Працяг. Пачатак глядзі ў нумары №12(115) 2004 >>>

У нашым сённяшнім падарожжы па Святой Зямлі мы пазнаёмімся з базылікай Гефсіманскай малітвы, якая будавалася з 1919 да 1924 г. пад кіраўніцтвам знакамітага італьянскага дойліда Антоніо Барлуццы. Пабудаваць храм Малітвы (менавіта не «для малітвы», але прысвечаны Малітве і ў гонар яе асвечаны) ды яшчэ ў формах сучаснай архітэктуры – справа больш чым складаная. «Дом мой домам малітвы назавецца», – сказаў Хрыстус, выганяючы гандляроў з храма. Мастацтва Хрысціянскай Царквы ведае цікавыя спробы ўвасаблення гэтай тэмы.

На ўсход ад Ерузалема, ад муроў Старога Горада, паўстае гара Элеон, у евангельскім перакладзе – Аліўная гара (яна і сёння амаль да вяршыні пакрытая аліўкавымі садамі).

Унізе знаходзіцца знакаміты Гефсіманскі сад, назва якога таксама звязана з алівамі. Гефсіманія – ад габрэйскага Гет-шэмен (месца, дзе ціснуць алівы).

Хрыстус любіў гэтае месца і часта прыходзіў сюды ад гарадской мітусні і шуму для малітвы ў адзіноце і гутаркі з вучнямі. Менавіта гэтае месца іх патаемных сходаў пакажа першасвятарам Юда, які прывядзе сюды ваяроў і натоўп, каб узяць пад стражу Збавіцеля. Але каты і здраднікі заўсёды спазняюцца: перад іх прыходам ужо здзейсніўся, няхай і сёння не ўсімі ўсвядомлены, цуд Гефсіманскай малітвы.

І ўсё ж надта таямнічая, невыказная сама прырода малітвы, гэтага разумна-сардэчна-славеснага ўзыходжання да Бога, каб можна было ўявіць яе ў пластычных вобразах. Як стварыць нябеснае на зямлі? Дзеля такой задачы быў пакліканы італьянскі дойлід Антоніо Барлуццы. Калі на гары Табор ён максімальна выкарыстаў у архітэктуры перамяняльную, «багатворчую» стыхію і дынаміку святла, то ў Гефсіманіі, наадварот, трэба было змякчыць, «паглыбіць» святло амаль да змроку, каб сімвалічна стварыць ноч роспачы, якая авалодала душой Сына Чалавечага.

Бывае «поўдзень духу», вяршыня ўзыходжання і славы ў жыцці чалавека, але бывае і «ноч» – бязмежная цемра бязвер’я (гэты стан характэрны для сённяшняга чалавека). Мы кажам: Хрыстус узяў на сябе грахі ўсяго свету. Але як менавіта ўзяў? Можа быць, калі адчуў сябе грэшнікам і пакутаваў ад нявер’я ў сябе, у міласэрнасць і Божую дапамогу, у здольнасць чалавека вытрываць маральныя і фізічныя пакутыі? Так, і гэта трэба было пераадолець Сыну Чалавечаму.

Можа падацца, што базыліка Гефсіманскай малітвы занадта цёмная, але, калі агледзеўшыся, адвыкнуўшы ад святла і шуму, прывыкнеш да гэтай незвычайнай архітэктуры, незвычайнай сістэмы асвятлення, пачынаеш паступова разумець адзіную магчымасць менавіта такога вырашэння, таго, што і завецца літаральна унікальнасцю задумы і стварэння. Дарэчы, знакамітая базыліка Нараджэння Хрыстовага, пра якую мы ўжо расказвалі, таксама спачатку паказалася галоўнаму заказчыку, імператару Юстыніяну, занадта цёмнай. Нядоўга думаючы, гэты «найдастойнейшы і самадзяржаўнейшы» загадаў за гэта адсячы галаву архітэктару. На шчасце, у ХХ стагоддзі, калі працаваў Барлуццы, дойлідаў ужо не каралі смерцю. Да таго ж, у базыліцы Гефсіманскай малітвы «цемра» – не архітэктурны недахоп, а ўсвядомлены багаслоўскі намер.

