Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>


 
СТАЯННЕ

Мы гаварылі пра тое, што пашана да бясконцага ў сваёй велічы Бога патрабуе адпаведнай паставы. Ён такі вялікі, а мы перад Ім такія мізэрныя, што ўсведамленне гэтага праяўляецца таксама і знешне: яно робіць нас малымі, кажа нам укленчыць.

Глыбокая пашана можа, аднак, праяўляцца і іншым чынам. Уяві сабе, што ты прысеў і адпачываеш альбо гутарыш з кім-небудзь. І тут уваходзіць нехта, каго ты лічыш годным найвялікшай пашаны, і звяртаецца да цябе. Ты адразу ж устаў бы, выпраміўся і стаяў бы, слухаючы яго альбо адказваючы яму. Што гэта азначае? Стаянне азначае, найперш, што мы трымаем сябе ў руках. Замест расслабленай вольнай паставы, характэрнай для сядзячага, мы прымаем іншую — стрыманую і падцягнутую. Гэта азначае, што мы становімся ўважлівымі. У стаянні ёсць нейкая напружанасць, чуйнасць. І нарэшце, гэта азначае нашую гатоўнасць да дзеяння, бо той, хто стаіць, можа адразу ж сарвацца з месца і пайсці. Ён можа зараз жа выканаць даручэнне, распачаць працу, як толькі яна яму прадпісваецца.

Гэта другі бок глыбокай пашаны ў адносінах да Бога. У кленчанні яна была малітоўная, агорнутая супакоем, а тут — чуйная, дзейсная. Такую пашану выказвае ўважлівы слуга, узброены воін. Яна праяўляецца ў стаянні.

Мы ўстаем, калі гучыць радасная навіна, — на словы Евангелля падчас святой Імшы. Стаяць хросныя бацькі, калі яны ад імя дзіцяці ўрачыста вызнаюць веру. Стаяць дзеці, калі яны перад прыняццем Першай святой Камуніі аднаўляюць гэтыя ўрачыстыя абяцанні, дадзеныя падчас хросту. Стаяць нарачоныя, калі яны перад алтаром, прамаўляючы словы прысягі аб вернасці, заключаюць сужэнскі саюз. І так адбываецца ў многіх іншых выпадках.

Таксама і кожны асобны чалавек, часам, можа мацней і інтэнсіўней выказаць свой унутраны свет, калі моліцца стоячы. Першыя хрысціяне рабілі гэта ахвотна. Табе, напэўна, вядома выява «Аранта» з рымскіх катакомбаў — выпрастаная постаць, шляхетна спадаюць складкі адзення, шырока прасцёртыя рукі. Чалавек стаіць свабодна, прыстойна, спакойна слухаючы словы і гатовы да радаснага дзеяння.

Часам няма магчымасці ўкленчыць належным чынам, бо пры гэтым адчуваеш сябе заціснутым. Тады добра ўстаць — гэтая пастава дае свабоду. Але толькі стаяць трэба належным чынам! На абедзвюх ступнях, не абапіраючыся. Калені прамыя, ні ў якім разе не расслабленыя. Стаяць выпрастаўшыся і стрымана.

І тады малітва становіцца напружанаю і разам з тым свабоднаю — поўная пашаны і гатоўнасці да дзеяння.

 
ПРАЦЭСІЯ

Ці многія могуць крочыць у працэсіі? У працэсіі няма паспешлівасці і рэзкіх рухаў, але толькі спакойнае і павольнае перамяшчэнне. І гэта не азначае, што яна ледзь сунецца — гэта магутны і рашучы рух наперад. Той, хто крочыць у працэсіі, ідзе на пружыністых нагах, ён не пляцецца. Ідзе, свабодна выпрастаўшыся, не сагнуўшыся.

