3 лютага:
святога Блажэя,
біскупа і мучаніка.

Быў біскупам Себасты (на тэрыторыі сучаснай Турцыі), замучаны падчас пераследу хрысціянаў на пачатку IV ст. Легенда гаворыць, што падчас зняволення ў вязніцы ён уратаваў ад смерці юнака, які ледзь не задушыўся косткаю ад рыбы. Ён таксама благаславіў свечы, якія прынесла яму ў вязніцу жанчына, удзячная за яшчэ адзін здзейснены ім цуд. З XVI ст. у Каталіцкім Касцёле практыкуецца «благаслаўленне святога Блажэя», які з’яўляецца апекуном тых, хто пакутуе ад хваробаў горла: дзве складзеныя ў форме крыжа св. Андрэя асвечаныя свечкі прыкладаюцца да шыі хворага. [Глядзі падрабязна тут >>>>]

5 лютага:
святой Агаты,
панны і мучаніцы.

Маладая дзяўчына, якая, прагнучы захаваць чыстасць і вернасць Хрысту, прыняла мучаніцкую смерць у Катаніі на Сіцыліі каля 250 г. Праз год пасля яе смерці адбылося вывяржэнне вулкана Этна. Патокі лавы пагражалі знішчыць увесь горад, але яны спыніліся, калі жыхары Сіцыліі, просячы ў малітвах заступніцтва Агаты, паклалі на іх шляху вэлюм, што належаў святой. Дзякуючы гэтаму цуду Агату пачалі лічыць апякункай, якая ахоўвае ад пажараў. Яе культ хутка распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле, а імя святой згадваецца ў Рымскім Каноне. Згодна з традыцыяй, у дзень яе ўспаміну асвячаецца «хлеб святой Агаты», а таксама вада і студні.

10 лютага:
святой Схаластыкі, панны.

Была роднай сяятрой св. Бенедыкта Нурсійскага. Нарадзілася ў Нурсіі (Цэнтральная Італія) каля 480 г. Рана ўступіла ў закон, жыла ў розных кляштарах у ваколіцах Рыма, пакуль, нарэшце, не ўсталявалася непадалёк ад Монтэ Касіна, дзе быў кляштар яе брата, Бенедыкта, з якім яна ўсё жыццё была моцна звязаная. Раз на год яны сустракаліся ў вясковай хаце ля падножжа Монтэ Касіна (бенедыктынскі статут не дазваляў ёй наведваць брата ў кляштары), каб абменьвацца думкамі і разам маліцца. Схаластыка прадчувала сваю смерць і памерла ў прысутнасці брата, які бачыў, як душа сястры ў выглядзе галубкі адлятала ў неба. Заступніцтва святой абараняе ад засухі і маланак.

14 лютага:
святых Кірыла, мніха,
і Мятода, біскупа,
апекуноў Еўропы.

Былі братамі. Нарадзіліся ў першай палове IX ст. у Солуні (Фесалонікі ў Грэцыі) у шматдзетнай сям’і. Адзін з іх, Канстанцін, уступіў у закон, прыняўшы імя Кірыл, і атрымаў у Канстанцінопалі цудоўную адукацыю, за што сучаснікі называлі яго «філосафам». Будучы ўжо дасведчаным місіянерам, у 862 г. разам з братам Мятодам ён накіроўваецца на місію ў Маравію, валадар якой прасіў прыслаць святароў, якія б размаўлялі па-славянску. Браты дасягнулі вялікіх поспехаў у сваёй місіянерскай дзейнасці, і гэтаму ў вялікай ступені паспрыяла стварэнне імі славянскага пісьменства (глаголіцы). Кірыл пераклаў на славянскую мову жыццяпісы Айцоў Касцёла і Святое Пісанне, а таму лічыцца заснавальнікам славянскай літаратуры. Пасля некалькіх гадоў працы браты накіраваліся ў Рым, да Папы Адрыяна ІІ, які ўпершыню зацвердзіў літургію на славянскай мове. 14 лютага 869 г. у Рыме памёр Кірыл. Ён быў пахаваны ў базыліцы св. Клімэнта, дзе яго цела спачывае і цяпер, а яго старэйшага брата, Мятода, Папа пасвяціў на арцыбіскупа Маравіі і Паноніі (сучасная Венгрыя), дзе ён нястомна працягваў абвяшчаць Евангелле. Яго дзейнасці, што дасягала нават польскіх земляў, моцна перашкаджалі нямецкія біскупы, якія былі супраць славянскай літургіі і нават на працягу двух з паловаю гадоў трымалі святога пад арыштам. Яго вызваліў Папа Ян VIII, які зацвердзіў Мятода на ўсіх яго пасадах і пацвердзіў дазвол карыстацца славянскаю моваю ў літургіі. Мятод памёр 6 красавіка 885 г., хутчэй за ўсё, у Веляградзе ў Маравіі. Пасля яго смерці літургія на славянскай мове ізноў была забаронена. За вялікія заслугі ў абвяшчэнні хрысціянскай веры сярод славянскага насельніцтва, святых Кірыла і Мятода называюць «Апосталамі славянаў». У Балгарыі адной з вышэйшых дзяржаўных узнагародаў з’яўляецца ордэн святых Кірыла і Мятода. Імя святых, якія знаходзяцца ў вялікай пашане і ў Праваслаўнай Царкве, носіць адна з вуліц у Мінску. Святы Айцец Ян Павел ІІ, беручы пад увагу такое вялікае значэнне гэтых святых для ўсіх славянаў, абвясціў іх таксама Апекунамі Еўропы.

