4 сакавіка:
святога Казіміра.

Сын польскага караля Казіміра Ягелончыка і каралевы Альжбеты, нарадзіўся 3 кастрычніка 1458 г. у Вавельскім замку, што ў Кракаве. Яго выхавацелем быў гісторык і кракаўскі катэдральны канонік Ян Длугаш. Казімір рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці, але разам з тым вылучаўся надзвычайнай пабожнасцю. Ён штодзённа ўдзельнічаў у святой Імшы, шмат маліўся, здзяйсняў учынкі міласэрнасці. Казімір выклікаў вялікую прыхільнасць ва ўсіх, хто яго ведаў. Памёр ад сухотаў 4 сакавіка 1484 г. у Гродне. Яго рэліквіі знаходзяцца ў віленскай катэдры. У 1602 г. Папа Клімент VIII кананізаваў яго, а ў 1950 г. Папа Пій XII абвясціў яго апекуном літоўскай моладзі. Святы з’яўляецца дадатковым апекуном Гродзенскай дыяцэзіі.

 
7 сакавіка:
святых Пэрпэтуі і Фэліцыты, мучаніцаў.

Пэрпэтуя і Фэліцыта жылі ў ІІ – ІІІ стст. у Карфагене (Паўночная Афрыка). Пэрпэтуя паходзіла са шляхетнага роду і мела двухгадовую дачку, а Фэліцыта была рабыняю. У вязніцы абедзве прынялі хрост, а Фэліцыта нарадзіла там дзіця. Калі яны адмовіліся скласці ахвяру язычніцкім бажкам, іх аддалі на разарванне дзікім звярам на гарадской арэне. Апынуўшыся сярод звяроў, жанчыны падтрымлівалі адна адну і праслаўлялі Бога, дадаючы сабе мужнасці. Моцна параненых леапардам, іх затым дабілі мячом. Гэта адбылося 7 сакавіка 202 г. Са старажытных часоў святыя былі ў вялікай пашане ў Касцёле, пра што сведчыць таксама і тое, што іх імёны ўзгадваюцца ў Рымскім каноне.

 
8 сакавіка:
святога Яна Божага, законніка.

Нарадзіўся 8 сакавіка 1495 г. у Партугаліі. Спачатку быў пастухом і вёў спакойны лад жыцця, але потым вырашыў уступіць у войска і апынуўся ў Афрыцы, дзе прабыў пэўны час. Дзякуючы св. Яну Авільскаму ў 1539 г. у Гранадзе (Іспанія) перажыў навяртанне. Праз год вырашыў апекавацца беднымі, хворымі і разумова адсталымі, для чаго заснаваў уласны шпіталь, у якім лекарскую дапамогу дапаўняў духоўным клопатам. Святы лічыцца першапраходцам у галіне метадычнага дагляду хворых і псіхічнахворых. Ён памёр 8 сакавіка 1550 г. у Гранадзе, дзе ў базыліцы, што носіць яго імя, да гэтага часу захоўваюцца ягоныя рэліквіі. Больш чым праз 30 гадоў пасля смерці святога яго духоўныя дзеці склалі статут Закона братоў міласэрнасці — баніфратраў, заснавальнікам якога лічыцца Ян Божы. Баніфратры акрамя трох традыцыйных законных шлюбаў убоства, чыстасці і паслушэнства складаюць яшчэ і чацвёрты шлюб: апякунства хворымі. Святы з’яўляецца апекуном хворых, шпіталяў і санітараў, а таксама кнігагандлёўцаў і друкароў.

 
17 сакавіка:
святога Патрыка, біскупа.

Святога Патрыка называюць апосталам Ірландыі. Ён нарадзіўся каля 385 – 390 гг. у рымскай Брытаніі ў сям’і вайскоўца, які пазней стаў дыяканам. Ва ўзросце 16 гадоў Патрык трапіў у палон да піратаў, якія вывезлі яго ў Ірландыю і там прадалі ў рабства. Падчас гэтага прымусовага прабывання на Зялёным Востраве ён захапіўся аскетычным жыццём і вырашыў прысвяціць свой лёс Богу. Уцёкшы праз шэсць гадоў на кантынент, Патрык стаў манахам і дапоўніў сваю адукацыю ў розных кляштарах. Каля 432 г. быў пасвечаны ў біскупы і вярнуўся ў Ірландыю. Ён навярнуў у веру большасць мясцовых валадароў, пры падтрымцы якіх працягваў сваю місійную дзейнасць па ўсёй Ірландыі. Ён засноўваў кляштары, касцёлы і школы, а каля 440 г. сярод аднаго з язычніцкіх плямёнаў арганізаваў першае біскупства. Дзейнасць святога выклікала моцнае супраціўленне з боку язычнікаў-друідаў, а таксама з боку некаторых рыцараў, якія займаліся разбоем на Зялёным Востраве. Дата смерці святога дакладна невядомая, як невядома і месца яго пахавання. На свята Патрыка ў Ірландыі носяць на адзенні трохпялёсткавы лісток канюшыны, з дапамогаю якога святы тлумачыў язычнікам таямніцу Святой Тройцы.

 
18 сакавіка:
святога Кірыла Ерузалемскага,
біскупа і доктара Касцёла.

Нарадзіўся каля 313 г. Каля 350 г. стаў біскупам Ерузалема. Шмат разоў быў вымушаны знаходзіцца ў выгнанні з-за пераследу і паклёпаў з боку арыянаў — вельмі распаўсюджанай у той час ерасі. Захаваліся 24 яго вялікія прамовы, якія з’яўляюцца адным з найважнейшых сведчанняў раннехрысціянскіх поглядаў на сакрамэнты хросту і Эўхарыстыі. Памёр 18 сакавіка 386 г. у Александрыі. З’яўляецца адным з грэцкіх айцоў Касцёла, якога называюць таксама «катэхет».

 
19 сакавіка:
святога Юзафа,
Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.

Усе звесткі пра жыццё святога мы знаходзім у Евангеллі паводле Мацвея і паводле Лукі. Нягледзячы на тое, што іх зусім няшмат, менавіта Абраннік найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца адной з найбольш значных постацяў у хрысціянстве. Па прафесіі ён быў цесляром, жыў і працаваў у Назарэце і быў заручаны з Марыяй. Калі Яна зачала Сына, Юзафу ў сне была аб’яўлена таямніца гэтага Зачацця і даручана місія апекавацца Найсвяцейшай Паннай і Дзіцяткам. Мы бачым Юзафа пры Нараджэнні Збаўцы ў Бэтлеемскай пячоры, падчас Ахвяравання ў святыні, падчас уцёкаў у Егіпет, а таксама ў пілігрымцы ў Ерузалем разам з дванаццацігадовым Езусам і Яго Маці. Гэта апошняя згадка пра святога на старонках Евангелля, з чаго можна зрабіць выснову, што неўзабаве пасля гэтага ён памёр, хоць, магчыма, проста працягваў сціпла жыць дзесь у баку, што было ўласціва яго характару. У наш час вывучэнню асобы і значэння гэтага найсціплейшага са святых у справе адкуплення прысвячаюцца рэгулярныя міжнародныя сімпозіумы. Святы Юзаф быў абвешчаны апекуном Сусветнага Касцёла, а таксама з’яўляецца апекуном паміраючых, нарачоных і працаўнікоў. 1 мая адзначаецца ўспамін св. Юзафа Рамесніка.

Падрыхтаваў кс. д-р Пётр Сялкоўскі