Мы ўваходзім звычайна ў храм праз галоўныя дзверы, так робяць і наведвальнікі Гефсіманскай базылікі. Але справа ў тым, што фасад святыні апынуўся, незалежна ад волі архітэктара, вельмі блізка ад дарогі з Ерузалема ў Віфанію, і гэта зрабіла немагчымым нармальнае набліжэнне да касцёла. Цудоўны ўваход, упрыгожаны мазаікай велізарны франтон, парадная лесвіца, што вядзе да галоўнага заходняга ўваходу – усё гэта практычна губляецца, бо агароджа, што ідзе каля шашы, адразае касцёльную тэрыторыю адразу каля ніжняй прыступкі лесвіцы. І калі ты толькі ўваходзіш па гэтых прыступках з асляпляльнага ерузалемскага сонца ў святыню, у першыя хвіліны цяжка зразумець, дзе ты. Іншая справа, калі ўвайсці праз бакавыя паўночныя дзверы... Вы адразу трапляеце ў сад – малую частку таго сапраўднага старадаўняга саду, дзе вас сустракаюць восем старажытных неабхопных аліваў, равесніцаў Хрыста.

Кажуць, што алівы так доўга не жывуць. Гэтыя – жывуць і даюць ураджай. Калі пашанцуе, можна атрымаць ад братоў францішканцаў, якія апякуюцца храмам, некалькі аліваў на памяць. Праз закрыстыю адразу відаць галоўнае, дзеля чаго была пабудавана святыня: усе касцёлы Палестыны так ці інакш павінны абараніць тое ці іншае святое месца. Увесь Ерузалем, уся біблейская гісторыя – у святых камянях: храм Гроба Гасподняга над Галгофай, над «Каменем мірапамазання» і над самім высечаным у скале Святым Гробам. Капліца Унебаўшэсця – над каменем, што захаваў адбітак стапы Хрыста. Так і тут. Базыліка Гефсіманскай малітвы ўзведзеная над сапраўдным каменем, які Езус паліў у апошнюю сваю зямную ноч малітоўнымі слязьмі і кроплямі крывавага поту. Тут наш Збаўца перамог сябе канчаткова і незваротна, вызначыўшы сябе для Крыжа і смерці ў Гефсіманіі.

Велічнасць і прыгажосць храма Гефсіманскай малітвы патрабуюць больш поўнага аповеду. Мы спыніліся каля каменя Езусавай малітвы. Ён абкружаны нізенькай жалезнай агароджай у форме цярновага вянца, гэтага сімвала ахвярнасці Нявіннага Пакутніка, які ўзяў на сябе грахі свету і жах смерці. У гэтым цярновым вянцы, у гэтай агароджы, па вуглах – дзве белыя галубкі.

У вялікай мазаіцы над алтаром паказаны той самы камень з прасцёртым на ім Збавіцелем. На самым версе бачна рука Бога Айца, што нясе знак перамогі, запэўнівае, што Хрыстус не пакінуты Айцом.

Ніжэй – выява анёла, пасланага з нябёсаў для суцяшэння. На твары Езуса адлюстраваны не толькі глыбокі смутак, але і амаль неразуменне, нават адчай. Як пішуць мастацтвазнаўцы, гэта сапраўдны твор «вялікага майстэрства і рэлігійнага натхнення», і належыць ён італьянскаму мастаку Д’Акьярдзі. Галоўны алтар з яго ціхім святлом, што праходзіць скрозь пурпурныя фільтры, – гэта нагадванне і сімвал той «малітвы да крывавага поту», пра якую гаворыцца ў Евангеллі. На мазаіках дзвюх бакавых наваў паказаны здрадніцтва Юды і дабравольны выхад Хрыста насустрач натоўпу. У храме нібы адноўлена атмасфера начной містэрыі. Шэсць маналітных калонаў падтрымліваюць скляпенне ў форме дванаццаці малых купалаў, па ліку апосталаў, а праз вокны падае амаль фіялетавае літургічнае святло малітвы і пакаяння...

