ІV НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ —
6 сакавіка 2005 г.
Чытанні: 1 Сам 16, 1b. 6-7. 10-13a; Пс 23 (22); Эф 5, 8-14.
Евангелле (Ян 9, 1. 6-9. 13-17. 34-38):

Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца «пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчы.

А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Гэта ён, – а іншыя: Падобны да яго. А ён сам казаў: Гэта я.

І павялі яго, таго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. І фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся – і бачу.

Тады некаторыя з фарысеяў казалі: Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабату. Іншыя казалі: Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды? І падзяліліся яны. Зноў жа кажуць сляпому: А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы? Той сказаў: Гэта прарок.

Сказалі яму ў адказ: У грахах тваіх ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш? І выгналі яго прэч.

Езус пачуў, што выгналі яго прэч, знайшоў яго і сказаў: Ці верыш ты ў Сына Чалавечага? Той адказаў: А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго? Езус сказаў яму: Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою. Ён жа сказаў: Веру, Пане, – і пакланіўся Яму.

Калі я чытаю апісанне якой-небудзь сцэны з Евангелля, спрабую ўвайсці ў становішча дзеючых у ёй асобаў, каб лепей зразумець сэнс падзеяў, пра якія ідзе гаворка. Звычайна мне гэта ўдаецца, але на гэты раз нічога не атрымліваецца: як можна ўвайсці ў становішча чалавека, сляпога ад нараджэння? Калі заплюшчваю вочы, у памяці ўзнікаюць вобразы, поўныя святла, колераў, твараў, краявідаў, якія мне даводзілася назіраць у маім жыцці. Але ў свядомасці чалавека, які нарадзіўся сляпым, няма ніводнай з гэтых рэчаў, а ёсць толькі цемра. Можа, сляпы нават нічога і не просіць, не кажа Езусу: «Настаўніку, каб мне бачыць», бо бачыць нічога для яго не азначае. Хрыстус з вялікаю любоўю і спачуваннем схіляецца да яго і адкрывае яму вочы, даючы яму вялікі дар зроку. Хрыстус шукае потым аздароўленага сляпога, якога выгналі фарысеі, каб адкрыць і яго розум, як адкрыў яму вочы, і падараваць яму збаўленне, што паходзіць з веры.

Гэта — цудоўны аповед, які дапамагае зразумець ролю Хрыста ў духоўным жыцці, калі ацэньваць яе, зыходзячы з важнасці зроку. Зрок — гэта радасць: можна захапляцца прыгажосцю, якую Бог рассеяў па свеце і якая з’яўляецца адлюстраваннем Яго прыгажосці; радавацца магчымасці бачыць творы мастацтва, святло, колеры. Зрок — гэта сродак зносінаў: глядзіш на твар чалавека, які стаіць побач, і здагадваешся пра яго пачуцці, самаадчуванне, рэакцыю на твае словы. Бачыць азначае разумець сітуацыю, глядзець на дарогу, па якой мы рухаемся, і ісці не спатыкаючыся, заўважыць момант, калі чалавеку, які ідзе побач, спатрэбіцца дапамога, і працягнуць яму руку яшчэ да таго, як ён гэтага папросіць.

Але каб бачыць, недастаткова проста мець вочы, неабходна святло: у цемры мы ўсе сляпыя.

