Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

 
УДАРАЮЧЫ СЯБЕ Ў ГРУДЗІ

Распачалася святая Імша. Святар стаіць перад народам. Вернікі моляцца: «Спавядаюся Богу ўсемагутнаму..., што зграшыў я вельмі думкаю, словам, учынкам і занядбаннем: мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна». І колькі разоў мы прамаўляем слова «віна», столькі ўдараем сябе ў грудзі.

Што ж гэта азначае, калі чалавек ударае сябе ў грудзі?

Давайце паспрабуем адчуць і зразумець гэта. Але тады мы павінны правільна выканаць абрад. Не толькі злёгку дакрануцца да адзення кончыкамі пальцаў — сціснуты кулак павінен удараць у грудзі. Ты, напэўна, бачыў на старажытных абразах святога Гераніма, які ў пустыні стаіць на каленях і з размаху ўдарае сябе ў грудзі каменем, што трымае ў руцэ. Гэта сапраўдны ўдар. Не нейкі манерны жэст. Ён павінен папасці ў вароты нашага ўнутранага свету і скалануць іх. Тады мы адчуем, што гэта азначае.

Поўны жыцця павінен быць гэты свет, поўны святла і сілы, і інтэнсіўнай дзейнасці. Але як ён выглядае на самай справе? Такія сур’ёзныя патрабаванні паўстаюць перад намі: абавязкі, праблемы і клопаты, неабходнасць прыняцця рашэнняў, але наўрад ці зварухнецца што-небудзь там, унутры. Такімі шматлікімі вінамі мы абцяжараны, але яны не засмучаюць нас. «Пасярэдзіне жыцця мы акружаны смерцю»*, але мы не думаем пра гэта. І тут заклікае голас Бога: «Прачніся! Азірніся навокал! Апамятайся! Перамяніся! Пакайся!». Гэты заклік увасабляецца ва ўдары ў грудзі. Гэты ўдар павінен пранікнуць іх, павінен страсянуць той свет, што ўнутры нас, каб ён абудзіўся, стаў відушчым, навярнуўся да Бога.

А калі чалавек абудзіцца і апамятаецца, то тады ўбачыць, як змарнаваў попусту веліч жыцця, як парушаў Божыя запаведзі, як занядбоўваў свае абавязкі, «па сваёй віне, па сваёй віне, па сваёй надта вялікай віне». Ён аказаўся ў путах гэтай віны, і ёсць толькі адзін шлях вырвацца з іх, а менавіта, безагаворачна прызнаць: «Я зграшыў думкаю, словам, учынкам і занядбаннем перад Богам Найсвяцейшым і перад еднасцю святых». Ён становіцца на баку Бога і выступае за Яго супраць сябе самога. Ён думае пра сябе так, як гэта робіць Бог. Ён злуецца на сябе з-за сваіх грахоў і карае сябе ўдарам.

Такім чынам, калі чалавек ударае сябе ў грудзі, гэта азначае, што ён будзіць сябе. Ён абуджае свой унутраны свет, каб ён пачуў Божы заклік. Чалавек становіцца на баку Бога і карае сябе сам. Каб апамятацца, каб раскаяцца, перамяніцца.

Таму святар і народ удараюць сябе ў грудзі, калі ў чыне пакаяння вызнаюць свае грахі. Мы робім гэта, калі перад святой Камуніяй святар паказвае Цела Пана, а мы гаворым: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне». Калі ў літаніі і суплікацыі абвіняем сябе і гаворым: «Мы, грэшныя, Цябе просім, выслухай нас, Пане».

З цягам часу значэнне гэтага звычаю было аслаблена. Вернікі ўдараюць сябе ў грудзі, калі падчас Перамянення святар узнімае Гостыю і Келіх. Альбо калі падчас малітвы «Анёл Панскі» прамаўляюць словы: «А Слова сталася Целам». Тут уласны сэнс жэста растварыўся, і ён з’яўляецца толькі агульным праяўленнем глыбокай пашаны і пакоры. Суровая сур’ёзнасць павінна заставацца ў ім, каб гэты жэст заклікаў апамятацца і быў самапакараннем для сэрца, якое раскайваецца.

ПРЫСТУПКІ

Мы ўжо так многае прадумалі і прынялі ў разлік; ці ўсведамляеш ты, што пры гэтым адбывалася? Заўсёды гаворка ішла пра даўно вядомыя рэчы, і ўсё ж яны ўбачыліся нам у новым святле. Гэта было тое, што мы ўжо тысячу разоў бачылі, але цяпер мы разгледзелі гэтыя рэчы адпаведным чынам, і яны адкрыліся перад намі і паказалі нам усю сваю прыгажосць. Мы чуйна прыслухаліся — і яны загаварылі. Дзеянні, якія мы здзяйснялі шмат разоў і раней, мы адпаведным чынам успрымалі пачуццямі, рабілі іх абдумана — і тады наблізілася ўсё тое, што за імі стаіць.

