Аднойчы ноччу святая Фаустына адчула страх з-за шалёнай віхуры і дажджу. Абудзіўшыся, яна пачала маліцца, каб бура не зрабіла ніякай шкоды. У малітоўным дыялогу з Богам яна пачула выратавальныя словы: «Маліся гэты вяночак, якому Я цябе навучыў, і бура сціхне» (Дзённік сястры Фаустыны, 1731). Святая Фаустына, паслухмяная гэтаму добра знаёмаму Голасу, распачынае Вяночак да Божай Міласэрнасці. Хутка містычка пераканалася ў вялікай дзейснасці малітвы, дадзенай самім Настаўнікам з Назарэта — бура раптоўна сціхла. Пан Езус запэўнівае апосталку Божай Міласэрнасці: «Праз Вяночак ты выпрасіш усё, калі тое, аб чым папросіш, будзе адпавядаць Маёй волі» (Дз 1731). Праз гэтае абяцанне пацвярджаецца адвечная праўда аб тым, што толькі ў адным Богу чалавек знаходзіць паратунак ад зла і няшчасця.

Таямніца дзейснасці малітвы як просьбы да Бога, асабліва ў хвіліны выпрабаванняў і страху, знаходзіць сваё адлюстраванне на старонках Святога Пісання. Прыклад сцішэння Езусам буры ўсе сіноптыкі прыводзяць як дэманстрацыю Боскай моцы Месіі не столькі адносна сілаў прыроды, колькі як клопат пра тых, хто моліць аб дапамозе (пар. Мц 8, 23–27, Мк 4, 35–41, Лк 8, 22–25). Усе падзеі, а асабліва тыя, якія ўзбуджаюць у душы чалавека страх і трывогу, становяцца нагодай для таго, каб даручыць сябе міласэрнаму Богу ў даверлівай малітве сэрца (пар. ККК 2562). Святая Фаустына сваімі глыбока даверлівымі адносінамі з Панам Езусам захоплівае нас і заклікае да таго, каб даручыць сябе і ўсе свае «буры» Таму, Хто ў стане вярнуць раўнавагу і ўнутраны спакой. Вяночак дапамагае наладжваць дыялог з Богам і адначасова ўводзіць нас у атмасферу даверу Божаму Провіду. Усведамленне прысутнасці і апекі Творцы ў цяжкія хвіліны нашага жыцця дазваляе нам з большай сілай і мужнасцю брацца за штодзённыя заданні, якія вынікаюць з нашага паклікання.

Кс. Дарыюш Гузяк,
«Miłujcie się» № 1 за 2005 г.
Пераклад з польскай мовы Т. Мухляды