У спісе пабожных учынкаў, з якімі звязана магчымасць атрымаць поўны ці частковы адпуст, ажно 70 пунктаў. З нагоды абвяшчэння Года Эўхарыстыі Ян Павел ІІ увёў новыя адпусты. Яны звязаны з некаторымі формамі культу Найсвяцейшага Сакрамэнта. Да канца кастрычніка гэтага года ёсць магчымасць іх атрымаць.

У Год Эўхарыстыі вернікі могуць атрымаць поўны адпуст кожны раз, калі з павагай прымуць удзел у нейкім абрадзе (альбо адарацыі) ці набажэнстве на ўшанаванне Найсвяцейшага Сакрамэнта, урачыста выстаўленага альбо ўкрытага ў табэрнакулюме. Неабходна выканаць звычайныя ўмовы, абавязковыя для атрымання поўнага адпусту, а менавіта: прыступіць да споведзі, прыняць cвятую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца, пазбавіцца ад прывязанасці да якога-небудзь граху.

Спецыяльны адпуст могуць атрымаць таксама духоўныя асобы, члены інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыствы апостальскага жыцця, а таксама іншыя вернікі, якія прынялі на сябе абавязак маліцца Літургію гадзінаў (малітва брэвіярыя), калі яны памоляцца яе перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Адпуст могуць атрымаць таксама тыя, хто прызвычаіўся да такой малітвы з-за чыстай пабожнасці, калі вечарам моляцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам Нешпары і Камплету (вячэрняя малітва брэвіярыя). Гэта можна зрабіць у супольнасці альбо індывідуальна.

У дэкрэце «Miraculorum Maximum», які абвяшчае спецыяльныя адпусты, не абмінаюцца ўвагай таксама людзі, якія з-за хваробы альбо па іншых уважлівых прычынах не могуць адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт у касцёле. Каб атрымаць адпуст, яны павінны «духоўна наведаць Найсвяцейшы Сакрамэнт імкненнем сэрца, а таксама адгаварыць Малітву Панскую і «Веру ў Бога...», дадаць заклік да Езуса Сакрамэнтальнага». І, зразумела, выканаць звычайныя ўмовы для атрымання адпусту. А калі яны не могуць зрабіць нават гэтага, дастаткова, каб яны, «яднаючыся ўнутраным імкненнем з тымі, хто практыкуе ў звычайнай форме дзеянні, прадугледжаныя для атрымання адпусту, ахвяравалі Міласэрнаму Богу хваробу і праблемы свайго жыцця».

Вяслава Дамброўская-Мацура,
«Gość niedzielny», № 5/2005.
Пераклад з польскай мовы
Т. Мухляды