Базыліку Гефсіманскай малітвы ў Ерузалеме называюць «касцёлам усіх нацый», таму што вернікі амаль усяго каталіцкага свету прынялі ўдзел у яго аздабленні і ўпрыгожванні. Напрыклад, цэнтральная мазаіка на ўсю алтарную сцяну была аплочана католікамі Венгрыі, мазаікі бакавых наваў аплацілі вернікі Ірландыі і Польшчы. Мазаікі ў 12 купалах фінансаваліся каталіцкімі суполкамі Англіі, Аргентыны, Бельгіі, Бразіліі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Канады, Мексікі, Францыі, Амерыкі, Чылі і «нясуць» на сабе гербы гэтых краін. Цярновы вянец вакол алтарнага каменя зроблены за кошт вернікаў далёкай Аўстраліі. 15 дзяржаў унеслі сваю лепту ў гэтую святыню. «Калі ўзнясуся, – казаў Збавіцель, – усіх паклічу да сябе».

На выхадзе з базылікі ёсць яшчэ адна вялікая мазаіка, на якой адлюстраваны Хрыстус Першасвятар (работа італьянскага майстра Джузэпэ Бергеліні).

Храм Гефсіманскай малітвы знаходзіцца насупраць Залатой брамы, праз якую Езус Хрыстус уваходзіў у Ерузалем, таму галоўная тэма фасада Гефсіманскай святыні, звернутай да Ерузалема, – сцвярджэнне думкі, што вялікая ахвяра Сына была прынятая Айцом.

Практычна ва ўсіх праектах італьянскага дойліда Барлуццы, што пабудаваў базыліку на Таборы, у Гефсіманскім садзе, захоўвалася месца старажытнай хрысціянскай святыні. Яшчэ сто гадоў таму падчас раскопак у 1891 і 1901 гадах археолагі адкрылі тут руіны прысвечанай Збавіцелю бажніцы крыжаносцаў, пабудаванай у ХІІ і разбуранай у канцы ХІІІ стагоддзя. Рэшткі яе захаваліся ў левай частцы сучаснай базылікі.

Але і эпоха крыжовых паходаў не была мяжой для святыняў Ерузалема. Калі ў 1920 г. пачалося будаўніцтва Гефсіманскага касцёла, археолагі знайшлі фундаменты больш старажытнага храмавага збудавання – класічнай візантыйскай трохнававай базылікі, якую пабудаваў імператар Феадосій Вялікі (гэты храм апісаны Сільвіяй Аквітанкай, знакамітай паломніцай з Галліі, якая наведала Ерузалем у ІV ст.). У алтарнай апсідзе базылікі спачатку знаходзіўся камень Святой Малітвы, тапаграфічная памяць аб якім была надзейна захавана ранняй хрысціянскай традыцыяй і падтрымлівалася практыкай старажытных хрысціянскіх захаванняў паблізу святога месца. Зразумела, базыліка Феадосія, што праіснавала крыху больш за тры стагоддзі і была разбураная персамі ў 614 г., мела значна меншую плошчу (ад яе засталіся толькі знойдзеныя пры раскопках фрагменты багатай мазаічнай падлогі і сценаў).

Паяднанне старажытнасці і сучаснасці, архітэктурнай традыцыі і новых прыёмаў было асноўным архітэктурным прынцыпам дойліда Барлуццы. Яго святыні заўсёды «бралі карані» ў старажытных фундаментах.

Базыліка Гефсіманскай малітвы была асвечана ў чэрвені 1924 года і стала пачаткам творчай біяграфіі Антоніо Барлуццы. З таго часу год за годам ён бесперапынна нешта будаваў пераважна ў Святой Зямлі і побач (у Лівіі, Іарданіі, Сірыі). У 1924–1925 гг. ім быў пабудаваны невялікі храм і Прытулак Добрага Пастыра ў Ерыхоне, а ў кастрычніку 1925 г. таленавіты майстра аднавіў пасля пажару Апостальскую нунцыятуру ў Тэгеране. У 1928 г. ён рэстаўраваў капліцу на Крыжовым шляху ў Ерузалеме, у 1930 г. – храм на гары Карміл і шматлікія іншыя знакамітыя святыні, колькасці якіх хапіла б для таго, каб праславіць імёны некалькіх архітэктараў. І толькі нязменны энтузіязм, тое «гарэнне Божае», якое ён упершыню адчуў у сабе ва ўзросце 33 гадоў, калі яго духоўнік сказаў яму «ідзі і будуй храмы», дазволілі майстру прайсці свой крыжовы шлях без страху і сумненняў.

Працяг у нумары №9(125) 2005 >>>

Сяргей Кірык