З даўна пілігрымы, якія дабіраліся да Святой Зямлі, імкнуліся наведаць Назарэт, горад, дзе была абвешчана Добрая Навіна аб нараджэнні Божага Сына. Праслаўлены на вякі горад размешчаны ў нагорнай лагчыне, сціснутай двума хрыбтамі Галілейскіх гор, якія надаюць старому Назарэту выгляд кветкі (па-габрэйску – neser, ад гэтага слова, хутчэй за ўсё, і паходзіць назва горада). У Старым Запавеце Назарэт зусім не згадваецца, і ўвогуле горад быў такім нязначным, што пра яго казалі: «Ці ж можа быць што добрае з Назарэту?» (гл. Ян 1, 46). Затое гэты горад не раз згадваецца ў Новым Запавеце. Упершыню ён з’яўляецца на старонках Евангелля пры апісанні Звеставання: «У шосты ж месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда; імя Дзевы – Марыя» (гл. Лк 1, 26–27). Як апавядае адно са старажытных мясцовых паданняў, першае Звеставанне Багародзіцы адбылося каля крыніцы, дзе Марыя набірала ваду і пачула словы: «Вітай, поўная ласкі». Усё іншае, аб чым апавядае евангеліст Лука (1, 30–38), адбылося пазней, калі Яна вярнулася ў свой дом. Гэтаю крыніцаю тады карысталіся ўсе жыхары горада. Потым Назарэт набывае славу дзякуючы Езусу Хрысту, які «рос і ўмацоўваўся, і напаўняўся мудрасцю» (пар. Лк 2, 40) у сціплым доме рамесніка Юзафа, зробленым, як усе дамы ў Юдэі і Галілеі, у тоўшчы вапнянай скалы з пячоры, прыстасаванай для жылля. Куды б ні накіроўвалася Святая Сям’я (у Бэтлеем на перапіс насельніцтва, у Ерузалем для ахвяравання першынца Богу або на свята Пасхі), яна заўсёды вярталася ў Назарэт. Менавіта адсюль пойдзе Езус, каб распачаць сваю публічную дзейнасць, і нават будзе насіць мянушку «Назаранін».

Сваякі пабожнага Юзафа-Абранніка жылі ў Назарэце доўгі час пасля Унебаўшэсця Збаўцы. Адзін з іх, Конан, ерузалемскі дыякан, у 249 г. у часы панавання рымскага імператара Дэцыя, пабудаваў на месцы памятнага дома святыню. Аб гэтым сведчыць мазаічны надпіс, знойдзены ў канцы ХІХ ст. падчас раскопкаў. У IV ст. імператар Канстанцін Вялікі даручыў аднаму са сваіх намеснікаў – Юзафу, які кіраваў у Тыверыядзе, пабудаваць тут базыліку, што і было зроблена ў 352 г. Уварванне персаў у Палестыну ў 614 г., на шчасце, абмінула Галілею, і назарэцкая святыня Звеставання пазбегла зруйнавання. Яшчэ ў 670 г. пра яе ўзгадвалі пілігрымы. Але замахі з боку мусульманаў зруйнаваць святыню былі неаднаразовыя, і мясцовым хрысціянам часта даводзілася адкупляцца вялікімі грашыма. Крыжакі знайшлі базыліку ўжо ў руінах. Аднаўленнем базылікі Звеставання ў 1112 г. заняўся славуты рыцар Танкрэд. Ён адрамантаваў базыліку, часткова выкарыстаўшы рэшткі ранейшай: адроджаная святыня стала лічыцца саборнай, у Назарэт была перанесена мітраполія з Скіфопаля (Вефсан), і каталіцкі біскуп заснаваў тут сваю рэзідэнцыю ў кляштары пры базыліцы Звеставання.

На жаль, спакой у Назарэце панаваў нядоўга. У 1263 г. войскі егіпецкага султана Бібарса ўварваліся ў горад і прымусам хацелі перавесці ўсіх жыхароў у іслам. За адмову мужных хрысціянаў катавалі і каралі смерцю, а іх святыні знішчалі. Базыліка Звеставання доўгі час ляжала ў руінах, адбудоўваць яе пачалі толькі ў 1620 г., калі ў Назарэце пасяліліся францішканцы. Але ў 1638 г. святыню зноў разбурылі арабы качэўнікі. Працы па аднаўленні святыні і кляштара распачаліся дзесьці праз стагоддзе. Новапабудаваная базыліка Звеставання і кляштар пры ёй захоўваліся амаль што без зменаў да сярэдзіны ХІХ ст.

Апошняя вельмі вялікая базыліка, пятая па ліку, узведзеная над домам Юзафа і Марыі, у якім і адбылося Звеставанне, спраектаваная італьянскім архітэктарам Джавані Муцыо ў 1969 г. Пад скляпеннямі велічнай базылікі, у былым доме Святой Сям’і, на падлозе змешчана мармуровая зорка з надпісам: «Тут слова сталася Целам»...



Падрыхтавала Іна Ламака