Пачатак глядзі ў нумары №3(118) 2005 >>>

На працягу некалькіх гадоў айцец Джозэфіно Рамірэс з ордэна місіянераў Найсвяцейшага Сакрамэнту дасылае лісты свайму сябру ксяндзу Тамашу, які працуе на Філіпінах. У іх ён пераконвае сябра ў неабходнасці бесперапыннай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў парафіі.

Мы працягваем друкаваць урыўкі з некаторых лістоў.

 
Аднаўленне

21 жніўня 1993 г.

Дарагі а. Тамаш, дзякую, што адслужыў святую Імшу за сясцёр з Лас-Пінас. Нешта незвычайнае здарылася ў той маленькай каплічцы пяць гадоў таму, і пра гэта я табе хачу расказаць.

Неяк вечарам я ўвайшоў у каплічку і ўбачыў там адну вельмі пабожную жанчыну, Хільду Вальструм, якая, укленчыўшы, малілася і ціха плакала. Я запытаў, ці не здарылася чаго. Яна адказала, што яе слёзы – слёзы радасці. Хільда была на Імшы і на вышыні духоўнага ўздыму ўбачыла, як святая Гостыя ператварылася ў Сэрца, якое палала агнём любові і выпраменьвала яркае святло. Адзін з промняў прабіў яе сэрца. Яна сказала, што ў той самы момант яна адчула любові больш, чым яе можна было б адчуць, пражыўшы тысячу гадоў.

Тое самае здарылася і з сястрой Агнэс з Акіты, што ў Японіі. Яна ўвайшла ў манаскую каплічку памаліцца і ўбачыла захапляльнае святло, якое зыходзіла з Найсвяцейшага Сакрамэнту. Напоўненая Божай любоўю, яна лягла крыжам на падлозе і не варухнулася на працягу некалькіх гадзінаў. І праз 20 гадоў успамін пра тое прыводзіць сястру Агнэс у духоўны экстаз.

Я доўга размаўляў з біскупам Іто з Акіты. Ён быў у той каплічцы, каб засведчыць цудоўнае святло, якое зыходзіла з Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэта здарылася ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў 1973 годзе і працягвалася тры дні. Цяпер гэта аб’яўленне прызнана Касцёлам – першае пасля Фацімы.

У Фаціме 70 000 чалавек сведчылі пра цуд танцуючага сонца. Сонца на небе – знак Божага Сына ў Святых Дарах. З аднаго боку, гэта натуральная крыніца ўсёй жыццядайнай сілы на зямлі, з другога – звышнатуральная. Вось чаму кожная манстранцыя мае форму сонечнай успышкі. Цуд у Фаціме прадказвае будучы вялікі Эўхарыстычны Цуд. Тое, што здарылася ў Акіце, гаворыць нам аб натуральнай прыродзе гэтага цуду. У кожным месцы, дзе Езус адаруецца ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, святло Яго любові ўспыхвае, нібы зара, каб кожны з нас мог убачыць Яго.

Убачанае сястрой Агнэс аднойчы ўбачыць увесь свет. Гэта будзе цудоўнае святло Яго любові. Моц гэтага святла будзе пранікаць у кожнае чалавечае сэрца – не важна, халоднае яно альбо жорсткае – і вяртаць гэта чалавечае сэрца Сэрцу Пана. Калі аднойчы чалавецтва вернецца назад да Бога праз гэты Эўхарыстычны Цуд, прырода вернецца да чалавека, і тады ў нас будзе другі, новы і больш прыгожы зямны рай.

 
Выратаванне

Свята св. Марціна, 3 лістапада 1993 г.

