У гэтым годзе тыдзень малітваў аб еднасці хрысціянаў адбыўся пад дэвізам: «Хрыстус — адзіны фундамент Касцёла». Гэты дэвіз — словы з Першага Паслання св. Паўла да Карынцянаў — быў апрацаваны групай хрысціянаў са Славакіі. Пазней гэты дэвіз быў зацверджаны на сустрэчы прадстаўнікоў Папскай Рады па справах падтрымкі еднасці хрысціянаў.

Разважанні над словамі дэвіза працягваліся 8 дзён — з 18 па 25 студзеня. Кожны дзень меў сваю асаблівую тэму: «Закліканыя да духоўнай сталасці» (18 студзеня), «Бог дае ласку ўзрастання» (19 студзеня), «Хрыстус з’яўляецца фундаментам» (20 студзеня), «Вы будуеце на закладзеным фундаменце» (21 студзеня), «Бог упрыгожвае нашыя намаганні, укладзеныя ў пабудову» (22 студзеня), «Вы — святыня Бога» (23 студзеня), «Глупства і мудрасць, жыццё ў Хрысце» (24 студзеня) і «Вы належыце Хрысту» (25 студзеня).

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня заснавання законнай супольнасці, мэтаю якой была еднасць хрысціянаў.

Заснавальніца Супольнасці сясцёр місіянерак Святой Сям’і — благаславёная Баляслава Лямэнт, дэвізам дзейнасці створанай супольнасці абрала словы Хрыста «каб усе былі адно» (гл. Ян 17, 21). Супольнасць была заснавана ў Магілёве з мэтаю падрыхтоўкі і рэалізацыі ідэі аб’яднання хрысціян усходняй традыцыі з Каталіцкім Касцёлам, а таксама ўмацавання ў веры тых католікаў, еднасць якіх у няпростых варунках пачатку ХХ стагоддзя была пад пагрозай.

Клапоцячыся аб станаўленні і развіцці створанай супольнасці, Баляслава Лямэнт самаахвярна імкнулася рэалізаваць давераную ёй Богам справу праз выхаванне дзяцей і моладзі, а таксама дапамагаючы тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Прыкладам штодзённага жыцця яна рэалізоўвала сваё пакліканне ў нястомнай працы і ахвярным служэнні бліжнім. Гэта паспрыяла таму, што маладая супольнасць вызначалася святасцю і вялікай самаахвярнасцю.

Ведаючы, што эфектыўнасць і плённасць апостальскай працы залежыць ад паяднання з Богам, заснавальніца нястомна працавала над паглыбленнем асабістай духоўнасці, і ў гэтым будучай благаславёнай дапамагалі духоўныя практыкаванні св. Ігнацыя Лаёлі. Баляслава Лямэнт, дбаючы пра духоўнае развіццё супольнасці, заахвочвала сясцёр таксама выкарыстоўваць гэтыя духоўныя практыкаванні.

За ўзор Баляслава Лямэнт выбрала Святую Сям’ю, якая з’яўляецца прыкладам еднасці, узаемнай любові і паслухмянасці волі Айца.

Экуменічны кірунак Супольнасці сясцёр місіянерак Святой Сям’і знайшоў сваё пацвярджэнне ў вучэнні ІІ Ватыканскага Сабору, які заахвочвае ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла да таго, «...каб, распазнаючы знакі часу, актыўна ўдзельнічалі ў справе экуменізму».

На важнасць еднасці Касцёла указваюць словы самога Хрыста падчас Апошняй Вячэры: «Каб усе былі адно, як Ты, Айцец, ува Мне, а я ў Табе, каб і яны былі ў Нас адно, каб свет паверыў, што Ты Мяне паслаў» (пар. Ян 17, 21). Без паяднання свет будзе не толькі падзелены, але і ахоплены бязвер’ем.

У «Дэкрэце аб экуменізме» падкрэсліваецца: «Адсутнасць еднасці яўна скіравана супраць волі Хрыста, з’яўляецца спакусаю для свету і прытым шкодзіць святой справе абвяшчэння Евангелля ўсялякаму стварэнню». Шляхам да еднасці ёсць Хрыстус — нашае паяднанне і наш спакой (пар. Эф 2, 14–18).

Усведамляючы адказнасць за еднасць хрысціянаў, сёстры місіянеркі Святой Сям’і імкнуцца ў сваім жыцці і служэнні верна наследаваць Езуса, Марыю, Юзафа. Яны выконваюць сваю місію ў свеце (у Польшчы, ЗША, Італіі, Замбіі, Кеніі, Літве, Расіі) на 44 пляцоўках, у тым ліку на 6 — у Беларусі.

Зварот да дзяўчат:
Калі ты зразумееш, а можа толькі адчуеш,
што Пан Бог кліча цябе менавіта да такой місіі
ў Касцёле, напішы на адрас у Беларусі:
225320 г. Баранавічы, пр. Савецкі, 18.
У Польшчы: Siostry Misjonarki Świętej Rodziny,
ul. Słowackiego 11, 05-806 Komorŏw k. Warszawy.

Глядзі таксама АБ ЭЎХАРЫСТЫІ