На гэты ж дзень прыпадае ўспамін
святога Валянціна, біскупа і мучаніка.

Пра гэтага святога захавалася вельмі мала звестак. Ён быў біскупам у італьянскім горадзе Тэрні, дзе каля 268 г. прыняў мучаніцкую смерць, пра акалічнасці якой нічога не вядома. Рэліквіі святога да сённяшняга дня знаходзяцца ў Тэрні, а таксама ў адным з парафіяльных касцёлаў у Баварыі. Ужо ў V ст. успамін св. Валянціна адзначаўся 14 лютага. З яго імем звязана шырока распаўсюджаная ў многіх краінах традыцыя «валянцінак», т. зв. «свята закаханых». Святы лічыцца апекуном добрага сужэнства; яго заступніцтва просяць таксама пры эпілепсіі і пры частых стратах прытомнасці. На абразах яго малююць як біскупа, часцей за ўсё ў атачэнні калекаў, эпілептыкаў або з пеўнем.

21 лютага:
святога Пятра Дам’яна,
біскупа і доктара Касцёла

Нарадзіўся ў 1007 г. у Равэне (Паўночная Італія), рана застаўся сіратою. Вялікую ролю ў яго жыцці адыграў брат Дам’ян, і таму ў святога з’явіўся такі дадатак да імені. У 1035 г. Пётр уступіў у кляштар бенедыктынцаў-эрэмітаў з вельмі суровымі манаскімі правіламі. Ён хутка стаў узорам манаха і праз восем гадоў быў прызначаны прыёрам. У 1057 г. Папа Стэфан IX супраць волі Пятра прымусіў яго прыняць біскупскае пасвячэнне і годнасць кардынала Остыі. Пётр Дам’ян стаў адным з найлепшых папскіх дарадчыкаў і дыпламатаў. Акрамя тэалагічнай, місіянерскай і дыпламатычнай дзейнасці, святы нястомна пісаў. Яго працы вылучаюцца глыбокай эрудыцыяй, а паэзія — незвычайнай прыгажосцю. Яны належаць да найлепшых твораў Сярэднявечча і, перажыўшы стагоддзі, і ў наш час выклікаюць вялікую цікавасць. Памёр святы ўначы з 22 на 23 лютага 1072 г. падчас аднаго з падарожжаў ад вялікага знясілення працай. Хоць Пётр Дам’ян ніколі не быў афіцыйна кананізаваны, аднак яго заўсёды ўшаноўвалі як святога, а ў 1828 г. Папа Леў XII абвясціў яго доктарам Касцёла. Заступніцтва святога просяць, у прыватнасці, пры галаўным болю.

23 лютага:
святога Палікарпа,
біскупа і мучаніка.

Нарадзіўся каля 70 г., ва ўзросце прыблізна трыццаці гадоў быў пасвечаны апосталам Янам на біскупа Смірны (сучасны Ізмір у Турцыі). Св. Ігнацый з Антыёхіі сустрэўся з ім падчас падарожжа ў Рым і потым з Траады напісаў да яго ліст. Абвінавачаны ў знявазе язычніцкіх звычаяў, Палікарп адважна вызнаў веру ў Хрыста перад праконсулам. Як паведамляе апісанне яго мучаніцтва «Martirium Polycarpi» — адзін з найстарэйшых у Касцёле дакументаў, што сведчыць пра культ святых, — Палікарпа прымушалі праклясці Хрыста, аднак ён мужна адказаў: «Я служу Яму ўжо восемдзесят шэсць гадоў, і Ён ніколі не зрабіў мне нічога дрэннага. Як жа я магу абразіць майго Валадара і Збаўцу? Я — хрысціянін!» Святы быў асуджаны на спаленне, але паколькі полымя не пашкодзіла яму, быў забіты мячом. Захаваўся ліст Палікарпа да Філіпянаў, які з’яўляецца важным сведчаннем апостальскай Традыцыі і канону Святога Пісання. Святы з’яўляецца апекуном тых, хто пакутуе ад вушных хваробаў.

Падрыхтаваў
кс. д-р Пётр Сялкоўскі