Найвялікшая таямніца хрысціянскай веры — змёртвыхпаўстанне Хрыста. Ужо больш за 2000 гадоў Касцёл нязменна абвяшчае праўду аб тым, што гэта «дзень, які даў нам Пан! Будзем жа радавацца ў ім і весяліцца!». Характар гэтага дня і ўсіх яго таямніцаў заключаны ў габрэйскім тэрміне «Аллелюя».

Благаслаўлёная віна

Перад тым як абмеркаваць багацце і сэнс гэтага слова, паспрабуем указаць на незвычайна глыбокую па сваёй сутнасці цэлебрацыю Вялікадня, якая ўжо ў суботні вечар абвяшчае месіянскае пакліканне ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста. У гэтым месцы варта прывесці самую важную частку цудоўнага гімна «EXULTET»: «А сёння гэтая ноч усіх веруючых у Хрыста на ўсёй зямлі вызваляе ад даўніх правінаў і змроку граху, вяртае ласку і злучае ў супольнасць святых. Гэта тая ноч, у якую Хрыстус, разарваўшы путы смерці, пераможцам выходзіць з падземных нетраў. О, якая ж дзівосная для нас Твая ласка! О, якая невымоўная любоў: каб адкупіць слугаў, Ты аддаў Сына! О, сапраўды абавязковым быў грэх Адама, бо яго згладзіла смерць Хрыста! О, шчаслівая віна, якую знішчыў такі вялікі Адкупіцель! Святасць гэтай ночы праганяе злосць, змывае правіны і вяртае ласку ўпаўшым, а засмучаным — радасць. О, сапраўды благаслаўлёная ноч, у якую злучаецца зямное з нябесным, а справы Боскія — з людскімі...»

Невымоўная годнасць

У гэтым гімне гучыць жывая вера Касцёла, якая «перанесла» велікоднае пасланне на пэўныя сімвалы, якія дазваляюць адчуваць тое, што нельга выказаць у слове. Першым з гэтых сімвалаў з’яўляецца пасхал, які ў цёмным касцёле становіцца знакам жыцця, які адносіцца да Хрыста — «Святла свету». Другі сімвал — гэта асвячоная вада, якая нагадвае пра справу стварэння, але ў гэты дзень перадусім нагадвае пра ваду з прабітага боку Хрыста, што сталася для нас «вадою, якая выплывае на жыццё вечнае». Гэтая вада хросту абмывае нас з грахоў і адорвае годнасцю дзяцей Божых, якія ўсклікаюць да Бога праз Хрыста ў Духу Святым: Абба — Ойча!

Вокліч і малітва

Трэці сімвал іншага роду. Гэта ўрачысты і трохкратны спеў: АЛЛЕЛЮЯ! Само слова, як ужо ведаем, габрэйскага паходжання: hallelu – ja (JA — азначае JAHWE) і перакладаецца: праслаўляйце JAHWE! хваліце JAHWE! Гэты выраз часта сустракаецца ў малітве псальмаў як праяўленне радасці, хвалы і вокліч весялосці. У аснове гэтай радасці — «прысутнасць Бога» сярод свайго народа (Арка Запавету) альбо таксама праз Яго збаўчыя справы (ноч выхаду з егіпецкай няволі). Для прыкладу возьмем словы з псальма 104: «Благаславі, душа мая, Пана! Аллелюя!» (Пс 104, 35–36); ці словы псальма 106, які нясе ў сабе роздум над збаўчай гісторыяй абранага народа: «Аллелюя! Хваліце Пана, бо Ён добры, бо ласка Яго навекі», альбо таксама апошнія словы псальма: «Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля, ад веку і да веку! І няхай скажа ўвесь народ: Амэн! Аллелюя!» (Пс 106, 1.48).

Радасць і спеў

Аллелюя — гэта кароткая формула веры, у якой вызнаецца трыумф Хрыста над грахом і смерцю. Гэта радасны спеў веруючых у Хрыста людзей, якія праслаўляюць Бога за Яго любоў, аб’яўленую асаблівым чынам у падзеях уцелаўлення Божага Сына, Яго крыжа і змёртвыхпаўстання. Гэта таксама эсхаталагічны вокліч, які адносіцца да «адкупленага — будучага свету», дзе ў НОВЫМ ЕРУЗАЛЕМЕ — ДОМЕ АЙЦА — мы будзем праслаўляць Бога за Яго справы любові. Пра гэта ўдзячнае нябеснае «Аллелюя» гаворыцца ў Кнізе Апакаліпсіса св. Яна, асабліва ў раздзеле 19: «І пасля гэтага пачуў я быццам голас вялікі мноства народу ў небе, які казаў: Аллелюя! Збаўленне і хвала і праслаўленне і моц Пану Богу нашаму! (...) І паўторна сказалі: Аллелюя! (...) І ўпалі дваццаць чатыры старцы і чатыры жывёлы ды пакланіліся Богу, які сядзіць на пасадзе, і казалі: Амэн! Аллелюя! (...) І пачуў я быццам голас вялікага натоўпу і быццам шум мноства водаў і быццам гук грымотаў моцных: Аллелюя! бо запанаваў Пан Бог Усемагутны! (...) Шчаслівыя тыя, што пакліканы на вячэру вясельную Ягняці» (Ап 19, 1.3–4.6.9). Трэба адзначыць, што спалучэнне слова «Аллелюя» са словам «Амэн» падкрэслівае вернасць і хвалу Богу, якога праслаўляе ўсё стварэнне «цяпер і ў вечнасці».

Вечная радасць на зямлі

У літургічнай супольнасці акламацыя «Аллелюя» суправаджае працэсію з кнігай Евангелля як вокліч і адказ на прысутнасць Хрыста ў Божым Слове. Прыгожа падкрэсліць гэта ІІ Ватыканскі Сабор у Канстытуцыі аб святой літургіі (№ 7): «Хрыстус заўсёды прысутны ў сваім Касцёле. (...) Ён прысутны ў сваім слове, бо калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, тады гаворыць Ён сам. Ён прысутны, урэшце, калі Касцёл моліцца і спявае псальмы, бо Ён сам абяцаў: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я сярод іх» (Мц 18, 20).

Гэтую радасную акламацыю «Аллелюя» Касцёл спявае на працягу ўсяго літургічнага года за выключэннем перыяду Вялікага посту. У гэтым прыгожым слове выказваецца жывая вера ўсяго Касцёла, дзе кожны з нас — «чалавек створаны і адкуплены», бо толькі чалавек здольны склікаць і сабраць галасы стварэння і перамяніць іх у гармонію, якая праслаўляе Пана і радуе неба і зямлю...

Ксёндз Вацлаў Дэпо,
«Gość niedzielny», № 16/2003.
Пераклад з польскай мовы
Т. Мухляды