«Il rapido sviluppo» («Хуткае развіццё») – новы Апостальскі ліст Яна Паўла ІІ, скіраваны да адказных за сродкі масавай інфармацыі.

Вядомы яшчэ ад пачатку пантыфікату заклік «Не бойцеся!» Святы Айцец ажно тройчы паўтарыў у сваім апошнім Апостальскім лісце. Звяртаючыся да журналістаў, Папа заахвоціў іх не баяцца казаць праўду і служыць дабру. Дакумент прымеркаваны да 40-годдзя абвяшчэння саборавага дэкрэту «Inter mirifica», прысвечанага мас-медыя. Папа падкрэсліў, што мы жывем у час глабальных камунікацый, калі адзіным «крытэрыем праўдзівасці» часта становіцца навязлівасць і інтэнсіўнасць перадачы інфармацыі альбо «думка большасці». Адсюль вынікае неабходнасць не толькі маральнага кодэксу для журналістаў, але і навыкаў свядомага карыстання сродкамі масавай інфармацыі. Што можна зрабіць у такой сітуацыі? У якасці арыентыраў Папа прапануе журналістам праўду, справядлівасць, свабоду і адказнасць. Усім рэкамендуе шлях фармацыі, удзелу і дыялогу і падкрэслівае, што для Касцёла сродкі масавай інфармацыі таксама адкрываюць «правідчыя магчымасці», якія абавязкова трэба як мага хутчэй выкарыстоўваць.

 
Новым генеральным сакратаром Губернатарату Дзяржавы Горада Ватыкан стаў былы сакратар Папскай Рады па сродках масавай інфармацыі біскуп Рэнато Баккардо. На гэтай пасадзе ён замяніў швейцарскага курыяльнага біскупа Джаванні Данцы, якога Ян Павел ІІ менаваў арцыбіскупам пралатам Ларэта, папскім дэлегатам для санктуарыя Святога Дому ў гэтым горадзе.

Біскуп Рэнато Баккардо на працягу трох гадоў займаецца арганізацыяй замежных падарожжаў Святога Айца. Цяпер ён будзе адказваць таксама за ўсе справы, звязаныя з адміністрацыяй Дзяржавы Горада Ватыкан.

 
Новая кніга Папы Яна Паўла ІІ называецца «Памяць і самасвядомасць».

У Рыме і ў Варшаве прайшлі яе прэзентацыі. Гэта пятая асабістая кніга Святога Айца пасля кніг «Пераступіць парог надзеі» (1994), «Дар і Таямніца» (1996), паэмы «Рымскі трыпціх» (2003) і кнігі ўспамінаў «Устаньце, хадзем!» (2004). З усімі папярэднімі кнігамі беларускі чытач мог і можа пазнаёміцца ў перакладзе на родную мову. («Устаньце, хадзем!» цяпер друкуецца ў квартальніку «Наша вера».)

Новая кніга Папы – гэта вынік сустрэчы Яна Паўла ІІ з вядомым польскім тэолагам кс. Юзафам Тышнерам і прафесарам Кшыштафам Міхальскім у Кастэль Гандольфа летам 1993 г. Адказваючы на пытанні сваіх шаноўных гасцей, Святы Айцец разважае над перажытым, асэнсоўвае сучасную эпоху, імкнецца зразумець, дзе і ў чым знаходзяцца карані зла і, як слушна зазначыў дырэктар прэс-бюро Апостальскай Сталіцы Хаакін Наварра-Вальс, выказвае сваё непахіснае перакананне ў «храналагічным прымаце дабра».

Кожнае людское цярпенне, кожны боль, кожная слабасць тоіць у сабе абяцанне вызвалення, абяцанне радасці: «Цяпер радуюся ў цярпенні за вас», – піша св. Павел (Клс 1, 24). Гэта датычыцца кожнага цярпення, выкліканага злом. Гэта датычыцца таксама агромністага грамадскага і палітычнага зла, якое апаноўвае сучасны свет і раздзірае яго – усё гэтае цярпенне існуе ў свеце таксама дзеля таго, каб абудзіць у нас любоў, гэты шчодры і бескарыслівы дар уласнага «я» для тых, каго закранае цярпенне. У любові, што мае сваю крыніцу ў Сэрцы Хрыста, знаходзіцца надзея на будучыню свету. Хрыстус – Адкупіцель свету, а «ў яго ранах – наша выздараўленне» (Іс 53, 5).

Так піша Папа Ян Павел ІІ у сваёй новай кнізе, якая выйшла ў сярэдзіне сакавіка ў кракаўскім выдавецтве «Знак» 300-тысячным накладам і перакладзена ўжо на многія мовы свету. Спадзяемся, што праз нейкі час кніга Святога Айца з’явіцца таксама на Беларусі ў перакладзе на родную мову.

 
Памёр Луіджы Джуссані – заснавальнік руху «Communione e Liberazione» («Супольнасць і вызваленне»).

Пра свае неаднаразовыя сустрэчы з кс. Луіджы Джуссані і пра яго шчырую веру напісаў Ян Павел ІІ у лісце з прычыны пахавання заснавальніка руху. Пахавальная цырымонія прайшла 24 лютага ў міланскай катэдры.

«Дзякую Богу за дар яго жыцця, аддадзены без астатку свайму святарскаму пакліканню, пастаяннай увазе да патрэбаў сучаснага чалавека і адважнай службе Касцёлу», – падкрэсліў Папа.

Рэд.