Рускі класік Леў Талстой у адным са сваіх твораў піша пра дзвюх жанчын, якія пайшлі да старца спытаць парады: «Што трэба рабіць, каб нашыя душы пасля смерці трапілі ў неба?» Старац запытаўся ў іх, як яны праводзяць свае будні, ці трымаюцца Божых запаведзяў, і ці часам іх сэрцы не загразлі ў цяжкіх грахах? Пачуўшы гэта, адна з жанчын упала на калені і з плачам прызналася, што носіць у сваім сэрцы цяжкія правіны і яе душа нягодная таго, каб быць у небе. Іншая, наадварот, сказала так: «Ніяк не магу ўзгадаць, каб я хоць калі-небудзь учыніла якісьці цяжкі грэх». Старац сказаў ёй на гэта: «Ідзі і назбірай столькі маленькіх каменьчыкаў, колькі толькі зможаш несці». А той, якая прызналася ў грахах, сказаў: «А ты прынясі мне самы вялікі камень, які зможаш падняць». Калі абедзве вярнуліся да старца, той сказаў: «А цяпер занясіце камяні ізноў на тыя самыя месцы, дзе іх узялі». Жанчыны зрабілі так, як ён сказаў ім, але адна адразу ж знайшла тое месца, адкуль узяла вялікі камень, а другая ў шаленстве рвала на сабе валасы, бо аніяк не магла ўзгадаць тых месцаў, адкуль брала тысячы маленькіх каменьчыкаў. Так яны і вярнуліся да старца: адна з пустымі рукамі, а другая, несучы ў фартуху поўна малых камянёў. «З вашымі грахамі ўсё таксама, як з тымі камянямі», — сказаў старац. «Ты — звярнуўся ён да першай жанчыны, — без цяжкасці знайшла месца, адкуль узяла камень, бо дакладна ведала, дзе яго знайшла. А твая сяброўка, наадварот, не памятала многіх месцаў, адкуль узяла свае каменьчыкі. Тое самае адбываецца і з яе шматлікімі дробнымі грахамі. У той час, як ты прызнаеш сваю віну і гатовая з пакораю ўзяць яе на сябе, твая сястра не можа ўзгадаць сваіх правінаў, ані вялікіх, ані малых. Яна папросту забылася пра іх таксама, як забылася, дзе назбірала свае каменьчыкі. А калі хтосьці не ўсведамляе сваёй віны, як жа можа за яе шкадаваць? Як такая душа можа аблягчыцца і знайсці шлях да неба?»

Езус дае нам сябе і сваё прабачэнне як святло: як сонца для вачэй, так Ён для нашай душы. Ён прабачае нам грахі і асвятляе шлях да дому Яго і нашага Айца. Не мае значэння, што Езус фізічна не прысутнічае сярод нас і што мы не можам Яго бачыць, як гэта было дадзена аздароўленаму сляпому. Разважаючы над Яго словамі, беручы ўдзел у Эўхарыстыі, я адчуваю, што Ён побач, Ён — святло для майго розуму, сябра і памочнік у маім штодзённым жыцці. І я веру, што гэтак жа, як Ён пайшоў шукаць сляпога, каб аздаравіць яго, так заўсёды Ён ідзе на пошукі тых, чые душы блукаюць у цемры граху.

 
V НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ —
13 сакавіка 2005 г.
Чытанні: Эзх 37, 12-14; Пс 130 (129); Рым 8, 8-11.
Евангелле (Ян 11, 3-7. 17. 20-27. 33b-45):

Сёстры паслалі сказаць Езусу: Пане, той, каго Ты любіш, хворы. Пачуўшы гэта, Езус сказаў: Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Чалавечы праславіўся праз яе. Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара.

Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: Пойдзем зноў у Юдэю. Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.

Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе.

Езус сказаў ёй: Уваскрэсне брат твой. Марта сказала Яму: Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень. Езус сказаў ёй: Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?

Яна адказала Яму: Так, Пане. Я веру, што ты Месія, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет. Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: Дзе вы паклалі яго? Адказалі Яму: Пане, ідзі і паглядзі. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: Глядзі, як Ён любіў яго. А некаторыя з іх сказалі: Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Кажа Езус: Адсуньце камень. Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр. Езус кажа ёй: Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі вонкі. І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Езус кажа ім: Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць.

Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

У сённяшнім Евангеллі дзеяслоў «верыць» стаіць у цяперашнім часе, а дзеяслоў «бачыць» адносіцца да будучыні. Паміж гэтымі двума словамі змяшчаецца хрысціянская надзея. Няшчасце чалавека ў тым, што ён часта блытае час у гэтых дзеясловах: калі ўбачу хвалу Божую, можа быць, паверу. Спачатку мы хочам убачыць, пракантраляваць, сцвердзіць, узважыць цяпер, у гэты момант, а пасля, хто ведае, можа, паверым у хвалу Божую.

Мы ўвесь час «экзаменуем» Пана Бога на дабрыню, на апеку, на добры слых, на клопат, на гатоўнасць дзейнічаць, перш чым пачнем абвяшчаць Яго хвалу, перш чым прызнаем Яго годным нашай веры.

Калі вера прыходзіць «пасля» (пасля ўчыненых выпрабаванняў, праведзеных разлікаў, узважання і кантролю), мы не можам гаварыць ані пра веру, ані нават пра надзею. Сапраўдная надзея нараджаецца не тады, калі Езус паспеў бы ў час, з’явіўся б адразу, а тады, калі ўжо запозна, калі няма шанцаў... Калі верыш — убачыш...