Гэта высакародная справа — належным чынам крочыць у працэсіі. Свабодна, аднак прыстойна і дысцыплінавана, лёгка і рашуча; чалавек ідзе, выпрастаўшыся, ён здольны несці нагрузку, ідзе спакойны і поўны сілы, якая настойліва вядзе наперад. І адпаведна гэтаму, у залежнасці ад таго, мужчына крочыць ці жанчына, у гэтай сіле праяўляюцца рысы мужнасці альбо грацыёзнасці; ідучы ў працэсіі, чалавек нясе знешні цяжар альбо свой унутраны свет, поўны яснага супакою.

І як гэта цудоўна, калі людзі ўдзельнічаюць у працэсіі вельмі пабожна! Яна можа стаць сапраўдным набажэнствам. Ужо нават толькі тады, калі чалавек крочыць перад Богам, усведамляючы гэта і выказваючы пашану, напрыклад, калі праходзіць па касцёле, доме Найвышэйшага Пана, асаблівым чынам знаходзячыся перад Яго вачыма. Альбо гэта можа быць суправаджэнне Бога, так, напрыклад, як гэта адбываецца, калі мы крочым у працэсіі. Ты, можа, падумаў пра мітуслівую штурханіну, пра шныранне вачыма навокал, пра тое, як прыкра бывае, часам, плесціся ў многіх працэсіях. А працэсія магла б стаць урачыстаю, радаснаю справаю, калі б, суправаджаючы Хрыста па вуліцах горада альбо ўздоўж ніваў, «Ягонай уласнасці», усе ішлі з сэрцамі, напоўненымі малітваю: мужчыны, гатовыя абараняць, і поўныя мацярынскай годнасці жанчыны, дзяўчаты з грацыёзнасцю чыстасці і радаснай маладосці і стрыманыя хлопцы, якія ўтаймавалі свае маладыя сілы...

Так працэсія пакаяння і перапрашэння магла б стаць увасобленаю малітваю! Яна магла б быць уцелаўлёнаю свядомасцю віны і нядолі і ўсё ж падпарадкаванаю хрысціянскаму перакананню, якому вядома: як адна сіла ў чалавеку — спакойная, упэўненая ў сабе воля — мацней за іншыя яго сілы, так і адна моц — Бог жывы — мацней за ўсе няшчасці і ўсе віны. Ці ж не з’яўляецца крочанне ў працэсіі праяўленнем высакароднасці чалавечай істоты? Прамая пастава, сама сабе гаспадыня, сама сябе нясе, спакойна і ўпэўнена — гэта застаецца выключным прывілеем чалавека. Крочыць выпрастаўшыся — значыць, быць чалавекам.

Але мы — нешта большае, чым толькі людзі. «Мы род Божы», — гаворыцца ў Пісанні. З Бога адрадзіліся да новага жыцця. Хрыстус жыве ў нас, і гэта асабліва поўна праяўляецца дзякуючы сакрамэнту Алтара: Ягонае цела існуе ў нашым целе; Ягоная кроў цыркулюе ў нашай крыві. Таму што, «хто есць цела Маё і п’е кроў Маю, ува Мне ёсць і Я ў ім», — сказаў Ён. Хрыстус узрастае ў нас, а мы ўзрастаем у Ім — усё далей, шырэй і вышэй, пакуль не «дарасцем да паўнаты ўзросту Езуса Хрыста», пакуль Ён не «будзе сфармаваны ў нас». І тады ўсё існаванне і спосаб дзеяння, «ядзім мы ці спім, ці займаемся чым-небудзь іншым», праца і забавы, радасць і слёзы — усё стане жыццём Хрыста.

Усведамленне гэтай таямніцы, з усёй яе прыгажосцю і сілай, магло б быць радасна агучана і выказана праз належнае крочанне ў працэсіі. Гэта магло б стаць выкананнем перайначанай у глыбокую алегорыю Божай запаведзі: «Хадзі перада Мною і будзь беззаганны».

Але рабіць гэта трэба са сціплай праўдзівасцю! Толькі з праўды — не з марных і напышлівых імкненняў — можа паходзіць прыгажосць гэтай справы.

Працяг у нумары №4(119) 2005 >>>

Пераклад з нямецкай мовы І. Бурак