На працягу некалькіх гадоў айцец Джозэфіно Рамірэс з ордэна місіянераў Найсвяцейшага Сакрамэнту дасылае лісты свайму сябру ксяндзу Тамашу, які працуе на Філіпінах. У іх ён пераконвае сябра ў неабходнасці бесперапыннай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў парафіі. Вось урыўкі з некаторых лістоў.

 
ШЧАСЛІВЫЯ, ХТО НЕ БАЧЫЎ, АЛЕ ПАВЕРЫЎ

Свята св. апостала Тамаша
3 ліпеня 1993 г.

Дарагі Тамаш, з днём Анёла!

Штосьці цікавае адбылося са мною пару гадоў таму. І аб гэтым я вырашыў напісаць табе сёння. Здарылася так, што а. Марцін Лючыя і я паехалі на рэкалекцыі разам. Паколькі я вельмі прастыў і кашляў, а. Марцін параіў мне выпіць крышку каньяку, каб заснуць. Але я не захапіў будзільнік і турбаваўся, што не прачнуся а 3-й гадзіне раніцы на святую гадзіну з Езусам Хрыстом у Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Айцец Марцін запэўніваў, што Бог знойдзе спосаб разбудзіць мяне, і я выпіў. А 3-й гадзіне раніцы я прачнуўся ад моцнага стуку — хтосьці калаціў у дзверы. Якім жа было маё здзіўленне, калі, адчыніўшы іх, я ўбачыў сабаку. Ён увайшоў у дом, падняўся па сходах і пачаў стукаць хвастом у дзверы. На другі дзень я даведаўся, што сабака раней ніколі не заходзіў у дом.

Я раздумваў. Калі Бог можа выкарыстоўваць сабаку, каб прывесці мяне на маю святую гадзіну, то ці не можа Ён, дарагі Тамаш, выкарыстаць мяне, каб наблізіць цябе да Найсвяцейшага Сакрамэнту? Я хачу працягваць пісаць табе свае лісты, стукаючы на машынцы, як той сабака, што працягваў настойліва стукаць у мае дзверы. Я буду рабіць гэта так доўга, пакуль ты, ласкаю Божаю, не пачнеш штодзённа адпраўляць сваю святую гадзіну і не будзеш мець у тваёй парафіі бесперапыннай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Гэта пытанне веры, веры ў тое, што Найсвяцейшы Сакрамэнт — гэта сапраўдны Езус, які тут, з намі, цяпер. Твой цёзка не паверыў, што Езус змёртвыхпаўстаў: «...калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўткну пальца майго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі маёй у бок Яго, не паверу» (Ян 20, 25). Таму ён і празваны «Тамашам няверным».

Уяві, што адбылося б, калі б Езус стаўся бачным у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Кожны чалавек у свеце жадаў бы трапіць наступным рэйсам на Філіпіны і прыехаць у тваю парафію. Але Пан Езус хоча, каб ты прыйшоў да Яго з вераю, каб Ён змог навекі назваць цябе шчаслівым.

Ён любіць цябе так моцна, што гаворыць: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўлажы ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым» (Ян 20, 27). А ты кожнай святой гадзінай, якую адпраўляеш каля Найсвяцейшага Сакрамэнту, гаворыш Езусу: «Пан мой і Бог мой» (Ян 20, 28). І кожны раз Ён гаворыць табе: «Шчаслівы ты, Тамаш, таму што не бачыў, але паверыў».

 
САМАЕ ЛЕПШАЕ КАЗАННЕ

Свята св. Яна Віянэя
4 жніўня 1993 г.

Дарагі Тамаш, ты памятаеш майго сябра, якога ты спаткаў у касцёле мястэчка Бінандо? Ён сказаў мне, што хацеў паступіць у семінарыю і стаць святаром, але ёсць праблема — ён не ў стане ні прамовіць казання, ні завучыць яго напамяць. Падумаўшы над яго словамі, я сказаў, што не лічу гэта праблемай.