Гэта вялікае адкрыццё! Мы павінны здабываць тое, чым даўно ўжо валодаем, каб яно сапраўды стала нашым. Мы павінны вучыцца правільна глядзець, правільна слухаць, правільна рабіць. Гэта вялікая навука: вучыцца таму, як трэба глядзець, як станавіцца дасведчаным. Пакуль гэтага няма, усё застаецца для нас нямым і цёмным. Але калі мы авалодаем гэтаю навукаю, тады многае адкрываецца перад намі — адкрываецца ўнутраны свет рэчаў і дзеянняў, і адтуль, з яго сутнасці, фармуецца тое, што знешняе. І ты пераканаешся, што якраз зразумелыя самі па сабе рэчы, паўсядзённыя, звыклыя дзеянні ўтойваюць найбольшую глыбіню. У найпрасцейшым заключана самая вялікая таямніца.

Вось, напрыклад, прыступкі. Незлічоную колькасць разоў ты ўзыходзіў па іх уверх. Але ці ўсведамляў ты, што пры гэтым адбывалася ў табе? Бо нешта адбываецца ў нас, калі мы падымаемся ўверх па прыступках. Толькі гэтае «нешта» вельмі далікатнае і ціхае, і яго можна лёгка прагледзець.

Глыбокая таямніца адкрываецца тут. Гэта адзін з тых працэсаў, якія паходзяць з глыбіні нашай чалавечай натуры, — нешта загадкавае, яго немагчыма разблытаць з дапамогаю розуму, і ўсё ж такі яго разумее кожны, бо тое, што знаходзіцца глыбока ўнутры нас, само загаворвае пра гэта. Калі мы падымаемся па прыступках, тады падымаецца не толькі наша нага, але і ўся наша істота. Таксама і духоўна мы падымаемся. І калі робім гэта абдумана, тады мы, няхай і няясна, прадбачым узыходжанне па прыступках да той вышыні, дзе ўсё вялікае і дасканалае, — да неба, на якім прабывае Бог.

І ўсё-такі мы адчуваем таямніцу. Хіба ж Бог знаходзіцца там, наверсе? Для Яго ж няма ніякага «ўверсе» альбо «ўнізе»! Мы ж прыходзім да Бога толькі тады, калі становімся больш чыстымі, шчырымі, лепшымі. Аднак якая сувязь паміж імкненнем стаць лепшым і цялесным узыходжаннем? Якая сувязь паміж імкненнем да чысціні сэрца і прабываннем наверсе? Але тут ужо можна нічога больш не тлумачыць. «Унізе» — гэтае паняцце ўжо па сваёй прыродзе алегорыя таго, што нікчэмнае, дрэннае; «наверсе» — алегорыя высакароднага, добрага, і таму здзяйсняемае належным чынам узыходжанне ўверх кажа нам аб узыходжанні нашай чалавечай натуры да Найвышэйшага, да Бога. Мы не можам гэтага растлумачыць, але яно ёсць; мы адчуваем гэта, мы бачым гэта.

Таму з вуліцы да касцёла вядуць прыступкі, гэтыя прыступкі кажуць: «Ты ідзеш уверх, у дом малітвы, набліжаешся да Бога». З касцёльнай навы — зноў прыступкі ў прэзбітэрый; яны кажуць: «Цяпер ты ўваходзіш у святое святых». Прыступкі таксама ўзносяць да алтара. Да таго, хто ступае па іх уверх, яны прамаўляюць так, як аднойчы Бог прамаўляў да Майсея на гары Харыб: «Знімі свае сандалі, бо тут зямля святая». Алтар — гэта парог вечнасці. Як гэта велічна! Ці ж не праўда, што цяпер ты будзеш падымацца па прыступках, усведамляючы гэта? Усведамляючы, што яны вядуць цябе ўверх? Ці будзеш пакідаць усё нізкае там, унізе, і сапраўды падымацца да вышыняў?

Але што тут многа гаварыць! Галоўнае, каб гэта ўсведамляла твая душа, каб у табе адбываліся Хрыстовыя ўзыходжанні.

Працяг у нумары №7-8(123-124) 2005 >>>

Пераклад з нямецкай мовы І. Бурак