ЭНЦЫКЛІКА
ECCLESIA DE EUCHARISTIA

СВЯТОГА АЙЦА ЯНА ПАЎЛА ІІ

ДА БІСКУПАЎ, ДА СВЯТАРОЎ І ДЫЯКАНАЎ, ДА ЗАКОННІКАЎ І ЗАКОННІЦ,
ДА СВЕЦКІХ КАТОЛІКАЎ, А ТАКСАМА ДА ЎСІХ ЛЮДЗЕЙ ДОБРАЙ ВОЛІ
ПРА ЭЎХАРЫСТЫЮ Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА

Працяг. Пачатак у № 11—12 за 2004 г. >>>


ІІІ раздзел

Апостальскі характар Эўхарыстыі і Касцёла


26. Калі (як я ўжо нагадаў пра гэта раней) Эўхарыстыя будуе Касцёл, а Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, то ў выніку паміж імі ўзнікае вельмі цесная сувязь. Гэта праўда, якая дазваляе нам аднесці да таямніцы Эўхарыстыі словы пра Касцёл, што прамаўляюцца ў нікейска-канстанцінопальскім Сімвале: «адзіны, святы, паўсюдны і апостальскі». Адзіная і паўсюдная — таксама Эўхарыстыя. Яна таксама святая, больш за тое, яна з’яўляецца Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Але перадусім я хачу звярнуць увагу на яе апостальскі характар.

27. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, тлумачачы, якім чынам Касцёл з’яўляецца апостальскім, гэта значыць, закладзеным на фундаменце Апосталаў, указвае на траякае значэнне гэтага выразу. З аднаго боку, «быў і застаецца збудаваны на “фундаменце Апосталаў”» (пар. Эф 2, 20), сведкаў, выбраных і пасланых самім Хрыстом51. Апосталы знаходзяцца каля асноваў Эўхарыстыі не ў тым сэнсе, што гэты сакрамэнт паходзіць не ад самога Хрыста, а таму, што быў давераны Езусам Апосталам, а праз іх і іх наступнікаў перададзены нам. Касцёл, цэлебруючы Эўхарыстыю на працягу стагоддзяў, пастаянна захоўвае непарыўнасць дзеяння Апосталаў, паслухмяных наказу Пана.

Другое значэнне апостальскасці Касцёла, указанае Катэхізісам, вынікае з таго факту, што Касцёл«захоўвае і перадае з дапамогай Духа Святога, які ў ім жыве, вучэнне, добры дэпазіт і здаровыя прынцыпы, пачутыя ад Апосталаў»52. Таксама і ў гэтым другім значэнні Эўхарыстыя з’яўляецца апостальскаю, бо цэлебруецца згодна з вераю Апосталаў. На працягу двухтысячагадовай гісторыі Люду Новага Запавету Настаўніцтва Касцёла дакладна акрэсліла эўхарыстычную дактрыну, таксама ў галіне канкрэтнай тэрміналогіі, менавіта з мэтаю захавання апостальскай веры ў гэту Найвышэйшую Таямніцу. Гэтая вера застаецца нязменнаю, і для Касцёла істотна, каб яна такою захоўвалася.

28. Урэшце, Касцёл апостальскі і ў тым сэнсе, што ажно да вяртання Хрыста ён навучаецца, асвячаецца і кіруецца Апосталамі дзякуючы тым, хто іх наследуе ў пастырскай місіі, гэта значыць Калегіі Біскупаў; ім у гэтым дапамагаюць святары ў еднасці з «наступнікам Пятра, Найвышэйшым Пастырам Касцёла»53. Апостальская пераемнасць у пастырскай місіі абавязкова прадугледжвае сакрамэнт Пасвячэння, гэта значыць непарыўную пераемнасць важных біскупскіх пасвячэнняў, якая паходзіць ад самых пачаткаў Касцёла54. Гэта пераемнасць неабходная, каб Касцёл існаваў у адпаведным і поўным сэнсе.

