«Час, ахвяраваны Хрысту, ніколі не будзе страчаным, але будзе тым часам, які атрымліваем для таго, каб надаць больш глыбокі чалавечы характар нашым адносінам з іншымі i нашаму жыццю».
Ян Павел II

Кожную нядзелю вернікі на Імшы ўшаноўваюць таямніцу Уваскрэсення Езуса Хрыста. Мы, вядома, усе ведаем Божую запаведзь: «Памятай святы дзень святкаваць». Хацелася б прачытаць на старонках часопіса «Ave Maria», як менавіта трэба яго святкаваць, бо некаторыя кажуць, што ў нядзелю нельга нічога рабіць, нават у краму схадзіць і то непажадана. Іншыя ж у нядзелю працуюць на лецішчах і кажуць, што галоўнае – выкраіць час, каб пабыць на святой Імшы. Для яшчэ кагосьці лепшае правядзенне нядзельнага часу – схадзіць на базар ды прыдбаць абноўку альбо проста паглядзець, што там прадаюць. А я з дзяцінства памятаю, як мама вучыла: «У нядзелю ні ў якім разе нельга штосьці нажніцамі рэзаць альбо зашываць, нават калі яно моцна парвалася. Лепш ужо тое адзенне зняць ды адзець штосьці іншае». Дык растлумачце нам, калі ласка, як найлепш святкаваць нядзелю і што ў гэты дзень можна рабіць, а чаго нельга.

Паўліна Ф., г. Паставы.

На пытанне адказвае ксёндз Ян КРЭМІС, доктар тэалогіі, віцэ-рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Сярод шматлікіх прычынаў страты рэлігійна-культавага характару нядзелі галоўнаю з’яўляецца тая, што ў людзей знікае ўсведамленне ўдзячнасці Богу. Ніхто не аспрэчвае неабходнасці мець вольны ад працы дзень, аднак важнай праблемай становіцца спосаб выкарыстання гэтага часу, асабліва ў рэлігійным сэнсе.

Сучаснае грамадства вельмі адрозніваецца ад таго, якое было некалькі стагоддзяў назад. Змены ў свеце паўплывалі таксама на цэлебрацыю нядзелі. Чалавек, які жыве ў грамадстве, дзе пануе закон прадуктыўнасці, паволі губляе ўражлівасць на духоўныя і сакральныя каштоўнасці, і гэта вядзе да паслаблення сувязі з Богам.

Дэхрысціянізацыя – адна з заўважаных рысаў сучаснай культуры. Яна выяўляецца ў занядбанні рэлігійных звычаяў, а таксама тых знешніх рэлігійных наказаў, да якіх несумненна належыць абавязак святкавання нядзелі як Дня Пана1.

У Апостальскім лісце аб святкаванні нядзелі Dies Domini Святы Айцец звяртае ўвагу на некаторыя абумоўленасці сучаснага свету, якія датычаць сапраўднага перажывання Дня Пана. Ян Павел ІІ піша: «Для хрысціянаў будзе ненармальным, калі нядзеля – дзень свята i радасці, не будзе таксама днём адпачынку»2.

У цэнтры святкавання нядзелі знаходзіцца пасхальная містэрыя Хрыста, якую Касцёл узгадвае i ўшаноўвае ў справаванні Эўхарыстыі. З першых стагоддзяў у свядомасці хрысціянаў існавала перакананне, што нядзеля з’яўляецца выключным днём, прысвечаным Пану, аднак да III стагоддзя не сустракаецца выразных выказванняў Касцёла адносна абавязку святкавання нядзелі. Напэўна, гэта звязана з глыбокім унутраным перакананнем першых хрысціянаў у тым, што Хрыстус уваскрос у першы дзень пасля шабату i гэты дзень павінен быць асаблівым чынам прысвечаны Пану.

У канцы Сярэднявечча наказ святкавання заключаўся ў падвойным абавязку: удзеле ў Эўхарыстыі, а таксама ва ўстрыманні ад працы. Гэта прывяло да ўзнікнення пытання аб «неабходным мінімуме» для выканання хрысціянскага абавязку. Перыяд казуістыкі стаў новым этапам у разуменні абавязку святкавання Дня Пана, аднак па-ранейшаму не было адказу на неабходны «мінімум», а таксама ўдакладнення таго, што з’яўляецца грахом3. Толькі з 1917 года Кодэкс Кананічнага Права акрэсліў гэты абавязак у форме паўсюднага права4. Пералічваючы святы, Кодэкс у першую чаргу ўказаў на хрысціянскае святкаванне нядзелі, а таксама падкрэсліў, што парушэнне гэтага патрабавання лічыцца грахом5.

Сёння Касцёл вучыць, што «нядзеля, у часе якой ушаноўваецца пасхальная таямніца, на падставе апостальскай традыцыі павінна адзначацца ва ўсім Касцёле як самы старажытны абавязковы святочны дзень. [...] У нядзелю, а таксама ў іншыя ўстаноўленыя святочныя дні вернікі абавязаны ўдзельнічаць у святой Імшы [...]. Абавязак удзелу ў св. Імшы выконвае той, хто ў ёй удзельнічае, дзе б яна ні цэлебравалася ў каталіцкім абрадзе»6. Аднак той, хто дабравольна занядбоўвае абавязак удзелу ў нядзельнай Эўхарыстыі, здзяйсняе грэх i пры гэтым цяжкі грэх7. У нядзелю хрысціяне таксама абавязаны ўстрымлівацца ад выканання той працы і заняткаў, якія ўскладняюць магчымасць аддаваць пашану Богу, і адначасова павінны мець духоўны і фізічны адпачынак8, які дазваляе захаваць адпаведныя прапорцыі паміж штодзённымі заняткамі і клопатамі9 .

Падводзячы вынікі, хацелася б пажадаць усім вернікам, каб абавязак святкавання нядзелі, акрэслены Касцёлам ў форме паўсюднага права, быў глыбока духоўным абавязкам, які вынікае з патрэбы сэрца, а нядзельны адпачынак разумеўся як неабходнасць, што вынікае з патрэбы аддаваць пашану Богу, слухаючы Яго Слова і ўдзельнічаючы ў Эўхарыстыі.

  1. Пар. D. Olszewski. Dechrystianizacja. W: Słownik Teologiczny. Red. A. Zuberbier. Katowice 1998, s. 113.
  2. Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст аб святкаванні нядзелі Dies Domini, № 64.
  3. Пар. J. Trigo. Nakaz niedzielny: Udział w Eucharystii i powstrzymanie się od pracy. «Communio» 15:1995, s. 79–81.
  4. Пар. Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст аб святкаванні нядзелі Dies Domini, № 47.
  5. Пар. I. Grabowski. Prawo Kanoniczne. Lwów 1927, s. 494.
  6. Кодэкс Кананічнага Права кан. 1246–1248.
  7. Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, № 2181.
  8. Пар. Кодэкс Кананічнага Права кан. 1247.
  9. Пар. Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст аб святкаванні нядзелі Dies Domini, № 67.