7 красавіка:
святога Жана Батыста Сальскага, святара.

Нарадзіўся 30 красавіка 1651 г. у Рэймсе (Францыя). У 1878 г. стаў святаром, а ўжо праз год заснаваў у родным горадзе бясплатную школу для хлопчыкаў з ніжэйшых сацыяльных слаёў. Праз нейкі час святы адмовіўся ад пасады каноніка, якая давала пэўны даход, раздаў сваю маёмасць бедным і заснаваў законную супольнасць Братоў Хрысціянскіх Школаў (т. зв. «школьныя браты»). Дзякуючы іх дзейнасці быў закладзены пачатак існавання базавай школы ў Францыі, заснаваныя нядзельныя школы для працуючай моладзі, рэальныя вучэльні і настаўніцкія семінарыі. У той час пачынанні святога лічыліся амаль рэвалюцыйнымі. Ён памёр 7 красавіка 1719 г., пакінуўшы пасля сябе шматлікія духоўныя і педагагічныя працы. У наш час заснаваная ім супольнасць з’яўляецца адной з найбольшых у свеце. Святы Жан Батыст лічыцца апекуном хрысціянскага навучання, настаўнікаў і выхавацеляў.

 
11 красавіка:
святога Станіслава, біскупа і мучаніка.

Нарадзіўся каля 1040 г. (1030 ?) у Шчапанове, на тэрыторыі сучаснай Тарноўскай дыяцэзіі ў Польшчы. Вучыўся ў Парыжы, пасля чаго прыняў святарскае пасвячэнне. У 1072 г. стаў кракаўскім біскупам. У той час польскім каралём быў Баляслаў Смелы, з якім біскуп Станіслаў напачатку плённа супрацоўнічаў. Аднак праз пэўны час з-за нейкіх невядомых прычынаў адносіны паміж манархам і біскупам пагоршыліся, у выніку чаго ў 1079 г. Станіслаў прыняў мучаніцкую смерць, а Баляслаў страціў карону і праз два гады памёр на выгнанні. Святы Станіслаў быў кананізаваны ў ХІІІ ст. і з’яўляецца адным з галоўных апекуноў Польшчы.

 
21 красавіка:
святога Ансэльма, біскупа і доктара Касцёла.

Нарадзіўся ў П’емонце (Італія) паміж 1033 і 1034 гг. Набываў адукацыю ў школах пры розных кляштарах у Францыі і ў 1060 г. стаў манахам-бенедыктынцам. Вылучаўся красамоўствам і вялікімі здольнасцямі, дзякуючы чаму стаў абатам, а ў 1093 г. — арцыбіскупам Кэнтэрберыйскім і адначасова прымасам Англіі. З-за канфліктаў з англійскімі каралямі, якія супраціўляліся рэформам Ансэльма і імкнуліся паставіць Касцёл у Англіі ў залежнасць ад каралеўскай улады, двойчы быў у выгнанні, і нават многія з англійскіх біскупаў адвярнуліся ад яго. Аднак у 1107 г. у Лондане быў падпісаны канкардат, які прымірыў колішніх непрыяцеляў. Ансэльм Кэнтэрберыйскі памёр 21 красавіка 1109 г. Дзякуючы яго працам па тэалогіі святы лічыцца «айцом схаластыкі» і найбольшым рэлігійным аўтарам пасля св. Аўгустына. У 1720 г. ён быў абвешчаны доктарам Касцёла.

 
23 красавіка:
святога Юрыя, мучаніка.

Паводле падання, святы быў рымскім воінам, які паходзіў з Лідзіі і быў хрысціянінам. Каля 300 г. ён уступіў у войска цэзара Дыяклетыяна і дасягнуў вялікіх поспехаў у службе. Аднак з-за сваёй веры ў Хрыста быў арыштаваны і аддадзены на катаванні. Ён прыняў мучаніцкую смерць у Нікамедыі (па іншых звестках — у Кападокіі) паміж 304 і 305 гг. Паступова культ святога распаўсюдзіўся ва ўсім тагачасным хрысціянскім свеце. У XV ст. у Германіі ён быў залічаны да чатырнаццаці святых памочнікаў, а таксама абвешчаны апекуном Англіі. З яго імем звязаная вельмі папулярная ў Сярэднявеччы легенда пра тое, як Юрый, калі быў рымскім афіцэрам, выратаваў дачку Кападоцкага цара, якую аддалі на разарванне цмоку. У гэты момант з’явіўся святы Юрый, які паразіў цмока дзідай і, скаванага ланцугамі, але яшчэ жывога, кінуў перад натоўпам. Ён паабяцаў забіць цмока, калі ўсе жыхары ахрысцяцца. Кароль і падданыя згадзіліся, і цмок быў забіты, а 1500 чалавек прынялі хрост. Святы Юрый быў надзвычай папулярны таксама і на нашых землях і асабліва ўшаноўваўся земляробамі. На свята ў яго гонар прыгонным сялянам дазвалялася змяняць гаспадароў. Выява святога Юрыя, які паражае цмока, — адзін з самых папулярных сюжэтаў у іканапісе і сакральнай скульптуры. Святы Юрый (Юргіс) з’яўляецца таксама адным з апекуноў Літвы.

 
23 красавіка:
святога Адальберта (Войцеха), біскупа і мучаніка.

