Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.

Абяцаная зямля — зямля Ханаан, якую Бог паабяцаў даць свайму народу, калі пад кіраўніцтвам Майсея вывеў яго з Егіпецкай няволі. Гэтая зямля, «у якой цячэ малако і мёд» (гл. Зых 3, 8), з’яўляецца ўласнасцю Бога, а Ізраэль становіцца яе адзіным спадкаемцам. У А. з. Касцёл бачыць правобраз Божага Валадарства, куды ён сам, як новы Ізраэль, пілігрымуе на зямлі.

Біблія (ад грэцк. biblos, літаральна – кніга) — тэксты Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў, якія з’яўляюцца Божым аб’яўленнем для ўсяго чалавецтва і апісаннем гісторыі збаўлення. Б. — кніга чалавечая і кніга Божая. Аўтарам Б. з’яўляецца сам Бог, які для яе напісання выбраў пэўных людзей і даў ім сваё натхненне, гэта значыць, непасрэдна ўплываў на іх думкі. Таму Б. называюць яшчэ «словам Божым». Кожны хрысціянін павінен уважліва слухаць чытанні з Б. падчас літургіі слова на св. Імшы, а таксама рэгулярна самастойна яе чытаць. Касцёл настойліва рэкамендуе чытаць Б. у каталіцкіх выданнях, якія маюць адпаведны, прыняты ва ўсім Касцёле склад святых кніг (канон), а таксама змяшчаюць неабходныя тлумачэнні, якія дапамагаюць разумець святыя тэксты належным чынам. Чытаючы Б., варта заўсёды памятаць, што яна не з’яўляецца падручнікам па прыродазнаўстве ці па гісторыі, а прызначана для пазнання Бога і збаўлення.

Быццё — назва першай кнігі Бібліі, якая распачынае таксама Пяцікніжжа Майсея. У перакладзе назва гэтай кнігі «Таледот» з габрэйскай мовы, а таксама «Genesis» з грэцк. і лац., азначае радавод. У ёй апісваецца стварэнне свету Богам, а таксама пачатак гісторыі чалавецтва, пакліканне праайца Абрагама і жыццё яго нашчадкаў.

Дэкалог (ад грэцк. deka – дзесяць і logos – слова) — дзесяць запаведзяў, якія Майсей атрымаў ад Бога на гары Сінай (Зых 20, 1-17). Каменныя табліцы, на якіх «пальцам Божым» быў напісаны Д., называліся таксама «табліцамі аб’яўлення» і захоўваліся ў каўчэгу. Падзел і нумарацыя запаведзяў змяняліся на працягу гісторыі. Каталіцкі Касцёл традыцыйна карыстаецца парадкам запаведзяў, устаноўленым св. Аўгустынам (V ст.). Такі ж падзел прыняты і ў лютэранаў. Грэцкія айцы падзялілі запаведзі трохі інакш, і іх падзелам карыстаюцца Праваслаўныя Цэрквы і рэфармацкія супольнасці.

Ерузалем (габрэйск. Ерушалаім; магчымы пераклад – уладанне супакою) — горад у Ізраэлі. Біблія бачыць у ім Салем, горад Мельхізэдэка (Быц 14, 18-20) і атаясамлівае яго знаходжанне з гарой Морыа, на якой прынёс сваю ахвяру Абрагам (Быц 22, 1-14). Цар Давід зрабіў Е. сталіцай жыдоўскага царства. Горад стаў цэнтрам палітычнага і рэлігійнага жыцця Ізраэля, паколькі ў ім знаходзілася святыня. Менавіта сюды прыйшоў Езус Хрыстус, каб адзначыць з вучнямі свята Пасхі і каб здзейсніць адкупленне чалавецтва праз сваю муку і смерць. У 70 г. ад Н.Х.Е. быў разбураны рымскімі войскамі пад кіраўніцтвам Ціта; месца, дзе знаходзілася святыня, было ўзарана, а сам горад ператвораны ў рымскую калонію і перайменаваны. У наш час становішча ў Е., як і ва ўсёй Святой Зямлі, застаецца вельмі нестабільным з-за шматгадовага канфлікту паміж ізраільцянамі і палестынцамі. Е. лічыцца святым горадам трох найбольшых монатэістычных рэлігій: хрысціянства, юдаізму і ісламу. Тут знаходзіцца святыня Гробу Пана, у якой можна ўбачыць пячору, дзе было пакладзена цела Езуса і дзе адбыўся цуд уваскрасення. У Бібліі гаворыцца таксама пра нябесны (новы) Е. — супольнасць святых у небе, якія адкупленыя крывёю Ягняці і непасрэдна сузіраюць хвалу Божую (гл. Ап 21).