Дарагі а. Тамаш, раніцаю я прачытаў у газеце пра тайландца, які за сваё міласэрнае служэнне сапраўды годны Нобелеўскай прэміі міру. У выхадныя дні гэты чалавек спускаецца са сваёй горнай вёскі і адпраўляецца ў Бангкок, дзе шукае маладых дзяўчат, якіх праз падман ці нават выкраданне прывозяць у публічныя дамы горада. Гэтым дзяўчатам ад 12 да 14 гадоў і яны вымушаны абслугоўваць да 10 кліентаў за ноч. Гэты чалавек робіць доўгі шлях, рызыкуючы сваім жыццём, каб выратаваць іх, нічога за гэта не атрымліваючы. Ці можаш уявіць радасць бацькі ці маці: убачыць сваё дзіця выратаваным і вернутым дадому пасля такога жудаснага выпрабавання? Падумай, як удзячны павінны быць бацькі гэтаму чалавеку. Але гэта нішто ў параўнанні з тым, як удзячны быў бы табе Бог Айцец, дарагі Тамаш, калі б ты меў у сваёй парафіі бесперапынную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Вось чаму наш Святы Айцец Ян Павел ІІ беатыфікаваў Дзіну Беланджэр.

Гэта жанчына з Канады была вернай малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Перад яе святой гадзінай Езус паказваў Дзіне мноства душаў каля бездані пекла, а пасля святой гадзіны яна бачыла тыя ж самыя душы ў руках Божых. Езус Хрыстус перадаў благаславёнай Дзіне пасланне для Касцёла, у якім гаворыцца, што дзеянне святой гадзіны такое вялікае, што пасля яе мноства душаў з краю пякельнай бездані пераносяцца да брамаў неба.

Падумай пра гэта, Тамаш. Памятаеш, святога Марціна абражалі і зневажалі толькі за тое, што ён быў чорным і незаконнанароджаным? Ён упадобіўся Езусу, забытаму і адрынутаму ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. І паколькі яны суцяшалі адзін аднаго, Марцін не азлобіўся, але стаў лепшым, больш міласэрным. Ён кожны дзень праводзіў па 8 гадзін у малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гэта было так міла Езусу, што Ён зрабіў Марціна цудатворцам. Марцін браў з кляштара кошык з хлебам і адпраўляўся на вуліцы карміць бедных. Адным кошыкам хлеба яму ўдавалася накарміць цэлы раён.

Сотні галодных мог накарміць Марцін хлебам з аднаго адзінага каша. Ты, дарагі Тамаш, выратуеш сотні людзей ад пекла адной святой гадзінай малітвы ў прысутнасці Жывога Хлеба, які зыходзіць з неба.

 
Асвячэнне

Свята св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, 1 кастрычніка 1993 г.

Дарагі а. Тамаш, я гляджу цяпер з майго акна і бачу: дождж ліе, як з вядра. Немагчыма выйсці з дому, каб не прамокнуць наскрозь. І я стаў разважаць пра ўшанаванне Найсвяцейшага Сакрамэнту, якому навучае нас Касцёл. Гэта ёсць самы верны і самы надзейны шлях да асвячэння. Папа Павел VI гаворыць у Mysterium fidei, што час, праведзены з Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце, – самы дзейсны спосаб узрастання ў святасці. Езус сам сказаў, што Ягонае Сэрца ў святой Эўхарыстыі – крыніца жывой вады, «хто смагу мае, ідзі да Мяне і пі» (Ян 7, 37).

Кожны раз, прыходзячы да Яго, мы асвячаемся. Кожнае імгненне паглыбляе нашу еднасць з Хрыстом. Святая Тэрэза, Малая Кветка, абсалютны доказ гэтага. Яна была вельмі збянтэжаная, калі заснула падчас святой гадзіны ў прысутнасці Езуса ў Святым Сакрамэнце. Палічыўшы сябе няўдачніцай, яна паступіла ў закрыты кармеліцкі кляштар, каб прысвяціць сябе малітве, але думала пакінуць яго. Тады Езус з’явіўся ёй і запытаў, ці памятае яна, што расказваў ёй бацька пра маленькую дзяўчынку, якая засынала ў яго на каленях. Яна адказала, што, па словах бацькі, яму было аднолькава радасна і тады, калі яна спала ў яго на каленях, і тады, калі прачыналася і шчабятала з ім. Тады Езус сказаў: «Вось і Я таксама!» Тэрэза памерла ва ўзросце 24 гадоў. Яна вядомая як самая вялікая святая ХХ стагоддзя. Нават калі св. Тэрэза спала ў каплічцы, яна ўзрастала ў святасці! І вось гэтак як цяпер немагчыма выйсці з дому і не прамокнуць наскрозь, так нікому немагчыма прыйсці да Найсвяцейшага Сакрамэнту і не прапітацца духоўным дажджом, не ўзрасці ў жыцці і святасці Самога Пана...