Святы Адальберт Пражскі паходзіў з княскага роду і нарадзіўся каля 956 г. у Лібіцах (Сярэдняя Чэхія). Адукацыю атрымаў у Магдэбургу, пасля чаго быў прыбліжанай асобай тагачаснага біскупа Прагі Дзітмара. У 983 г. Адальберт сам становіцца біскупам. З-за радавых міжусобіцаў двойчы вымушаны быў пакідаць сваю біскупскую сталіцу. Прыбыўшы ў Рым, уступіў там разам са сваім родным братам у ордэн бенедыктынцаў. Пасля гэтага ён вёў місіянерскую працу на тэрыторыі Венгрыі, а затым у Польшчы. Адтуль ён выехаў на місію ў прускія землі, дзе і загінуў ад рук варожых тубыльцаў 23 красавіка 997 г. Польскі кароль Баляслаў Храбры выкупіў яго цела і перавёз у Гнезна, якое дзякуючы гэтаму неўзабаве стала цэнтрам самастойнага біскупства. Там рэліквіі знаходзяцца і сёння. Ужо праз два гады Адальберт быў кананізаваны. Святы з’яўляецца адным з галоўных апекуноў Польшчы.

 
25 красавіка:
святога Марка, евангеліста.

Ян, празваны Маркам, быў вучнем і перакладчыкам святога апостала Пятра, які называў яго «сваім сынам». Ён з’яўляецца аўтарам другога Евангелля, найкарацейшага з чатырох. Мяркуюць, што Марк напісаў яго па просьбе Пятра і з яго словаў. Паводле Новага Запавету, Марк быў сынам Марыі з Ерузалему, у доме якой рэгулярна збіраліся першыя хрысціяне. Марк спадарожнічаў Паўлу і свайму сваяку Барнабу ў першых місіянерскіх падарожжах у Антыёхію, а затым дапамагаў Паўлу падчас яго зняволення ў Рыме. У Вечным горадзе ён таксама блізка супрацоўнічаў з Пятром і, праўдападобна, напісаў Евангелле. Пасля мучаніцкай смерці Князя апосталаў Марк накіраваўся з місіяй на Усход. Дакладных звестак пра яго далейшы лёс засталося вельмі мала. Лічыцца, што ён быў першым біскупам Александрыі, дзе дзякуючы яго дзейнасці станавілася ўсё больш і больш хрысціянаў. Раздражнёныя гэтым пагане схапілі Марка, калі ён служыў святую Імшу, і цягнулі яго на вяроўцы па вуліцах горада. Не перажыўшы такога здзеку, на наступны дзень Марк памёр. Яго рэліквіі знаходзяцца ў катэдры Сан Марка ў Венецыі, апекуном якой ён з’яўляецца. Сімвал евангеліста — леў. Ён лічыцца апекуном пісьменнікаў і мастакоў, праз яго заступніцтва сяляне просяць добрага надвор’я і спрыяльных дажджоў.

 
29 красавіка:
святой Кацярыны Сіенскай, панны і доктара Касцёла, апякункі Еўропы.

Кацярына Бенінказа нарадзілася ў 1347 г. і была 24-м дзіцем у сям’і фарбавальшчыка з Сіены (Цэнтральная Італія). Ва ўзросце 12 гадоў Кацярына, згодна з жаданнем бацькоў, павінна была выйсці замуж, аднак глыбокая рэлігійнасць і багатае ўнутранае жыццё схілілі яе да таго, каб уступіць у трэці закон дамініканаў. У кляштары Кацярына навучылася чытаць і пазнаёмілася з навукай Касцёла. Кнігі і стасункі з вялікімі законнікамі сфармавалі яе духоўнасць і адкрылі шлях да незвычайных містычных перажыванняў. Паводле ўласных словаў святой, яна перажыла «духоўныя заручыны» з Хрыстом. Сваім гераічным хрысціянскім жыццём, напоўненым самаахвярнай любоўю да бліжніх у імя Хрыста, яна прыцягнула да сябе шмат прыхільнікаў з усіх сацыяльных слаёў. Разам з тым з’явіліся і нядобразычліўцы, якія крытыкавалі святую за смеласць, што здавалася ім «непрыстойнаю». У 1376 г. Кацярына прыбыла ў Авіньён, дзе знаходзілася рэзідэнцыя Папаў, каб пераканаць тагачаснага Папу Грыгорыя ХІ вярнуцца ў Рым. Хоць і нельга сказаць, што гэта была выключна яе заслуга, але яе намаганні, напэўна, паспрыялі вяртанню, якое адбылося ўжо праз год. Падчас падзелу Заходняга Касцёла Кацярына актыўна падтрымлівала законнага Папу і па яго просьбе пераехала ў Рым. Там яна і памерла ва ўзросце 33 гадоў, у апошнія гады жывячыся выключна Эўхарыстыяй. Яна пакінула мноства лістоў і «Трактат аб Божым Провідзе», дзе акрамя яе містычнага вопыту выказваецца таксама заклапочанасць станам тагачасанага Касцёла і грамадства. Святая Кацярына Сіенская заслужана лічыцца найвыдатнейшай жанчынай у хрысціянстве. Яна з’яўляецца апякункай Італіі і Еўропы; яе заступніцтва просяць хворыя на чуму і тыя, хто пакутуе ад галаўных боляў.