На 48-м годзе жыцця мяне напаткала хвароба: без болю пачалі нямець і аднімацца рукі і ногі. Дактары, да якіх звярнулася ў першы год хваробы, паставілі дыягназ «остэахандроз», што было памылкай. На працягу наступных двух гадоў хвароба прагрэсавала і я хадзіла ўжо толькі на працу, з цяжкасцю дабіраючыся да яе. У канцы 1989 г. настаў дзень, калі не змагла выйсці з дому.

Трапіла ў шпіталь, дзе ўрачы з вялікім вопытам работы, спецыялісты высокага класа зрабілі правільны дыягназ. Але прысуд быў сумны: патрэбны дзве аперацыі, аднак яны толькі могуць прыпыніць прагрэсаванне хваробы. У гэты час я магла хадзіць толькі па пакоі, трымаючыся за сценкі правай рукой, бо левая амаль цалкам знямела.

Перанёсшы дзве аперацыі, прабыўшы ў бальніцы 4 месяцы, вярнулася ў красавіку дамоў, а ў кастрычніку выйшла на працу і працавала яшчэ 12 гадоў.

Аналізуючы ўвесь той мой шлях з восені 1987 г. да восені 1990 г., успамінаючы ўсе свае паходы да розных шматлікіх урачоў і нават экстрасэнсаў, зразумела тады ж, у 1990 годзе, хто быў маім выратавальнікам – гэта Пан Бог, Матачка Божая і найперш Яе цудоўны абраз Нястомнай Дапамогі. Гэта яны на працягу 1989 г. вывелі мяне да новых урачоў і іх рукамі выратавалі, падараваўшы жыццё з верай, з Касцёлам.

Абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі мне падаравала мама. Нас у мамы 4 дачкі. Аднойчы, калі ў чарговую суботу мы сабраліся дома, мама сказала: «Дачушкі, хто з вас возьме падарунак, не пытаючыся які, і будзе яго берагчы?» Першай азвалася я, і абраз дастаўся мне (гэта было, здаецца, у 1978 або 76-м годзе).

З таго часу абраз быў заўсёды са мной. Але тады, бываючы ў камандзіроўках у Вільні або Заходняй Беларусі, я заходзіла ў касцёл фактычна як у музей. Была веруючай, але маліцца ў касцёле, прысутнічаць на Імшы баялася, за што страшэнна сорамна да сённяшняга дня. У 1989 годзе пачала прыходзіць у касцёл, але потым ужо не магла дабрацца да яго. І калі ўвосень 1990 года змагла даехаць і дайсці да касцёла на Кальварыі, то ўсю дарогу плакала ад шчасця, што іду самастойна.

Калі пераставала хадзіць з-за хваробы, то ўвесь час праводзіла ў пакоі, і адзінай маёй малітвай былі «Ойча наш» і «Вітай, Марыя», якім навучыла ў дзяцінстве мама. І заўсёды побач, а ў асноўным перада мною, быў адзіны ў той час у маёй кватэры абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Толькі Яе апекай можна растлумачыць маё цудоўнае выздараўленне насуперак сумнаму прагнозу ўрачоў, якія мелі вялікі вопыт, высокую кваліфікацыю і зрабілі мноства такіх аперацый.

І яшчэ, хаця ў мяне была цікавая і любімая мною праца, цікавыя паездкі, але жыццё маё да хваробы без касцёла было падобна на шэры асфальт у параўнанні з сённяшнім днём, асветленым верай і Касцёлам.

Н. В.
Парафіянка мінскай архікатэдры імя Найсвяцейшай Панны Марыі