Апостальскі нунцый арцыбіскуп Марцін Відавіч нарадзіўся 15 ліпеня 1953 г. у Відоніі, у вобласці Дуброўнік-Нерэтва ў Харватыі.

Быў пасвечаны ў святары 28 мая 1989 г. з інкардынацыяй у Спліт-Макарскай дыяцэзіі.

Абараніў ліцэнцыят па Кананічным Праве.

З 1983 да 1994 г. працаваў рэдактарам харвацкай праграмы Радыё Ватыкана.

19 верасня 1994 года паступіў на службу Апостальскай Сталіцы ў Аддзеле агульных справаў Дзяржаўнага сакратарыяту.

З 1994 да 1999 г. быў сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Босніі і Герцагавіне, а з 2001 г. уваходзіць таксама ў Пастырскую раду «Peregrinatio ad Petri Sedem» (Паломніцтва да Сталіцы св. Пятра).

15 верасня 2004 г. Святы Айцец прызначыў Апостальскім нунцыем у Беларусі вялебнага монсіньёра Марціна Відавіча, афіцыяла Дзяржаўнага сакратарыяту, адначасова ўзвёўшы яго на тытулярны пасад Ноны ў годнасці арцыбіскупа.

21 лістапада 2004 г. адбылася біскупская кансэкрацыя Марціна Відавіча.

Ведае італьянскую, рускую, французскую, іспанскую і нямецкую мовы.
 
18 лютага 2005 г. Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч уручыў даверчыя граматы Прэзідэнту краіны А. Лукашэнку. Гэтая падзея стала чарговым важным этапам у адносінах паміж Беларуссю і Святым Пасадам, якія сам новы прадстаўнік Святога Айца ахарактарызаваў як станоўчыя.

Каб атрымаць больш поўнае ўяўленне пра абавязкі і дзейнасць нунцыя, мы папрасілі Яго Эксцэленцыю Марціна Відавіча сказаць пра гэта некалькі словаў, на што ён ласкава згадзіўся.

Перш за ўсё Апостальскі нунцый растлумачыў сутнасць свайго служэння: «Дыпламатыя Святога Пасаду, ці Апостальскай Сталіцы, мае доўгую гісторыю. Яна з’яўляецца працягам дзейнасці прадстаўнікоў Біскупаў Рыма, гэта значыць Папаў, і пачала здзяйсняцца на касцёльным і грамадскім узроўнях адразу пасля таго, як хрысціянства атрымала свабоду ад рымскага цэзара Канстанціна ў далёкім 313 годзе. Гэтая дзейнасць асаблівым чынам развівалася на працягу стагоддзяў, ідучы нага ў нагу з фармаваннем і ўзрастаннем міжнароднай супольнасці і з паступовым станаўленнем міжнароднага права. Варта адзначыць, што міжнародны суверэнітэт Святога Пасаду адрозніваецца ад міжнароднага суверэнітэту Дзяржавы Горада Ватыкана. Сапраўды, існуюць два розныя суб’екты, кожны з якіх сам па сабе з’яўляецца суб’ектам міжнароднага права. Сучасная структура Апостальскіх нунцыятураў, гэта значыць, пасольстваў Апостальскай Сталіцы, склалася ў XV — XVI стст. Місія Апостальскага нунцыя (пасла Апостальскай Сталіцы) выразна акрэслена ў Кодэксе Кананічнага Права, а таксама іншымі нормамі, якія датычаць папскіх прадстаўнікоў. Яны вызначаюць таксама і мае абавязкі ў Беларусі. Каб акрэсліць працу нунцыя ў некалькіх словах, можна сказаць, што яна вядзецца ў дзвюх сферах: прадстаўніка Папы пры Каталіцкім Касцёле ў краіне, у якой нунцый ажыццяўляе сваю дзейнасць, а таксама прадстаўніка Папы ў дзяржаве, у якой ён акрэдытаваны. Такім чынам відавочна, што абавязкі нунцыя маюць рэлігійны характар у адносінах да Касцёла, а таксама дыпламатычны і палітычны характар у адносінах да дзяржаўных уладаў. У гэтых накірунках будзе ажыццяўляцца таксама і мая праца ў Беларусі».

Гаворачы пра ролю Касцёла ў Беларусі, Марцін Відавіч у прыватнасці адзначыў: «Каталіцкі Касцёл існуе ва ўсім свеце, таксама і ў Беларусі. Калі паглядзець на лічбы, няцяжка заўважыць, што каталікі складаюць значны працэнт беларускага насельніцтва. Вядома, што слаўная гісторыя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі налічвае шмат стагоддзяў. Як у іншых краінах, таксама і тут каталікі ўдзельнічаюць у жыцці сваёй Радзімы разам з іншымі суайчыннікамі і з імі падзяляюць лёс уласнай Бацькаўшчыны».

Прадстаўнік Святога Айца лічыць, што адносіны паміж Святым Пасадам і Беларуссю, якія сягаюць сваімі каранямі ў далёкае мінулае, павінны пазітыўна развівацца і ў далейшым: «Каталіцкі Касцёл у Беларусі з’яўляецца часткай Сусветнага Касцёла, які ўзначальвае Наступнік святога Пятра — Папа. У мінулым сувязі паміж Святым Пасадам і тымі тэрыторыямі, якія цяпер уваходзяць у склад беларускай дзяржавы, былі дастаткова інтэнсіўнымі. З пункту гледжання геаграфічнага становішча Беларусь знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы. Лёс народа гэтай краіны заўсёды ў сэрцы Папы: як учора, так і сёння, і таксама ў будучыні. Я быў бы вельмі задаволены, каб стаў магчымым візіт Святога Айца ў Беларусь, хоць гэта залежыць ад многіх фактараў. З пункту гледжання дыпламатыі Беларусь — адна са 174 дзяржаваў свету, якія падтрымліваюць са Святым Пасадам дыпламатычныя адносіны на ўзроўні пасольстваў. Варта асабліва адзначыць, што ў дзейнасці Святога Пасаду ў Беларусі адным з прыярытэтных накірункаў з’яўляецца працяг і развіццё экуменічнага дыялогу, у першую чаргу з Праваслаўнай Царквою. Пасля майго прыбыцця ў Мінск я адразу ўстанавіў належныя кантакты з кампетэнтнымі ўладамі, згодна з нормамі міжнароднага права. Найбольш важным з гэтых першых крокаў, безумоўна, з’яўляецца ўручэнне даверчых граматаў галаве дзяржавы спадару Аляксандру Лукашэнку. Што ж датычыць маёй будучай працы, то я гляджу на яе з надзеяй і аптымізмам».

Рэд.

Гл. таксама
«Біскупская кансэкрацыя новапрызначанага Апостальскага нунцыя ў Беларусі» (№12/115 2004)