У чарнаўчыцкім касцёле Святой Тройцы, кансэкрацыя якога адбылася ў 1584 годзе, знаходзіўся цудоўны абраз Маці Божай Чарнаўчыцкай – Пані Суцяшэння, якая трымае ў руках белыя лілеі – сведчанне дзявочай чысціні і беззаганнасці. Выява Маці Божай паказана ў лодцы, якая сімвалізуе Касцёл і збаўленне ад граху.

Дзякуючы культу абраза ў Чарнаўчыцах і ваколіцы адбылося шмат цудоўных падзей, і пра гэта сведчыла вялікая колькасць вотаў – вырабаў са срэбра, золата, іншых каштоўнасцяў, якія ўдзячныя людзі, збаўленыя ад хваробаў і нягодаў, прыносілі да цудоўнага абраза Маці Божай Чарнаўчыцкай.

У гады Першай сусветнай вайны, калі касцёл Святой Тройцы належаў праваслаўнай царкве, бацюшка Калінскі вывез у Расію цудатворны абраз Маці Божай Чарнаўчыцкай і яшчэ шмат прадметаў культу разам з пяццю званамі.

Вернікі звярталіся да цара Мікалая ІІ з просьбай аб вяртанні святыні, але і да гэтага часу яна застаецца згубленай.

Пошукі іконы ў гады ваяўнічага атэізму на Беларусі веў ксёндз А. Грыбоўскі. Ён знайшоў і зрабіў павялічаную выяву пячаткі чарнаўчыцкай рыма-каталіцкай парафіі, на якой адлюстраваны вобраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі з цудоўнай іконы.

Праз часопіс вернікі чарнаўчыцкага касцёла Святой Тройцы працягваюць пошукі цудоўнага абраза Маці Божай Чарнаўчыцкай і ўсіх магчымых звестак пра святыню.

Ксёндз Павел Халяўкін,
пробашч касцёла Святой Тройцы ў Чарнаўчыцах.
Тэл. 8-0162-94-57-64 або 8-0296-94-57-64.