Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.

Аб’яўленне — 1. Усё тое, што Бог у сваёй мудрасці і дабрыні пажадаў аб’явіць, гэта значыць адкрыць чалавеку пра сябе. Гэтае адкрыццё адбывалася паступова: з самага пачатку Бог сведчыць пра сябе ў сваіх творах, дае бачыць сябе нашым прабацькам і размаўляе з імі. Затым Ён аб’явіў сябе выбранаму народу як адзіны Бог жывы і праўдзівы, словамі і дзеяннямі, каб Ізраэль, пазнаючы Божыя задумы адносна людзей і дзякуючы таму, што Бог прамаўляў вуснамі прарокаў, разумеў іх усё глыбей і ясней і абвясціў далёка сярод язычніцкіх народаў. Нарэшце, Бог цалкам аб’явіў сябе ў сваім Сыне, спрадвечным і апошнім Слове Айца, пасля якога ўжо не будзе іншага А. Крыніца А., якая з’яўляецца падставай веры народа Божага — гэта Святое Пісанне і Традыцыя Касцёла.
2. Звышнатуральныя з’явы, якія Касцёлам былі прызнаныя праявай Божага дзеяння, напр., аб’яўленні Маці Божай у Люрдзе або ў Фаціме. Часцей за ўсё ў такіх А. Бог нагадвае чалавеку пра неабходнасць жыць паводле Яго запаведзяў. Гэтыя А. не маюць такога прынцыповага значэння, як А., дадзенае ў Святым Пісанні і ў Традыцыі Касцёла, не ўплываюць на веравучэнне і не з’яўляюцца неабходнымі для збаўлення.
3. А. Пана — урачыстасць, якую Касцёл адзначае 6 студзеня, успамінаючы ў гэты дзень пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары: золата, ладан і смірну. Касцёльная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі (адсюль іншая назва свята — Тры Каралі), а іх пакланенне сімвалізуе пачатак Божага А. язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі.

Гісторыя збаўлення — Божы план збаўлення чалавека і ўступлення стварэнняў у дасканалае адзінства Найсвяцейшай Тройцы ў канцы часоў. Божы план паступова і паслядоўна здзяйсняецца ў гісторыі чалавецтва. Пасля грэхападзення першых людзей Бог паабяцаў ім збаўленне (Протаевангелле) і прапанаваў заключыць з імі запавет. Ён заключыў з Ноем вечны запавет паміж сабою і ўсімі жывымі істотамі, і гэты запавет будзе доўжыцца, пакуль існуе свет. Затым Бог выбраў Абрагама і заключыў запавет з ім і яго патомствам, з якога ўтварыў свой выбраны народ і праз Майсея адкрыў яму свой Закон (Дэкалог). Праз прарокаў Бог падрыхтаваў яго да прыняцця збаўлення, прызначанага для ўсяго чалавецтва. Прыйсцем у свет абяцанага Месіі — Езуса Хрыста — распачаўся апошні этап Г. з., які скончыцца Яго другім прыйсцем у хвале, калі адбудзецца суд над светам. Час гэтага суду ведае толькі Айцец. Тады праз свайго Сына Езуса Хрыста Ён скажа сваё апошняе слова пра ўсю гісторыю. Тады мы даведаемся пра канчатковы сэнс усёй справы стварэння і ўсёй Г. з. Часта можна пачуць таксама выраз «эканомія збаўлення», або Божая ці новая эканомія, калі маецца на ўвазе заключны этап Г. з.

Грэхападзенне — гл. першародны грэх.

Запавет — азначае таксама: дамова, заключаны саюз. 1. Саюз, заключаны паміж Богам і чалавекам спачатку праз пасрэдніцтва аднаго выбранага народа, а потым непасрэдна. Праз прынясенне Хрыстом самога сябе ў ахвяру мы атрымалі вечную спадчыну — усынаўленне Богу.
2. Стары і Новы З. — назвы частак Бібліі ў хрысціянаў. Стары З. — першая частка Бібліі, у якой, пачынаючы ад стварэння свету, апісваецца гісторыя праайцоў і выбранага народа. Стары З. быў перш за ўсё скіраваны на падрыхтоўку, на прарочае абвяшчэнне і прадказанне праз розныя правобразы прыйсця Хрыста, Адкупіцеля ўсіх, і яго месіянскага валадарства. Стары З. пачынаецца Пяцікніжжам Майсея і ўключае 46 розных кніг, з якіх вельмі вялікую і значную групу складаюць пісанні прарокаў. Таму выраз «Закон і Прарокі», які сустракаецца ў Евангеллі, азначаў у часы Езуса Хрыста ўвесь Стары З. Новы З. — другая частка Бібліі, у цэнтры якой — новы саюз Бога з чалавецтвам, заключаны ў Крыві Хрыста. Новы З. уключае Евангелле, Дзеі апосталаў, апостальскія пасланні і Аб’яўленне св. Яна — Апакаліпсіс. Бог, натхняльнік і аўтар кніг абодвух З. так мудра ўчыніў, што Новы З. укрыты ў Старым, а Стары З. цалкам раскрываецца ў Новым.

