ЭНЦЫКЛІКА
ECCLESIA DE EUCHARISTIA

СВЯТОГА АЙЦА ЯНА ПАЎЛА ІІ

ДА БІСКУПАЎ, ДА СВЯТАРОЎ І ДЫЯКАНАЎ, ДА ЗАКОННІКАЎ І ЗАКОННІЦ,
ДА СВЕЦКІХ КАТОЛІКАЎ, А ТАКСАМА ДА ЎСІХ ЛЮДЗЕЙ ДОБРАЙ ВОЛІ
ПРА ЭЎХАРЫСТЫЮ Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА

Працяг. Пачатак у № 11—12 за 2004 г. >>>


IV раздзел

Эўхарыстыя і касцёльная камунія


34. Надзвычайны сход Сіноду Біскупаў у 1985 г. прызнаў «эклезіялогію камуніі» цэнтральнаю і асноўнаю ідэяй, заключанай у дакументах ІІ Ватыканскага Сабору67. Касцёл, які пілігрымуе тут, на зямлі, закліканы падтрымліваць і паглыбляць як камунію з Богам у Тройцы Адзіным, так і камунію паміж вернікамі. У імкненні да гэтай мэты ён мае ў сваім распараджэнні Слова і сакрамэнты, найперш Эўхарыстыю, дзякуючы якой Касцёл «пастаянна жывіцца і ўзрастае»68, і ў якой адначасова сам сябе праяўляе. Таму невыпадкова паняцце камунія сталася асаблівым азначэннем гэтага выключнага сакрамэнту.

Такім чынам, Эўхарыстыя паўстае як увянчанне ўсіх сакрамэнтаў, дзякуючы якім мы дасягаем дасканалай Камуніі з Богам Айцом праз атаясамленне сябе з Адзінародным Сынам дзякуючы дзеянню Духа Святога. З усёю яснасцю, што сыходзіла з веры, выказваў гэтую праўду вядомы пісьменнік візантыйскай традыцыі: у Эўхарыстыі, «у адрозненне ад кожнага іншага сакрамэнту, таямніца [камуніі] такая дасканалая, што вядзе да вяршыні ўсялякага багацця: гэта тут знаходзіць сваю мяжу ўсялякае людское жаданне, бо тут мы атрымліваем Бога, і Бог уступае ў дасканалае паяднанне з намі»69. Менавіта таму варта развіваць у душы пастаяннае жаданне Сакрамэнту Эўхарыстыі. Так узнікла практыка «духовай камуніі», шчасліва ўкаранёная ад вякоў у Касцёле і рэкамендаваная святымі настаўнікамі духоўнага жыцця. Святая Тэрэза ад Езуса пісала: «Калі не прыступаеце да Камуніі і не ўдзельнічаеце ў святой Імшы, то найбольш карысна практыкаваць духовую камунію... Дзякуючы ёй вас шчодра пазначае любоў нашага Пана»70.

35. Аднак цэлебрацыя Эўхарыстыі не можа быць зыходнаю кропкаю камуніі, якую прадугледжвае як ужо існуючую, каб яе ўмацоўваць і весці да дасканаласці. У сакрамэнце праяўляецца гэтая сувязь камуніі як у нябачным вымярэнні, якое ў Хрысце яднае нас праз Духа Святога з Айцом і паміж намі, так і ў бачным вымярэнні, што ахоплівае камунію ў дыяпазоне вучэння Апосталаў, сакрамэнтаў і іерархічнага парадку. Цесная сувязь, што ўзнікае паміж нябачнымі і бачнымі элементамі эклезіяльнай камуніі, прынцыповая для Касцёла як сакрамэнту збаўлення71. Толькі ў такім кантэксце мы маем дачыненне з законнаю цэлебрацыяй Эўхарыстыі і з сапраўдным удзелам у ёй. Адсюль таксама вынікае істотная неабходнасць, каб Эўхарыстыя цэлебравалася ў камуніі, а дакладней, з захаваннем усіх яе сувязяў.

36. Нябачная камунія, якая па сваёй прыродзе пастаянна ўзрастае, прадугледжвае жыццё ў ласцы, дзякуючы чаму мы становімся «ўдзельнікамі Божае прыроды» (2 П 1, 4), а таксама практыку цнотаў веры, надзеі і любові. Толькі такім чынам мы ўваходзім у сапраўдную камунію з Айцом, Сынам і Духам Святым. Недастаткова веры, але трэба трываць у асвячальнай ласцы і ў любові, застаючыся ва ўлонні Касцёла «целам і сэрцам»72, патрэбная, кажучы словамі св. Паўла, «вера, што дзейнічае праз любоў» (пар. Гал 5, 6).