 
Спадчына

Свята Хрыста Валадара, 22 лістапада 1993 г.

Дарагі а. Тамаш, пакуль я ляцеў у самалёце, паглядзеў фільм «Прыязджайце ў Амерыку», які нагадаў мне сённяшняе свята. Ці бачыў ты яго? Эдзі Мэрфі выконвае там ролю караля з Афрыкі. Кожная жанчына гатовая выйсці за яго замуж з-за яго багацця, але ён хоча знайсці тую, якая б пакахала яго дзеля яго самога. І вось ён прыязджае ў Амерыку, дзе людзі не ведаюць, што ён кароль. Вельмі проста апранаецца і ніхто не здагадваецца, што ён такі багаты. Уладкоўваецца на працу ў Макдональдс і жыве ў найбяднейшым раёне Нью-Ёрка – Гарлеме.

Каб знайсці сапраўднае каханне, ён становіцца тым, каго звычайна называюць «брудным жабраком». Нягледзячы на свой мала прывабны выгляд, ён знаёміцца ў касцёле з сімпатычнай маладой жанчынай, якая яму падабаецца, і ён ёй таксама. З часам яны пакахалі адно аднаго. Жанчына прымае яго прапанову выйсці замуж і вельмі ўражана, калі даведваецца, што ён – замаскаваны кароль. Сужэнства робіць яе каралевай і адной з самых багатых жанчын у свеце.

Якая цудоўная гісторыя! Аднак ведаеш, Тамаш, гэта не фантазія, але рэальнасць, таму што гэта гісторыя любові Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ён – Валадар, які шукае таго, хто палюбіў бы Яго дзеля Яго самога.

У Найсвяцейшым Сакрамэнце Ён апрануты проста, без свайго прыгожага каралеўскага ўбрання Хвалы. Ціхі і пакорны, Ён прыходзіць да нас як «хлеб жывы, зыходзячы з неба» (Ян 6, 51). Такое глыбокае Яго жаданне быць любімым дзеля Яго самога, што Ён паказвае Сябе бяднейшым за любога чалавека на зямлі.

На самай справе Ён заўсёды – Кароль з рамантычным сэрцам, які заслугоўвае нашай любові за ўсё тое, што Ён зрабіў для нашага збаўлення. Таму адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту – гэта аб’яўленне Езуса Каралём праз ушанаванне Ягонай Славы.

Дзякуючы бесперапыннай Адарацыі парафіяне дораць Каралю сваю любоў, якой Ён заслугоўвае. Вось чаму сённяшняя літургія на хвалу Хрыста Валадара пачынаецца малітвай: «Годна Ягнятка заколенае ўзяць сілу й багацце, і мудрасць, і моц, і пашану, і хвалу, і благаслаўленне» (Ап 5, 12). Бесперапынная Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту – гэта Боскі раман паміж Езусам і Яго народам. Мы гаворым «так» Яго прапанове шлюбу. Усё, чаго Ён хоча, гэта наша любоў, «а не ахвяра» (Ос 6, 6). І потым Ён здзівіць нас спадчынай свайго Валадарства.

Працяг у нумары №7-8(123-124) 2005 >>>

Твой брат у Яго Эўхарыстычнай Любові
монсіньёр Джозэфіно Рамірэс.

Падрыхтавала Г. Калевіч