Месія (ад габрэйск. машыах – памазаннік, па-грэцку – Хрыстос) — у Старым Запавеце гэтае слова часцей за ўсё абазначала памазанага караля, радзей — святара. Паступова ў выбраным народзе складаецца вобраз чаканага Збаўцы, прадказанага прарокамі М. — Караля і Святара, правобразам якога з’яўляецца Мельхізэдэк, кароль Салему і святар Бога Найвышэйшага (Быц 14, 17-20). Але нават вучні Езуса, якія бачылі ў Ім чаканага М., спачатку не разумелі да канца значэння Яго памазання, чакаючы ўстанаўлення Яго зямнога валадарства. Толькі пасля ўваскрасення знікаюць усе непаразуменні: Езус, сапраўдны нашчадак караля Давіда, памазаны Духам Святым, каб устанавіць на зямлі Божае Валадарства, праз уваскрасенне ўваходзіць у каралеўскую хвалу. Разам з тым Ён становіцца сапраўдным святаром Новага і Вечнага Запавету, адзіным пасрэднікам паміж Богам і людзьмі, які прынёс сябе самога ў ахвяру Айцу для адкуплення чалавецтва. Таму менавіта гэтае слова, узятае з грэцкай мовы, стала ўласным імем Сына Божага.

Першародны грэх — грэх першых людзей. Вобразнае апісанне гэтага граху знаходзіцца ў трэцім раздзеле кнігі Быцця. Атрымаўшы пры стварэнні ад Бога стан праведнасці, чалавек, аднак, спакушаны сатаною, злоўжыў сваёй свабодай на самым пачатку гісторыі, супрацьпаставіўшы сябе Богу і жадаючы дасягнуць сваёй мэты без Яго. Першы чалавек згубіў першапачатковую святасць і праведнасць, атрыманую ад Бога не толькі для сябе, а і для ўсяго чалавецтва. У выніку гэтага сілы чалавечай натуры аслабленыя, яна знаходзіцца пад уладаю няведання, цярпенняў і панавання смерці і схільная да граху. П. г. перадаецца разам з чалавечай натурай і таму з’яўляецца асабістым грахом кожнага. Пасля грэхападзення Бог не пакінуў чалавека, абяцаючы яму лепшую будучыню (гл. Протаевангелле), таму Езуса Хрыста, які сваёй крывёю знішчыў наступствы П. г., вобразна называюць «новым Адамам». Панна Марыя, «новая Эва», дзякуючы будучым заслугам Яе Сына, першая і адзіная з усіх людзей была захаваная ад плямы П. г. і на працягу ўсяго свайго жыцця з асаблівай Божай ласкі не ўчыніла ніякага граху. Сакрамэнт хросту здымае з чалавека П. г. і адраджае яго да новага жыцця ў Богу.

Протаевангелле (ад грэцк. protos – першы і Евангелле) — «першым Евангеллем» называюць словы з кнігі Быцця (Быц 3, 15), у якіх Бог упершыню прадказвае прабацькам выпраўленне наступстваў першароднага граху. У семені, нашчадку жанчыны, Айцы Касцёла бачылі Збавіцеля, які прыйдзе ў свет. Яны лічылі таксама, што гэтыя словы адносяцца не столькі да Эвы, колькі да той Вялікай Жанчыны, якая, увасабляючы сабою «варожасць» да валадарства сатаны, стала «Слугою Пана» ў здзяйсненні таямніцы ўцелаўлення Сына Божага — Панны Марыі.

Сатана (satanas – лацінізаванае грэцк. слова, якое паходзіць з габрэйск. і азначае праціўнік, непрыяцель, вораг) — тое самае, што і д’ябал — анёл, які разам з іншымі анёламі ўзбунтаваўся супраць Бога, адмовіўшыся дабравольна служыць Яму і Яго задуме, за што яны ўсе былі скінуты з неба (гл. Ап 12, 9). Іх выбар быць праціўнікамі Бога канчатковы, і пасля падзення яны ўжо ніколі не змогуць пакаяцца. С. імкнецца ўцягнуць чалавека ў свой бунт супраць Бога. С., які быў «чалавеказабойцам ад пачатку», а таксама «ілгуном і айцом ілжы» (гл. Ян 8, 44), з-за зайздрасці спакусіў першых людзей і падштурхнуў іх да першароднага граху. Ён спакушаў таксама і Езуса, спрабуючы адвярнуць Яго ад місіі, даручанай Яму Айцом. Аднак моц С. не з’яўляецца неабмежаванай. Нягледзячы на тое, што С. — стварэнне выключна духоўнае, а таму надзвычай разумнае і моцнае, ён ўсё ж такі толькі стварэнне і таму не можа перашкодзіць будаўніцтву Божага Валадарства.

Працяг будзе