Будучыня касцёла ў многім залежыць ад таго, якую змену падрыхтуе сабе цяперашняе пакаленне сталых вернікаў. А яшчэ, безумоўна, – ад працы святароў і сёстраў законных з моладдзю. Менавіта яны закладваюць у юных душах падмурак сапраўднай веры, яны бяруць на сябе нялёгкі абавязак далучэння дзяцей, падлеткаў і моладзі да хрысціянскіх каштоўнасцяў. Пра некаторыя аспекты працы святара з моладдзю ў гэтым кірунку – наша размова з пробашчам віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага кс. Тадэвушам Кахановічам.

— Ксёндз Тадэвуш, чаму менавіта працы з моладдзю вы надаяце так шмат увагі?

— Святы Айцец Ян Павел ІІ часта згадвае, што моладзь з’яўляецца надзеяй свету, што менавіта ад яе залежыць будучыня чалавецтва. Гэта значыць, што моладзь таксама з’яўляецца надзеяй і багаццем Касцёла, а адпаведна — надзеяй і багаццем сям’і, грамадства. Таму маладых трэба падтрымліваць у пошуках Бога, сапраўдных жыццёвых вартасцяў. Не робячы гэтага, мы, дарослыя, рызыкуем страціць іх сэрцы, змарнаваць добрыя намеры, не заўважыць таленты, якія скарыстае дзеля ўласнае карысці хтосьці іншы. Хіба гэта добра, што сёння так шмат маладых людзей замыкаюцца ў сабе, адчуваюць сябе самотнымі, нікому не патрэбнымі? Касцёл у асобе святара абавязаны першы падаць руку дапамогі такім людзям, знайсці словы і прыклады, здольныя зацікавіць асобаю Хрыста, жыцця касцёла, парафіі. Гэта ўсё нялёгка рабіць, але гэта вельмі важная справа. Я думаю, што на Беларусі ўсім, хто мае дачыненне да працы з моладдзю, трэба надаваць асаблівую ўвагу працы з маладымі сужэнскімі парамі, а таксама са студэнцкай моладдзю.

— На чым, на ваш погляд, павінна грунтавацца такая праца?

— Быць сведкам Езуса можна тысячаю спосабаў, але трэба ўмець пры гэтым вызначыць той адзіны, які можа быць найбольш прыдатным і плённым у канкрэтнай сітуацыі, у стасунках з канкрэтным чалавекам. Што да магчымасцяў адшукаць форму працы, то гэта — не праблема. Трэба толькі жадаць і ўмець адкрыць сэрца для іншага чалавека, умець ахвяраваць дзеля яго час і сілы.

— Падчас працы ў Браславе вы, ведаю, шмат часу ўдзялялі справам маладых...

— Гэта так. Ад чатырох гадоў працы з моладдзю ў Браславе ў мяне як у святара засталіся самыя найлепшыя ўспаміны. Шмат чаму і сам навучыўся ў маладых. Распачынаць любую справу цяжка, любая справа вымагае ад чалавека цярпення, ведання псіхалогіі і, безумоўна, патрабуе шмат фізічных сіл. У сваёй працы з моладдзю ў той перыяд я стараўся спалучаць моманты душпастырства з падрыхтоўкаю да дарослага жыцця. Таму, апроч рэгулярных сустрэч, малітоўных чуванняў ці чуванняў ТЭЗЭ, пілігрымак да Маці Божай Будслаўскай або да іншых святыняў, моладзь многа працавала фізічна, вучылася супольнаму жыццю ў калектыве падчас правядзення розных імпрэзаў, курсаў навучання ігры на гітары і інш.

— Ці маглі б вы сказаць, што ўжо бачыце плён ад сваёй працы?

— Пра гэта, напэўна, можна будзе сказаць пазней, па нейкім часе. Я ўпэўнены, што плён ёсць, але ці ўбачу я сам яго, — не ведаю... Малады чалавек ходзіць на святую Імшу, спавядаецца, моліцца дома — гэта ўжо хіба не плён для касцёла і для самога чалавека? Вельмі спадзяюся, што час, які мы правялі разам у малітвах і працы, паспрыяе маім былым парафіянам у правільным выбары жыццёвага шляху, у наладжванні сямейных адносінаў. І калі так адбудзецца, то не буду лічыць гэта асабістаю сваёю заслугаю, а найперш — міласцю Пана Бога.

— Напэўна, і самая карпатлівая праца душпастыра з маладымі не заўсёды гарантуе ім засцярогу ад памылак у дарослым жыцці...

