ІІ ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ
(Божай Міласэрнасці) — 3 красавіка 2005 г.
Чытанні: Дз 2, 42-47; Пс 118 (117); 1 П 1, 3-9.
Евангелле (Ян 20, 19-31):

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Супакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Супакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.

Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.

І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Супакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

Чаму другая нядзеля пасля Пасхі называецца нядзеляй Божай Міласэрнасці? Найлепшы адказ на гэтае пытанне дае нам у другім чытанні святы апостал Пётр: «Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста (...) праз вялікую міласэрнасць сваю адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста з мёртвых» (1 П 1, 3).

Жывая хрысціянская надзея грунтуецца на жывой веры. І гэта пра нас з вамі гаворыць Езус, калі кажа Тамашу: «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў». Так, сапраўды «мы не бачылі Пана падчас Яго зямнога жыцця. Але мы бачым Яго сваімі духоўнымі вачыма, Ён жывы сярод нас, і нам не трэба дакранацца да Яго. Колькі было людзей, якія бачылі Яго на ўласныя вочы, чулі Яго слова, ішлі за Ім па дарогах — і не паверылі, таму што сэрцы іх не адгукнул іся на заклік Хрыста. А мы з вамі на гэты заклік адгукнуліся — слабыя, нямоглыя — розныя, усе прыйшлі да Пана са словамі: „Пан мой і Бог мой!”» (А. Мень, Казанне на тыдзень апостала Фамы).

Вера не з’яўляецца гарантыяй ад усіх жыццёвых праблемаў. У кожнага з нас час ад часу здараюцца большыя ці меншыя непрыемнасці, хваробы, смерць блізкіх і дарагіх людзей. Аднак усё гэта належыць успрымаць як выпрабаванне нашай веры ў Езуса, «каб (...) мелі жыццё ў імя Ягонае». Таму і заклікае нас святы Пётр: «Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў» (1 П 1, 6).

Як калісьці апосталам, усім нам, хто верыць у Яго, Хрыстус дае супакой. А мы павінны дзяліцца Божым супакоем з бліжнімі, і ў гэтым — сутнасць паклікання кожнага хрысціяніна: «Як паслаў мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Такім чынам, кожнаму з нас Езус вызначае вельмі адказнае заданне, якое патрабуе трываласці і самаахвярнасці. Разам з тым, Ён добра ведае нашу чалавечую слабасць, а таму дае нам цудоўны лек, каб нават спатыкнуўшыся і ўпаўшы, мы змаглі падняцца і ісці далей па нашым жыццёвым шляху: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя». Менавіта праз сакрамэнты Касцёла праяўляецца і дзейнічае бязмежная міласэрнасць Бога. Езус зноў і зноў гатовы прабачыць нам нашыя слабасці ў споведзі; Ён зноў прыходзіць да нас праз замкнёныя дзверы ў сакрамэнце Эўхарыстыі... А мы сваімі духоўнымі вачыма павінны бачыць Яго, прысутнага ў постаці Хлеба і Віна; павінны верыць, што «Езус ёсць Месія, Сын Божы», за апосталам Тамашом паўтараючы ў глыбіні сваіх сэрцаў: «Пан мой і Бог мой!»

 
ІІІ ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ —
10 красавіка 2005 г.
Чытанні: Дз 2, 14а. 22-33;
Пс 16 (15); 1 П 1, 17-21.
Евангелле (Лк 24, 13-35):

Вось двое вучняў Езуса ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася за шэсцьдзесят стадыяў ад Ерузалема. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.

І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою? І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: Ты, напэўна, адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася. І спытаў у іх: Што?

Яны сказалі Яму: Тое, што сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі.

Тады Ён сказаў ім: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што сказалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?

І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем, і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

У сённяшнім доўгім і прыгожым евангельскім тэксце св. Лука паказвае нам двух вучняў. У іх кожны з нас змог бы лёгка пазнаць сябе. Абодва з іх ускладалі на Езуса вялікую надзею: «А мы спадзяваліся...», але Яго смерць перакрэсліла ўсе іх спадзяванні. Яны не паверылі жанчынам, якія казалі ім, «што Ён жывы», і ў вялікім смутку пакінулі Ерузалем. Часам і мы будуем «замкі на пяску» і просім Бога, каб нашае жыццё было такім, як жадаем мы; каб мы самі выбіралі, якім шляхам будзем ісці да неба, да збаўлення. Нам хочацца, каб Касцёл, заснаваны Хрыстом, быў, у адпаведнасці з зямнымі, чалавечымі меркаваннямі, моцнай квітнеючай арганізацыяй, а самі мы заўсёды жылі ў супакоі і бяспецы. Аднак у жыцці мы бачым, што сапраўдных хрысціянаў не так шмат, асабліва там, дзе Касцёл пераследуецца, дзе ёсць шмат цярпенняў, або, наадварот, сытая і эгаістычная самазадаволенасць. І вось тады мы пачынаем сумнявацца, трапляем у цянёты страху, дэпрэсіі і... «уцякаем з Ерузалему».