Святы Ян Віянэй, найвялікшы з усіх святароў, якія толькі былі, прамаўляў заўсёды адно і тое ж казанне. У ім гучалі толькі дзве думкі. Ён кожную нядзелю паўтараў: «Калі б вы толькі ведалі, як моцна Езус любіць вас у Найсвяцейшым Сакрамэнце, вы б памерлі ад шчасця». Потым, паказваючы на табэрнакулюм, гаварыў: «Езус сапраўды там».

З усяе Францыі з’язджаліся людзі, каб паслухаць яго, а ён паўтараў тое самае кожную нядзелю. Ён пачынаў плакаць ад радасці, калі паказваў на табэрнакулюм, і гаварыў, што Езус сапраўды там — так моцна, да глыбіні душы, ён быў крануты здзяйсненнем вялікай любові і прысутнасцю Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. І ўдзень, і ўначы ён гадзінамі маліўся каля Найсвяцейшага Сакрамэнту і кожны дзень гадзінамі спавядаў у канфесіянале. Святы Ян Віянэй, ксёндз з Арса, быў абвешчаны Касцёлам прыкладам і апекуном усіх святароў...

 
НАСЛЕДВАННЕ

Свята св. Максімільяна Марыя Кольбэ
14 жніўня 1993 г.

Дарагі Тамаш, гэта пісьмо— аб маім пералёце з Манілы ў Себу. Перад пасадкай у самалёт я стаў сведкам таго, што мяне сапраўды натхніла. Жанчына, імя якой Анжэла, стаяла ў чарзе, чакаючы вольнага месца на рэйс. Яна ўмольвала служачага дапамагчы: яе бацька быў цяжка хворы і ёй неабходна было быць побач з ім. Але зрабіць штосьці было немагчыма. Усе білеты на наступныя тры-чатыры дні былі ўжо прададзены.

І тут здарыўся цуд. Малады чалавек падышоў да Анжэлы і аддаў ёй свой білет. Ён згадзіўся правесці гадзіны, нават дні ў спякотным некамфартабельным аэрапорце толькі дзеля таго, каб Анжэла магла паляцець да свайго бацькі.

Калі ляцеў у Себу, увесь час думаў пра самаахвярнасць гэтага чалавека. Потым я ўспомніў пра святога Максімільяна Кольбэ. Наколькі больш самаахвярны быў учынак, які ён зрабіў! Максімільян Кольбэ — святар, які аддаў сваё жыццё за таварыша па канцлагеры ў Асвенціме. Ён пажадаў памерці, каб гэты чалавек, бацька сям’і, змог быць вольным.

Звярні ўвагу: за гераічную ахвяру і вялікую місіянерскую працу заснавальнік руху Milita Immaculatae, які налічвае ва ўсім свеце мільёны даручаных Марыі, Максімільян Кольбэ стаў адным з першых святых, кананізаваных Папам Янам Паўлам ІІ.

Але што натхніла Максімільяна Кольбэ? Гэта быў Найсвяцейшы Сакрамэнт. У разважаннях каля Езуса Эўхарыстычнага ён пастаянна вяртаўся да гэтай ісціны: Езус абраў смерць на Крыжы, каб мы маглі мець паўнату Яго жыцця ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ён абраў быць зраненым да непазнавальнасці, каб мы ацаліліся ў дасканаласці. Ён абраў цемру страшнай бездані, каб мы маглі мець святло і радасць Яго Сапраўднай Прысутнасці. Ён абраў пакуты поўнай пакінутасці небам, каб мы заўсёды маглі мець Яго, Эммануіла, з намі на зямлі...

 
ЁН НАЗЫВАЕ СЯБЕ ВЯЗНЕМ ЛЮБОВІ

Свята св. Маргарыты Марыі
16 кастрычніка 1993 г.

Дарагі Тамаш. Калі ў цябе ёсць магчымасць паглядзець спектакль «Адрынутыя», зрабі гэта. У творы класіка Віктора Гюго гаворыцца пра тое, што абавязкова павінна быць пачута сёння.

Вальжан — бедны беспрацоўны цясляр. Яго злачынства: крадзеж хлеба, каб накарміць паміраючых ад голаду дзяцей. Яго прысуд: пяць гадоў турмы. Ён спрабаваў бегчы, але яго схапілі і вярнулі. Жорсткі суд павялічвае тэрмін яго пакарання на пяць гадоў. Там, у турме, ён забыты і ўсімі пакінуты.

