«Самы ўрачысты момант у маім жыцці — гэта хвіліна, калі я прымаю Святую Камунію. Я сумую па кожнай Святой Камуніі і за кожную Святую Камунію дзякую Найсвяцейшай Тройцы» (Дз 1804).

Сёння я рыхтуюся да прыходу Караля.
Хто я, і хто Ты, о Пане, Валадар хвалы, неўміручай хвалы.
Сэрца маё, ці ўсведамляеш ты, хто сёння прыйдзе да цябе?
Так, я ведаю пра гэта,
але, што дзіўна, не магу гэтага зразумець.

О, калі б гэта быў толькі кароль,
але ж гэта Кароль каралёў, Валадар валадароў.
Перад Ім дрыжыць усялякая сіла і ўлада.
Сёння Ён прыходзіць да майго сэрца.

Я чую, што Ён набліжаецца,
выходжу Яму насустрач і запрашаю Яго.
Калі Ён увайшоў у святліцу майго сэрца,
мая душа праніклася такою вялікаю пашанаю,
што ад хвалявання самлела, падаючы да Яго ног.

Езус падаў ёй сваю руку і ласкава дазволіў сесці каля сябе.
Суцяшаў яе, кажучы:
«Бачыш, Я пакінуў нябесны трон,
каб паяднацца з табою.
Тое, што бачыш — усяго толькі мізэрная частка,
а твая душа ўжо млее ад любові,
але як жа будзе ўражана тваё сэрца,
калі ты ўбачыш Мяне ва ўсёй хвале!
Але гэтае вечнае жыццё ты павінна пачаць ужо тут, на зямлі,
праз Святую Камунію.
Кожная Святая Камунія робіць цябе больш здольнаю
да вечнага прабывання з Богам».