28 студзеня 2005 года ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску адбылося ўрачыстае святкаванне з нагоды патранальнага свята семінарыі.

Урачыстасць распачалася ў семінарыйнай капліцы святой Імшой, якую цэлебраваў Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк разам з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоніем Дзям’янкам, а таксама з святарамі-выхавацелямі і запрошанымі гасцямі.

Рэктар семінарыі кс. д-р Ян Саламон на пачатку цэлебрацыі літургіі сардэчна прывітаў усіх прысутных, а таксама заахвоціў да супольнай малітвы. Біскуп Антоні Дзям’янка ў казанні прыгадаў пра тое, што навука святога Тамаша Аквінскага, які жыў у ХІІІ стагоддзі і быў найбольш святым сярод вучоных і найбольш вучоным сярод святых, актуальная і сёння.

Падчас святой Імшы ўсе прысутныя маліліся праз заступніцтва святога Тамаша аб Божым благаслаўленні для Духоўнай семінарыі ў Пінску, якая з’яўляецца адной з дзвюх вышэйшых навучальных каталіцкіх установаў Беларусі па падрыхтоўцы будучых святароў – служыцеляў Слова і Эўхарыстыі.

Другой часткай патранальнага святкавання была святочная музычная праграма, падчас якой семінарысты падзякавалі кардыналу Казіміру Свёнтку за прысутнасць і супольную малітву, а таксама павіншавалі біскупа Антонія Дзям’янку з яго нядаўным прызначэннем дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На заканчэнне ўрачыстасці кардынал Казімір Свёнтэк удзяліў усім пастырскае благаслаўленне, а біскуп Антоні падараваў семінарыстам ружанцы і бенедыктынскія медалікі.