Ці ж не магло гэта быць гісторыяй Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце? Каб накарміць духоўна галодных дзяцей свайго Айца, Езус становіцца Жывым Хлебам, які зыходзіць з нябёсаў. Гэта Яго «злачынства»: Ён не мае належнай узнагароды і праслаўлення. Ён пакараны і кінуты ў вязніцу табэрнакулюма. І там забыты і пакінуты ўсімі. Вельмі занятыя, мы не выстаўляем Яго, не пакланяемся Яму. Табэрнакулюм — гэта Яго трон, дзе Ён хоча быць свабодным і хоча валадарыць як Валадар Любові. Замест гэтага Ён зачынены на замок. Ён называе сябе Вязнем Любові.

Дарагі Тамаш, усё, пра што я гавару, — не перабольшванне. Сам Езус адкрыў гэта св. Маргарыце Марыі. Яна малілася, калі Езус з’явіўся ёй у Найсвяцейшым Сакрамэнце і сказаў: «Вось Сэрца, якое любіць так моцна, але так мала любімае ў адказ». Ён растлумачыў, што церні вакол Яго Сэрца — гэта сімвал болю, які Ён церпіць ад няўдзячнасці і абыякавасці сваіх святароў, вернікаў да Яго Любові, якая плыве з Найсвяцейшага Сакрамэнту. І цяпер гэтыя цярпенні намнога большыя, чым тыя, якія былі ў часе Яго Крыжовых пакутаў.

І таму Езус Хрыстус звяртаецца да кожнага з нас: «Я балюча прагну быць вамі любімым у Найсвяцейшым Сакрамэнце».

 
УКРЫТЫ СКАРБ

Вялікі Чацвер
31 сакавіка 1994 г.

...Элейн пакінула Касцёл і перайшла ў супольнасць метадысцкай Царквы. Яна гаварыла, што Бога няма ў каталіцкім Касцёле, бо ў нас так мала «экстазу веры».

Аднойчы яна прыйшла да касцёла, каб падзякаваць ксяндзу Ахерну за ўсё, што ён зрабіў для яе, калі яна была яго парафіянкай. Элейн не знайшла яго ў доміку святара. Ён быў у касцёле і рыхтаваў Імшу Вялікага Чацвярга. Жанчына вырашыла пачакаць.

Пасля Імшы адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Калі працэсія падышла да Элейн, якая сядзела ў самым канцы, а. Ахерн благаславіў яе Гостыяй. І тут здарылася нешта неверагоднае: Элейн адчула невымоўны прыліў Боскай любові, непараўнальны ні з чым па сваёй сіле, і ў той жа час гэта была мяккая, пяшчотная хваля.

Потым яна пачула голас: «Элейн, Я тут, у Маім Касцёле. Я прысутнічаю ў Найсвяцейшым Сакрамэнце — гэтай найвялікшай таямніцы Маёй Любові. Але людзі не ведаюць Мяне, не любяць Мяне. Яны пакінулі Мяне самога. Дапамажы Мне адрадзіць Мой Касцёл праз бесперапыннае Пакланенне».

Пра гэта самае гаворыць Папа Ян Павел ІІ у сваёй першай Энцыкліцы «Dominicae Canae»: «Касцёлу і ўсяму свету больш за ўсё патрэбна Эўхарыстычнае пакланенне».

...Памятаеш, Тамаш, візію святога Яна Боскі? Касцёл быў караблём, які патанае. Ворагі з усіх бакоў імкнуліся знішчыць яго. Папа вядзе Касцёл між дзвюх скалаў, якія падымаюцца з мора. Адной скалой была Найсвяцейшая Маці Божая, другой — Найсвяцейшы Сакрамэнт.

Супакой быў адноўлены, і гэты карабель увайшоў у гавань, такую прыгожую, што немагчыма апісаць словамі. Святая Маці сказала Яну Боску, што гэта была зямля, адноўленая і перамененая Эўхарыстычным Валадарствам Яе Сына.

Твой брат у Эўхарыстычнай Любові а. Джозэфіно Рамірэс.

Працяг у нумары №4(119) 2005 >>>

Падрыхтавала
Галіна Калевіч