— Вядома, не гарантуе. Асабліва гэта бачна па ад’ездзе маладога чалавека з правінцыі на вучобу ці на працу ў вялікі горад. Сутыкнуўшыся з новымі рэаліямі, учарашні школьнік не заўсёды можа самастойна да іх адаптавацца. Маю шмат прыкладаў, калі хлопец ці дзяўчына, пакінуўшы родныя мясціны, і ад Касцёла аддаляецца, і памылкі робіць. Гэта балюча, вядома, але ж жыццё ёсць жыццё. Застаецца толькі спадзявацца на тую рэлігійную аснову, якая ўсё-ткі дапаможа маладому чалавеку зрабіць і з памылак правільныя высновы, каб не дапускаць іх зноў.

— Што вас як духоўную асобу, святара найбольш непакоіць у паводзінах сённяшняй моладзі?

— Тое, што непакоіць і кожнага нармальнага дарослага чалавека: алкагалізм, наркаманія, забойства ненароджаных дзяцей, агрэсіўнасць. Не могуць не непакоіць таксама рэлігійная апатыя, эгаізм, абыякавасць да праяваў зла, страта пачуцця адказнасці за ўласныя ўчынкі. Сёння вельмі часта малады чалавек не бачыць сэнсу і перспектываў жыцця, не верыць у будучыню ці нават баіцца яе. А патрава ўласнага здароўя — хіба не праблема?

— Як, на ваш погляд, можна змагацца з усім гэтым негатывам?

— Каб паспяхова перамагчы адмоўнае, яму трэба супрацьпаставіць штосьці пазітыўнае, станоўчае, а гэта можна зрабіць толькі адшукаўшы прычыны негатыву, што, дарэчы, не заўжды лёгка і проста. Бог вучыць нас перамагаць зло дабром, любоўю, прабачэннем. Гэта трэба памятаць і чалавеку, які жыве ў граху, і таму, хто ўзяў на сябе смеласць дапамагаць яму выблытацца з граху. Сакрэт жа шчаслівага жыцця, як вядома кожнаму католіку, — у выкананні Божых запаведзяў. Вось вам і ўся навука.

— Якія якасці патрабуюцца найперш ад святара для плённай працы з маладымі?

— Шмат якія. І патрабавальнасць, і жаданне ды ўменне разумець і дараваць, і ўменне прызнаць уласную памылку... А галоўнае — не баяцца быць нармальным, звычайным чалавекам. І памятаць: людзі, з якімі мусіш і жадаеш працаваць, павінны мець да цябе давер.

— Што б вы назвалі ў працы з маладымі першасным — павучанне ці апеку?

— Важнае і адно, і другое. Аднае навукі для вырашэння ўсіх жыццёвых праблем і дасягнення шчасця недастаткова — гэта відавочна. Для нармальнага развіцця чалавека ў першую чаргу патрэбныя чыстае сэрца і здаровы розум. І адным, і другім надзяляе Бог. Апека як аспект выхавання з’яўляецца паняццем шырэйшым за навучанне. Навука — гэта інфармацыя, слова, хай сабе і мудрае, але ўсё ж недастатковае для таго, каб стаць для чалавека праграмаю паводзін. Апека — добраахвотнае прыняцце на сябе клопатаў іншага чалавека з мэтаю дапамагчы яму зарыентавацца ў жыцці, у канкрэтнай сітуацыі. Апекавацца кімсьці — вельмі нялёгкі клопат, бо ён вымагае нямала і фізічных, і маральных высілкаў. У школах, ва універсітэтах шмат настаўнікаў, але ці шмат сярод іх сапраўдных выхавацеляў, якія б вучылі маладых спасцігаць навуку жыцця на ўласным прыкладзе? Не будзем забывацца: слова вучыць, а прыклад прыцягвае. Ці не дзіўна, што ў наш супярэчлівы і складаны час для многіх маладых людзей найвялікшымі аўтарытэтамі з’яўляюцца ўсё-ткі не вядомыя акторы і палітыкі, а, да прыкладу, Маці Тэрэза з Калькуты, Ян Павел ІІ ці брат Ражэ, заснавальнік экуменічнай супольнасці ТЭЗЭ? Бо яны — найвялікшыя выхавацелі, якія дэманструюць на справе сваю любоў да чалавека, з’яўляюцца сапраўдным узорам паводзінаў і жыцця.

— Дзякуй за размову!

 

Гутарыў Франц Сіўко.
Фота з асабістага архіва кс. Тадэвуша Кахановіча