У Айн Кэрыме, родным горадзе Яна Хрысціцеля, брытанскія археолагі знайшлі старажытную пячору. Ці была яна тым месцам, дзе сваяк Пана Езуса хрысціў тых, хто навярнуўся? А, можа, там бываў і сам Хрыстус?

У сярэдзіне жніўня брытанскі археолаг Шымон Гібсан неспадзявана абвясціў, што раскапаная з-пад груды камянёў пячора, сёння часткова запоўненая вадой, была тым месцам, дзе сваяк Езуса ўчыняў хрост навяртання, а яго вучні здзяйснялі рытуальнае абмыванне.

Ажыўленая постаць

Група брытанскіх вучоных на працягу пяці гадоў вядзе прыватныя даследаванні ў кібуцу Цуба, за некалькі кіламетраў на захад ад Ерузалема. Гэта наваколле вядомай са Святога Пісання вёскі Айн Кэрым, дзе жылі Захарый і Альжбета, якіх пасля Звеставання наведала Марыя. Да Ерузалема адтуль не больш як сем кіламетраў. Пячору даследчыкам паказаў Ройвэн Каліфон, настаўнік у кібуцу, якому яе ў сваю чаргу паказалі вучні.

«Ян Хрысціцель, які дагэтуль быў толькі постаццю з Евангелля, ажыў», — з пафасам кажа Гібсан. І дае волю фантазіі: «Мабыць, тут здзяйснялі абрады ачышчэння».

Аднак найбольш кранаюць фантазію наскальныя малюнкі і валун з заглыбленнем у форме ступні. А ў прадаўгаватым камяні, знойдзеным непадалёк ад увахода, археолагі ўбачылі невялічкі канал, праз які, магчыма, сцякаў алей, пасля чаго, відавочна, у цыстэрне, што стаяла побач, адбываўся невядомы раней рытуал хрышчэння.

Аповесць у малюнках

У пячору вядзе дваццаць восем прыступак. Высокая пячора даўжынёй 22 м і шырынёй 3,5 м была высечана ў эпоху жалеза паміж IX і VI стагоддзямі да нашай эры. З самага пачатку яна выкарыстоўвалася для рэлігійных мэтаў, прычым не толькі вучнямі святога Яна. На яе сценах, відавочна, візантыйскія манахі выразалі выявы ўскудлачанага чалавека, апранутага ў шкуры, з посахам у руках.

Гіпотэзу гэтай «аповесці ў малюнках» падтрымлівае Джэймс Табор, бібліст з універсітэта ў Паўночнай Караліне: калі малюнкі апынуліся тут, гэта азначае, што для тагачасных хрысціянаў гэта была пячора апошняга з прарокаў. Памяць пра Яна павінна была жыць на працягу многіх пакаленняў і прыцягваць вызнаўцаў Хрыста, якія з IV ст. пачалі пілігрымаваць у месцы, апісаныя ў Святым Пісанні. Знаходка захавалася да нашых часоў амаль некранутай дзякуючы таму, мяркуе Гібсан, што пра яе забыліся пасля заваёвы Святой Зямлі арабамі ў VII ст. «На жаль, мы не знайшлі ніякіх надпісаў, якія б адназначна пацвердзілі сувязь пячоры з Янам Хрысціцелем», — дадае Д. Табор.

Часам усляпую

«Гібсан прапануе бліскучае тлумачэнне сваёй незвычайнай знаходкі, — кажа Стэфан Пфан, бібліст з універсітэта ў Ерузалеме. — Аднак далейшыя даследаванні неабходныя», — дадае ён. Праблема сцвярджэнняў археолагаў заключаецца ў тым, што яны звычайна абапіраюцца на здагадкі і гіпотэзы. Для таго, каб веды пра дадзеную эпоху і тагачасных людзей сталі надзейнымі, неабходна шмат адкрыццяў, якія б узаемна пацвярджаліся. Святое Пісанне па-ранейшаму з’яўляецца найлепш дакументальна абгрунтаваным зборам кніг старажытнасці. Акрамя гэтага, шмат падзеяў, апісаных у Бібліі, не знайшлі пацвярджэння, якое могуць даць матэрыяльныя доказы. Звычайныя даследаванні вядуцца наўздагад, а часам і ўвогуле ўсляпую. Большасць біблійных адкрыццяў была зроблена выпадкова, як, між іншым, у Кумране, дзе пастыр з закінутай пячоры натрапіў на вялікі архіў пісанняў таямнічай рэлігійнай групы з тэрыторыі Мёртвага мора.

Шымон Гібсан сцвярджае, што пакінуў для іншых навукоўцаў тры некранутыя пячоры непадалёк ад месца знаходкі і адначасова пачынае рэкламаваць кнігу «Пячора Яна Хрысціцеля», у якой апісвае падрабязнасці адкрыцця і аргументы, што абгрунтоўваюць смелую гіпотэзу.

Себасцьян Мусел,
«Gość niedzielny» № 36 за 2004 г.
Пераклад з польскай мовы Т. Мухляда.