Шаноўная рэдакцыя!

Усцешна ведаць і думаць, што часопіс «Наша вера» адзначае сваё дзесяцігоддзе.

Як чытач, канстатую: гэты час не быў змарнаваным – часопіс стаў променем духоўнасці, які прасвятляе розум і сагравае сэрцы сваіх чытачоў Словам Вышняга і словам пра Вышняе.

Нямала адкрыццяў чакала мяне на старонках «Нашай веры», і я дзяліўся імі з бліжнімі... Нямала радасці і лагоды дарыла мне са старонак часопіса малітоўна-беларускае слова...

І мне падаецца вельмі патрэбным і важным тое, што дзякуючы таленту рэдакцыі паважанага выдання мы, чытачы, можам бачыць-адчуваць Боскае беларускімі вачыма. Бо агульнавядома: Бог даў людзям мовы, каб засцерагчы іх ад вялікага граху... І вельмі сімвалічна, калі хрысціянская думка гучыць па-беларуску, калі беларусаў сцеражэ ад граху малітоўнае беларускае слова.

То далейшага плёну часопісу «Наша вера» на гэтым шляху: дабрадатнай глебы, спорнай руні, багатага ўраджаю, шчодрага ўмалоту.

Зміцер Цехановіч,
Менск.
 
Паважаная рэдакцыя!

Звяртаемся, каб праз Ваш часопіс павіншаваць квартальнік «Наша вера» з дзесяцігоддзем заснавання. Як у гады ранняга хрысціянства чалавек, пазнаўшы шчасце веры, хацеў падзяліцца гэтым шчасцем з іншымі, так хочацца падзяліцца шчасцем знаёмства з «Нашай верай».

«Наша вера» – элітны часопіс, адметная з’ява ў культурным і духоўным жыцці краіны, разлічаны на шырокае кола чытачоў, веруючых і няверуючых. Кожны, хто прагне духоўнасці, любіць родную мову, родную Беларусь, хоча ведаць яе гісторыю, гісторыю хрысціянства, знойдзе ў ім цікавы, захапляльны матэрыял.

«Наша вера» славіць Бога, праслаўляе Беларусь. Кожны яе нумар ззяе перлінамі адкрыццяў, бо ў яго стварэнні ўдзельнічаюць вядомыя вучоныя, тэолагі, гісторыкі, мастацтва- і музыказнаўцы, сярод якіх такія знаныя, як Уладзімір Конан, Алесь Жлутка, Галіна Сініла, Тамара Габрусь, Тамара Ліхач, Святлана Адамовіч, Святлана Шэйпа, Валеры Буйвал, Аляксандр Ярашэвіч, Язэп Янушкевіч і яшчэ больш як 100 аўтараў, такіх жа таленавітых.

Часопіс мае шмат цікавых раздзелаў: «Жыццё Касцёла», «Свет Бібліі», «Мастацтва», «Музыка», «Архітэктура», «Проза», «Паэзія», «Пераклады», «Архіўныя старонкі», «Вандроўкі» і інш.

«Наша вера» знаёміць з бестселерамі каталіцкай літаратуры – кнігамі і паэтычнымі творамі Папы Яна Паўла ІІ, што дае магчымасць пазнаваць іх тэалагічную і філасофскую мудрасць. Асвятляюцца падзеі рэлігійнага жыцця, міжканфесійнага дыялогу, працэсу супрацоўніцтва каталіцкіх і праваслаўных іерархаў на шляху экуменізму.

Значнае месца ўдзяляецца лёсу каталіцкіх святароў, якія не пакідалі ў гады ліхалеццяў сваю паству і разам з ёю ішлі ў ссылку, лагеры і агонь, сталіся беларускімі прарокамі і мучанікамі, як Адам Станкевіч. Дзякуючы многім з іх «роднае слова, што было вясковым, прыйшло на амвон». Вельмі кранальныя аповеды Ірыны Жарнасек пра незабыўны боль Росіцы; наогул усе публікацыі Ірыны Жарнасек – гэта дарога да храма.

Часопіс згадвае пра славутыя юбілеі: Адама Міцкевіча, Элізы Ажэшкі, Максіма Багдановіча, Янкі Лучыны, Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Адкрывае новых, невядомых раней Янку Купалу, Якуба Коласа. З вялікай любоўю і пяшчотай падаюцца матэрыялы пра святую паэтку нашай зямлі Ларысу Геніюш. Пазнаёміў часопіс з фрагментамі дзённікавых запісаў «Мае падарожжы» Ігната Дамейкі, нашага суайчынніка і героя Чылі, з нагоды 200-годдзя якога 2002 год быў аб’яўлены ЮНЕСКА годам Ігната Дамейкі.

Публікуюцца унікальныя захапляльныя матэрыялы па архітэктуры і гісторыі храмаў (на жаль, лёс многіх з іх трагічны, і знаёмства з імі магчыма толькі дзякуючы архіўным дадзеным ды замалёўкам), цікавыя таксама матэрыялы па гісторыі касцёльнай музыкі, а публікацыі Аляксандра Ярашэвіча фактычна склалі цэлую энцыклапедыю пра абразы Беларусі.

Друкаваліся цудоўныя пераклады твораў Гусоўскага, Дантэ Аліг’еры, Уршулі Радзівіл, Чэслава Мілаша. Значнае месца ўдзяляецца паэзіі: маладым паэтам і такім знаным, як Данута Бічэль, Мар’ян Дукса, Алесь Чобат... Не абыходзяць увагай часопіс і такія мэтры, як Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін...

Часопіс «Наша вера» вельмі прыгожы, выдатна аздоблены ілюстрацыямі, фотаздымкамі. Ды і як жа іначай, калі на яго старонках апавядаецца пра выдатных мастакоў-суайчыннікаў: Івана Хруцкага, Напалеона Орду, Фердынанда Рушчыца, Язэпа Драздовіча, Станіслава Жукоўскага, Пятра Сергіевіча, змяшчаюцца іх творы. Упрыгожваюць часопіс фотаздымкі Міколы Мельнікава і Міколы Новікава.

Часопіс «Наша вера» для маладой сям’і, дзе падрастаюць дзеці, можа стаць энцыклапедыяй ведаў і прыгажосці.

Дзесяць гадоў, 31 нумар! А столькі здзейснена, дзякуючы самаахвярнай працы рэдакцыйнай рады і галоўнага рэдактара Крыстыны Лялько, усяго калектыва рэдакцыі. Кожны нумар выклікае гонар за культурнае і духоўнае багацце Беларусі.

Часопіс «Наша вера» можна чытаць і ў Інтэрнеце: http://media.catholic.by/nv/.

Гады два таму пры часопісе арганізаваны выпуск кніг – серыя «Бібліятэка часопіса „Наша вера”».

Квітней, «Наша вера», на радасць усім тваім чытачам!

Удзячныя чытачы
Вікторыя Ніцееўская,
Зоя Бабоўнікава,
Марыля Барткова,
Аляксандр Слабодзіч,
Люцына Петрулевіч.