Можна прачытаць у Бібліі і пачуць у казаннях святароў пра тое, што Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства і стварыў яго вольным, г. зн. даў яму вольную волю. Але ў той жа час у малітве «Ойча наш», звяртаючыся да Айца Нябеснага, мы штодня просім: «Будзь воля Твая», ды й у жыцці не раз кажам: «На ўсё воля Божая». Дык як жа дастасаваць у нашай паўсядзённасці гэтую вольную волю чалавека да волі Божай?

Аксана К., г. Маладзечна.

На пытанне адказвае ксёндз Юры Быкаў, вікары мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Адказваючы на гэтае пытанне, спачатку варта адказаць, чым для чалавека ёсць свабода, што разумець пад словамі «вольная воля».

Звычайна свабодаю называюць магчымасць дзейнічаць незалежна ад знешняга прымусу. Для хрысціянаў свабода – гэта яшчэ і ўменне жыць без граху, бо калі чалавек залежыць ад граху, то грэх пануе над яго воляй. Грэх змушае чалавека свядома рабіць тое, што ёсць шкодным, што абавязкова дасць плады зла. Грэх забівае ў чалавеку голас сумлення, голас Бога і такога чалавека нельга назваць вольным.

Воля ў разуменні філосафаў – гэта ўласцівасць чалавека, праз якую ён становіцца здольны да выканання акту духоўнага пажадання.

Для веруючых людзей – гэта жаданне спаўняць волю Бога. Быць блізка да Хрыста – гэта значыць падпарадкаваць уласную волю Яго волі.

Сапраўды, асабліва ўнутранае жыццё чалавека рэалізуецца ў заўсёдным напружанні паміж воляю Бога і ўласнаю воляю. Гэтае напружанне абумоўлена тым, што людзі пастаянна засяроджаны на ўласнай волі, на тым, што ім выгадна, але ж вядома, што кола людскіх інтарэсаў і жаданняў, таго, чаго чалавек хоча, не заўсёды супадае з тым, чаго хоча Бог. Чалавеку не хочацца, каб яго жаданні хтосьці перакрэсліў. Ён іх бароніць, свядома ці несвядома адмаўляючыся падпарадкавацца Божай волі. Эгаізм укручвае ўнутранае жыццё асобы ў пастаянны канфлікт паміж воляю Бога і воляю чалавека. Калі жыццё паводле веры азначае прывязанасць да Хрыста і Яго волі, то трэба асабліва падкрэсліць, што пошукі ўласнай волі, якая супярэчыць волі Бога, – гэта крыніца граху і зла, крыніца няшчасця і зняволенасці... Чалавек павінен імкнуцца зразумець замысел Божы ў дачыненні да яго. Згоду на спаўненне Божай волі трэба выказваць разумна, разважаючы над тым, чаго ж сапраўды хоча ад нас Бог. Бяздумная канстатацыя свайго жадання быць паслухмяным Божай волі нічога, на жаль, не дасць. Людзі, якія лёгка, без асаблівых намаганняў дэкларуюць такую паслухмянасць, гэтак жа лёгка адмаўляюцца ад сваіх абяцанняў. Толькі тады, калі нават у дробных штодзённых справах хочацца заўжды заставацца верным Богу, можна стаць вялікім. Чалавек, адказны за сваё жыццё, глядзіць у глыбіню сябе, бо толькі на дне свайго сэрца можа адчуць, чаго Бог ад яго чакае. У паслухмянасці сумленню, гэтай святыні, у якой чалавек сустракае Бога, выяўляецца сталасць людской асобы. Дыялог чалавека і Бога, які адказвае Яму згодаю, мае вельмі асабісты, інтымны характар, што не ўкладваецца ні ў якую сістэму агульных і нязменных нарматываў.

Бог, хоць і з’яўляецца адзіным і сапраўдным уладаром гэтага свету, у маральным жыцці заўсёды дае чалавеку вольную волю, як бы пытаючы яго, ці хоча ён, каб яго душа была чыстая, высокая, узбагачаная Божаю ласкаю. Выкананне Божай волі – гэта аснова для ўзрастання сапраўднай велічы чалавека. Бог любіць кожнага чалавека так, як бацька любіць сваіх дзяцей. І воля Божая ў тым, каб людзі паверылі гэтай любові і прынялі яе, а любоў можа мець розныя формы, аднак яна заўсёды нясе ў сабе дабро. Гэтае дабро, ахвяраванае чалавеку, Бог ахоўвае сваім правам. Прымаючы дар любові, людзі павінны быць паслухмяныя Божаму праву, якое стаіць на варце іх чалавечай годнасці.

Якая ёсць воля Божая, можна распазнаць дзякуючы малітве (пар. Рым 12, 2; Эф 5, 17).

Езус вучыць нас, што ў Валадарства нябеснае нельга ўвайсці праз шматслоўе, але толькі «спаўняючы волю (...) Айца, які ў небе» (Мц 7, 21). «Бог выслухае кожнага, хто (...) спаўняе Яго волю» (Ян 9, 31). У малітве «Ойча наш» прадметам трох першых просьбаў з’яўляецца хвала Айца, асвячэння Яго імя і выканання волі Божай. Кс. Адам Станкевіч падкрэсліваў, што маліцца па-хрысціянску – гэта значыць сысці ажно на самае дно свае душы, прыпомніць і ўсвядоміць сваю грахоўнасць, перапрасіць Бога за свае правіны, узняцца да Божай ласкі і міласэрнасці, напоўніцца Божым святлом і сілаю, каб зноў увайсці ў вір жыцця і там выконваць Яго волю.