Захаванне ва ўсёй паўнаце нябачных сувязяў — гэта канкрэтны маральны абавязак хрысціяніна, які хоча ва ўсёй паўнаце ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, прымаючы Цела і Кроў Хрыста. Пра гэты абавязак яму нагадвае сам Апостал, кажучы: «Няхай жа паглядзіць на сябе чалавек, спажываючы гэты хлеб і п’ючы з гэтага келіха» (пар. 1 Кар 11, 28). Святы Ян Хрызастом з усёю моцаю свайго красамоўства заклікаў вернікаў: «Таксама я ўзношу голас, прашу, малю і заклінаю, каб не набліжаліся да гэтага святога Стала з нячыстым і скажоным сумленнем. Такое прыступанне, нават калі мы тысячу разоў дакранемся да Цела Пана, ніколі не зможа назвацца камуніяй, але прысудам, неспакоем і павелічэннем кары»73.

Ідучы за гэтаю думкаю, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла слушна сцвярджае: «Калі хто ўсведамляе цяжкі грэх, перад прыняццем Камуніі павінен прыступіць да сакрамэнту Паяднання»74. Таму хачу нагадаць, што абавязвае і заўсёды будзе мець законную сілу ў Касцёле норма, якую канкрэтызаваў Трыдэнцкі Сабор (суровы напамінак апостала Паўла), пацвярджаючы, што з мэтаю годнага прыняцця Эўхарыстыі «тыя, хто ўсведамляе цяжкі грэх, хоць бы меркавалі, што за яго шкадуюць, калі могуць мець спаведніка, павінны найперш адбыць сакрамэнтальную споведзь»75.

37. Сакрамэнты Эўхарыстыі і Паяднання цесна звязаны паміж сабою. Калі Эўхарыстыя сакрамэнтальным чынам здзяйсняе адкупленчую Ахвяру Крыжа, то гэта азначае, што з яе вынікае пастаянная неабходнасць навяртання, асабістага адказу на заклік, які св. Павел скіраваў да хрысціянаў у Карынце: «У імя Хрыста просім: пагадзіцеся з Богам!» (2 Кар 5, 20). Такім чынам, калі хрысціянін мае на сумленні ярмо цяжкага граху, то для поўнага ўдзелу ў Эўхарыстычнай Ахвяры павінен абавязкова адбыць сакрамэнт Паяднання.

Зразумела, ён сам ацэньвае свой стан ласкі, бо яна датычыць сумлення. Аднак у выпадках відавочных паводзінаў, якія сур’ёзна, яўна і пастаянна супярэчаць маральным нормам, Касцёл, у душпастырскім клопаце пра сапраўдны парадак у супольнасці і пра пашану да сакрамэнту, не можа ўстрымлівацца ад прыняцця адпаведных крокаў. У сітуацыі яўнага недахопу маральнасці ён павінен выкарыстоўваць норму Кодэксу Кананічнага Права, у якой гаворыцца пра магчымасць недапушчэння да эўхарыстычнай Камуніі тых, хто «ўпарта трывае ў яўным цяжкім граху»76.

38. Як я ўжо прыгадваў, касцёльная камунія таксама ёсць бачная і праяўляецца ў сувязях, пералічаных самім Саборам, які навучае: «Да супольнасці Касцёла ва ўсёй паўнаце належаць тыя, хто, маючы Дух Хрыста, прымае ўсю яго структуру і ўсе ўстаноўленыя ў ім сродкі збаўлення, а таксама ў яго бачным арганізме застаюцца з Хрыстом, які кіруе ім праз Папу і біскупаў, паяднаныя повязямі вызнання веры, сакрамэнтаў, касцёльнага кіраўніцтва і камуніі»77.