На нашым жыццёвым шляху Хрыстус сам сустракае нас у сваім Касцёле. Ён прыходзіць да нас у сваім слове, калі, таксама як вучням па дарозе ў Эмаус, тлумачыць нам Пісанне і дае пазнаць сябе ў ламанні хлеба — у сакрамэнце Эўхарыстыі. Хрыстус робіць гэта праз сваіх выбраных слугаў — святароў, якія часам могуць пытацца ў нас пра прычыну нашага смутку ці дакараць: «О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць...», або нагадваць: «Благаслаўлёныя бедныя, ціхія, церпячыя, якія плачуць...» У асобе святара, які тлумачыць Святое Пісанне і ламае Хлеб Эўхарыстычны, да нас набліжаецца сам Езус, які кажа: «Хто вас слухае — Мяне слухае» (Лк 10, 16). У кожным слузе алтара, які, як і кожны чалавек, мае свае слабасці, недахопы і не заўсёды падобны сваім жыццём да Боскага Настаўніка, нам належыць, тым не менш, бачыць самога Хрыста. Бо мы верым у рэальную прысутнасць Пана, калі падчас святой Імшы мёртвая матэрыя перамяняецца ў жывога Хрыста, калі прамаўляюцца словы: «Гэта вялікая таямніца веры». І такім чынам, умацаваныя Божым словам і эўхарыстычным спажыткам, мы ізноў адчуваем у сабе сілы, і зноў пачынаюць палаць нашыя сэрцы агнём любові. «І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем...» Таксама і мы з радасцю вяртаемся туды, адкуль толькі што спрабавалі ўцячы, да сваіх штодзённых абавязкаў, бо ведаем, што Пан уваскрос і што Ён заўсёды з намі.

 
ІV ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ —
17 красавіка 2005 г.
Чытанні: Дз 2, 14а. 36-41;
Пс 23 (22); 1 П 2, 20b-25.
Евангелле (Ян 10, 1-10):

Езус сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але залазіць інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых.

Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.

Езус зноў сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я – брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я – брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.

Чаму ў Евангеллі мы часта знаходзім сведчанні таго, што Езуса не разумелі Яго непасрэдныя слухачы, Яго сучаснікі? Адна з прычынаў такога неразумення гэта тое, што яны не ведалі (або не хацелі ведаць), хто з імі размаўляе. Хоць словы Езуса з сённяшняга Евангелля былі скіраваныя ў асноўным да фарысеяў — найбольш адукаваных у рэлігійных пытаннях людзей таго часу — аднак і яны «...не зразумелі, што Ён сказаў ім». Але наш розум асветлены вераю ў Хрыста-Месію, які дзеля нашага збаўлення быў укрыжаваны і на трэці дзень уваскрос, і таму мы пастараемся зразумець сапраўдны сэнс прыпавесці пра пастыра, авечак і браму ў авечы двор.

Напачатку Езус гаворыць пра пастыра. Хто ён, гэты пастыр? Падобны вобраз з’явіўся ўжо ў Старым Запавеце: цар Давід у адным з псальмаў называе сваім Пастырам Пана (гл. Пс 23 (22)), а таксама і прарок Ісая гаворыць, што Бог «як пастыр будзе пасвіць статак свой» (гл. Іс 40, 11). У прарокаў Ераміі і Эзэхіэля пастыры Ізраэля — гэта правадыры, якім Бог даверыў пасвіць свой народ. Аднак гэтыя пастыры аказаліся нявернымі, і таму Бог паабяцаў, што Ён сам будзе Пастырам для авечак і паставіць над імі аднаго Пастыра (гл. Эзх 34, 23) — Месію. Фарысеі таксама лічылі сябе пастырамі Ізраэля; яны былі настолькі ўпэўненыя ў сабе, што не маглі нават уявіць, каб той абяцаны Богам Пастыр і звяртаўся да іх з гэтымі словамі! Мы не павінны быць падобнымі да тых надзьмутых і самаўпэўненых фарысеяў, бо ведаем, хто наш сапраўдны Пастыр, ведаем Ягоны голас і ідзем за Ім. Ідзем, адкінуўшы ўсялякія сумненні, бо так гаворыць нам у другім чытанні святы апостал Пётр: «Хрыстус цярпеў за нас, пакідаючы нам прыклад, каб мы ішлі следам за Ім» (1 П 2, 21).

І цяпер Касцёл на чале з Наступнікам Пятра вядзе свой народ да збаўлення, хоць шмат было тых, хто спрабаваў падступнымі шляхамі залезці на авечы двор і звесці авечак. Гэтыя людзі, якіх Езус называе «злодзеямі і злачынцамі», імкнуліся рэалізаваць свае ўласныя амбіцыі, дасягнуць сваіх матэрыяльных ці палітычных мэтаў. Яны прыходзілі «дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць», і мы ведаем шмат прыкладаў гэтаму з гісторыі.

Цяпер нас таксама часта імкнуцца ашукаць розныя «ілжэпастыры», што абяцаюць нам матэрыяльны дабрабыт або сусветнае братэрства і светлую будучыню, але... без Хрыста. Мы не павінны паддацца падману, бо верым Хрысту, верым, што толькі праз Яго — сапраўдную браму для авечак — мы можам трапіць на тую пашу, на якой знойдзем збаўленне і «жыццё ў дастатку».

 
V ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ — 24 красавіка 2005 г.
Чытанні: Дз 6, 1-7; Пс 33 (32); 1 П 2, 4-9.
Евангелле (Ян 14, 1-12):

Езус сказаў сваім вучням: Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліцаў. А калі б так не было, ці сказаў бы Я вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце.

Кажа Яму Тамаш: Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?

Езус сказаў яму: Я – дарога і праўда і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі.

Філіп кажа Яму: Пане, пакажы нам Айца і хопіць нам.

Адказаў яму Езус: Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца. То чаму ты кажаш: Пакажы нам Айца? Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Але Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы свае. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх учынкаў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца Майго.

Дыялог, прыведзены ў сённяшнім чытанні з Евангелля, адбываўся падчас Апошняй Вячэры. У апошнія гадзіны, якія Езус праводзіў з апосталамі, Ён, безумоўна, жадаў умацаваць іх у веры напярэдадні сваёй крыжовай мукі. Так, Езус нібы развітваецца са сваімі вучнямі, якія адчуваюць сябе разгублена і няўпэўнена. Магчыма, у іх пачынае з’яўляцца страх перад будучыняй, якая яшчэ зусім нядаўна — падчас трыумфальнага ўезду Хрыста ў Ерузалем — малявалася ім у зусім іншым святле. І нават нібы цень папроку адчуваецца ў словах Тамаша: «Пане, не ведаем куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?»

Таксама і мы часта апынаемся ў падобнай сітуацыі, калі адчуваем сябе падманутымі ў сваіх чаканнях, калі ўсё складаецца не так, як мы гэта сабе запланавалі. Але не будзем спяшацца папракаць Провід у нашай разгубленасці, бо яе прычына крыецца ў тым, што мы самі збочылі са шляху, захапіўшыся нейкімі звабнымі (з нашага чалавечага пункту гледжання) перспектывамі, і згубілі сапраўдную мэту свайго існавання. І як святло маяка паказвае караблю сярод бурлівых хваляў бяспечны шлях да прыстані, так і словы Хрыста паказваюць нам шлях да збаўлення: «Я — дарога і праўда і жыццё».

«Верце Мне», кажа Езус. Хто верыць, той разам з Богам; з тым, хто перамог смерць, з Валадаром над смерцю. Чалавек, які верыць, не павінен баяцца смерці. Езус заклікае верыць Яму: Ён — Сын Айца, і таму мае ўладу над смерцю. Больш за тое, Ён пацвярджае, што ў небе, якое з’яўляецца домам Айца, «шмат святліцаў», і што Ён ідзе «падрыхтаваць месца» для іх, сваіх умілаваных вучняў. Пад словамі «падрыхтаваць месца» Езус мае на ўвазе тое, з чым так цяжка пагадзіцца Ягоным вучням — свае мукі і крыжовую смерць, якія будуць папярэднічаць Уваскрасенню.

Жыццё кожнага чалавека — шлях да дому нябеснага Айца. Гэта і ёсць наша сапраўдная мэта, якой мы можам дасягнуць толькі праз Хрыста. Але часам у нас пачынаюць з’яўляцца сумненні, і тады мы, як апостал Філіп, маладушна просім Езуса: «Пане, пакажы нам Айца». Мы ўсе праз ласку святога хросту сталі дзецьмі Айца і вучнямі Езуса, Яго сябрамі. Ён цярпліва адкрывае нам сябе ў сваім Касцёле, сам прыходзіць да нас у Эўхарыстыі, творачы з нас «народ святы (...), узяты Богам ва ўласнасць» (1 П 2, 9). Таму да кожнага хрысціяніна, які пачынае сумнявацца і шукаць нейкіх доказаў і пацвярджэнняў для сваёй веры, Езус звяртаецца са словамі: «Столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне?»

Мы ўсе, стаўшы дзецьмі Найвышэйшага, павінны мець з Ім духоўнае падабенства. Такім чынам, мы павінны стаць падобнымі да Айца і Сына і паказаць іх іншым людзям, стаўшы сапраўднымі сведкамі Божай любові ў свеце. Езус выбраў нас, як некалі апосталаў, каб мы «абвяшчалі цноты таго, хто паклікаў нас з цемры ў цудоўнае святло сваё» (1 П 2, 9). Таму мы не можам жыць у цемры; не можам толькі называцца хрысціянамі, але не быць імі ў сапраўднасці. Гэта наша віна, што побач з намі, нават сярод нашых блізкіх, яшчэ так шмат людзей, якія не прыйшлі да Бога і нават не спрабуюць Яго шукаць. Таму не будзем наракаць на бязбожны і жорсткі свет, у якім няма месца справядлівасці і міласэрнасці, а паспрабуем змяняць яго, пачаўшы з сябе. А Езус дапаможа нам у нашым апостальстве сваёю ласкаю, бо сам заахвочвае нас: «Хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць».

Падрыхтаваў кс. Міхал Сапель