Ізраэль (з габрэйск. – той, хто змагаўся з Богам, або – Бог валадарыць) — 1. Імя, атрыманае ад Бога Якубам пасля барацьбы, якую Бог вёў з ім (гл. Быц 32, 22). Якуб, названы Ізраэлем, з’яўляецца айцом 12 заснавальнікаў ізраэльскіх родаў. 2. У Старым Запавеце так называецца народ выбраны, а таксама зямля Ханаан. У часы прарокаў гэтая назва замацоўваецца толькі за Паўночным царствам у адрозненне ад царства Юды на поўдні. 3. Новым І. называюць выбраны народ Новага Запавету — святы Касцёл — пабудаваны на падмурку, закладзеным 12 апосталамі. 4. Назва, сугучная сучаснай дзяржаве Ізраіль, заснаванай па рашэнні ААН у 1948 г. са сталіцай у Тэль-Авіве.

Монатэізм (ад грэцк. monos – адзін, адзіны і Тheos – Бог) — адзінабожжа; вера ў адзінага Бога — Стварыцеля сусвету і яго Валадара — у адрозненне ад паганскіх (язычніцкіх) вераванняў у існаванне розных бажкоў (політэізм), ад абагаўлення ўсяго сусвету (пантэізм) і ад поўнага адмаўлення існавання Бога (атэізм). М. — асноватворны аспект Божага аб’яўлення, дадзенага людзям у Бібліі. Акрамя хрысціянаў і юдэяў веру ў адзінага Бога вызнаюць таксама мусульмане.

Пісанне, Святое П. — гл. Біблія.

Прарок — у часы Старога Запавету так называлі чалавека, які прамаўляў ад імя Бога. Роля прарокаў у рэлігійным развіцці Ізраэля надзвычай вялікая: яны абвяшчалі і ўмацоўвалі веру ў адзінага Бога (монатэізм), заклікалі людзей захоўваць маральныя прадпісанні закону Божага і прадказвалі прыйсце Месіі, які дасць збаўленне свайму народу. Першым і найбольшым з П. Біблія называе Майсея. Большасць прарокаў вядома нам толькі са згадак пра іх у гістарычных ці прарочых кнігах Старога Запавету. Больш за ўсё звестак захавалася пра т. зв. кананічных П., пісанні якіх увайшлі ў Біблію. Гэта чатыры «вялікіх» П. — Ісая, Ерамія, Эзэхіэль і Даніэль — і дванаццаць П., якіх называюць «малымі» (таму што іх кнігі больш кароткія, а не таму, што іх вучэнне менш каштоўнае). Апошнім П. Старога Запавету і адначасова першым Новага з’яўляецца св. Ян Хрысціцель. У найвышэйшым сэнсе Хрыста таксама называюць П.

Пяцікніжжа — у грэка-лацінскай традыцыі так называецца першая частка Старога Запавету, якая складаецца з кніг Быцця, Зыходу, Левіта, Лічбаў і Другазаконня. У ёй пададзены найбольш старажытны этап гісторыі Ізраэля і яго заканадаўства, а таму ў габрэйскай традыцыі яна называецца «Тора», што азначае закон.

Святая зямля — Палестына. Зямля, на якой асталяваўся Ізраэль пасля выйсця з Егіпецкай няволі. Там прайшло зямное жыццё Сына Божага, Езуса Хрыста. Месцы, асаблівым чынам звязаныя з біблейскімі падзеямі (Ерузалем, Бэтлеем, рака Ярдан і г. д.), прыцягваюць шматлікіх пілігрымаў з усяго свету. У наш час тэрыторыя С. з. падзелена паміж Дзяржавай Ізраіль і Іарданіяй.

Працяг будзе