Эўхарыстыя, як найвышэйшае сакрамэнтальнае праяўленне камуніі ў Касцёле, вымагае таго, каб была цэлебраваная ў кантэксце паяднання таксама знешніх повязяў камуніі. Асаблівым чынам, паколькі яна з’яўляецца «напаўненнем духоўнага жыцця і мэтаю ўсіх сакрамэнтаў»78, вымагае захавання сапраўдных сувязяў камуніі ў адносінах да сакрамэнтаў, асабліва Хросту і сакрамэнту Пасвячэнняў. Нельга ўдзяляць Камунію неахрышчанай асобе альбо той, якая б не прымала цэласна зразуметую праўду веры пра таямніцу Эўхарыстыі. Хрыстус з’яўляецца праўдай і дае сведчанне праўдзе (пар. Ян 14, 6; 18, 37); сакрамэнт Яго Цела і Яго Крыві не дапускае фальшы.

39. Больш за тое, з увагі на сам характар касцёльнай камуніі і сувязі, якая ўзнікае паміж ёю і сакрамэнтам Эўхарыстыі, трэба нагадаць, што «эўхарыстычная Ахвяра, хоць і цэлебруецца заўсёды ў мясцовай супольнасці, ніколі не з’яўляецца цэлебрацыяй толькі гэтай супольнасці; бо, прымаючы эўхарыстычную прысутнасць Пана, супольнасць прымае ўвесь дар збаўлення і такім чынам праяўляецца (нягледзячы на сваю трывалую бачную «лакальнасць») як вобраз і сапраўдная прысутнасць адзінага, святога, паўсюднага і апостальскага Касцёла»79. З гэтага вынікае, што па-сапраўднаму эўхарыстычная супольнасць не можа замыкацца ў сабе так, як бы была самадастатковая, але павінна захаваць гарманічную сувязь з кожнаю іншаю каталіцкаю супольнасцю. Касцёльная супольнасць эўхарыстычнага сходу — гэта камунія з уласным біскупам і Папам, бо біскуп з’яўляецца трывалым і бачным падмуркам еднасці ў сваім партыкулярным Касцёле80. Таму было б вялікім непаразуменнем, калі б сакрамэнт, які з’яўляецца ў найвышэйшай ступені сакрамэнтам еднасці, цэлебраваўся без сапраўднай камуніі з біскупам. Святы Ігнацы Антыёхскі пісаў: «Можна лічыць сапраўднаю тую Эўхарыстыю, якую цэлебруе біскуп альбо той, каму ён даверыў гэтае заданне»81.

Гэтаксама, паколькі «Біскуп Рыма як Наступнік Пятра з’яўляецца трывалаю і бачнаю крыніцаю і падмуркам еднасці як калегіі біскупаў, так і ўсіх вернікаў»82, камунія з ім — гэта істотнае патрабаванне цэлебрацыі эўхарыстычнай Ахвяры. Адсюль таксама вынікае вялікая праўда, якую рознымі спосабамі выяўляе літургія: «Кожная эўхарыстычная цэлебрацыя здзяйсняецца не толькі ў еднасці з уласным біскупам, але таксама з Папам, з Калегіяй Біскупаў, з духавенствам і ўсім народам. Кожная важная цэлебрацыя Эўхарыстыі выяўляе гэту паўсюдную камунію з Пятром і з цэлым Касцёлам альбо таксама прызывае яе аб’ектыўна, як гэта адбываецца ў выпадку хрысціянскіх Цэркваў, адлучаных ад Рыма»83.

40. Эўхарыстыя стварае камунію і выхоўвае для камуніі. Святы Павел пісаў да вернікаў у Карынце, указваючы, як іх падзелы, што праяўляліся падчас эўхарыстычных сходаў, моцна супярэчылі Панскай Вячэры, якую яны цэлебравалі. Апостал настойліва запрашаў іх да рэфлексіі над сапраўднаю рэчаіснасцю Эўхарыстыі, каб маглі вярнуцца да духу братняй любові (пар. 1 Кар 11, 17–34). Дзейсна нагадваў пра гэта св. Аўгустын, які, прыводзячы словы Апостала: «Вы ж — Цела Хрыстовае, а паасобна — [Яго] члены» (1 Кар 12, 27), заўважаў: «Калі вы з’яўляецеся Яго Целам і Яго членамі, то на алтары Хрыстовым было складзена тое, што з’яўляецца вашаю таямніцаю; так вы атрымліваеце тое, што ёсць вашаю таямніцаю»84. І з гэтага сцвярджэння ён рабіў выснову: «Хрыстус Пан (...) кансэкраваў на сваім алтары таямніцу нашага спакою і еднасці. Хто ўдастойваецца таямніцы еднасці, а не захоўвае сувязяў спакою, той не атрымлівае таямніцы для свайго дабра, але доказ супраць сябе»85.