Эўхарыстыя выяўляе таксама гэты сэнс апостальскага характару, бо, як навучае ІІ Ватыканскі Сабор: «вернікі (...) у сілу свайго каралеўскага святарства супрацоўнічаюць у ахвяраванні Эўхарыстыі»55, святар жа ў сілу свайго пасвячэння з’яўляецца тым, хто «ў асобе Хрыста цэлебруе эўхарыстычную Ахвяру і складае яе Богу ад імя ўсяго Люду»56. Таму таксама ў Рымскім Імшале прадпісана, што толькі святар прамаўляе словы эўхарыстычнай малітвы, а вернікі яднаюцца з вераю ў маўчанні57.

29. Выраз, які часта паўтарае ІІ Ватыканскі Сабор і паводле якога «святар, што выконвае паслугу дзякуючы святой уладзе, якою цешыцца ў асобе Хрыста (in persona Christi), цэлебруе эўхарыстычную Ахвяру»58, быў ужо добра ўкаранёны ў навучанні Папаў59. Як я ўжо меў магчымасць патлумачыць пры іншым выпадку, выраз in persona Christi «значыць больш, чым у імя альбо ў заступніцтве Хрыста. In persona — гэта значыць: у своеасаблівым сакрамэнтальным атаясамленні з Сапраўдным і Вечным Святаром, які Сам толькі Адзін з’яўляецца сапраўдным і законным Суб’ектам і Выканаўцам гэтай сваёй Ахвяры і нікім належным чынам не можа быць заменены ў яе выкананні»60. Паслуга святароў, якія атрымалі сакрамэнт Пасвячэння, у эканоміі збаўлення, выбранай Хрыстом, указвае, што Эўхарыстыя, якую яны цэлебруюць, — гэта дар, што карэнным чынам пераўзыходзіць уладу супольнасці, і на самай справе гэта паслуга неабходная для важнага паяднання эўхарыстычнай кансэкрацыі з ахвяраю Крыжа і з Апошняю Вячэраю.

Супольнасці вернікаў, якая збіраецца з мэтаю цэлебрацыі Эўхарыстыі, абавязкова патрэбен святар з правамоцным пасвячэннем, які будзе ёю кіраваць, каб яна была сапраўды эўхарыстычнаю супольнасцю. З другога боку, супольнасць не ў стане сама па сабе ўстанавіць сабе святара, што меў бы моц пасвячэння. Святар ёсць дарам, які супольнасць атрымлівае, дзякуючы біскупскай пераемнасці, што паходзіць ад Апосталаў. Гэта біскуп, праз сакрамэнт Пасвячэння, устанаўлівае новага святара, надзяляючы яго ўладаю кансэкрацыі Эўхарыстыі. Таму «таямніца Эўхарыстыі не можа цэлебравацца ні ў якой супольнасці без пасвечанага святара, як выразна навучаў гэтаму IV Латэранскі Сабор»61.

30. Вучэнне Каталіцкага Касцёла аб службовым святарстве ў адносінах да Эўхарыстыі, як і аб эўхарыстычнай ахвяры, у апошнія дзесяцігоддзі было прадметам плённага дыялогу на экуменічнай арэне. Мы абавязаны Найсвяцейшай Тройцы, бо нам удалося дасягнуць значнага развіцця і збліжэння ў гэтай сферы. Дзякуючы гэтаму мы можам спадзявацца, што ў будучыні будзем ва ўсёй паўнаце падзяляць тую самую веру. Аднак надалей застаецца ў сіле заўвага, якую зрабіў Сабор адносна царкоўных супольнасцяў, што ўзніклі на Захадзе, пачынаючы з XVI ст., і былі адлучаныя ад Каталіцкага Касцёла: «Хоць адлучаным ад нас царкоўным супольнасцям не хапае поўнай з намі еднасці, якая вынікае з хросту, і хоць, на нашу думку, яны не захавалі сапраўднай і поўнай сутнасці Эўхарыстычнай Таямніцы, у асноўным праз недахоп сакрамэнту Святарства, аднак, цэлебруючы ў святой Гасціне памятку смерці і змёртвыхпаўстання Панскага, яны вызнаюць, што яна азначае жыццё ў лучнасці з Хрыстом і чакаюць Яго хвалебнага прыйсця»62.

Таму таксама вернікі католікі, шануючы рэлігійныя перакананні нашых адлучаных братоў, павінны, аднак, устрымлівацца ад удзелу ў Камуніі, якая ўдзяляецца падчас іх цэлебрацыі, каб не рабіць сапраўднаю двухзначнасць, што датычыць прыроды Эўхарыстыі і ў выніку не занядбаць абавязку яснага сведчання аб праўдзе. Гэта выклікала б спазненне распачатага працэсу, скіраванага да поўнай і бачнай еднасці. Гэтаксама нельга думаць пра замену нядзельнай cв. Імшы экуменічнымі цэлебрацыямі Слова Божага альбо малітоўнымі сустрэчамі разам з хрысціянамі, прыналежнымі да ўжо згаданых царкоўных супольнасцяў, альбо таксама ўдзелам у іх літургічнай службе. Такія цэлебрацыі і сустрэчы, самі па сабе, годныя пахвалы пры пэўных абставінах, рыхтуюць да жаданай поўнай еднасці, таксама эўхарыстычнай, але не могуць яе замяніць.

Той факт, што ўлада кансэкрацыі Эўхарыстыі была даверана толькі біскупам і прэзбітэрам, ні ў чым не збядняе іншых асяродкаў Божага люду, бо ў камуніі адзінага Цела Хрыстовага, якім ёсць Касцёл, гэты дар прыносіць шчодрую карысць усім.

31. Калі Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцаю і вяршыняю жыцця Касцёла, тым жа самым яна ёсць і адносна святарскай паслугі. Таму таксама, выказваючы ўдзячнасць Езусу Хрысту, нашаму Пану, яшчэ раз паўтараю, што Эўхарыстыя «з’яўляецца галоўным і найбольш важным сэнсам сакрамэнту Святарства, які канчаткова распачаўся ў момант устанаўлення Эўхарыстыі і разам з ёю»63.

Абсяг дзейнасці святара шырокі. Апроч таго, калі падумаць пра грамадскія і культурныя ўмовы сённяшняга свету, то лёгка зразумець, што прэзбітэрам можа пагражаць небяспека распрошанасці сярод разнастайных заданняў. ІІ Ватыканскі Сабор адкрыў у пастырскай любові сувязі, якія яднаюць іх унутранае жыццё з дзейнасцю ў свеце. «Гэтая ж пастырская любоў, сцвярджае Сабор, — у асноўным вынікае з эўхарыстычнай Ахвяры, бо ўсё жыццё прэзбітэра ў ёй укаранёнае»64. Таму зразумела, наколькі важна для духоўнага жыцця святара (не кажучы ўжо пра дабро Касцёла і свету), каб ён выконваў саборавы наказ, які датычыць штодзённай цэлебрацыі Эўхарыстыі, якая «заўсёды з’яўляецца дзейнасцю Хрыста і Касцёла, нават калі вернікі не маглі б пры гэтым прысутнічаць»65. Такім чынам святар у стане пераадолець усялякае роспачнае напружанне, якое ўзнікае на працягу дня, знаходзячы ў эўхарыстычнай Ахвяры сапраўдны сэнс свайго жыцця і паслугі, а таксама духоўную моц, неабходную для таго, каб спраўляцца з разнастайнымі пастырскімі задачамі. Яго дні стануць тады па-сапраўднаму эўхарыстычнымі.

З цэнтральнага месца Эўхарыстыі ў жыцці і служэнні святароў вынікае таксама яе першачарговая роля ў душпастырстве святарскіх пакліканняў.

Перадусім таму, што просьба аб пакліканнях знаходзіць там месца найбольш цеснага паяднання з малітваю Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, але таксама таму, што шчыры клопат святароў пра эўхарыстычную паслугу, узмоцнены пашырэннем свядомага, актыўнага і плённага ўдзелу вернікаў у Эўхарыстыі, з’яўляецца дзейсным прыкладам і заахвочваннем да шчодрага водгуку маладых на заклік Бога. Пан Бог часта паслугуецца шчырым прыкладам пастырскай любові святара, каб пасеяць і ўзрошчваць у сэрцы маладога чалавека зерне паклікання да святарства.

32. Усё гэта паказвае, наколькі балючая і далёкая ад нормы можа быць сітуацыя ў хрысціянскай супольнасці, якая з увагі на колькасць і разнароднасць вернікаў з’яўляецца парафіяй, а не мае святара, які б ёю кіраваў. Парафія ж — гэта супольнасць ахрышчаных, якія выяўляюць і сцвярджаюць сваю тоеснасць перадусім праз адпраўленне эўхарыстычнай ахвяры. Аднак пры гэтым патрэбен прэзбітэр, бо толькі ён мае права цэлебраваць Эўхарыстыю in persona Christi. Калі супольнасць пазбаўлена святара, слушна шукаецца нейкая магчымасць, каб працягваліся нядзельныя цэлебрацыі, а кансэкраваныя асобы і свецкія, якія кіруюць сваімі братамі і сёстрамі ў малітве, годным пахвалы спосабам, выконваюць паўсюднае святарства усіх вернікаў, угрунтаванае на ласцы св. Хросту. Аднак такое вырашэнне праблемы трэба прызнаваць толькі як часовае, на той перыяд, калі супольнасць чакае святара.

Недахоп сакрамэнтальнай паўнаты такіх цэлебрацый павінен перадусім заахвоціць усю супольнасць да больш шчырай малітвы, каб Пан паслаў працаўнікоў на сваё жніво (пар. Мц 9, 38); гэты недахоп таксама павінен заахвоціць уводзіць у жыццё ўсе іншыя важныя элементы адпаведнага душпастырства пакліканняў, не паддаючыся спакусе пошукаў, што прыніжалі б маральны і фармацыйны ўзровень, якога Касцёл чакае ад кандыдатаў да святарства.

33. Паколькі, з прычыны недахопу святароў, вернікам быў давераны без моцы пасвячэння ўдзел у душпастырскім клопаце пра парафію, то няхай яны маюць на ўвазе (гэтак навучае ІІ Ватыканскі Сабор), што «не збудуецца (...) ніякай хрысціянскай супольнасці, калі яна не ўкаранёная ў цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі»66. Таму іх заданнем будзе клопат пра пастаянную падтрымку ў супольнасці адчування сапраўднага «голаду» па Эўхарыстыі, які паспрыяе таму, што не будзе змарнавана ніводнай нагоды для адпраўлення святой Імшы, дзякуючы выкарыстанню хоць бы выпадковай прысутнасці святара, які з боку касцёльнага права не мае перашкодаў для яе цэлебрацыі.

  1. N. 857.
  2. Тамсама.
  3. Тамсама.
  4. Пар. Кангрэгацыя Веравучэння, Sacerdotium monosteriale (6 жніўня 1983), ІІІ, 2: AAS 75 (1983), 1005.
  5. Дагматычная канст. пра Касцёл Lumen gentium, 10.
  6. Тамсама.
  7. Пар. Missale Romanum, Іnstitutio generalis: Editio typica tertia, n. 147.
  8. Пар. Дагм. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 10 і 28; Дэкрэт пра паслугу і жыццё святароў Presbyterorum ordinis, 7.
  9. «Слуга алтара дзейнічае ў асобе Хрыста як галавы, які ахвяруе ў імя ўсіх членаў», Пій ХІІ, энц. Mediator Dei (20 лістапада 1947): AAS 39 (1947), 556; пар. Пій Х, Адгарт. Haerent animо (4 жніўня 1908) Pii X Acta, IV, 16; Пій ХІ, энц. Ad catholici sacerdotii (20 снежня 1935): AAS 28 (1936), 20.
  10. Апост. ліст. Dominicae Cenae (24 лютага 1980), 8: AAS 72 (1980), 128–129.
  11. Кангрэгацыя Веравучэння, Sacerdotium mіnіsteriale (6 жніўня 1983), ІІІ, 4: AAS 75 (1983), 1006; пар. IV Латэранскі Сабор, 1 раздз., Канст. пра каталіцкую веру Fermiter credimus: DS, 802.
  12. ІІ Ватыканскі Сабор, Дэкрэт аб экуменізме Unitatis redintegratio, 22.
  13. Ян Павел ІІ, Апост. ліст Dominicae Cenae (24 лютага 1980), 2: AAS 72 (1980), 115.
  14. Пар. Дэкрэт пра паслугу і жыццё святароў Presbyterorum ordinis, 14.
  15. Тамсама, 13; пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 904, Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў, кан. 378.
  16. Дэкрэт пра паслугу і жыццё святароў Presbyterorum ordinis, 6.

Працяг у нумары №4(119) 2005 >>>

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько