане, у Цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая; адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы за айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і дзеці яго, і статкі яго? Езус сказаў ёй у адказ: Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў запрагне, а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не запрагне навекі, але вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае.

Жанчына кажа Яму: Дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць. Пане, я бачу, што Ты прарок. Бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Ерузалеме.

Езус кажа ёй: Павер мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ні на гэтай гары, ні ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збаўленне – ад юдэяў. Але надыходзіць час, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто паклоняцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе.

Жанчына кажа Яму: Я ведаю, што прыйдзе Месія, які завецца Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё. Езус кажа ёй: Гэта Я, які гавару з табою.

Шмат самаранаў з горада гэтага паверыла ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла, кажучы: Расказаў мне ўсё, што я рабіла. Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён заставаўся там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы слову Ягонаму. А жанчыне казалі: Мы верым ўжо не дзеля твайго апавядання, бо мы самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету.

Езус, стомлены дарогаю... У гэтым, бадай што, найбольш поўна выяўляецца Яго чалавечая прырода. Захапляе і дадае ўпэўненасці і тое, што выходзячы нам насустрач, Езус адчуе і нашу стомленасць дарогай. Возьме ініцыятыву на сябе. Будзе цярпліва нас чакаць, каб абудзіць і навярнуць. Падобна да таго, як гэта адбылося з жанчынаю, якая прыйшла да студні па ваду, а Езус паказаў ёй шлях да іншай вады. Самаранка такая самая, як і кожны чалавек, які ходзіць ад аднаго прыстанку да другога, ад аднаго зямнога шчасця да другога, ад адной прыемнасці да іншай, і ніколі не знаходзіць спакою і задавальнення. Ён нават не падазрае і часта не чакае, што можа існаваць іншая вада, здольная задаволіць ліхаманкавыя пошукі жыццёвага шчасця. Дакладна так, як і ў нашым жыцці: заклапочаныя шуканнем паўнаты жыцця, мы імкнемся за новымі ўражаннямі і той вадою, якія не прыносяць задавальнення. Мы з абыякавасцю ставімся да вялікіх дароў Бога, якія задарма атрымалі ад Яго — да хросту, веры, надзеі, любові, бежмавання, святой Камуніі... Гэтыя Божыя дары не толькі задавальняюць нашыя жаданні і спадзяванні, а нават пераўзыходзяць іх, бо вядуць проста ў вечнасць.

Пастава Езуса ў сённяшнім Евангеллі сведчыць пра яго адкрытасць, цярплівасць і дабрыню ў адносінах да чалавека. Мы становімся сведкамі дыялогу паміж мудрасцю Месіі і недасведчанасцю самаранкі; паміж міласэрнасцю Хрыста і вартым жалю станам жанчыны; паміж Богам і чалавецтвам; паміж міласэрным Айцом і кожным асобным чалавекам. Аднак заўсёды, нягледзячы на грэшнасць, недавер да гэтага чужога чалавека, жанчына не адчувае ў сабе трывогу і вядзе з Езусам размову. Таксама і з намі Езус жадае усталяваць падобную блізкасць і сяброўства. У сустрэчы з Хрыстом нараджаюцца новыя адносіны, для якіх важна не месца, а сэрца: «праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец».

Студня з вадою ў пустыні — гэта збаўленне: яна дае жыццё, адраджае, ратуе ад непазбежнай смерці. Каля студні нас чакаюць дар і Дарца — Езус Хрыстус. Вада, якую Ён абяцае і дае, наталяе прагу і разам з гэтым робіць нас саміх крыніцаю той вады, якую п’ем. Чым больш мы дазволім Хрысту наталіць нашую прагу, тым больш будзем мець жыцця, сілаў, радасці і зможам несці гэтую ваду іншым, каго яна таксама адродзіць. Мы павінны рабіць гэта да канца і ніколі не пераставаць, гэтак жа, як і самаранка, якая, пачуўшы і прыняўшы слова, адразу пабегла абвяшчаць Хрыста: «Шмат самаранаў з горада гэтага паверыла ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла, кажучы: “Расказаў мне ўсё, што я рабіла”». Яна пакінула свае клопаты, якія дагэтуль былі для яе непатрэбным цяжарам: Бога цікавіць не столькі наша мінулае, колькі ўмацаваная воля да жыцця ў дабрыні і паўнаце шчасця ў будучыні.

Падрыхтаваў кс. д-р Пётр Сялкоўскі