41. Гэтая спецыфічная дзейснасць у стварэнні камуніі, уласцівая Эўхарыстыі, з’яўляецца адным з матываў значэння нядзельнай св. Імшы. Пра яе важнасць і прычыны яе фундаментальнага значэння ў жыцці Касцёла і паасобных членаў я пісаў ужо ў Апостальскім лісце пра святкаванне нядзелі Dies Domini86, між іншым прыгадваючы, што для вернікаў удзел у св. Імшы з’яўляецца абавязкам пры ўмове, што яны не маюць нейкай сур’ёзнай перашкоды, а на пастыраў, у сувязі з гэтым, ускладваецца абавязак зрабіць магчымым выкананне запаведзі87. Апошнім часам у Апостальскім лісце Novo millennio ineunte, акрэсліваючы кірункі пастырскай паслугі Касцёла на пачатку трэцяга тысячагоддзя, я хацеў надаць нядзельнай Эўхарыстыі асаблівае значэнне, падкрэсліваючы яе дзейснасць у стварэнні камуніі. Я пісаў, што яна з’яўляецца «ўпрывілеяваным месцам, у якім пастаянна абвяшчаецца і культывуецца камунія. Менавіта праз удзел у Эўхарыстыі дзень Панскі становіцца таксама днём Касцёла, які дзякуючы гэтаму можа дзейсна выконваць сваё заданне як сакрамэнт еднасці»88.

42. Клопат пра захаванне касцёльнай камуніі і пра яе ўмацаванне — гэта задача кожнага верніка, які знаходзіць у Эўхарыстыі як у сакрамэнце еднасці Касцёла поле для асаблівай дзейнасці. Больш канкрэтна гэта задача ляжыць на пастырах Касцёла, якія нясуць асаблівую адказнасць у залежнасці ад рангу і займаемай касцёльнай пасады. Таму Касцёл акрэсліў правілы, якія павінны зрабіць магчымым лягчэйшы, часцейшы і больш плённы доступ вернікаў да Эўхарыстычнага Стала, і ўдакладніў аб’ектыўныя ўмовы, якія наказваюць, калі нельга ўдзяляць Камуніі. Клопат пра іх як найбольш правільнае захоўванне становіцца канкрэтнаю праяваю любові да Эўхарыстыі і Касцёла.

43. Прызнаючы Эўхарыстыю сакрамэнтам касцёльнай камуніі, мы знаходзім аргумент, якога (з-за яго важнасці) нельга абмінуць з прычыны яго значэння: думаю пра яе сувязь з дзейнасцю на карысць экуменізму. Усе мы павінны дзякаваць Найсвяцейшай Тройцы, што ў апошнія дзесяцігоддзі шмат вернікаў ва ўсіх частках свету адчувала шчырае жаданне еднасці ўсіх хрысціянаў. ІІ Ватыканскі Сабор на пачатку Дэкрэту аб экуменізме заўважае ў гэтым асаблівы дар Божы89. Гэта была дзейсная ласка, якая скіравала на шляхі экуменізму як нас, сыноў Каталіцкага Касцёла, так таксама і нашых братоў з іншых Цэркваў і царкоўных Супольнасцяў.

Прага еднасці скіроўвае нашы позіркі да Эўхарыстыі, якая з’яўляецца найвышэйшым сакрамэнтам Божага Люду, яе адпаведным знакам і цудоўнаю прычынаю90. Цэлебруючы эўхарыстычную Ахвяру, Касцёл узносіць маленне да Бога Айца міласэрнасці, каб удзяліў сваім сынам паўнату Духа Святога так, каб яны сталіся ў Хрысце адным целам і адным духам91. Звяртаючыся з гэтаю малітваю да Айца святла, ад якога паходзіць усялякае дабро і ўсялякі дасканалы дар (пар. Як 1, 17), Касцёл верыць у яе дзейснасць, бо моліцца ў еднасці з Хрыстом, Галавою і Абраннікам, які маленне абранніцы робіць сваім і яднае яго з маленнем свае адкупленчай ахвяры.

44. Паколькі менавіта еднасць Касцёла, якую Эўхарыстыя ажыццяўляе праз ахвяру і камунію з Целам і Крывёю Пана, абавязкова дамагаецца поўнай камуніі ў дыяпазоне вызнання веры, сакрамэнтаў і касцёльнай улады, немагчыма канцэлебраваць тую самую эўхарыстычную літургію, пакуль не будзе нанава вернута ва ўсёй паўнаце гэта сувязь. Такога роду канцэлебрацыя не была б важным сродкам, а наадварот, магла б аказацца перашкодаю для дасягнення поўнай камуніі, змяншаючы адчуванне дыстанцыі, якая аддзяляе нас ад мэты, і ўводзячы альбо апраўдваючы недакладнасці ў разуменні той ці іншай праўды веры. Шлях да поўнай еднасці можа быць рэалізаваны толькі ў праўдзе. У гэтым сэнсе забарона, заключаная ў праве Касцёла, не пакідае месца няпэўнасці92, з павагаю ставіцца да маральнай нормы, абвешчанай ІІ Ватыканскім Саборам93.

Аднак я хацеў бы прыгадаць тое, што дадаў у энцыкліцы Ut unum sint пасля пераканання ў немагчымасці супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі: «Нягледзячы на гэта, мы шчыра хочам разам адпраўляць адзіную Эўхарыстыю Хрыста, і гэтае жаданне ўжо становіцца супольным праслаўленнем і супольнаю благальнаю малітваю. Разам звяртаемся да Айца і ўсё больш робім гэта «адным сэрцам»94.

45. Хоць ні ў якім выпадку не будзе паўнамоцнаю канцэлебрацыя, калі не хапае поўнай еднасці. Аднак гэта не датычыць у асаблівых выпадках паасобных вернікаў, што прымаюць Эўхарыстыю, але належаць да Цэркваў альбо царкоўных супольнасцяў, якія не знаходзяцца ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, бо ў гэтым выпадку мэтаю з’яўляецца задаволенне сур’ёзнай духовай патрэбы для вечнага збаўлення паасобных вернікаў, а не рэалізацыя інтэркамуніі, немагчымай датуль, пакуль не будуць цалкам устаноўленыя бачныя повязі касцёльнай камуніі.

Кіруючыся гэтаю ісцінаю, ІІ Ватыканскі Сабор устанавіў прынцыпы паводзінаў у адносінах да вернікаў Усходніх Цэркваў, якія, хоць у добрай веры застаюцца адлучанымі ад Каталіцкага Касцёла, па ўласнай волі просяць аб магчымасці прымаць Эўхарыстыю ад каталіцкага святара і адпаведна да таго падрыхтаваныя95. Гэты спосаб паводзінаў пазней быў пацверджаны абодвума Кодэксамі, у якіх з адпаведнымі дапасаваннямі быў таксама прадугледжаны выпадак з іншымі хрысціянамі, не ўсходнімі, якія не знаходзяцца ў поўнай камуніі з Каталіцкім Касцёлам96.

46. У энцыкліцы Ut unum sint я ўхваліў гэтае прадпісанне, якое, пры адпаведным разуменні, дазваляе дбаць аб збаўленні душаў: «Можна з радасцю прыгадаць, што ў пэўных асаблівых выпадках каталіцкія духоўнікі могуць удзяляць сакрамэнт Эўхарыстыі, Пакаяння і Намашчэння хворых іншым хрысціянам, якія не знаходзяцца ў поўнай камуніі з Каталіцкім Касцёлам, але шчыра жадаюць іх прыняць, дабравольна просяць аб іх і праяўляюць веру, якую Каталіцкі Касцёл вызнае ў гэтых сакрамэнтах. На прынцыпах узаемнасці таксама католікі могуць (у пэўных выпадках і асаблівых абставінах) прасіць аб тых самых сакрамэнтах духоўнікаў тых Цэркваў, у якіх гэтыя сакрамэнты важныя»97.

Нават калі справа датычыць асаблівых і дакладна акрэсленых выпадкаў, трэба звярнуць пільную ўвагу на ўмовы, якія пры тым абавязкова павінны быць выкананы, бо ігнараванне аднае альбо больш праўдаў веры адносна гэтых сакрамэнтаў, а сярод іх праўды, якая датычыць неабходнасці службовага святарства для важнасці гэтых сакрамэнтаў, спрычыняецца да таго, што просьбіт не мае неабходных умоваў, каб, згодна з правам, можна было ўдзяліць яму патрэбныя сакрамэнты. Гэтаксама вернік католік не зможа прыняць св. Камуніі ў той супольнасці, дзе не хапае важнага сакрамэнту Пасвячэння98.

Вернае захоўванне паўнаты прынцыпаў і нормаў, устаноўленых у гэтым пытанні99, з’яўляецца адначасова праявай і гарантыяй любові да Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і да братоў іншага хрысціянскага вызнання, якім прыналежыцца сведчанне праўды, як і любові да самой справы імкнення да еднасці.

  1. Пар. Заключнае паведамленне, ІІ, раздз. 1: L’Osservatore Romano (10 снежня 1985), 7.
  2. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 26.
  3. Ніколас Кабасілас Жыццё ў Хрысце, IV, 10: SCh 355, 270.
  4. Дарога дасканаласці, раздз. 35.
  5. Пар. Кангрэгацыя Веравучэння, «Ліст да Біскупаў Каталіцкага Касцёла пра некаторыя аспекты Касцёла, зразуметага як камунія Communionis notio (28 мая 1992), 4: AAS 85 (1993), 839–840; пар. L’Osservatore Romano, выд. польск. n. 10/1992, 37–41.
  6. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 14.
  7. In Іllud: Vidi Dominum, hom. 6, 3: pg 56, 139.
  8. N. 1835; пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 916; Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў, кан. 711.
  9. Прамова да членаў Апостальскай Пенітэнцыярыі і да спаведнікаў з Патрыярхальных базылік у Рыме (30 студзеня 1981): AAS 73 (1981), 203. Пар. Трыдэнцкі Сабор, ХІІІ сесія, Decretum de SS. Eucharistia, 7 раздз. і 11 кан.: DS 1647, 1661.
  10. Кан. 915; пар. Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў, кан. 712.
  11. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 14.
  12. Св. Тамаш з Аквіну, Summa theologiae, III, q. 73, a. 3c.
  13. Кангрэгацыя Веравучэння, Ліст да Біскупаў Каталіцкага Касцёла пра некаторыя аспекты Касцёла, разуметага як камунія Communionis notio (28 мая 1992), 11: AAS 85 (1993), 844; пар. L’Osservatore Romano, выд. польск. n. 10/1992, 39.
  14. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 23.
  15. Epistula ad Smyrnaeos, 8: pg 5, 713.
  16. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 23.
  17. Кангрэгацыя Веравучэння, Ліст да Біскупаў Каталіцкага Касцёла пра некаторыя аспекты Касцёла, разуметага як камунія Communionis notio (28 мая 1992), 14: AAS 85 (1993), 847; пар. L’Osservatore Romano, выд. польск. n. 10/1992, 40.
  18. Sermo 272; PL 38, 1247.
  19. Тамсама, 1247.
  20. Пар. nn. 31–51: AAS 90 (1998), 731–746.
  21. Пар. тамсама, nn. 48–49: AAS 90 (1998), 744.
  22. N. 36: AAS 93 (2001), 291–292.
  23. Пар. N. 1.
  24. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 11.
  25. «Nos autem omnes, qui de uno pane et calice participamus, iunge ad invicem in uniu Spiritus Sancti communionem» (Anaphora Basilici Caesariensis byzantina: A. Hănggi — J. Pahl, Prex Eucharistica: Textus e variis liturgiis antiquioribus selecti, Fribourg 1968, 239).
  26. Пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 908; Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў, кан. 702; Папская Рада па справах Падтрымкі Еднасці Хрысціянаў, Экуменічная дырэктыва (25 сакавіка 1993), 122–125, 129–131: AAS 85 (1993), 1086–1089; Кангрэгацыя Веравучэння, Ліст Ad exsequendam (18 мая 2001): AAS 93 (2001), 786.
  27. «Супольны ўдзел у святых дзеяннях, які перашкаджае еднасці Касцёла альбо крые ў сабе фармальнае прабыванне ў заблуканні ці небяспеку заблукання ў веры, спакусы альбо індыферэнтызму, забаронены моцаю Божага права»: Дэкр. пра Усходнія каталіцкія Цэрквы Orientalium Ecclesiarum, 26.
  28. N. 45: AAS 87 (1995), 948.
  29. Дэкр. пра Усходнія каталіцкія Цэрквы Orientalium Ecclesiarum, 27.
  30. Пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 844 §§ 3–4; Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў, кан. 671 §§ 3–4.
  31. N. 46: AAS 87 (1995), 948.
  32. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Дэкр. пра экуменізм Unitatis redintegratio, 22.
  33. Пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 844; Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў, кан. 671.

Працяг у нумары №5-6(121-122) 2005 >>>

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько