Да канфесіянала нясмела падыходзіць маладая манахіня. Сярэдняга росту, рудая, вяснушкаватая. Яна тут — новенькая. Кленчыць і, з ваганнем у голасе, шэпча: «Я даўно Вас ведаю. Вас мне двойчы паказаў сам Пан Езус». Сястра гаворыць з простым вясковым акцэнтам. Яна відавочна нечым заклапочана. «Езус сказаў мне пра Вас: „Гэта Мой верны слуга, ён дапаможа табе споўніць Маю волю тут, на зямлі“, і запэўніў мяне, што менавіта Вы павінны абвясціць свету пра Божую Міласэрнасць».
Настае няёмкае маўчанне.

 
У такой сітуацыі апынуўся ў 1933 г. ксёндз Міхал Сапоцька. У яго закалола сэрца і выступіў халодны пот. Ён спалохаўся, хацеў нават адмовіцца ад функцыі спаведніка Супольнасці Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Сумненні ўзрывалі яго галаву, здаровы розум дыктаваў суровыя правілы. Ці ведаў ён, што некаторыя спаведнікі высмеялі ўяўленне сястры Фаустыны? Ці чуў ён агрэсіўныя кпіны недаверлівых сясцёр, якія здзекліва казалі: «Ты вар’ятка, істэрычка»?

Чаму гэта здарылася менавіта з ім? Яму было 45 гадоў, ён шмат пабачыў у жыцці. Ксёндз Міхал разумеў, што паверыць словам простай сястры было б шаленствам. Нягледзячы на гэта, ён ціха, з цеплынёй у голасе, сказаў: «Сястра, Вам неабходна абавязкова пракансультавацца з псіхіятрам. Але, калі ласка, не расчароўвайцеся і ўсе свае ўяўленні апісвайце падрабязна».

Так узнік «Дзённічак» — адна з духоўных кніг у свеце, якая карыстаецца велізарным поспехам. Яго напісала простая дзяўчына, якая ледзь скончыла тры класы школы. Не разумеючы, чаму праз такую слабую асобу Бог жадае аб’явіць праўду пра нязмерныя глыбіні сваёй любові, яна пачула: «Дачка Мая, менавіта праз такую нікчэмнасць Я жадаю праявіць моц сваёй Міласэрнасці».

 
Сакратар сакратара

Яна адчувала разгубленасць, але бязмежна даверылася свайму спаведніку. І хоць нішто гэтага не прадказвала (у сваім дзённіку ксёндз Сапоцька напісаў толькі: «Я пазнаёміўся з сястрой Фаустынай, якая адразу сказала, што ведае мяне даўно, і што я павінен быць яе духоўным кіраўніком, а таксама абвяшчаць свету пра Божую Міласэрнасць»), яны сталі вельмі блізкія адно аднаму. Ашчаднасць, сабранасць, аскетызм, лагодная ўсмешка — гэта рысы, якія на адным дыханні пералічваюць тыя, хто ведаў яго блізка. Ён быў ціхі, амаль непрыкметны. Ён не клапаціўся пра сябе, займаў апошнія месцы. «Як можна жыць у такім убостве?», — здзіўляліся ўсе, хто наведваў яго віленскі, а пазней беластоцкі пакой.

Сястра Фаустына давярала яму бязмежна. Некалі са здзіўленнем яна пачула ад Езуса: «Твой кіраўнік і Я — адно, яго словы — Мае словы. Ты павінна быць як дзіця перад ім. Яго сэрца — Маё сэрца на зямлі». Якім вялікім даверам Бог адарыў гэтага ціхуткага, аскетычнага самотніка з Юшаўшчыны, бо сказаў сястры Фаустыне пра яго так: «Перанось яго меркаванні на ўсе Мае патрабаванні, ён будзе весці цябе згодна з Маёю воляй».

Ксёндз Сапоцька змагаўся. Свет не хацеў прыняць тых праўдаў, якія ён добрасумленна апісваў у кнігах, што выдаваў за ўласныя сродкі. Раней, да таго як мільёны людзей ва ўсім свеце пачалі шаптаць «Езу, давяраю Табе», нямногія верылі ў апавяданні сакратара Божай Міласэрнасці. Ксяндзу Сапоцьку давялося шмат чытаць, адолець тоўстыя тамы Айцоў Касцёла, закласці тэалагічныя асновы гэтага культу. Ён быў вельмі, вельмі самотны.

Калі Езус прыспешваў сястру Фаустыну: «Намалюй абраз», ксёндз Міхал думаў, што гаворка ідзе толькі пра абраз у яе душы. Пазней ён быў сведкам таго, як яна ўбачыла ўпершыню карціну, намаляваную яго суседам Яўгенам Казіміроўскім. Ксёндз Сапоцька сам пакрыў выдаткі, удзельнічаў ва ўсіх сустрэчах сястры Фаустыны з мастаком. Ці заўважыў ён, што яна вельмі засмуцілася, а ў душы заплакала: «Пане, хто намалюе Цябе такім прыгожым, які Ты ёсць?»... Ці пачуў тады адказ: «Не ў прыгажосці фарбы ці пэндзля веліч гэтага абраза, але ў ласцы Маёй»?

«Езус жадае, каб абраз быў выстаўлены ў публічным месцы» — сястра Фаустына была непахіснай. У Вялікі тыдзень 1935 г. яна нават проста паведаміла: «Ксёндз Міхал, Пан Бог на Вас гневаецца». «Нічога дзіўнага, я чалавек грэшны», — ксёндз Сапоцька апусціў галаву. «Не, не таму. Пан Езус настойліва жадае, каб абраз быў выстаўлены для публічнага ўшанавання». Але як гэта зрабіць? Ксёндз Міхал бездапаможна развёў рукамі. Без дазволу арцыбіскупа? Падвергнуцца прыдзіркам? Парушыць закон? Ён перажываў унутраны разлад. На шчасце, сам Пан Бог склаў свой сцэнар. Пробашч санктуарыя ў Вострай Браме ксёндз Станіслаў Завадскі прапанаваў яму прамовіць з амбоны падчас урачыстасцяў, якія завяршалі Юбілей 1900-годдзя Адкуплення свету. Ён прыняў запрашэнне пры ўмове, што ілюстрацыяй да казання пра Божую Міласэрнасць будзе абраз. Мноства людзей убачылі абраз. Упершыню людзі прачыталі надпіс: «Езу, давяраю Табе».

Калі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ў лісце да Епіскапату «Пра ўяўныя аб’яўленні — бачанні сястры Фаустыны» востра раскрытыкаваў прапаганду Божай Міласэрнасці і рашуча забараніў ксяндзу Сапоцьку распаўсюджваць «гэтыя псеўдааб’яўленні», яго суцяшалі словы Езуса: «Не бойся, Я сам дапоўню ўсё, чаго табе не хапае».

Ён быў сведкам таго, як Адольф Хыла выдаў ажно дзвесці іншых выяваў Езуса Міласэрнага. Ён адчуваў разлад у душы, рупліва клапаціўся пра дэталі, не ведаў, ці трэба ўхваляць новую форму. Аднак Езус пачаў выкарыстоўваць гэты абраз — менавіта гэты абраз вісіць сёння ў большасці нашых дамоў.

Калі бездапаможная сястра Фаустына хацела паехаць у Рым, каб расказаць пра свае ўяўленні Папу, ксёндз супакойваў яе: «Божая воля споўніцца ва ўсёй паўнаце, і ніякія моцы свету, ніякія духі цемры не ў стане перакрэсліць Божых планаў. Толькі ў спаўненні Божай волі неабходна захаваць вялікі спакой і цярплівасць». Як біблейскі Ян Хрысціцель ён хацеў малець, каб Бог мог расці. Ён быў голасам, які кліча ў пустыні, ён рыхтаваў сцежкі. Калі яго публічна абвінавацілі ў ерасі, а прафесары Люблінскага каталіцкага універсітэту заўзята крытыкавалі яго трактаты аб Божай Міласэрнасці, ён узгадаў запэўненне сястры Фаустыны ў тым, што «ўсё гэта павінна адбыцца, каб споўнілася Божая воля», а час трыумфу быў прадвызначаны балесным «перыядам знішчэння».

Ён здзівіўся, калі яна аб’явіла яму жаданне Езуса як мага хутчэй заснаваць новы манаскі ордэн. Сама яна не ў стане была з гэтым справіцца. Яна памірала, перакананая, што не споўніла Божай волі. Гэты абавязак узяў на свае плечы ксёндз Сапоцька. Ён выконваў усе рэкамендацыі візіянеркі. Яна была вуснамі Бога, ён — Яго рукамі.

«Калі мы кленчылі вакол алтара, ксёндз Міхал прамовіў і заплакаў, гледзячы на нас, шасцёра маленькіх і нікчэмных, выбраных для служэння Міласэрнасці... О, нязведаныя наканаванні Божага Провіду!» — пісала адна з першых сясцёр новага ордэна. «Амаль усё, што сказала сястра Фаустына адносна гэтага ордэна, дакладна споўнілася, — успамінае са здзіўленнем ксёндз Сапоцька. Калі ў Вільні 16 лістапада 1944 г. першыя кандыдаткі складалі прыватныя шлюбы, ці калі на тры гады пазней я прыбыў у першы дом іх ордэна ў Мыслібожы, то быў уражаны незвычайным падабенствам таго, пра што гаварыла мне сястра Фаустына. Яна таксама даволі дакладна прадказала цяжкасці і пераслед, якія я сустрэну ў сувязі з распаўсюджваннем культу Божай Міласэрнасці. Гэта было лягчэй перажыць, ведаючы, што такой з самага пачатку была Божая воля ў гэтай справе».

 
Гэта няпраўда?

На працягу дваццаці гадоў Касцёл забараняў абвяшчэнне праўдаў, перададзеных праз сястру Фаустыну. Калі кардынал Стэфан Вышынскі прачытаў ксяндзу Сапоцьку ватыканскую вымову, той схіліў галаву: «Чакаю пакарання». «Пакараннем з’яўляецца ўжо тое, што Вам давялося гэта выслухаць», — адказаў прымас.

«Бог у нязведаных наканаваннях сваіх часта дапускае, каб сталася так, што тыя, хто прыклаў найвялікшыя намаганні ў нейкай справе, найчасцей плёнам гэтай працы не маглі парадавацца тут, на зямлі, але ўсю іх радасць Бог захоўвае для вечнасці», — пісала сястра Фаустына ў «Дзённічку». «Свет не разумее святых, але не разумее іх і хрысціянства. Неаднойчы яны выклікалі абурэнне ў Касцёла раней, чым сталі яго хвалой», — дадаваў ксёндз Міхал.

Пад канец жыцця, знясілены хваробаю, ён прасіў сваіх маладых калегаў з беластоцкай семінарыі ўзяць у свае рукі справу Божай Міласэрнасці. Ён нікога не знайшоў. Памёр ксёндз Сапоцька ў дзень імянінаў сястры Фаустыны, 15 лютага, дакладна трыццаць гадоў таму назад.

Ужо з нябёсаў ён назіраў абранне на Святы Пасад кардынала Вайтылы і за яго намаганнямі афіцыйна ліквідаваць забарону культу ў 1959 годзе. Ён сачыў за рукою Папы, які пісаў энцыкліку аб Божай Міласэрнасці, з усмешкаю назіраў за новымі сёстрамі, якія ўступалі ў ордэн у Мыслібожы. Што ён адчуваў, калі дванаццаць гадоў таму на ўзроўні дыяцэзіі быў завершаны працэс яго беатыфікацыі, а акты былі адпраўлены ў Рым? Ці здзівіўся ён, калі сястра Фаустына была ўзнесена да хвалы алтароў, а Ян Павел ІІ у Лагеўніках даручыў свет Божай Міласэрнасці? Можа, ён узгадаў тады халодны вечар лістапада 1933 г., калі да канфесіянала нясмела падышла маладая манахіня? Сярэдняга ўзросту, рудая, вяснушкаватая...

Марцін Якімовіч,
«Gość niedzielny», 13 лютага 2005 г.
Пераклад з польскай мовы Т. М.