Неспадзяванка, тое, што не было прадбачана, цалкам немагчыма — усё гэта датычыць выключна веры. Паміж гэтымі двума словамі часта знаходзіцца бясконцае чаканне, невытлумачальная адсутнасць, адлегласць, што раздзірае душу. Там «рахункі», якія не супадаюць, жахлівая пустэча, смерць адна за адной, раны, якія галосяць.

Пан Бог не дамагаеца ад нас веры як кампенсацыі, адплаты за Яго цуд, як цаны, якую мы павінны заплаціць за Яго дзеянне, але робіць яе абавязковай умовай для таго, каб Ён мог дзейнічаць. Мы перш за ўсё хацелі б бачыць, як дзейнічае Бог — паводле нашых схемаў — а пасля ўскласці на Яго надзею. Ён жа замест гэтага патрабуе ад нас спадзявацца на Яго, калі кажа нам чакаць Яго даўжэй, чым будзе дазваляць разумная цярплівасць, калі Ён не ідзе нам насустрач.

Яго хвалу трэба абвяшчаць у цемры, а не тады, калі цемра рассейваецца. Яго моц належыць пазнаць у час найбольш сакрушальнага паражэння, а не ў час перамогі.

Езус не стаў уваскрасеннем і жыццём пасля таго, як вывеў з магілы Лазара. Лазар выйшаў з гробу таму, што хтосьці перад гэтым асмеліўся сказаць словы «я веру». Няважна, што памерлы ўжо чатыры дні ў магіле. Важна тое, каб вера была ў мяне сёння. Важна тое, каб водар маёй веры аказаўся мацнейшым за ўсе смярдзючыя пахі, якія забруджваюць паветра.

Калі ж мы знойдзем у сабе мужнасць прашаптаць, можа, з вачыма, поўнымі слёз і горлам, сухім пасля доўгага галашэння, «я веру» замест звыклага «пачакаем, пабачым»?

 
ПАЛЬМОВАЯ НЯДЗЕЛЯ, альбо МУКІ ПАНА —
20 сакавіка 2005 г.
Чытанні: Іс 50, 4-7; Пс 22 (21); Флп 2, 6-11.
Евангелле (Мц 27, 11-54):

У той час прывялі Езуса да намесніка. І спытаўся ў Яго намеснік: Ты Кароль Юдэйскі? Езус сказаў яму: Ты кажаш. І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў. Тады кажа Яму Пілат: Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе? І Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.

На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання народу аднаго вязня. Быў тады ў іх адзін вязень, званы Барабба. І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Бараббу ці Езуса, званага Хрыстом? Бо ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго. І калі ён засядаў у судзе, жонка ягоная паслала сказаць яму: Не рабі нічога таму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела з-за Яго. Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі народ, каб прасілі за Бараббу, а Езуса аддалі на смерць. Адказваючы, намеснік сказаў ім: Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам? Яны сказалі: Бараббу. Кажа ім Пілат: А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом? Кажуць усе: Няхай будзе ўкрыжаваны! Ён жа сказаў: Што дрэннага зрабіў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: Няхай будзе ўкрыжаваны! Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а хваляванне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад людзьмі, кажучы: Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі. І ўвесь народ адказаў: Кроў Яго на нас і на дзецях нашых. Тады адпусціў ім Бараббу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

Тады жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. І распранулі Яго, накінулі на Яго чырвоны плашч, сплялі вянок з церня і ўсклалі Яму на галаву, і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: Вітай, Кароль Юдэйскі! І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. А калі высмеялі, знялі з Яго плашч і апранулі ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаванне.

Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірынейца па імені Сымон, якога прымусілі несці крыж Езуса. Калі прыйшлі на месца, называнае Галгофа, што азначае Месца чэрапа, далі Яму выпіць віна, змешанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць. Тыя, хто ўкрыжаваў Яго, падзялілі ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. І, седзячы, пільнавалі Яго там. І змясцілі над галавой Ягонай надпіс з віной Ягонай: Гэта Езус, Кароль Юдэйскі. Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні адбудоўваеш яе, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа. Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі насміхаліся і казалі: Іншых ратаваў, а самога сябе не можа ўратаваць. Ён Кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: Я – Сын Божы. Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.

Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай. А каля гадзіны дзевятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: Элі, Элі, лема сабахтані? Што азначае: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў? Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: Ён кліча Іллю. І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў яе ў воцат, насадзіў на трысціну і даў Яму піць. А другія казалі: Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго. А Езус зноў ускрыкнуў моцным голасам і сканаў.

І вось заслона ў святыні разарвалася надвое зверху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі. І выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, і ўвайшлі ў святы горад, і паказаліся многім.

А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: Сапраўды, гэта быў Сын Божы.

Літургія Слова Пальмовай нядзелі канцэнтруецца на Евангеллі, у якім апісваецца Мука Пана. Езус усведамляе, што павінна адбыцца, гаворыць пра гэта апосталам падчас Апошняй вячэры, ведае, хто Яму здрадзіць, на пытанне з боку Юды выразна адказвае: «Ты сказаў». Аднак у такі драматычны момант мы бачым Пана асабліва шчодрым на ласку: Ён пакідае сваім сучаснікам, а таксама ўсім людзям, якія прыйдуць пасля, сябе самога ў постаці хлеба і віна. Гэты выключны дар адбываецца адначасова з прадказаннем двайной здрады: з боку Юды і з боку Пятра.

З гэтай хвіліны Езус застанецца адзін, перш за ўсё духоўна, калі апосталы, заснуўшы, не падзеляць з Ім Ягонай трывогі перад абліччам смерці. Ён цалкам адчувае страх, які смерць выклікае ў чалавеку, і цалкам натуральнае жаданне пазбегнуць смерці. Словы Хрыста «няхай станецца воля Твая» сведчаць пра Яго згоду прыняць смерць, каб стаць ахвярай дзеля жыцця ўсіх людзей.

Езус застанецца адзін таксама і фізічна, калі напалоханыя апосталы паўцякаюць. У гэты момант Ён знаходзіцца на парозе найважнейшай падзеі ў Яго жыцці, перад спаўненнем той гадзіны — гадзіны адкуплення, — дзеля якой Ён прыйшоў у свет.

Спярша здрада Юды, потым — Пятра. Трэцяя здрада адбываецца з боку справядлівасці. Сынэдрыён не жадае прызнаваць, што Езус — сапраўдны Месія, Хрыстус, а замест гэтага знаходзіць прычыну абвінаваціць Яго і асудзіць на смерць. Пілат, хоць і ўпэўнены ў невінаватасці Езуса, хоча спакойна жыць, а таму саступае натоўпу і згаджаецца адпусціць Бараббу, а Езуса аддае ў рукі жаўнераў. Умываючы перад гэтым рукі, ён хоча паказаць, што не мае нічога агульнага з тым, што адбылося. У сапраўднасці ж яго паводзіны — гэта пацвярджэнне смяротнага прысуду для Хрыста.

У адносінах да Езуса мы не можам быць нейтральнымі. Мы пакліканыя выявіць нашую пазіцыю. Або з Ім, або супраць Яго. Зямная місія Хрыста набліжаецца да завяршэння. Ён узыходзіць на Галгофу, дзе спазнае апошнюю ступень самоты і пачуцця пакінутасці нават уласным Айцом. Але гэта не роспач, бо Езус ведае, што апошняе слова будзе не за смерцю, а за Айцом.

Стоячы пад крыжам і разважаючы пра муку Пана, мы павінны будзем прызнаць, што «сапраўды, гэта быў Сын Божы», бо толькі Бог мог так моцна палюбіць людзей.

 
НЯДЗЕЛЯ ЗМЁРТВЫХПАЎСТАННЯ ПАНА —
27 сакавіка 2005 г.
Чытанні: Дз 10, 34а. 37-43; Пс 118 (117); Клс 3, 1-4.
Евангелле (Лк 24, 13-35):

Вось двое вучняў Езуса ў той жа дзень (першы пасля суботы) ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася за шэсцьдзесят стадыяў ад Ерузалема. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.

І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою? І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: Ты, напэўна, адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася. І спытаў у іх: Што?

Яны сказалі Яму: Тое, што сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што яны бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі.

Тады Ён сказаў ім: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?

І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Ніякі іншы эпізод з жыцця Езуса так настойліва не абгрунтоўвалі адны людзі і так упарта не аспрэчвалі іншыя. Уваскрасенне. Пустая грабніца. Вестка пра пустую грабніцу прыводзіць апосталаў у жах. Яны баяцца гэтай думкі. Напэўна, ім было шкада Настаўніка, напэўна, яны спачувалі Яму падчас цярпенняў, пры адыходзе з гэтага свету да Айца, але, скажам шчыра, калі ўваход у грабніцу быў завалены каменем, гэта прынесла ім нейкую палёгку. Так, праўда, што яны падмануліся ў сваіх спадзяваннях: «Менавіта Ён павінен быў вызваліць Ізраэль...» Нічога не зробіш. Трэба вярнуцца да сваіх звычайных заняткаў і абавязкаў.

А тут раптам – пустая грабніца. Якісьці незнаёмы, пазнаны ў ламанні хлеба. Езус Хрыстус, Сын Божы, які стаў чалавекам, памер на крыжы і ўваскрос для нашага збаўлення.

Тэкст Евангелля, над якім мы разважаем, стаў падставаю для Апостальскага ліста пра Эўхарыстыю «Mane nobiscum, Domine» («Застанься з намі, Пане»), напісанага Святым Айцом Янам Паўлам ІІ. Мы памятаем, што з кастрычніка 2004 г. да кастрычніка 2005 г. абвешчаны год Эўхарыстыі. У наступныя велікодныя нядзелі мы пастараемся глыбей удумацца ў змест гэтага ліста, які грунтуецца на ўрыўку з Евангелля, дзе гаворыцца пра вучняў, што ішлі ў Эмаус. Ва ўступе Святы Айцец гаворыць, што незнаёмы, якога два вучні сустрэлі ў дарозе, прыняў іх запрашэнне і хоць «неўзабаве аблічча Езуса павінна было знікнуць, але Настаўнік “застаўся” пад заслонаю “ламанага хлеба”» (MND, 1). Прыклад вучняў з Эмауса дапаможа лепш усвядоміць сэнс год Эўхарыстыі, жыць з надзеяй, што кожны хрысціянін пастараецца лепей перажываць таямніцу Найсвяцейшай Эўхарыстыі падчас яе здзяйснення і адарацыі. Гэты прыклад асабліва неацэнны ў наш час, калі чалавек усё больш напаўняе сваю душу змрокам ночы і цемраю граху. У такіх жыццёвых сітуацыях «Боскі Вандроўнік ізноў далучаецца да нас і нам спадарожнічае» (MND, 2), а ў Эўхарыстыі застанецца з намі да канца свету.

«Ламанне хлеба» — гэта першапачатковая назва Эўхарыстыі — з’яўляецца цэнтрам жыцця першых хрысціянаў. Эўхарыстыя, хоць яе прымаюць на зямлі слабыя і грэшныя людзі, дае нам прадчуванне неба: «вечнай гасціны ў нябесным Ерузалеме» (MND, 3). Такія падзеі, як з’яўленне Энцыклікі «Ecclesia de Eucharistia» («Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі»), Міжнародны Эўхарыстычны кангрэс у Гвадалахары (10 – 17.10.2004 г.), Звычайны сход Сіноду біскупаў у Ватыкане (02 – 29.10.2005 г.), Сусветны дзень моладзі ў Кёльне (16 – 21.08.2005 г.) паказвалі і яшчэ пакажуць, што Эўхарыстыя з’яўляецца асяродкам і цэнтрам усяго хрысціянскага жыцця, а таксама крыніцаю і вяршыняю жыцця і пасланніцтва Касцёла (MND, 4).

Папа настойліва заахвочвае пастыраў мясцовых Касцёлаў — братоў біскупаў, а пад іх кіраўніцтвам святароў і ўсіх вернікаў распачаць і актыўней уключыцца ў падрыхтоўку і перажыванне набажэнства «да такога вялікага Сакрамэнту» (MND, 5), якім з’яўляецца Эўхарыстыя. У кожнай парафіі ў нашых дыяцэзіях ёсць такі дзень, які асабліва прысвечаны адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Можа, варта кожнаму хрысціяніну актыўна і горача ўдзельнічаць у гэтай адарацыі ў сваіх парафіяльных супольнасцях, а па магчымасці, таксама і ў суседніх парафіях.

Падрыхтаваў кс. д-р Пётр Сялкоўскі