Лічба трынаццаць для большасці людзей — нешчаслівая. Але толькі не для трох дзяцей, якія 13 мая 1917 г. нечакана ўбачылі на пашы Прыгожую Пані. Пазней яны неаднойчы бачылі Яе, часцей за ўсё — у трынаццаты дзень месяца. Гэтыя сустрэчы змянілі іх жыццё. Двое пастушкоў — Гіяцынта і Францішак — памерлі некалькі дзесяцігоддзяў таму назад. Цяпер да іх далучылася іх стрыечная сястра Люцыя. Яна памерла 13 лютага.

У Еўропе грымела Першая сусветная вайна, Расія віравала, рыхтуючыся да рэвалюцыі, якая, як меркавалася, павінна была змяніць лёс свету. На ўскрайку кантыненту, у вельмі бедным рэгіёне Партугаліі, трое малых пастушкоў спакойна пасвілі авечак. Люцыі было дзесяць гадоў, Францішку — дзевяць, а самай малодшай Гіяцынце — усяго сем. 13 мая 1917 г. яны нечакана ўбачылі на ўзгорку «вельмі прыгожую Пані». Дзеці распазналі ў Ёй Найсвяцейшую Панну Марыю. Старэйшая з іх — Люцыя — нават размаўляла з Ёю (пазней яна рабіла гэта шмат разоў). Госця з неба пачала наведваць пастушкоў і гаварыць ім пра велізарны смутак Бога і пра моц малітвы. Марыя прасіла: «Маліцеся ў інтэнцыі свету, які знаходзіцца пад пагрозай, шукайце прытулку ў Майго Беззаганнага Сэрца, чыніце пакуту ў інтэнцыі навяртання грэшнікаў».

Нямногія паверылі аповедам траіх простых непісьменных пастушкоў — дзяцей, якія ніколі ні на крок не аддаляліся ад сваёй вёскі. Распачаліся пераследванні, здзекі, дзеці нават трапілі ў турму. Бездапаможныя, яны пакорліва паўтаралі: «Маліцеся Ружанец, бо гэтая малітва можа змяніць лёс свету».

Марыя абяцала Люцыі, што 13 кастрычніка адбудзецца цуд, які пацвердзіць праўдзівасць аб’яўленняў. У загадзя прадказаны дзень пад праліўным дажджом сабраўся стотысячны натоўп. Вядомы партугальскі журналіст Авэліно дэ Альмэйда, які прадказваў вялікае расчараванне для тысячаў пілігрымаў, са здзіўленнем напісаў: «Можна было назіраць адзіны ў сваім родзе і неверагодны спектакль... Сонца сваім выглядам нагадвае серабрыста-матавы дыск, і на яго можна глядзець без ніякага напружання. Яно не пячэ і не асляпляе. Ва ўсіх складаецца ўражанне, што гэта сонечнае зацьменне... На вачах у гэтых здзіўленых людзей сонца пачынае зіхацець; такога ніхто ніколі не бачыў, гэта супярэчыць законам космасу: сонца раптоўна рухаецца і танцуе... З грудзей вернікаў вырвалася радаснае: Гасанна».

Свет упершыню даведаўся пра пасланне з неба. Францішак і Гіяцынта хутка памерлі. Пяць гадоў таму Ян Павел ІІ беатыфікаваў іх — яны сталі самымі маладымі благаслаўлёнымі ў гісторыі Касцёла.

А Люцыя? Гэтая смуглявая, чарнавокая, вельмі спакойная, таварыская дзяўчына з крыху кірпатым носікам? Яна ўступіла ў манаскі ордэн. З 25 сакавіка 1948 г. яе спакойнае манаскае жыццё праходзіла ў кляштары кармелітак у Каімбры.

З-за кляштарных кратаў сястра Люцыя назірала жахі Другой сусветнай вайны, бачыла, як прадказаныя Марыяй памылковыя вучэнні Расіі распаўсюдзіліся па ўсім свеце. Паўставалі лагеры смерці... Аднак сястра Люцыя была спакойная. Яна мела шмат унутранай радасці і спакою духа. Чаму? Бо Прыгожая Пані абяцала ёй: «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе».

Сястра Люцыя памерла 13 лютага 2005 года ва ўзросце 98 гадоў.

«Gość niedzielny», 20 лютага 2005 г.
Пераклад з польскай мовы Т. М.