У кожную суботу і нядзелю дзеці нашай парафіі прыходзяць на катэхетычныя заняткі. Як і кожны год, ёсць сярод іх і група хлопчыкаў, і дзяўчынак, якія рыхтуюцца да Першай святой Камуніі. Гэтыя дзеці асабліва ахвотна наведваюць заняткі, з радасцю пазнаюць новае пра Езуса і Евангелле, з нецярплівасцю чакаюць свята Першай Камуніі. Праўда, шкада, што не ўсе яны рэгулярна ўдзельнічаюць у нядзельнай святой Імшы. На жаль, знаходзяцца нейкія важныя і не вельмі важныя прычыны, якія перашкаджаюць ім разам з бацькамі прыйсці на святую Імшу. Гэта не можа не засмучаць, бо ўдзел у святой Імшы – найлепшая падрыхтоўка да сустрэчы з Езусам Эўхарыстычным. І нідзе лепш дзеці не навучацца з трапяткой радасцю ў сэрцы чакаць таго дня, калі яны, як і іншыя парафіяне, змогуць цалкам удзельнічаць у святой Імшы, г.зн. з’яднацца з жывым, сапраўдным Богам у святой Камуніі.

Вельмі люблю гэты час падрыхтоўкі і люблю таксама ў дзень Першай святой Камуніі глядзець на дзяцей, чыё прыгожае белае адзенне сведчыць пра чыстыя сэрцы, гатовыя прыняць самога Бога. І таму заўсёды хочацца як найлепш падрыхтаваць іх да гэтай падзеі. Але ўжо цяпер радасць чакання таго незвычайнага дня пераплятаецца ў маім сэрцы з болем, бо не магу не думаць і пра тых дзяцей, якіх я рыхтавала да Першай споведзі летась, пазалетась, некалькі гадоў таму... Што сталася з некаторымі, і чаму я не бачу іх цяпер у касцёле, на катэхезе? Чаму іх няма? Можа, я зрабіла нейкую памылку, калі рыхтавала іх да Першай споведзі? А калі не я, то, можа, хтосьці іншы зрабіў тую памылку? Можа, я не была добрым сведкам Евангелля? Можа, не змагла ярка, даходліва распавесці дзецям пра Езуса Хрыста і пераканаць іх, што толькі Ён з’яўляецца Праўдай, якая ніколі не змяняецца? Што толькі Ён – адзіная Дарога, здольная прывесці нас да шчасця, якога прагне кожны чалавек, – да неба? Што толькі Езус можа даць нам вечнае жыццё? Думаю, не толькі мяне, але і многіх іншых катэхетаў трывожаць падобныя пытанні.

А бацькі? Цікава, ці задаюць сабе такія пытанні тыя бацькі, чые дзеці перасталі хадзіць у касцёл, спавядацца, сустракацца з Езусам Эўхарыстычным?

Адна сястра распавядала мне, як яна рыхтавала дзяўчынку Аню да Першай споведзі. Аня з радасцю паглынала ўсё пачутае на занятках, задавала шмат пытанняў, тым больш што такая магчымасць была: яе, старэйшую за іншых дзяцей, сястра рыхтавала індывідуальна. Ішоў час, набліжаўся дзень Першай споведзі. Аднаго разу Аня расплакалася на занятках і сказала, што яна не зможа прыступіць да споведзі.

– Але чаму? Што здарылася? – занепакоілася сястра.

Аня заплакала:

– Мае бацькі не ходзяць у касцёл. Кожную нядзелю яны выязджаюць у вёску і цяпер толькі чакаюць таго дня, калі я нарэшце прыму Першую святую Камунію, каб потым спакойна забіраць і мяне з сабой. Я ўжо цяпер ведаю, што не змагу кожную нядзелю быць на Імшы. Дык як жа я пайду да споведзі, загадзя ведаючы, што буду грашыць супраць трэцяй запаведзі:«Памятай дзень святы святкаваць»?

Дарагія бацькі! Вельмі гэта важна, каб мы, дарослыя, ніколі не былі перашкодаю на дарозе нашых дзяцей да Пана Бога. Наадварот, мы павінны быць для іх падтрымкаю на гэтым шляху, мы самі павінны паказваць ім дарогу, што вядзе да касцёла, самі разам з імі ісці па ёй і стаць для дзяцей прыкладам. Хто, як не бацькі, павінны быць разам са сваімі дзецьмі на святой Імшы, маліцца за іх і разам з імі?

Добра, вядома, калі бабуля апякуецца рэлігійным выхаваннем сваіх унукаў. Але калі хлопчык альбо дзяўчынка бачаць, што мама і тата заўсёды знаходзяць нейкія важнейшыя для сябе справы, а касцёл для іх застаецца чымсьці другасным, то хіба ў дзяцей можа ўзнікнуць трывалая ахвота быць у касцёле? Дарагія бацькі! Не адкладвайце сваю патрэбу быць у касцёле на пенсійны ўзрост, бо тады ўжо ёсць небяспека спазніцца на сустрэчу з Богам.

Ведаю, ёсць і такія бацькі, якія не толькі самі не ходзяць у касцёл, але нават забараняюць сваім дзецям практыкаваць хрысціянскую веру. З гэтымі яшчэ цяжэй, і гаварыць ім штосьці на старонках нашага каталіцкага часопіса — дарэмна. Яны гэтага не прачытаюць. За іх я малюся і прашу ў Бога дапамагчы ім зразумець, як цяжка яны грашаць, самі становячыся перашкодаю на шляху сваіх жа дзяцей да вечнага жыцця. Маліцца за такіх бацькоў я заахвочваю і ўсіх чытачоў часопіса «Ave Maria».

Святы Айцец Ян Павел ІІ абвясціў 2005 год Годам Эўхарыстыі. Няхай гэты час стане для ўсіх нас паглыбленнем нашых сувязяў з Езусам Эўхарыстычным. Няхай наш удзел у Эўхарыстыі будзе штораз больш свядомы, поўны. Няхай сустрэчы з Езусам Эўхарыстычным перамяняюць наша асабістае жыццё, жыццё нашых сем’яў і ўсёй нашай Бацькаўшчыны.

Сястра Марыя Магдалена CR,
парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку